10 ліпеня стала вядома, што 24-гадовы беларускі хакеіст Уладзіслаў Калячонак перайшоў з «Пітсбурга» ў «Далас».
Гэта ўжо трэцяя каманда НХЛ для гульца за апошнія паўгода.
У «Пітсбург» Калячонка забралі з драфту адмоваў у лютым, калі яго туды выстаўіла «Юта» — у асноўны склад ён там не трапляў, а правілы лігі не дазвалялі проста адправіць у фарм-клуб. У новым клубе ён правёў 11 матчаў, зрабіў дзве выніковыя перадачы, атрымаў 8 штрафных хвілін і паказчык карыснасці «-5».
За беларуса «Далас» аддаў абаронцу Мэта Дамбу і выбар у другім раўндзе драфту-2028. Дамба — вопытны абаронца, ён правёў 791 матч у НХЛ, але ў апошнім сезоне не апраўдаў надзеяў і сядзеў у запасе падчас плэй-оф. Пры гэтым яго кантракт быў цяжкім для клуба з фінансавага пункту гледжання.
Генеральны менеджар «Даласа» Джым Нілл, якога прызналі лепшым у лізе трэці сезон запар, здолеў выгадна абмяняць дарагога абаронцу. «Пітсбург» атрымаў шанец аднавіць Дамбу або абмяняць яго далей, а Калячонак туды трапіў бясплатна з драфту адмоваў — таму здзелка выглядае разумнай з абодвух бакоў.
Ці мае шанцы Калячонак у «Даласе»? Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што мае: яго называюць недаацэненым і вераць у яго месца ў трэцяй пары абароны. Дадатковы фактар — новы галоўны трэнер «Даласа» Глен Галуцэн, які раней працаваў у «Эдмонтане», дзе, паводле чутак, таксама былі зацікаўлены ў беларусу.
Калі Калячонак не трапіць у аснову, яго могуць зноў выставіць на драфт адмоваў. Але нават у АХЛ ён застанецца з той жа зарплатай: у яго аднабаковы кантракт, і гэта фінансава бяспечны варыянт для самога гульца.
Большасць заўзятараў «Даласа» сустрэлі абмен пазітыўна, асабліва з улікам няўдалага сезону Дамбы і неабходнасці вызваліць месца пад зарплатны столь.
Зычым Уладу поспехаў у новым клубе.