Беларуская плаўчыха Аляксандра Герасіменя выступала на трох Алімпійскіх гульнях: з 2008 па 2016 год. Спарцмэнка стала срэбранай прызёркай Гульняў-2012 на дыстанцыі 50 і 100 метраў вольным стылем, а таксама бронзавай медалісткай праз чатыры гады (50м вольным стылем). Аляксандра шмат разоў станавілася чэмпіёнкай ды прызёркай свету і Еўропы, зьяўляецца адной з самых вядомых і прызнаных беларускіх спарцмэнак.
Узнагароджаная Ордэнам Айчыны III ступені (2012г.) ды Ордэнам гонару (2016г.) Заслужаная майстарка спорту. Зьяўляецца да сёньня безумоўна лепшай беларускай плаўчыхай у гісторыі. Беларускія журналісты з любоўю называлі Герасіменю “Залатой рыбкай”. Разам з Дар’яй Домрачавай Герасіменя была шмат гадоў абліччам жаночага спорту Беларусі. Аляксандра Герасіменя мае дзьве вышэйшыя адукацыі, скончыла БДУФК, і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па сьпецыяльнасьці “эканаміст-менеджэр”.
А таксама Аляксандра Герасіменя – адна з самых вядомых удзельніц пратэстаў 2020-га году ў Беларусі, як і першая завочна засуджаная беларуска. Напрыканцы сьнежня 2022 года яе ды Аляксандра Апейкіна, былога дырэктара гандбольнага клубу “Віцязь” (адзін з лепшых спартыўных менеджэраў Беларусі), завочна прысудзілі да 12 гадоў пазбаўленьня волі ды канфіскалі маёмасьць – у рахунак пагашэньня шкоды, нібыта нанесенай дзяржаве. Артыкул УК 361, “заклікі да санкцыяў, накіраваныя на нанясеньне шкоды Рэспубліцы Беларусь.” Герасіменя зрэагавала: “Завочна няхай хоць расстрэльваюць!”
Узнагароды і медалі
Алімпійскія гульні
Срэбра – Лондан 2012. 100м вольным стылем.
Срэбра – Лондан 2012.50м вольным стылем.
Бронза – Рыа-дэ-Жанейра 2016. 50м вольным стылем.
Чэмпіянаты сьвету
Срэбра – Мельбурн 2007 50м сьпіна.
Золата – Шанхай 2011.100м вольным стылем.
Бронза – Будапешт 2017. 50м сьпіна.
Золата – Стамбул 2012 50м вольным стылем.
Чэмпіянаты Еўропы на кароткай вадзе
Срэбра – Рыеса 200250м вольным стылем.
Срэбра – Рыеса 2002 эстафета 4×50м вольным стылем.
Бронза – Трыест 2005 50м сьпіна.
Срэбра – Стамбул 2009 50м сьпіна.
Бронза – Стамбул 2009 100м сьпіна.
Золата – Шартр 201250м вольным стылем.
Срэбра – Шартр 201250м батэрфляй.
Бронза – Шартр 2012 эстафета 4*50м
Універсіяды
Срэбра – Бангкок 2007 50м вольным стылем.
Срэбра – Бангкок 2007 50м сьпіна.
Золата – Белград 2009 50м вольным стылем.
Срэбра – Белград 2009 100м вольным стылем.
Бронза – Белград 200950м сьпіна.
Золата – Шэньчжэнь 2011 50м вольным стылем.
Срэбра – Шэньчжэнь 2011 50м вольным стылем.
Бронза – Шэньчжэнь 2011 100м сьпіна.
Золата – Казань 2013 100м вольным стылем.
Золата – Казань 2013 50м вольным стылем.
Золата – Казань 2013 50м батэрфляй.
Срэбра – Казань 2013 50м сьпіна.
Паведамленьне Нацыянальнага алімпійскага камітэту Рэспублікі Беларусь 29 жніўня 2017г.
“Аляксандра Герасіменя ўзнагароджаная медалём НАК Беларусі.
У НАК Беларусі адбылося ўганараваньне прызёра Алімпійскіх гульняў Аляксандры Герасімені ды ейнага трэнера Алены Клімавай.
Аляксандра паўдзячыла Нацыянальны алімпійскі камітэт ды адзначыла, што пасьля атрыманьня ганаровых рэгаліяў ёй хочацца ўзьняцца яшчэ вышэй ды заваяваць новыя медалі. Агульная колькасьць узнагародаў за кар’еру, са слоў спарцмэнкі, ужо набліжаецца да дзьвухсот…
Алена Ўладзіраўна Клімава сказала: “Упершыню ў гісторыі беларускага, ды і савецкага плаваньня, спарцмэнка 20 гадоў трымае планку на такім узроўні. Гэта феномен, адзінкавы выпадак, і я мяркую, што такога яшчэ доўга не будзе. Калі Аляксандра прыме рашэньне ісьці далей, я пайду за ёй.”
Паведамленьне Нацыянальнага алімпійскага камітэту Рэспублікі Беларусь 17 верасьня 2018г.:
“НАК Беларусі віньшуе Аляксандру Герасіменю з нараджэньнем дачкі. 17 верасьня шматразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя стала мамай. Славутая беларуская плаўчыха нарадзіла дзяўчынку, якую назвалі Сафіяй. НАК Беларусі віньшуе сям’ю Аляксандры Герасімені ды Яўгена Цуркіна з радаснай падзеяй і зычыць здароўя, дабрабыту, шчасьця і новых перамог дзіцяці ды ейным бацькам.
Бліскучыя задаткі
Бліскучыя спартыўныя задаткі ў Аляксандры ў літаральным сэнсе ў крыві. Бацька ўваходзіў у зборную СССР па лёгкай атлетыцы, мама – майстар спорту па пяцібор’ю.
Мама Сашы Аксана Мікалаеўна: “Прывіваць Санечцы любоў да спорту мы пачалі, як толькі яна пачала хадзіць, дзесьці з 1 году, а плаваць яна пачала ўвогуле з 3-ох месяцаў. Не, сур’ёзна, мы кожны месяц мерылі такія паказчыкі, як скачкі ў даўжыню, у вышыню. Потым адвялі дачку на гімнастыку, крыху пазьней – на танцы. Я лічу, што важна ў поўным аб’ёме задавальняць жаданьне дзіцяці рухацца.”
Тата Віктар Іванавіч: “Дарэчы, першы вынік у Сашкі зафіксаваны 10.09.1987 – ёй быў 1 год і 9 месяцаў, і яна скочыла на 51см у даўжыню! Вось як! Саша сама прыняла рашэньне, што будзе займацца плаваньнем. Адрэагавалі мы насьцярожанна.Адна справа – спорт для агульнага развіцьця, і зусім іншае – прафесійныя заняткі спортам. Гэта і вялізныя нагрузкі, і перажываньні за посьпехі ў вучобе. Мы самі былі спартоўцамі высокага класу і ведалі, як цяжка даюцца перамогі. Але, пабачыўшы ейную рашучасьць, цьвёрдасьць у голасе, зразумелі, што нашае дзіця ўжо прыняло першае самастойнае рашэньне.
…ціхоняй яе не назавеш. Яна мусіла заўжды быць на ўвазе, заўжды ў цэнтры ўвагі і гуляла ў асноўным не з аднагодкамі, а са старэшымі дзецьмі – з імі было цікавей. А ўвогуле, у дзяцінстве праказнічала!.. Памятую, улетку ў родным сяле зьбіраліся амаль усе сваякі (а сям’я ў нас вялікая), шмат дзетвары – Сашкіны стрыечныя сёстры і браты. І быў у майго бацькі матацыкл з каляскай. Усе дзеці вельмі любілі на ім катацца, але дзед быў строгі і рэдка дазваляў такую забаву. Адзіны чалавек, каму ён не мог адмовіць, гэта Сашка. Таму дзетвара, калі вельмі хацела пакатацца, падкупала малую якой-небудзь цукеркай, і Саня ішла выпрошваць у дзеда паездку… Цэлая схема была!”
Аксана Мікалаеўна: “Хоць, канешне, стараліся выхоўваць метадам пугі і перніка: часам песьцілі, часам трымалі ў строгасьці. Аніякіх адмысловых методык не выкарыстоўвалі, хутчэй, дзейнічалі інтуітыўна ды па ўласным уяўленьням, што такое добра і што такое кепска. Сіла волі і цьвёрды спартыўны характар – стрыжні ўсіх Сашыных дасягненьняў у спорце і па-за ім. Адкуль яны зьявіліся? Бяз прыроды, натуральна, не абыйшлося, нешта ад прашчураў дасталося, але астатняе выхавала самастойна.”
Віктар Іванавіч: “З аднаго боку, адносіны ў нас з дачкой даверныя і блізкія, заўсёды знойдуцца агульныя тэмы для размовы. Але з іншага… Саша намагаецца не абцяжарваць нас сваімі праблемамі, вырашае іх сама, ужо потым распавядзе: маўляў, была такая справа. Гэта, канешне, закранае нашае бацькоўскае самалюбства, аднак такая наша Саша!”.
Мы заўжды падтрымліваем адзін аднаго. Не вельмі хочацца ўзгадваць допінгавы скандал 2003 году і дыскваліфікацыю: што там было, хто віноўны – гэта ніхто ніколі не даведаецца… Сказаць, што нам было цяжка – нічога не сказаць! Перажывалі ўсе: і Саша, і трэнеры, ды і ўсе знаёмыя і сябры, каму быў неабыякавы лёс нашай дачкі.
Але Саня рук не апускала – пераключылася на вучобу, удзельнічала ў дабрачынных мерапрыемствах ды, сьціснуўшы зубы, працавала далей. Старалася пра гэта не разважаць, проста перагарнула старонку і пайшла далей… (https://zviazda.by/ru/node/91253)
Дзяўчына з воляй перамагаць
Першым і фактычна на ўсё жыцьцё адзіным трэнерам для яе стала Алена Клімава, якая распавяла, што ейная вучаніца адрозьнівалася ад іншых азартнасьцю, упартасьцю і прагай не проста плаваць, але абавязкова перамагаць. Дзяўчына з воляй перамагаць…
У 16 гадоў Аляксандра заваявала дзьве бронзы на чэмпіянаце Еўропы па водных відах спорту і два срэбры на кантынентальным першынстве на кароткай вадзе. І раптам як гром сярод яснага неба: у 2003 года Герасіменю дыскваліфікавалі на чатыры гады за тое, што ў ейным арганізме знайшлі нарандрастэрон. Саша была ў шоку. Яна зрабіла афіцыйную заяву, што ніколі не прыймала аніякіх забароненых прэпаратаў. Алена Клімава заявіла, што дае 1000 адсоткаў гарантыі, што ейная падапечная гэтага не рабіла.
“Я занадта люблю Сашу, каб эксперыментаваць такімі рэчамі. Доктару і галоўнаму трэнеру зборнай цалкам давяраю – мы каманда аднадумцаў,” – тлумачыла Алена Клімава.
Яна меркавала, што прэпарат падсыпалі, і нават сказала, што мае падазрэньні на канкрэтнага чалавека, але назваць не магла, паколькі стоадсоткавых доказаў не было. Дыскваліфікацыю скрацілі да дзьвух гадоў. Адбыўшы яе, Аляксандра вярнулася ў вялікі спорт.
Трэба вызнаць, што на той час Герасіменю падтрымалі ня толькі заўзятары, але і дзяржаўныя структуры. Потым Саша стане абліччам “Беларусбанка”, ейны партрэт зьявіцца на ўсіх білбордах краіны. Аляксандра Герасіменя была аблашчаная ўвагай улады і заслугоўвала самыя цёплыя эпітэты ад Аляксандра Лукашэнкі…
Танец з правадыром
У інтэрв’ю аднаму youtube-каналу плаўчыха распавяла, як танчыла з Аляксандрам Лукашэнка:
-Распавядзі, калі першы раз пабачыла Лукашэнку?
-Я была яшчэ вельмі юная. У мяне тады былі першыя посьпехі ў плаваньні. Я сьвяткавала Новы год, як і ўсе. Сьвяткавала не дома, была ў гасьцях. І мне патэлефанавалі і сказалі, што першага чысла я мушу быць на ёлцы. А я ж была ў гасьцях – натуральна, што першага чысла я не буду раніцай дома. І я, памятую, прыйшла ў джынсах, швэтары і красоўках. А людзі ў вечаровых сукенках. Я нават не ведаю, як мяне пусьцілі. Няёмка было, але я разумела, што дзеля гэтага я не гатовая ехаць дадому і мяняць свой гардэроб, каб паехаць на ёлку прыгожай.
-Табе растлумачылі, што гэта прэзідэнцкая ёлка?
-Канешне. Ну, у мяне ёсьць свае прыярытэты, таму я абрала ўсё ж такі адпачываць з сябрамі, адзначаць свой Дзень народзінаў (у Аляксандры 31 снежня Дзень народзінаў). Для мяне гэта ўмоўнасьць. Калі мяне жадаюць бачыць, якая розніца, у чым я буду: у вечаровай сукенцы альбо вось так. Ну, мне было, канешне некамфортна, бо ўсе былі такія – ваў, а тут я такая вось. Плюс да таго, як я зразумела, быў запланаваны танец са мной. Там я, як гаворыцца, зьняславілася напоўніцу.
-Распавядзі.
-Мяне запрасіў прэзідэнт на танец, і я вось такая прыгожая з ім танчыла – у зусім штодзённым адзеньні.
-А вы размаўлялі ў гэты час?
-Намагаліся неяк. Аднак музыка была гучная, шумна, таму там асабліва неяк не пакамунікуешся. Запытвала нешта такое, ці займаўся ён спортам. Гэта было літаральна пару хвілінаў.
-У выніку ніхто не зрабіў табе заўвагу?
-Не.
-Былі такія перыяды, калі ты захаплялася Лукашэнкам?
-Каб захапляцца чалавекам, ён мусіць зрабіць нешта такое, каб мяне зусім. Наўрадці. У мяне былі моманты, што гэта крута, калі прэзідэнт табе цісьне руку, цябе адзначылі. На самой справе, так, для мяне гэта было прыемным, і калі ўзнагарожвалі, я разумела: значыць, я чагосьці вартая, сам прэзідэнт запрашаў мяне і ўручыў узнагароды. Але каб захапляцца, то такога, напэўна і не было. (https://nashaniva.com/ru/260466)
Дзеля беларускага плаваньня
У 2015 годзе Саша адкрыла “Клуб плаваньня Аляксандры Герасімені”, дзе галоўныя наведвальнікі былі дзеці ва ўзросьце да 5 гадоў. Яна ж курыравала рэспубліканскі фестываль плаваньня “Залатая рыбка”. Сярод журналітстаў і сама спарцмэнка займела мянушку “Залатая рыбка”. У 2017г. Аляксандра выйшла замуж за калегу па камандзе Яўгена Цуркіна. У іх нарадзілася дачка Сафія.
Інтэрв’ю “Контурам” 2016 год:
-Вас сустракаў аркестр, не засмуціў такі пафас?
-Ну шчыра кажучы, крыху так. Не чакала, што будзе такое грандыёзнае шоў і столькі людзей прыйдзе. Канешне большасьць з іх былі мае блізкія і знаёмыя. Натуральна прыемна, хоць крышку засмуціла.
-Калі вы ўжо і віцэ-чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў і чэмпіёнка сьвету, бронза для вас што?
-Ну я скажу, што для спартоўца высокага класу, асабліва калі мае ўзнагароды, рэгаліі, заваяваць медаль яшчэ значна складаней. Бо яму пастаянна патрэбна пацвярджаць узровень, на якім ён ужо быў. Гэты медаль даўся мне значна цяжэй, чым на тых Алімпійскіх гульнях. Я разумела, што я ўжо маю і да чаго мне трэба імкнуцца. Гэта не заўжды грае на карысьць, бо хваляваньняў больш.
-Саша, чуў, што Bы трэніруецеся ў Канадзе. Чаму?
-Агулам я трэніруюся ў Беларусі. Літаральна апошнія паўгода, калі я езьдзіла да амерыканскага сьпецыяліста Дэйва Санга на падрыхтоўку непасрэдна да гэтых Алімпійскіх гульняў.
-Гэта была эфектыўная паездка?
-Я лічу, што гэта дало свой вынік у гэтым медалі. Каб не было гэтай паездкі – не было б і гэтага медаля.
-Вашая расейская калега, якая выступае за зборную Расеі, заявіла, што будзе выступаць за Расею, але жыць будзе ў ЗША. А ў вас няма планаў жыць недзе там, дзе лепш трэніравацца?
-Шчыра кажучы, я не задумвалася пра гэта. Мне камфортна тут, у сябе дома. Канешне ў нас не заўжды ёсьць умовы, якія неабходныя для трэніровак. Ёсьць горная трэніроўка і падрыхтоўка на моры, што безумоўна дае свой вынік. У Беларусі ні таго ні іншага няма. Што датычыць жыцьця, пакуль не задумвалася пра гэта. Мне добра дома.
Бунтарка па прыродзе
Як ернічалі расейскія журналісты, якія заўжды ад душы радуюцца, калі ў беларусаў раздрай: “13 студзеня 2020 году Аляксандра Герасіменя яшчэ была госьцем на прыёме, які ладзіў Аляксандр Лукашэнка. У жніўні стала “ворагам народу”, у кастрычніку зьехала з краіны ды разам з Аляксандрам Апейкіным узначаліла Фонд спартыўнай салідарнасьці, праз паўгода была абвешчаная ў вышук. У яе атабралі дом, які яна будавала некалькі гадоў…”.
-…Тым не менш у жніўні 2020 глжа вы зрабілі выбар на карысьць пратэсту. Ён вам цяжка даўся?
-Я б не сказала, што была такой зручнай ды бязмоўнай спарцмэнкай і толькі ў 2020 годзе падала голас. Я заўжды сваё слова казала. Я адкрыта казала, што не галасавала за Аляксандра Лукашэнку, – мне патрапіла. Я казала пра каштоўнасьці бела-чырвона-белага сьцягу – мне патрапіла. Крытыкавала чыноўнікаў – мне патрапіла. Але ў мяне быў пэўны статус, і скандалы з маіх выказваньняў дзяржава не рабіла, так што ўсё неяк само сабой уціхамірвалася.
-А што значыць “патрапляла”? У чым гэта выяўлялася?
–У тым, што выклікаў міністр спорту і пачынаў вучыць, як трэба сябе паводзіць ды што казаць. Быў, памятаю, нават выпадак, калі спартыўная газета “Прэсбол” 1 красавіка апублікавала жартоўны матэрыял пра тое, што я нібыта выхожу замуж за пажарнага ды зьязджаю, бо мне тут усё набрыдла. Газета выйшла – і да нас у басейн прыязджае міністр ды пачынае мне казаць: “Ты хоць разумееш, да каго гэтая газета прыйшла і хто яе прачытаў?!”. Я яму: “А ён што, жартаў не не разумее? Вы дату бачылі?”. Я тады страшна раззлавалася – за жарт мне патрапіла больш, чым за сур’ёзную крытыку. (Але гісторыя сапраўды сьмешная.)
Нават пасьля Алімпійскіх гульняў (мне тады сказалі, што трэба на мерапрыемстве прыняць падарунак ад прэзідэнта і паўдзячыць яго) я выйшла і стала распавядаць аб праблемах плаваньня, пра старшыню федэрацыі, які нікуды не варты ды нічога не робіць. І нешта зрушылася з месца. Так што не магу сказаць, што перада мной стаяў сур’ёзны выбар. Канешне, я заўжды разумела, што калі буду крытыкаваць так актыўна, як Віталь Гуркоў, у мяне не будзе кар’еры. А я хацела трэніравацца. І трыгера не было. Акром таго, зразумейце: каб дасягнуць вынікаў у спорце, патрэбна максімальна абстрагіравацца ад усяго – ад асабістых пытаньняў, ад палітыкі, ад інфармацыйнага парадку дня. Спарцмэны заўжды знаходзяцца ў такой бурбалцы. Ты сьвядома ў гэтую бурбалку ўлазіш і знаходзішся ўнутры, каб дасягнуць у спорце максімум. Калі ў мяне былі спаборніцтвы, я ўвогуле не заходзіла ў Інтэрнэт і не чытала навіны, не адкрывала сацыяльныя сеткі, каб увогуле нішто не змагло вывесьці мяне з раўнавагі.
(https://novayagazeta.eu/articles/2023/01/16/posle-togo-kak)
Пратэсты і рэпрэсіі
-А калі наступіў жнівень 2020г., ён не стаў для мяне момантам выбару. З чаго выбіраць, калі ўсё відавочна? (Аўт. Насамрэч усё не было відавочна і цяпер гэта тым больш выклікае пытаньняў…). Пры гэтым я не з першага дня пачала жорстка выказвацца ды браць удзел у руху спартоўцаў, таму што ў той момант я знаходзілася не ў Беларусі і апасалася, што мяне не ўпусьцяць назад. Другі момант – гэта людзі, якія ў мяне працавалі і за якіх я несла адказнасьць. Таму перш чым пачаць актыўна дзейнічаць, я прыехала ў Беларусь, паразмаўляла з імі ды растлумачыла сваю пазіцыю. Мяне зразумелі. З гэтага ўсё і пачалося.
-Усё пачалося з ліста спартоўцаў супраць гвалту і за сумленныя выбары, якое падпісалі і вы. Колькі там усяго было подпісаў?
-Подпісаў было больш дзьвух тысячаў. Спартоўцы, трэнеры, журналісты, масажысты і так дальш. Уся спартыўная галіна была прадстаўленая ў гэтых подпісах. Потым зьявілася аб’яднаньне вольных спартоўцаў, і ў нас пачалося партызанскае жыцьцё. Вызначылася кола людзей, гатовых у гэтым браць удзел. Я памятую, як мы сабраліся на першую сустрэчу – позьні вечар, званкі з зашыфраванымі паведамленьнямі, канспірацыя. Потым здымкі нашых відэазваротаў – трэба было сабрацца ціха, зьехацца з розных куткоў гораду, пасьпець да таго, як нас засякуць. Прычым трэба было арганізаваць усё так, каб адна група прыехала ды зьехала, за ёй другая, ды так дальш. Нас было шмат, і відэазвароты запісвалі рознымі групамі.
-А вы тады разумелі, што гэта можа кепска для вас скончыцца?
-Я разумела, што вельмі рызыкую, што ў любы момант могуць пасадзіць. Дзіцяці яшчэ не было дзьвух гадоў, і кожны раз, выходзячы з дому я папрасіўшы кагосьці з родных ці сяброў пасядзець з дачкой, я больш за ўсё баялася, што зараз мяне арыштуюць, і я не вярнуся дадому. І што тады з ёй будзе? Я разумела, што я магу больш не пабачыць сваю дачку вельмі доўга, я перажывала кожны раз, адчыняючы дзьверы і выходзячы з кватэры.
–Калі для вас прагучаў “апошні званок”?
-Усё пачыналася паступова. Я разумела, на што іду, але, канешне спадзявалася, што сітуацыя ў краіне зьменіцца дзякуючы агульным высілкам беларусаў. Але надзея паступова таяла, а к 1 верасьня многія школы, дзе я арэндавала дарожкі ў басейнах для свайго клубу, паведамілі мне, што не працягнуць дамову арэнды. Верасеь – як раз той самы час, калі пачынаюцца ня толькі заняткі, але і праца спартыўных секцыяў.
Прычым ніхто не сказаў праўду. У адной школе спаслаліся на каранавірус – маўляў, пандэмія, таму мы басейн зачыняем, прыходзьце пасьля пандэміі. Праз тыдзень я зайшла ў той басейн па сваіх справах – усе плаваюць, праца кіпіць. Усе, акром майго клубу. Каранавірус настолькі выбарчы? Канешне, была вельмі злосная. Ну скажы ты праўду: у мяне ёсьць загад, тэлефанаграма, распараджэньне дырэктара, званок з кіраваньня, і цябе трасцу сюды калі-небудзь пусьцяць. Але мне казалі: прыходзь праз месяц, там паглядзім, – ведаючы, што ўжо ўсё, забарона канчатковая.
Потым я нарэшце зразумела, што з клубам ўжо ўсё скончана. Потым маё дзіця не ўзялі ў дзіцячы сад, хоць абяцалі. І якраз у той момант мне патэлефанавалі ды прапанавалі ўзначаліць Фонд спартыўнай салідарнасьцію і я зразумела: гэта тое, што мне патрэбна зараз. Нашыя партызанскія акцыі былі цудоўныя, але да кастрычніку стала зразумела, што гэта ўжо ні на што не ўплывае і патрэбна ладзіць нешта новае. Літаральна за тыдзень сабралася ды зьехала. З таго часу дома не была. Ды і дом ужо забралі.
-Дзяржаўныя медыя пасьля гэтага завочнага суду падрабязна апісвалі, што менавіта ў вас забіраюць: кватэру, машыну, месца на стаянцы, грошы на рахунках, лядоўню і нават музычныя калонкі. То бок сілавікі пабывалі ў вас дома ў часе вашай адсутнасьці?
-Так, яны прыйшлі да суду. Арыштавалі кватэру і ўсё, што там знаходзіцца. Пасьля таго як у мяне “адціснулі” дом, я была ўжо гатовая да ўсяго. Я зразумела, што яны здатныя на ўсё. Ім не патрэбныя законы. Як захацелі – так і зрабілі.
-Дом у вас атабралі ўжо пасьля вашага ад’езду?
-Так, пасьля. Але дакуманты ўжо былі пададзеныя на рэгістрацыю –заставалася толькі паставіць подпіс. І вось тады пачалося: і гэта неправільна, і тое неправільна, і ўвогуле пабудова незаконная, і мы яе забіраем разам з дзялянкай. І які сэнс перажываць, калі яны ўсе роўна знойдуць, якім параграфам прыкрыцца? Паўгода мы спрабавалі змагацца, пакуль не зразумелі, што гэта бяссэнсоўна. Ды чаго вы хочаце – майму адвакату не далі азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы! Я разумею, што уласнасьць мне ўжо не вярнуць, нават калі я прыеду і пакаюся. Так што чакаем падзеньня рэжыму і працуем для гэтага.
–Дзяржава заўжды намаўляла спартоўцу: ты ўсім абавязаны мне, я дала табе ўсё, цяпер ты мой даўжнік. А насамрэч яно дае спартоўцу?
-Дзяржава – дакладней, улада – шчыра лічыць бюджэтныя грошы сваімі ўласнымі. Так, у спартоўцаў ёсьць базы, каб трэніравацца, ёсьць заробкі. Але, выбачайце, гэта не Лукашэнка і не міністр спорту дастаюць іх з уласнага гаманца ды вялікадушна даруюць спартоўцам. Гэта грошы падаткаплацельшчыкаў, якія ідуць у тым ліку на нашыя заробкі, экіпіроўку, утрыманьне баз. І гэта не дабрачыннасьць для краіны – гэта, лічыце, бізнэс. Дзяржава хоча, каб спартоўцы прывозілі медалі. Але тады, натуральна, у спартоўцаў трэба ўкладацца – хаця б каб у іх было месца для трэніровак і грошы на яду. Іншае пытаньне, як гэта ўсё размяркоўваецца, але мы зараз не аб гэтым.
У некаторых краінах спартоўцы ўвогуле не атрымоўваюць заробак, але ў іх такія спонсарскія кантракты, што ім гэта і не патрэбна. У мяне быў індывідуальны план – мы з трэнерам планавалі, дзе будзем праводзіць зборы, дзе спаборнічаць. Але гэты план даецца не пад чалавека, а пад медаль. І напрыканцы кожнага перыяду давала справаздачу. Магу ўпэўнена сьцьвярджаць, што ўсе затраты я пераўтварала ў вынік. Так што дзяржава – не дабрачынца датычна спартоўца, у дзяржавы цалкам канкрэтны інтэрас. Акром таго, спартоўцы, якія бяруць удзел у міжнародных турнірах, не проста бегаюць – скокаюць – плаваюць. Яны прадстаўляць краіну. Гэта свайго роду дыпламатыя. Спартоўцы даюць інтэрв’ю ды прэс-канферэнцыі, распавядаюць пра сваю краіну. Многія ведаюць пра Беларусь па ейных спартоўцах.
Калі ты зьяўляешся абліччам чагосьці – неважна, кампаніі альбо краіны, – то табе плацяць за гэта грошы. Так што тут няпростыя узаемаадносіны, але сьцьвярджаць, быццам дзяржава мяне ці яшчэ каго з вядомых спартоўцаў ускарміла, катэгарычна нельга.
-Выходзіць, калі спартовец публічна выказвае грамадзянскую пазіцыю, гэта нетыпова, нязвыкла і таму асабліва каштоўна?
-Так, канешне. Прапаганда дзесяцігодзьдзямі працавала над лозунгам “спорт па-за палітыкай.” І ў многіх адбываецца падмена паняцьцяў. Ніхто не задумваецца, што гэта лозунг абсурдны і вар’яцкі, – хаця б таму, што спартоўцы, якія прадстаўляюць краіну, зьяўляюцца якраз такі часткай гэтай самой палітыкі. Улады маюць сваю мэту: яны удалбліваюць спартоўцам у галовы гэты лозунг, каб у тых і думак не ўзьнікла яе крытыкаваць. Спартовец павінен маўчаць. А калі ён не проста моўчкі скача і бегае, але ў прамежках яшчэ і ўсхваляе ўладу, – гэта ідэальны для Беларусі спартовец (Аўт.: на жаль, так і ў Расеі, і ва Ўкраіне, і ў Брытаніі і ў большасьці іншых дзяржаў.) І многія ўсур’ёз мяркуюць, што маўчаць – гэта і ёсьць “па-за палітыкай”. А потым прызвычайваюцца маўчаць.
Памятую, у нас было паседжаньне, на якім выбіралі старшыню федэрацыі плаваньня . Ну як выбіралі – зразумела, што яго прызначылі зьверху, а мы мусілі адлюстраваць працэс галасаваньня, узьняць карткі і з пачуцьцём выкананага доўгу пайсьці на банкет. Я падумала: ну што за фігня. Выйшла і кажу: сьвет мяняецца, хуткасны рэжым зусім іншы, усё дынамічна, так давайце выбярэм старшынём маладога перспектыўнага чалавека, які зможа удыхнуць жыцьцё ў нашую федэрацыю.
Усе як замахалі рукамі – ой, толькі не чапай ліха, няхай усё будзе, як патрабуюць, не лезь. Я гляжу на гэтых людзей, якія, у сваю чаргу, глядзяць на гадзіньнік, каб скарэй адбыць павіннасьць ды пайсьці выпіваць, і разумею, што аніякага плаваньня ў нас у краіне не будзе. Бо ўсё ўсім па барабану. Яны ведаюць, што такія правілы гульні: прыйсьці ў суботу, узьняць зялёную картку па камандзе і пайсьці нажрацца – ды прызвычаіліся так жыць. Гэта гарантыя іхнага спакою.
-А якая зараз сітуацыя ў тых, хто падпісаў той ліст спартоўцаў?
–У рэжыма ўжо выпрацавалася сістэма “паўзучых” рэпрэсіяў. Нібыта і не пасадзілі чалавека, але паступова тым, хто неяк праявіў сябе, пачынаюць псаваць жыцьцё: “абразаць” меўшыяся перавагі, бонусы, пазбаўляць прэміяў, абмяжоўваюць у зборах. І ў рэшце рэшт чалавек сыходзіць сам, калі яго пазбаўляюць магчымасьцяў рэалізацыі. Альбо, дапусьцім, трэнер: дзяцей, якіх ён трэніруе, перастаюць пускаць на спаборніцтвы, іх проста выкрэсьліваюць з усіх сьпісаў. І чалавек пачынае адчуваць уласны правін: “З-за мяне пакутуюць ні ў чым не віноўныя дзеці. Якія хочуць трэніравацца і дасягаць вынікаў.” Ды адклікае ўласны подпіс, каб не падстаўляць юных спартоўцаў. Ды яшчэ і пастаянны псіхалагічны ціск.
Аднак калі разабрацца ў сітуацыі, то не можа чалавек сябе вінаваціць у тым,што нехта з-за яго пакутуе! Не з-за спартоўца, паставіўшага подпіс, а з-за таго, што сістэма такая гаўнючая, з-за таго, што ва ўладзе дурні ды вырадкі сядзяць, якія зьдзекваюцца над людзьмі і будуць працягваць зьдзеквацца.
(https://novayagazeta.eu/articles/2023/01/16/posle-togo-kak)
Дружба з Натальляй Радзінай
Распавядаючы пра нашых спартоўцаў, мы грунтуемся на адкрытых рэсурсах, на фактах, якія можна лёгка праверыць. Аднак зразумела, што жыцьцё больш складанае, існуюць шэраг рэчаў, пра якія не прынята казаць. Датычыцца гэта найперш асабістага жыцьця, хто атачае чалавека ў ключавы момант прыняцьця рашэньня, хто фармуе ягоную жыцьцёвую пазіцыю.
Выказваючы павагу да выбару Герасімені ў 20-ым годзе, яна фактычна была адным з лідэраў пратэстаў, існуюць шэраг пытаньняў. Хто найбольш паўплываў на вядомую спарцмэнку? Хто стаў такім духоўным гуру для чэмпіёнкі, што яна так рынулася ў палітычнае змаганьне? З кім яна падтрымлівала сувязь з палітычных колаў да пратэстаў і ў часе падзеяў?
У адкрытым доступе існуе інфармацыя пра дружбу з Натальляй Радзінай, рэдактарам “Хартыі 97”. Герасіменя – дарослы чалавек, і сама вырашае, з кім ёй сябраваць, а з кім не. Аднак жа “Хартыя 97” – вядомая і вельмі спефічная палітычная структура, якая зьяўляецца адной з самых радыкальных у беларускім палітычным полі, і гэта закрыты вузкі клуб. “Хартыю” катэгарычна не прыймае большая частка нацыянальнай эліты, а Зянон Пазьняк датычна гэтай структуры дае проста зьнішчальную крытыку.
“Хартыя” і тая ж Натальля Радзіна выкрываюць ды жорстка лупцуюць тую ж Сьвятлану Ціханоўскую за тое, што “зьліла пратэсты”…
Так выходзіць, што шмат беларускіх жанчын, якія маюць імя, пасьля выезду з краіны, адразу патрапляюць да Натальлі Радзінай. Грамадзянка Ізраіля і Беларусі, Натальля Радзіна ў апошніх інтэрв’ю заклікае “ўдарыць па Мазырскаму НПЗ”, “ўварвацца на тэрыторыю Беларусі”, “зьнішчаць санкцыямі”.
Вытрымкі з медыя: “… Аляксандра Герасіменя ў сацсетках запрасіла падпісчыкаў на сустрэчу ў польскім Уроцлаве, каб там пазнаёміцца і паразмаўляць пра тое, што мы можам зрабіць для нашай краіны ў эміграцыі, як дамагчыся свабоды і вярнуцца на Бацькаўшчыну.” Разам з сабой Герасіменя анансавала як удзельніцу і галоўнага рэдактара сайту charter97.org Натальлю Радзіну…”
А вось Натальля Радзіна на сваім сайце заяўляла, што прыемна ўражаная свабоднымі спартоўцамі, таму што, на ейную думку, “прадстаўнікі іншых прафесіяў могуць стаць незалежнымі, а спартовец, калі ён выпадзе з дзяржаўнай сістэмы, не можа ўдзельнічаць у спаборніцтвах, што паказала зараз Алімпіяда.” (https://by.tribuna.com/aquatics/blogs/3140070-2020j-svel-gerasimenyu)
Не хочацца нічога сурочыць, але дывідэндаў ад гэтай дружбы відавочна больш мае журналістка. І вельмі не хочацца, каб Сашу скарысталі для не самых годных мэтаў, а потым пакінулі на задворках.
Цяпер існуе інфармацыя, што пані Радзіна ўжо актыўна апякую вядомую актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк.
Жорсткая рэчаіснасьць
На другі дзень расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Герасіменя пакінула гэтую дзяржаву: “Першыя суткі мы не спалі, калі яшчэ былі дома ў Кіеве, другія суткі не спалі, бо былі ў дарозе. Калі ты за рулём, трэба глядзець, каб не ўціснуліся перад табой. На прапускным пункце я там перапісвалася ў агульным чаце, і ў нейкі момант адбыўся абстрэл машын. Адкуль? Што? Я не ведаю. Нейкая дзяўчына была ў шоку, распавяла, што абстралялі машыны. Натуральна ўсё застапарылася, нікога не пускалі… такі дадатковы стрэс. Калі стаялі на дарозе са спушчанымі коламі, меркавалі, “вось зьехалі з Беларусі каб быць у бясьпецы, а па сутнасьці даехалі да самай мяжы і тут мы бяздапаможныя…”.
У нас шмат было стрэсавых сітуацыяў за апошнія паўтара года. Насамрэч хапала розных пытаньняў, па стрэсаўстойлівасьці усё ў парадку. Аднак узьніклі іншыя пытаньні. Першае, што мы адчулі – гэта вялікі негатыў і дыскрымінацыю беларускага народу. Паўтары года таму мы былі тыя, хто змагаўся за свае правы, за сваю свабоду. Мы былі тыя, хто ня быў згодны з рэжымам. Крычалі пра дапамогу, зьвярталіся да ўсіх, і еўрапейцаў, і амерыканцаў, да ўсіх, і да ўкраінцаў у тым ліку. “Памажыце, увядзіце санкцыі, каб рукі ў рэжыму былі зьвязаныя.” Нам ніхто не дапамог, нам выказвалі салідарнасьць, выказвалі заклапочанасьць. Многім, хто пераязджаў за мяжу дапамагалі, як цяпер дапамагаюць украінцам у легалізацыі… То цяпер нібыта гэтага часу не было. Беларусаў успрымаюць як агрэсраў, як тых, хто за Лукашэнку, так і тых, хто змагаўся з гэтай уладай.
Калі мы прыехалі ў Польшчу, адразу сутыкнуліся з праблемай двайной дыскрымінацыі – атрымалі шмат зваротаў ад сямей, якія былі вымушаныя ўцякаць з Беларусі. Людзі ўцякалі ад крымінальнага перасьледу, часам хапалі толькі дзяцей і дакуманты, бо не было часу нават сабраць рэчы, лік ішоў на хвіліны. І вось гэтыя дзеці, якіх вырвалі з іхнага асяродзьдзя, са школ, са спартыўных секцыяў, у Польшчы пайшлі займацца спортам у мясцовыя секцыі. А калі пачалася вайна, у палякаў таксама зьнесла дах, і яны сказалі: з беларускімі пашпартамі – прэч з секцыяў. І вось уявіце сабе маральны стан гэтых дзяцей. Спачатку яны на Бацькаўшчыне – дзеці ворагаў народу, а праз кароткі час у іншай краіне – суагрэсары.” (https://www.youtube.com/watch?v=L6sqkafZ2yo)
Улетку 2024 года Саша Герасіменя яшчэ спадзявалася прыцягнуць увагу да сітуацыі ў Беларусі: “Алімпійскія гульні могуць прыцягнуць увагу да праблемаў беларусаў толькі, калі ўзяць медаль і сказаць на ўвесь свет, як кепска ў Беларусі. Але мы разумеем, што гэтага не здарыцца – інакш яму можна проста не вяртацца дадому.”
Пасьля допуску беларускіх спартоўцаў да Алімпіяды ў Парыжы ў нейтральным статусе Герасіменя не хавала разчараваньня.
-Як вы паставіліся да рашэньня МАК?
-Мяркую, некаторыя чакалі, што тыя, хто выказаўся ў 2020 годзе, змогуць працягнуць кар’еру і выступаць на буйных турнірах, у тым ліку на Алімпійскіх гулнях. Але нават калі кагосьці са свабодных атлетаў і дапусьцяць на Гульні, то ў іх, у адметнасьць ад рэжымных атлетаў, не было ні спаборніцкай практыкі, ні веры, што нешта зьменіцца. Мне крыўдна за свабодных атлетаў перш за ўсё. У іх проста няма часу нагнаць упушчанае.
(https://news.zerkalo.io/cellar/56046.html)
-Аднак спартоўцаў з Беларусі дапусьцілі на Алімпіяду. Як ставішся да такога рашэньня?
-У нейтральным статусе. Слізкае пытаньне. Бо як яны будуць пацвярджаць сваю нейтральнасьць? Бо ўжо пісалі пра некалькі спартоўцаў, якія зацята падтрымліваюць рэжым Лукашэнка. І што цяпер? Я разумею спартоўцаў, не падтрымлівалі рэжым і проста ціхенька там сядзелі. Я ж сама была спарцмэнкай. І добра разумею, што ім патрэбна выступаць і паказываць вынікі. Я разумею, але гэта несумленна, несумленна.
Паглядзіце, колькі ў нас спартоўцаў, выступіўшых супраць рэжыму і вымушаных зьехаць з Беларусі. Аднак аніводнаму з іх Міжнародны алімпійскі камітэт не дапамог. Так, наклалі санкцыі на беларускі Камітэт, яшчэ нешта. Але аніводнаму з гэтых спартоўцаў не дапамаглі. Ні якой-небудзь там стыпендыяй, ні нават допускам на спаборіцтвы. Бо некаторыя не маглі нават выехаць, каб атабраццца на Алімпійскія гульні. Ну, смешна.
А гэтыя нейтральныя, якія ціхенка сядзяць у Беларусі, – яны паедуць. І дзе праўда? Дзе роўнасьць, дэкларуемая Алімпійскай хартыяй? Зараз увогуле у гэтай вайне пра якую роўнасьць можам казаць? Людзям нават няма дзе трэніравацца. (https://nashaniva.com/ru/345893)
Аляксандра Герасіменя – выдатная беларуская спарцмэнка, і ейныя спартыўныя заслугі выклікаюць захапленьне. Аднак Саша рушыла ў палітыку, і тут ужо іншая шкала каштоўнасьцяў і вымогі адрозьніваюцца. Герасіменя актыўна бярэ ўдзел у грамадска-палітычным жыцьці, таму ў гэтым матэрыяле палітычны дыскурс будзе вельмі дарэчы.
Калі пераадолець свае эмоцыі, спрабаваць неяк нейтральна паглядзець на палітыку дзьвух супрацьстаяўшых лагероў у 20-ым, то бачыш чараду недаравальных памылак. Найперш гаворка пра ўлады, яны ў любым выпадку віноўныя, хаця б таму што дайшло да падобнага грамадскага расколу.
А тое, як абыйшліся са славутай спарцмэнкай, нічога, акром пачуцьця агіды не выклікае. Больш тапорныя дзеяньні цяжка прыдумаць, нібыта адмыслова кляпаюць ворагаў сабе. Герасіменя распавяла важныя рэчы, як заціскаюць ды выдаўліваюць годных людзей з прафесіі, са спорту, але такое ж і ў іншых галінах: у навуцы, медыцыне, адукацыі. І гэта шалёны гвалт над уласным народам, які недаравальны, і які тэрмінова трэба сканчваць, дзеля будучыні дзяржавы Беларусь.
Пасьля таго, як абыйшліся з чэмпіёнкай, Саша мае ўсе падставы ненавідзець тых, хто яе прыніжаў ды чыніў да яе гвалт. Аднак жа мы глядзім у заўтрашні дзень ды шукаем шляхі як хутчэй дапамагчы беларусам знайсьці паразуменьне, а таксама выйсьце з гістарычнага тупіка, у які іх заганяюць з усіх бакоў. Працяг процістаяньня можа прывесьці да самай жахлівай катастрофы.
Герасіменя вельмі справядліва засуджвае міжнародную спартыўную бюракрытыю, якая мала чым паспрыяла беларускім спартоўцам, фактычна скарысталася бядой нашага народу для блакаваньня спартоўцаў, усіх палітычных перакананьняў, і праўладавых, і антыўладавых. Вось яна жорсткая праўда жыцьця!
Пры гэтым Аляксандра называе звычайных беларускіх спартоўцаў “рэжымнымі”, адлучэньне якіх яна б нават падтрымала. Падобны водападзел нікуды не вядзе, гэта шлях у багну. Мы ўжо досыць нацешыліся грамадскім процістаяньнем ды нянавісьцю беларусаў да супляменьнікаў іншых палітычных перакананьняў, з гэтай ямы пара вылазіць.
Да таго праўладавыя спартоўцы не кідаюцца падобнымі эпітэтамі да сваіх візаві. Увогуле ўзьнікае сумнеў у тым, што гэта лексіка нашай спарцмэнкі.
Аповед пра Аляксандру Герасіменю навеяў сум, як палітычны разлом калечыць ды ламае лёсы людзей, людзей добрых, чульлівых, няхай і палітычна недасьведчаных.
Тыя прыніжэньні, якія Саша ды тысячы беларусаў перажылі на Радзіме і на чужыне, абсалютна несправядлівыя ды абсурдныя, дэманструюць рэальнае аблічча гэтага сьвету, дзе правяць монстры, бачныя і нябачныя. У гэтым сьвеце добра праведзенай піяр-кампаніяй можна белае за месяц прапаганды зрабіць чорным, любы народ падвесьці да ролі ізгоя.
Вельмі хочацца верыць, што такі моцны чалавек, як Аляксандра Герасіменя, якую шануюць на Бацькаўшчыне, не зьвяртаючы ўвагі на ейныя палітычныя погляды, зможа ў поўнай меры знайсьці сябе за мяжой, сфармаваць вакол сябе годны асяродак прыстойных патрыётаў, не стаўшы прыладай махляроў, якія радыкальнымі лозунгамі вырашаюць свае, часам вельмі страшныя задачы.
Аўтары: Васіль Додзік, Ігнат Скарчэня
Дызайн: Oлена Дiя, Валянцін Гольдштэйн
Рэдактары: Аляксандр Апейкін, Валянцін Гольдштэйн
P.S. Меркаванне аўтараў можа адрознівацца ад меркавання БФСС.