У Пітсбургу адбыўся сапраўдны бэйбі-бум!
Беларускі абаронца «Пінгвінаў» Уладзіслаў Калячонак стаў татам. Разам з жонкай Марыяй яны сустрэлі нараджэнне свайго першынца, з чым мы іх шчыра віншуем. Як бачна, малому ўжо давялося наведаць працоўнае месца бацькі.
Дарэчы, Калячонак не адзіны, хто нядаўна атрымаў самы каштоўны «трафей». Брамнік Трыстан Джары і форвард Рыкард Ракел таксама папоўнілі бацькоўскія шэрагі.
На фоне сямейных радасцей у клубе адбыліся сур’ёзныя перамены. Пасля 10 сезонаў на чале каманды і двух Кубкаў Стэнлі «Пінгвіны» развіталіся з галоўным трэнерам Майкам Саліванам. Ён пакінуў клуб пасля чарговага сезону без плэй-оф і цяпер разглядаецца як галоўны кандыдат на пасаду трэнера «Рэйнджэрс», дзе працуе яго даўні знаёмы, генеральны менеджар Крыс Друры.
Улічваючы, што каманда цяпер знаходзіцца на стадыі перабудовы, няхай і неафіцыйна, мы спадзяемся, што малады абаронца Калячонак зможа замацавацца ў асноўным складзе «Пінгвінаў» у наступным сезоне.