ТРЫ СЦЭНАРЫІ ДОПУСКУ БЕЛАРУСАЎ

Аляксандр Апейкін
16.10.2024

ТРЫ СЦЭНАРЫІ ДОПУСКУ беларускіх атлетаў на міжнародную арэну.

Невялікі апдэйт па допуску беларускага спорту на міжнародныя спаборніцтвы, а таксама апісанне трох сцэнарыяў, па якіх будзе развівацца пытанне ўдзелу спартоўцаў.

На сённяшні дзень адпаведна з крытэрыямі нейтральнасці МАК амаль усе міжнародныя федэрацыі (за выключэннем World Athletics) дапусцілі беларускіх спартоўцаў. Пад крытэрыі нейтральнасці не падпадаюць камандныя віды спорту, таму мы не бачым выступ зборных па хакеі, гандболе, валейболе, баскетболе і гд. Выключэнне зрабіў толькі УЕФА, дапусціўшы зборную Беларусі з абмежаваннем гуляць хатнія матчы.  Міжнародныя федэрацыі па іншых гульнявых відах трымаюць бан.

Тым не менш, ужо зараз можна прадбачыць некалькі сцэнарыяў, па якіх будзе развівацца пытанне з допускам. Натуральна, усе яны залежаць у тым ліку ад развіцця геапалітычных падзей.

СЦЭНАРЫЙ 1. Нічога не мяняецца.

У выпадку працягу гарачай стадыі вайны ва Украіне ці эскалацыі наўрадці МАК і міжнародныя федэрацыі асмеляцца на паслабленне ці змену крытэрыяў нейтральнасці. Усё застанецца ў сённяшнім стане – допуск праз сістэму нейтральнасці без удзелу камандаў.

СЦЭНАРЫЙ 2. Змякчэнне абмежаванняў.

Калі вайна на поўдні ад Беларусі пачне заціхаць ці ўваходзіць у пасіўную фазу, некаторыя міжнародныя федэрацыі могуць наважыцца змякчыць умовы допуску (тая ж самая Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі). Могуць быць дапушчаны зборныя ў камандных відах спорту на асобных умовах: без хатніх матчаў, без ужывання дзяржаўнай сімволікі і гімну і г.д. Але гэты працэс пачне адбывацца даволі хутка. Таксама пачнецца “размарозка” і па лініі дзіцяча-юнацкага спорту, якая была прыпынена з пачаткам вайны.

СЦЭНАРЫЙ 3. Поўнае зняцце абмежаванняў.

Гэты сцэнарый рэалізуецца ў выпадку поўнага спынення баявых дзеянняў ва Украіне ці нават часовай замарозкі канфлікту. Беларускія федэрацыі і НАК Беларусі вернуцца ў міжнароднае спартыўнае жыццё, атлеты будуць выступаць без абмежаванняў, у тым ліку пад дзяржаўным сцягам. Так, іншага варыянту не будзе. Прычым, такое зняцце абмежаванняў будзе таксама вельмі хуткім – цягам некалькіх месяцаў. На зімовую Алімпіяду-2026 ў Мілане беларуская дэлегацыя з вялікай верагоднасцю зможа паехаць ужо пад афіцыйнымі сімваламі.

Ва ўсім гэтым працэсе трэба ўлічваць некаторыя дэталі:

  Рэспубліка Беларусь не ідзе ў дадзеным пытанні “у камплекце” з РФ. Пытанне допуску атлетаў з гэтых краін будзе вырашацца на розных хуткасцях і ўмовах.
– Стратэгія “націснуць на спонсараў”, як аказалася, працуе ў два бакі.

Ну, і каб два разы не ўставаць, канчаткова разбураю міфы для шырокай публікі. Бо Фонду спартыўнай салідарнасці шмат разоў прад’яўлялі прэтэнзіі за тое, што “не змаглі, не дамагліся, не даціснулі “:

1. Ніякага абмену допуску спартоўцаў да Алімпіяды на палітвязняў быць не магло. Гэты міф прыдумалі аўтары новага пашпарту, позваў у Гаагу і іншых фантастычных аповесцей і ўлілі ў вушы людзям.

2. Беларускія спартоўцы не маглі і не змогуць выступаць пад БЧБ-сцягам, бо ён не з’яўляецца афіцыйным дзяржаўным. Калі стане дзяржаўным, тады і змогуць. Так працуюць правілы міжнароднага спорту.


Фота: Віялета Бардзілоўская, нейтральная атлетка з Беларусі, срэбраная прызёрка Алімпіяды ў Парыжы.