Аляксандр Чэрнік: «Хочацца, каб спорт аб’ядноўваў…»

Гэтыя словы галоўнага трэнера зборнай Беларусі па футзале Аляксандра Чэрніка гучаць асабліва супярэчліва на фоне таго, што адбываецца ў краіне.

Пасля таго як беларуская зборная прайшла адбор на чэмпіянат Еўропы 2026 года, Літва і Латвія, якія з’яўляюцца гаспадарамі турніру, выступілі за яе недапуск. Прычына – этычныя і юрыдычныя аспекты, звязаныя з удзелам Беларусі ва ўзброенай агрэсіі супраць Украіны і масавымі рэпрэсіямі ўнутры краіны.

У адказ трэнер заявіў, што хоча, каб палітыка адышла на другі план і каб спорт «аб’ядноўваў». Паводле яго слоў, цяпер «усе хочуць, каб усё скончылася», намякаючы на нейкае збліжэнне і вяртанне да нармальных адносін.

Але такія выказванні ігнаруюць рэальнасць. У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, палітычныя зняволенні, катаванні і пераслед у тым ліку спартсменаў. Людзі сядзяць у турмах за мірныя акцыі, за подпісы, за тое, што адмовіліся прадстаўляць інтарэсы нелегітымнай улады. Некаторыя спартсмены былі вымушаныя пакінуць краіну, іншыя страцілі кар’еру, здароўе або свабоду.

Падобныя заявы пра «адзіны спорт» і «аб’яднанне» – частка фальшывага наратыву, які спрабуе сфарміраваць уражанне, што ўсё вяртаецца да нормы. Гэта спроба замяніць размову пра адказнасць, праўду і салідарнасць роўным спартовым полем.

Пакуль у Беларусі працягваецца палітычны тэрор, пакуль моладзь трапляе ў турмы за грамадзянскую пазіцыю, а спартыўная сфера падпарадкаваная ідэалогіі, ніякага сапраўднага адзінства быць не можа.

Цяпер чакаецца рашэнне УЕФА. Калі Еўрапейскі футбольны саюз дазволіць удзел Беларусі, канчатковае слова будзе за Літоўскай федэрацыяй футбола.

#БеларускіФондСпартыўнайСалідарнасці #СпортБезРэжыму #НеЗабываем #Futsal #UEFA #Еўра2026 #Беларусь