Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (БФСС) — грамадская некамерцыйная арганізацыя, створаная па ініцыятыве прадстаўнікоў беларускай спартыўнай супольнасці ў жніўні 2020 года ў адказ на масавыя рэпрэсіі супраць спартсменаў у Беларусі. Галоўнай мэтай БФСС з’яўляецца абарона правоў спартсменаў ад дыскрымінацыі, а таксама прасоўванне правоў чалавека, прынцыпаў свабоды і дэмакратыі праз спорт. БФСС аказвае фінансавую, арганізацыйную і юрыдычную падтрымку беларускім спартсменам і спартыўным спецыялістам, якія пацярпелі за адкрытае выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі.
Наша дзейнасць таксама ўключае ў сябе прадстаўленне інтарэсаў спартсменаў перад міжнароднымі спартыўнымі арганізацыямі (МАК, IIHF, УЕФА, ФІФА і інш.) і ўрадамі, прапаганду спартыўных каштоўнасцей і здаровага ладу жыцця, запуск праграм спартыўнай адукацыі, арганізацыю масавых спартыўных мерапрыемстваў і інш. ініцыятывы. Скарыстаўшыся папулярнасцю спорту сярод беларусаў, БФСС стварыў моцную супольнасць спартсменаў, трэнераў, спартыўных менеджэраў і заўзятараў, якія выступаюць за мір і свабоду, а таксама супрацьстаяць любой дыскрымінацыі. БФСС праводзіў рэзанансныя спартыўныя мерапрыемствы і медыйныя кампаніі з удзелам вядомых беларускіх спартсменаў, арганізоўваў спартыўныя канферэнцыі, адкрытыя дэбаты, інтэрв’ю і дабрачынныя аўкцыёны ў падтрымку тых, хто быў вымушаны пакінуць краіну. БФСС таксама супрацоўнічае з буйнымі беларускімі незалежнымі арганізацыямі, медыярэсурсамі і каналамі. Да прыкладу, дабрачынны анлайн-прабег «Марафон Свабоды», арганізаваны БФСС, сабраў больш за 5 тысяч удзельнікаў з 54 краін.
Працу БФСС асвятлялі сусветныя медыя, такія як: CNN, The Times, The Guardian, The Washington Post, Forbes, Der Spiegel, Inside the Games, Frankfurter Allgemeine, RBC і многія іншыя.
БФСС выдзеліў больш за 500 000 еўра прамой фінансавай падтрымкі беларускім спартсменам, якія пацярпелі з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі, і ўкраінскім спартсменам, якія пацярпелі ад вайны. Акрамя таго, намаганнямі БФСС больш за 200 чалавек, у тым ліку беларускіх спартоўцаў і спартоўцаў у эміграцыі, атрымалі прававыя дакументы ў розных краінах Еўропы. Гэтая падтрымка дазволіла ім працягваць сваю спартыўную кар’еру, нягледзячы на сур’ёзныя праблемы.
З моманту свайго заснавання ў 2020 годзе БФСС атрымаў міжнароднае прызнанне як паўнавартасны суб’ект уплыву на спартыўную палітыку Усходняй Еўропы (Украіна, Беларусь, Польшча, краіны Балтыі). БФСС рэгулярна ўзаемадзейнічае з Дзяржаўным дэпартаментам ЗША, Еўрапейскім парламентам, Еўрапейскай камісіяй і офісамі сенатараў ЗША, а таксама супрацоўнічае з МАК, міжнароднымі спартыўнымі федэрацыямі, нацыянальнымі ўрадамі, НАК і міністэрствамі спорту розных краін (ЗША, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Украіна і інш.).
БФСС удзельнічае ў міжнародных абмеркаваннях і распрацоўцы стратэгіі па допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў на міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы, рэалізуе праекты падтрымкі ўкраінскіх і беларускіх спартсменаў, выступаючы ў якасці эксперта і прадстаўніка беларускага спорту ў такіх перамовах. Акрамя таго, БФСС наладзіў партнёрскія адносіны з такімі спартыўнымі арганізацыямі, як World Player’s Association, Athleten Deutschland, Global Athlete, FIFPRO, ISLA, UNI Global Union і іншымі.
У знак прызнання дасягненняў і ўнеску БФСС у міжнародны спорт БФСС быў прызнаны лепшай праваабарончай ініцыятывай у спорце і атрымаў галоўную ўзнагароду на Play the Game 2022, буйной спартыўнай канферэнцыі ў Даніі.