“З людзьмі трэба размаўляць…” (С.Рутэнка)
Пасьля драматычных часоў процістаяньня ў грамадстве, паціху вяртаецца здаровы глузд і ўсё больш бярэ верх адэкватнасьць, гатоўнасьць размаўляць паміж сабой людзей розных палітычных перакананьняў. Сярод беларусаў трэнд рэвалюцыі сыйшоў амаль на нуль, людзі шукаюць новыя падыходы, каб наладжваць сваё жыцьцё ды жыцьцё краіны.
Сёньня гаворка пра аднаго з самых тытулованых і вядомых беларускіх спартоўцаў, які ў 20-ым зрабіў свой выбар, застаўшыся верным сваёй пазіцыі, пра караля гандболу – Сяргея Рутэнка.
Рэдакцыя прадставіла мне выдатную магчымасьць падрыхтаваць падборку пра нашых цудоўных спартоўцаў розных палітычных перакананьняў, але прама, сур’ёзна, бяз затушоўваньня палітычных перакананьняў. З разуменьнем і павагай да перамогаў нашых суайчыньнікаў, куды б іх не панес лёс ды палітыка. Кожны з нашых пераможцаў спартыўныя героі, людзі выключнай волі, ахвярнасьці. Безумоўна ведаў пра той вялікі кошт, які плацяць нашыя атлеты за сваю славу і медалі, але тое, што даведаўся, уражвае!І пераглядаючы матэрыялы беларускіх чэмпіёнаў – не знайшоў аніводнага выпадковага, усе перамагалі на жылах, на траўмах, на болю… Усе з характарам, вельмі моцныя людзі, выключна цэльныя. Такі ж і Сяргей Рутэнка: упарты, адчайны і са сваімі прынцыпамі.
Сяргей Рутэнка нарадзіўся 29 жніўня 1981г., пасёлак Прывольны, Мінская вобласьць. Бацька быў лясніком, мама – медыцынскі работнік. Маці нарадзілася ў Сібіры ў сям’і ўкраінцаў, якіх за савецкім часам туды саслалі. Нейкі час мама жыла ў Расеі, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам – таксама ўкраінцам. Потым сям’я пераехала ў Беларусь.
Дзяцінства было працоўнае, прыходзілася дапамагаць маці па гаспадарцы. Зранку хлопцу прыходзілася выводзіць кароў на пашу, адказваў за кармёжку іншых жывёлаў ды працаваў у агародзе. Журналісты са слоў Сяргея пераказваюць ягоную юнацкую нелюбоў да праполкі бульбы. Будучы кароль гандболу паабяцаў мацяры, што калі вырасьце, бульбу будзе толькі купляць.
У гандбол Рутэнка патрапіў выпадкова, спачатку займаўся самба. Хацеў ісьці на баскетбольную секцыю, але ў Вучэльні алімпійскага рэзерву баскетболу не было. Раптам яму прапанавалі гандбол. Канчаткова застацца ў гэтым відзе спорту пераканаў першы трэнер Барыс Рэпкін.
На трэніроўкі, якія праходзілі чатыры разы на тыдзень у Шабанах, кожны раз дабіраўся па 2 гадзіны ў адзін бок.
Сяргей пераканаў брата Дзяніса пайсьці ў секцыю гандболу, і сам быў на пачатку асабістым трэнерам брата. Дзяніс не праходзіў у падлеткавую групу, таму Сяргей дамовіўся з трэнерам і сам вадзіў брата на выходных. Аднойчы Дзяніс забыўся кеды – брат прымусіў яго бегаць у шкарпэтках па залу. “Не трэнер быў, а дыктатар нейкі,”- узгадвае Рутэнка-малодшы. І трэніроўкі не прапалі дарма, Дзяніс таксама стаў гульцом нацыянальнай зборнай Беларусі.
Браты Рутэнка былі не лепшымі вучнямі. Сяргей часта спрачаўся з настаўнікамі і нават спецыяльна хуліганіў, каб яго выгналі. Аднойчы злавіў мыш і закінуў яе аднакласьніцы за каўнер, пасьля чаго адразу адправілі дадому.
Kалі Рутэнка атрымоўваў атэстат, пафарбаваў валасы ў чырвона-зялена-белы колеры. Потым хлопец распавёў, што не з-за патрыятызму, падабаліся колеры і хацеў неяк выдзяліцца.
Але кайфу старшакласьніка не атрымаў, многа трэніраваўся, езьдзіў па турнірах, выконваў рэжым. На наступны дзень была трэніроўка – трэнер не пагадзіўся даць выходны. Развітаньне са школай атрымалася кароткім і цьвярозым.
Пасьля школы спартовец перажыў дэпрэсію. На той час гандбол быў у заняпадзе ў Беларусі. У зборнай здавалі грошы на форму, якую потым перадавалі маладым. У краіне быў адзін галоўны клуб СКА (Мінск), але туды Сяргея не ўзялі. Падтрымала ягоная бабуля, якая супакоіла ўнука, сказаўшы, што гэта да лепшага… Потым Рутэнка вызнаў, што бабуля мела рацыю, а тая няўдача зрабіла яго мацнейшым.
У 18 гадоў, перасварыўшыся з усімі ў гандбольных колах, Рутэнка рызыкнуў ды зьехаў у славенскі “Гoрэньне”. Аднак і там апынулася не так проста, яго падманула кіраўніцтва клубу. Паабяцалі 3 тысячы даляраў у месяц, але калі Рутэнка сеў падпісваць кантракт, пабачыў зусім іншыя лічбы: 5 гадоў і 400 даляраў ЗША. Але адыходзіць не было куды, прыйшлося прыймаць умовы.
Адным разам беларус выбіў сабе павышэньне заробку адчайным спосабам.
На пачатку матчу закінуў двойчы, а потым спецыяльна заваліў атаку ды сыйшоў з пляцоўкі. Абуранаму трэнеру адказаў коратка: “На 400 даляраў я ўжо нагуляў…” І гэта спрацавала.
За першыя вялікі грошы гандбаліст набыў сабе машыну Audi A8, пра якую марыў ўжо даўно. Набыў у крэдыт і аддаваў палову заробку. Пазьней пашкадаваў пра гэтую пакупку. Рутэнка ўзгадвае: “Іншыя гульцы казалі, “не траць грошы, спорт скончыцца…” Гадоў з 25-ці думаў, чым далей буду займацца. Шэраг футбалістаў, шэраг гульцоў вядомых накупілі зямлі, здавалі яе ў арэнду нейкім комплексам”.
Пасьля гандболу арганізаваў бізнэс па вытворчасьці сельскагаспадарчых угнаеньняў.
Зоркай Рутэнка стаў у клубе “Целе”, з якім выйграў чатыры чэмпіянаты Славеніі ды першую Лігу чэмпіёнаў. У 2005-ым Рутэнка перайшоў у “Сьюдад Рэаль” за 400 тысяч еўра. Гэты трансфер стаў рэкордным для гэтай краіны – аніводны спартовец са Славеніі не зьяжджаў за такія грошы. Калі ж перайшоў у “Барселону” за 1,2 млн. еўра, ён стаў самым дарагім гандбалістам у свеце.
Першы ў гісторыі сусветнага гандболу гулец выйграў Лігу Чэмпіёнаў 6 разоў (!) з трымя рознымі клубамі. Рутэнка з цяплынёй узгадвае “Барселону”: “Звонку можа падацца, што гэта такая машына, інстытут, а насамрэч гэта сям’я…”
Гулец больш 40 разоў перамагаў у розных чэмпіянатах, кубках, суперкубках!
Спартовец валодае пяцьцю замежнымі мовамі. У 2004г. прыняў славенскае грамадзянства і правёў за зборную гэтай дзяржавы 40 матчаў. Акром беларускага мае славенскае грамадзянства ды гішпанскае. Калі гішпанцы прапанавалі выступаць за сваю зборную з вялікімі матэрыяльнымі дывідэндамі, усё ж абраў вярнуцца дадому ды ізноў гуляць за Беларусь…
У адным з інтэрв’ю Рутэнка назваў гандбол “самым генетычна родным беларусам відам спорту”: “На мой погляд у нас хлопцы заўжды былі моцныя, і гандбол шмат сумяшчае. Мы з хакеістамі жартавалі, “у хакей гуляюць сапраўдныя мужчыны”. Кажу, “здымайце шчыткі і мы паглядзім… “ Тыя посьпехі, якія ў нас былі і яшчэ ў савецкія часы… таму такі параўнальны аналіз дазволіў мне вылучыць такое меркаваньне…”
У 2020г. бяз ваганьняў заняў бок уладаў ды падпісаў ліст у падтрымку Лукашэнкi. Ужо ў складзе Федэрацыі гандболу не пагадзіўся з рашэньнем датычна пытаньня легіянераў у камандах і сыйшоў з гэтай арганізацыі. Цяпер узначальвае Федэрацыю тэнісу. Рутэнка жанаты і выхоўвае дзьвух дзяцей. У вольны час любіць рыбачыць.
Уражвае спіс перамогаў нашага чэмпіёну:
У 2000г. заваяваў срэбра чэмпіянату Еўропы па гандболу ў складзе маладзёвай зборнай Беларусі.
4-кратны чэмпіён Славеніі.
3-кратны пераможца Кубку Славеніі.
8-кратны чэмпіён Гішпаніі.
3-кратны пераможца Кубку караля Гішпаніі.
5-кратны пераможца Суперкубку Гішпаніі.
6-кратны пераможца Лігі чэмпіёнаў.
4-кратны пераможца Скперкубку Еўропы.
2-кратны пераможца клубнага чэмпіянату свету.
Лепшы бамбардзір Лігі чэмпіёнаў (2004, 2005).
Лепшы бамбардзір чэмпіянату Еўропы (2006).
Лепшы левы паўсярэдні свету (2013).
Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь.
Сяргей Рутэнка папулярны ў Беларусі чалавек і часта выступае на дзяржаўных каналах. Вось фрагменты ягоных інтэрв’ю.
Вытрымкі размовы з Валерыем Кашчэевым:
-Калі вы зьехалі і прынялі славенскае грамадзянства, многія беларускія заўзятары вас называлі здраднікам? Вас гэта не крыўдзіла?
-Прыемнага тут мала. Але я не адзін раз ужо казаў… Тады так склалася мая кар’ера. У беларускім гандболе былі складаныя часы. Грошаў не было ні на заробак, ні на экіпіроўку.
Быў адзін флагман СКА (Мінск), куды я не патрапляў. Таму прыняў рашэньне ехаць за мяжу, каб расьці…
Мяне перасталі выклікаць за нацыянальную зборную… Падыйшлі славенцы, “калі цябе твае не клічуць, можа за нас пагуляеш?!.” Я выставіў умову, што ў мяне застаецца мой беларускі пашпарт. Разумеў, што для майго спартыўнага развіцьця гэта будзе плюс. У той час не мог усё распавесьці. Кожнае лета мы з жонкай прыяжджалі ў Беларусь. Той досьвед, які атрымаў, потым перадаў беларускім хлопцам.
Адзінае чаму рады, што пакуль гуляў за Славенію мы нідзе не перасякаліся з беларусамі… Потым, ужо калі вярнуўся дадому, мы абыгралі Славенію. Мы з імі гулялі некалькі разоў і аднойчы выбілі з чэмпіянату Еўропы, у іх там жалоба была. Яны мяне запытвалі: “Як жа так?!” Кажу: “Hу, хлопцы…”
-Вас называюць самым дарагім гандбалістам у свеце, але вас гэты статус крыўдзіць?..
-Не столькі крыўдзіць. Людзі ў размовах пра грошы забываюць, адкуль яны зьявіліся… Я кажу, ну гэта ж таму, што я шэсьць разоў выйграў Лігу чэмпіёнаў… гэта следства.
Фрагмент размовы з перадачы “Скажы не маўчы”:
-Вы даеце інтэрв’ю апазіцыйным рэсурсам, у тым ліку з надзеяй, што ўдасца данесьці сваю пазіцыю, што вас пачуюць?
-Мне многія прыпісваюць ролю рупара. Але я бачу сёньня на жаль людзей падзеленых, і я проста давожу сваю пазіцыю. Калі апазіцыйнае медыя запытваецца маю пазіцыю, я кажу адкрыта і не хаваюся. Праблема ў іншым, што яго не даносяць…
-Вось вы кажаеце, “размаўляць, нас пачуюць”, але частка спартоўцаў нас не чуе, тая ж Ціманоўская не пачула?
-Я не падтрымліваю яе, але ў той жа час яна пісала, што з ёй не паразмаўлялі толкам… Не хачу даваць ацэнку людзям, якія былі на Алімпіядзе, але магчыма калі б з ёй добра паразмаўлялі… Зараз такі перыяд, трэба больш часу выдзяляць на гэта…
-Якім чынам вас угаварыў вярнуцца ў Беларусь Ўладзімір Мікалаевіч Канаплёў ды прайсьці праз усе юрыдычныя выпрабаваньні?
-Адкрыю сакрэт, на той час ужо была дамоўленасьць НАК Гішпаніі ды Міжнароднай федэрацыі гнадболу пра магчымасьць мне выступаць за гэтую краіну. Хоць мне гэтага не хацелася…
Ён добры псіхолаг. Калі я быў дома ў адпачынку, Ўладзімір Мікалаевіч мяне запрасіў да сябе ў парламент. Як ішоў па гэтых калідорах, мяркаваў, што яму сказаць… У самым пачатку размовы я зразумеў, што чалавек прамы і ў прынцыпе з ім варта размаўляць адкрыта. Я распавёў яму, што сумую і хачу вярнуцца дадому, але да ягонага прыходу ў федэрацыі быў поўны развал… Шмат незразумелага… Плюс да ўсяго я ў зборнай быў не патрэбны. Я не магу прыехаць, калі мяне не клічуць… Уладзімір Мікалаевіч мяне пачуў, пабачыў, зразумеў і я ўжо не мог адмовіцца…
Вытрымкі інтэрв’ю Марату Маркаву:
-Чаму вы засталіся верны дзяржаве, хоць вы часам былі такім хуліганам?
-Дзяржава зрабіла для спорту вельмі шмат, і я не разумею як я мог сказаць, “а, я за іншых… “
Калі мы дыскутуем са спартоўцамі, я прашу, скажыце мне: “Вы за што?” Адказваюць: “За добрае… Будзе лепш, а зараз кепска… “
Мяне так выхаваў спорт і жыцьцё, што трэба трымаць слова. Ёсьць адзін вядомы спартовец і ён вельмі ёмка сказаў: “Мне з імі не па дарозе, з тымі, хто пераабуўся…”
-А чаму ты ў Мінску?
-Бо гэта мой дом… мяне заўсёды цягнула дадому, “дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся…”
-Вам прапаноўвалі падпісаць ліст ад вольнага аб’яднаньня спартоўцаў?
-Я гаварыў, у вас наперад ужо ўсё вырашана, што не прызнаем выбары… Як пачалася вакханалія мне казалі, вось гэты падпісаў ліст, і гэты, а я запытваў, “а дзе тут спорт?!. Тут першае патрабаваньне адстаўка ўлады. Дзе тут спорт?!.”
-Сяргей, 7 чалавек, якія падпісалі ліст, яны сёньня на Алімпіядзе (у Японіі), яны прадстаўляюць Беларусь. На вашую думку гэта апраўдана?!.
-Я лічу, што гэта добра. Размаўляючы з замежнымі чыноўнікамі, я ім кажу, “бачыце”, ім няма чаго адказаць. Вельмі шмат было эмоцыяў, не ўсе могуць справіцца.
Пройдзе і гэта. З аднаго боку добра, мы разабраліся хто ёсьць хто, хто казаў табе, “я цябе люблю, цаню, ты такі цудоўны”, а потым бах, перамяніўся і сказаў, “ты нягодны чалавек…” Пройдзе час, нехта ізноў зьменіцца, нехта выбачацца будзе, нехта не будзе. З кімсьці мы разыйдземся. Гэта жыцьцё, гэта нармальна…”
-Якая вашая пазіцыя датычна такіх рэсурсаў… каляспартыўных, якія хэйцілі? Як вы кантактавалі з такога роду прэсай?
-Увогуле не хацеў называць, каб не даваць рэкламу аднаму такому рэсурсу (пра “Трыбуну”)… Ёсьць шэраг топавых спартоўцаў, якія ўвогуле з гэтым рэсурсам ніяк не размаўляюць. Я ў тым ліку. Ёсьць нягоднікі, якія прама хлусяць. А з усімі іншымі я адкрыты да размовы…
-Як вы ставіцеся, што ў Латвіі на чэмпіянаце свету па хакею зьнялі нацыянальны сцяг Беларусі? Вы згодны, што гэта блюзнерства?
-На жаль тэзіс, што спорт па-за палітыкай, гэтага даўно няма… Рэчаіснасьць, што спорт вышэйшых дасягненьняў як знак якасьці таго, што дзяржава рупіцца за спорт. Але адчуваю, хутка ад нас не адчэпяцца…
Трэба сказаць, што і ў гандбольнай федэрацыі, а цяпер ў тэніснай, Рутэнка выконвае свае абавязкі прафесійна, шмат езьдзіць па краіне, унікае ў дэталі ды шмат увагі надае рэгіянальным дзіцячым і юнацкім трэніровачным цэнтрам.
Як кіраўнік Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей вядзе пасьлядоўную барацьбу за адмену санкцыяў датычна Беларусі. Міжнародная тэнісная федэрацыя (ITF) 06.05.2022 прыпыніла сяброўства Беларускай тэніснай федэрацыі ў гэтай арганізацыі. Але праблемы між ITF ды БТФ пачаліся яшчэ раней – у другой палове 2020г. Тады ITF забараніла арганізоўваць юніёрскія і прафесійныя турніры на тэрыторыі Беларусі. Хоць аніводны беларускі тэнісіст не пацярпеў ад рэпрэсіяў. Падставай для падобнай забароны зьяўляецца “небяспечная для іншаземцаў” абстаноўка. Апеляцыя, якую Беларусь падала больш за два гады таму, была адхіленая.
З гэтай нагоды славуты чэмпіён сказаў: “Магчымасьць правядзеньня турніраў у нашай дзяржаве вельмі важная для росту ўзроўня мясцовых тэнісістаў, якія зьбіраюцца пераходзіць у дарослы спорт. На Генеральнай канферэнцыі ITF 2021 году я асабіста задаваў гэтае пытаньне прэзідэнту арганізацыі Дэвіду Хагерці. Я запэўніў яго ў тым, што мы аргаізуем такі ўзровень бясьпекі спартоўцаў, якога яшчэ не было… Але ўсе нашыя прапановы былі адхіленыя.”
(https://belta.by/comments/view/otstranenie-ostaetsja-v-sile-hronologija-sobytij-v-dele-belorusskoj-tennisnoj-federatsii-i-itf-9129/)