Відавочна, што рашэнне будзе жорсткae: футбольныя федэрацыі Латвіі і Літвы пра ўдзел Беларусі ў фінальным турніры чэмпіянату Еўропы па міні-футболе.

Кіраўніцтва футбольных федэрацый Латвіі і Літвы выступіла з заявамі адносна магчымасці ўдзелу зборнай Беларусі ў фінальным турніры чэмпіянату Еўропы па міні-футболе, які мае адбыцца з 18 студзеня па 8 лютага 2026 года ў Латвіі і Літве.

Прэзідэнт Латвійскай футбольнай федэрацыі Вадзім Ляшэнка адзначыў, што ЛФФ цесна супрацоўнічае з УЕФА, Федэрацыяй футбола Літвы, паслом Украіны ў Латвіі і прэзідэнтам Украінскай футбольнай асацыяцыі Андрэем Шаўчэнкам для выпрацоўкі канчатковага рашэння.

«Напрыканцы гэтага або на пачатку наступнага тыдня мы ўжо дакладна ведаем, як будзе выглядаць сітуацыя. Пакуль шмат нявызначанасці. Але адно ясна: у Латвіі немагчыма правесці матч з удзелам зборнай Беларусі — ні з юрыдычнага, ні з этычнага пункту гледжання. Мы працягваем кансультацыі, і пасля таго як атрымаем пазіцыю УЕФА, абавязкова праінфармуем грамадскасць», — заявіў Ляшэнка ў каментары для Delfi.lt.

Са свайго боку, прэзідэнт Літоўскай футбольнай федэрацыі Эдгарас Станкявічус таксама пацвердзіў, што вядуцца перамовы з нацыянальнымі інстытуцыямі і УЕФА.

«Рашэнне будзе вельмі жорсткім. Мы на пастаяннай сувязі з калегамі з Латвіі і Украіны. Пасля атрымання ўсіх неабходных адказаў федэрацыі трох краін агучаць сваю пазіцыю», — падкрэсліў Станкявічус.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці працягвае сачыць за сітуацыяй і падтрымліваць міжнародныя ініцыятывы, накіраваныя на спыненне ўдзелу афіцыйных беларускіх спартыўных структур у міжнародных спаборніцтвах на фоне працяглага ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны і рэпрэсій унутры Беларусі.