Цімур Бураў, адзін з самых вядомых беларускіх байцоў муай-тай і кікбоксінгу пачатку 2010-х, памёр на 34-м годзе жыцця.
Ён быў шасціразовым чэмпіёнам Беларусі па муай-тай і тайскім боксе, чэмпіёнам Эстоніі і Латвіі, шматгадовым членам нацыянальнай зборнай, а таксама фіналістам чэмпіянатаў Еўропы і кубкаў свету.
На працягу апошніх гадоў Цімур працаваў трэнерам. Ён быў жанаты з Аленай Ляшкевіч, пяціразовай чэмпіёнкай свету па муай-тай.
Прычынай смерці стала рэдкая анкалогія лімфатычнай сістэмы. З моманту пастаноўкі дыягназу да смерці прайшло крыху больш за паўгода. Як расказалі яго сябры, Цімур пасля дыягназу спачатку звярнуўся да веры, а толькі потым да лячэння. Па словах аднаго з аднаклубнікаў, гэта было запозна.
Раней ад гэтай жа хваробы памерла яго малодшая сястра.
Сёння, калі мы згадваем Цімура, важна таксама ўзгадаць пра значэнне своечасовай дыягностыкі. Лімфатычны рак можа доўга не праяўляцца болем, але суправаджацца стомленасцю, ночнай патлівасцю або зменамі ў памерах лімфавузлоў. У выпадку любога падазрэння трэба адразу звяртацца да доктара, нават калі знешне ўсё выглядае нармальна.