Пакуль хакейная зборная Беларусі рыхтуецца да старту ў дывізіёне I-B у Казахстане, нашы паўднёвыя суседзі ўпэўнена крокуюць да вяртання ў эліту сусветнага хакея.
Зборная Украіны пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Хрысціча і з удзелам у трэнерскім штабе экс-форварда “Юнацтва”, “Дынама”, “Кераміна”, “Хімвалакна” і “Шахцёра” Алега Шафарэнкі выйграла тры матчы запар на чэмпіянаце свету ў румынскім Сфынту-Георге: супраць Італіі (3:2 бул.), Румыніі (4:0) і Польшчы (4:1).
Пасля чатырох тураў украінцы дзяляць першае месца з Вялікабрытаніяй (па 9 ачкоў). І ўжо 3 траўня могуць аформіць вяртанне ў топ-дывізіён — упершыню з 2007 года.
Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці шчыра зычыць зборнай Украіны поспеху ў вырашальным матчы супраць Японіі. Мы ўсім сэрцам падтрымліваем тых, хто змагаецца — на лёдзе і за яго межамі.