🇺🇦Віншуем Вольгу Саладуху з абраннем на пасаду прэзідэнткі Федэрацыі лёгкай атлетыкі Украіны!

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці віншуе Вольгу Саладуху з зацверджаннем на пасадзе прэзідэнткі ФЛАУ. Сёння, 10 кастрычніка, у Кіеве адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя федэрацыі лёгкай атлетыкі, на якой абсалютнай большасцю галасоў была падтрымана кандыдатура чэмпіёнкі Еўропы і свету, алімпійскай прызёркі Вольгі Саладухі.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці двойчы выступаў партнёрам дабрачыннага дзіцячага турніру Вольгі Саладухі “Кубак Белай пантэры” у Кіеве, які кожны раз збіраў больш за 200 юных удзельнікаў з усіх рэгіёнаў Украіны. Таксама ўвесну 2023 года разам з грамадскай арганізацыяй “Дабрачынныя ініцыятывы Вольгі Саладухі” і НАК Эстоніі была рэалізавана гуманітарная акцыя ў падтрымку рэгіянальных спартыўных школ ва Украіне.

З пачатку абрання Вольгі Саладухі на пасаду выканаўчай абавязкі прэзідэнткі ФЛАУ у чэрвені 2023 года спецыялісты Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці аказвалі ФЛАУ тэхнічную і кансультацыйную дапамогу. У прыватнасці, спецыялісты фонду падрыхтавалі для ФЛАУ заяўку на правядзенне Чэмпіянату Еўропы па бегу на шашы (марафон, паўмарафон, 10км) у Кіеве на 2029 год для Еўрапейскай федэрацыі лёгкай атлетыкі, а таксама рэалізавалі шэраг удалых юрыдычных, маркетынгавых, спонсарскіх і грантавых ініцыятыў.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці зычыць спадарыне Вользе поспехаў у працы, а ўкраінскай лёгкай атлетыцы вялікіх перамог!