Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці прапануе пераклад вельмі цікавага артыкула, апублікаванага на платформе Tribuna, які раскрывае закуліссе таго, як у беларускім спорце арганізуюцца “выбары” і выкарыстоўваюцца спартсмены ў ідэалагічных мэтах.

Мы дзякуем Tribuna за арыгінальны матэрыял. Спасылка на артыкул: Как «Славию» сгоняли на выборы и назначали тех, кто будет говорить о «процветании нашей страны» – Футбол на BY.Tribuna.com


ЯК «СЛАВІЮ» ЗГАНЯЛІ НА ВЫБАРЫ І ПРЫЗНАЧАЛІ ТЫХ, ХТО БУДЗЕ КАЗАЦЬ ПРА «РОСКВІТ НАШАЙ КРАІНЫ»

Біёнчыка папрасілі зрабіць усё прыгожа – і ён справіўся!

Увесь мінулы тыдзень беларускі спорт хадзіў на «выбары», а справаздачы пра гэта з’яўляліся ў клубных сацыяльных сетках і на сайтах. «Славія» таксама адзначылася на датэрміновым «галасаванні», прычым выпусціла з гэтай нагоды ролік аб тым, як схадзіла на ўчастак, пад песню на словы нявесткі Лукашэнкі Ганны Сялук. А потым каментары далі галоўны трэнер Іван Біёнчык і два гульцы – Павел Чыкіда, якому так званы міністр спорту забараняў гуляць у вышэйшай лізе, і Андрэй Салавей, якому за выказванне грамадзянскай пазіцыі ў канцы 2024-га далі два гады “хатняй хіміі”.

Як арганізоўваўся гэты паход.

Мазырскі калектыў пачаў рыхтавацца да сезона-2025 9 студзеня. З тых часоў адзначыўся падпісаннем пачаткоўцаў, сыходам некаторых гульцоў, а таксама пераможнымі спарынгамі з «Тарпеда-БелАЗ» (3:1) і «Гомелем» (2:0). Практычна ўвесь час каманда праводзіць у Гомелі, дзе трэніруецца ў манежы.

Пасля гульні з «Тарпеда-БелАЗ», якая прайшла ў Жодзіне 18 студзеня, Біёнчык, расказваючы пра планы, паведаміў, што «Славія» будзе датэрмінова галасаваць у Гомелі на «выбарах», бо футбалісты не маюць магчымасці раз’ехацца па дамах, каб прагаласаваць там. Яшчэ спецыяліст назваў лукашэнкаўскую імітацыю «галоўным на наступным тыдні».

Аднак трэнер усё ж хітраваў. Як удалося даведацца “Трыбуне”, яшчэ за дзень да спарынгу з “Тарпеда-БелАЗ” Біёнчык на трэніроўцы нагадаў, што хутка стартуюць датэрміновыя “выбары” і што каманда павінна схадзіць на ўчастак. Пры гэтым не даваў указанняў, за каго “галасаваць”. Ды і ўвогуле, паводле нашых звестак, аб’ява была больш як напамін, без агітацыі і заклікаў. Любімых прапагандай прамоў аб тым, як у Беларусі добра жывецца пад мірным небам, таксама не было. Аб’ява была зроблена да таварняка, таму што пасля яго калектыву далі два дні выхадных – футбалісты раз’ехаліся па дамах. Таксама спартсменам нагадалі, каб, вяртаючыся ў Гомель, яны не забылі пашпарты. Пры гэтым, па нашых дадзеных, асаблівай рэакцыі гэта аб’ява ў калектыве не выклікала: трэба – значыць, трэба. Абмеркаванняў у калектыве з гэтай нагоды не было – усё працягнулі трэніравацца.

Галасаванне пад камерай

Вярнулася каманда да працы 21 студзеня ў абед – якраз у той дзень, калі стартавала датэрміновае «галасаванне». Чаму гульцам не дазволілі «галасаваць» па месцы прапіскі, а потым ужо прыехаць у Гомель, нашы крыніцы толькі мяркуюць: для карцінкі ў рэжымных медыя і кантролю, каб ніхто не схлусіў аб тым, што быў на ўчастку.

У сераду 22 студзеня пасля ранішняй трэніроўкі каманда ў суправаджэнні прэс-службы накіравалася на ўчастак у Гомельскую абласную філармонію. Як можна заўважыць па відэасправаздачы, свае бюлетэні ва ўрну пад аб’ектывам камеры кідалі і футбалісты, і трэнеры. Біёнчык жа рабіў гэта са шчырай усмешкай. Па дарозе на ўчастак прэс-служба папрасіла яго зрабіць усё “прыгожа і якасна, каб потым ні ў кога не было прэтэнзій і пытанняў”. “Славія” пастаралася – усё было знята з першага дубля.

Выкарыстанне ў прапагандзе

Таксама ў тэкставай справаздачы можна ўбачыць каментары Біёнчыка і двух футбалістаў – Чыкіды і Салаўя. Што тычыцца першага, то тут ніякіх сюрпрызаў – прэс-служба заўсёды просіць каментары ў галоўнага трэнера пасля любых мерапрыемстваў, у якіх удзельнічаюць мазыране. А вось адносна гульцоў, то, па нашых звестках, выбіраць не даводзілася – ад кіраўніцтва клуба паступіла распараджэнне засвяціць у справаздачы менавіта гэтых гульцоў. І гэта было цалкам чакана.

Чыкіда, як вядома, у канцы 2022-га патрапіў у «чорны спіс» «Мінспорту» за ўдзел у роліку футбалістаў супраць гвалту ў 2020-м. Так яму зачынілі дзьверы ў беларускім футболе. Але пасля паўтара года ў Казахстане паўабаронца ўсё ж вярнуўся ў Беларусь і падпісаў летам 2023-га кантракт са “Славіяй” дзякуючы заступніцтву кіраўнікоў і трэнераў. Ну а ў студзені 2024-га Чыкіда атрымаў афіцыйны «дазвол» ад рэжымнай камісіі працаваць у белфутболе. Толькі, як распавялі нам крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, адной з умоў “прабачэння” стаў максімальны ўдзел гульца ў розных праўладных мерапрыемствах у будучыні. Выбары – якраз такі выпадак.

Што да Салаўя, мы ўжо пісалі, што ў снежні 2024-га футбаліста і яго жонку прысудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў 2020-м.

Тым не менш кантракт з клубам на сезон-2025 нападаючы атрымаў. Але кіраўнікам “Славіі” зверху таксама далі зразумець, што Салавей павінен быць героем матэрыялаў ідэалагічнай скіраванасці. Так што выбар спікераў для каментароў пад выбары быў відавочны.

Па нашых дадзеных, гульцы самі гэта разумелі і ахвотна пагутарылі з прэс-службай. Вось толькі ці казалі яны ў рэальнасці тыя словы, якія ім прыпісаны па выніках мерапрыемства, нашы крыніцы не ведаюць, пры гэтым і не выключаюць, што словы “аб грамадзянскай пазіцыі” і “галасаванні за росквіт нашай краіны” зусім не былі вымаўлены спартсменамі, а напісаны прэс-службай для прыгажосці і справаздачнасці.