Беларускі хакеіст Ілля Протас – малодшы брат Аляксея Протаса, які выступае за «Вашынгтон Кэпіталз» у НХЛ. Сам Ілля гуляе за iх фарм-клуб «Вiндзар Спiтфайрс» у OHL. У інтэрв’ю ён падзяліўся сваёй галоўнай мэтай, стаўленнем да сітуацыі са зборнай Беларусі і адаптацыяй да жыцця ў Паўночнай Амерыцы.
Пра гульню з братам і Овечкіным
«Канечне, гэта было б нешта неверагоднае – гуляць разам з братам, а яшчэ і з Аляксандрам Авечкіным! Калі такі шанец выпадзе – будзе фантастычна. Калі не – што ж, раней я нават баяўся пра такое марыць услых», – кажа Ілля Протас.
«Для мяне галоўная мэта – сыграць з братам у адной камандзе. Але калі атрымаецца яшчэ і з Аляксандрам Міхайлавічам – гэта будзе нешта асаблівае», – дадае ён.
Пра праблемы з праглядам матчаў «Дынама-Мінск»
Ілля расказаў, што не можа глядзець матчы мінскага «Дынама» ў КХЛ: «Так, я сачу за камандай, але не магу глядзець гульні – у мяне чамусьці трансляцыі не паказваюць, не магу знайсці сайты. Брат казаў, што ў Канадзе адны абмежаванні, у ЗША іншыя. Ён можа глядзець, а я не».
«Сачу за вынікамі. У іх нядаўна была добрая серыя – дзевяць перамог запар. У мяне там грае добры сябар, у яго таксама ўсё складваецца добра», – дадаў Протас.
Пра адхіленне зборнай Беларусі
«Гэта вельмі крыўдна. Аднa з маіх мараў – гуляць за зборную Беларусі. І на чэмпіянаце свету U-20, і за нацыянальную каманду. Гэта гонар – гуляць за сцяг і краіну», – кажа Ілля.
«Шкада, што многія хлопцы пазбаўленыя такой магчымасці, у тым ліку і я. Такія турніры – вялікі шанец паказаць сябе, прыцягнуць увагу скаўтаў, змяніць нешта ў кар’еры. Спадзяюся, што сітуацыя зменіцца як мага хутчэй», – адзначыў хакеіст.
«Што ж, у маіх сілах толькі расці і развівацца як гулец. А далей – пабачым», – дадаў ён.
Пра адаптацыю да мовы
«Калі я прыехаў у Амерыку, мог задаць простыя пытанні, але, напрыклад, на тактычных занятках у “Дэ-Мойне” прасіў трэнера маляваць на планшэце, бо не разумеў тлумачэнняў», – успамінае Протас.
«Памятаю, у трэніровачным лагеры трэнер тлумачыў 30 секунд – а я нічога не зразумеў. Папрасіў паўтарыць, а ён кажа: “Я ўжо двойчы тлумачыў”. Тады я сказаў, што зусім нічога не зразумеў», – смяецца Ілля.
«Цяпер праблем з мовай няма – разумею трэнера з паўслова, разбіраюся ў слэнгу. Нават часам забываю трохі рускую мову. Апошнія паўгода даваў інтэрв’ю толькі на англійскай», – дадаў ён.
Пра магчымую арэнду ў «Дынама»
«Калі б мне прапанавалі пайсці ў арэнду ў мінскае “Дынама”, як некалі брат – я б згадзіўся. КХЛ – выдатная ліга для развіцця. Але гэта не залежыць ад мяне – хутчэй ад “Вашынгтона” і кіраўніцтва клуба», – патлумачыў Ілля Протас.
Нагадаем, у гэтым сезоне OHL 18-гадовы Ілля Протас набраў 119 (50+69) ачкоў у 60 матчах за “Віндзaр”.