Аляксандр Апейкін пра верыфікацыю беларускіх атлетаў і Алімпіяду-2024

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці пачаў праверку беларускіх атлетаў, якія атрымалі ліцэнзіі на Алімпіяду-2024, на адпаведнасць крытэрыям нейтральнасці.

Аляксандр Апейкін
21.08.2024

Праект ладзіцца сумесна з Global Athlets (Канада), Athletes for Ukraine (Украіна) і Open Society Foundation (ЗША). Працэдура верыфікацыі працягнецца з 4 чэрвеня па 15 жніўня.

Мы пагутарылі з выканаўчым дырэктарам Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (BSSF) Аляксандрам Апейкіным пра тое, якія крытэры нейтральнасці будуць выкарыстоўвацца для спартоўцаў з Беларусі; хто і куды будзе накіроўваць сабраную інфармацыю; чым Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці займаецца зараз і ці гатовы да садзеяння ў арганізацыі Алімпіяды-2036 у Польшчы:

РР: Для чаго зараз праводзіцца працэдура верыфікацыі беларускіх атлетаў перад сёлетняй алімпіядай у Парыжы? Хто быў ініцыятарам? Як увогуле выглядае сам працэс?

– Справа ў тым, што пры міжнародным алімпійскім камітэце створана адпаведная камісія, якая займаецца праверкай і верыфікацыяй на гэты нейтральны статус. Бо ёсць крытэрыі міжнароднага алімпійскага камітэту, крытэрыі нейтральнасці. Яны заключаюцца ў тым, што па-першае атлет мае быць незалежным ад дзяржавы. Ён прадстаўляе ўжо не дзяржаву, а індывідуальна самаго сябе. Атлет не выкарыстоўвае дзяржаўныя сімвалы, гэта маецца наўвазе гімн, дзяржаўныя знакі, усё што неяк звязана з афіцыйнай дзяржавай. І трэцяе, самае галоўнае – атлет не павінен належаць да нейкіх вайсковых ці мілітарысцкіх струтур – маецца на ўвазе МУС. Не павінна быць ніякіх праяваў падтрымкі вайны ва Украіне. Справа ў тым, што гэтая камісія пры міжнародным алімпійскім камітэце вельмі непразрыстая. Мы ведаем, якія людзі туды ўвайшлі, але мы не ведаем як яны будуць гэты працэс праводзіць. Таму мы стварылі такую ініцыятыву з некалькіх арганізацый. Гэта арганізацыя ў тым ліку «Ukrainian Athletes», гэта канадская арганізацыя «global athlete», і пры падтрымцы «Open Society Foundations» мы стварылі грамадскую камісію, грамадскі орган кантролю. З нашага боку будзе адбывацца незалежны аналіз нейтральнасці. То бок мы будзем гэта рабіць самастойна, мы будзем гэта рабіць з прыцягненнем залежных экспертаў, грамадскіх экспертаў. Ну і фактычна гэта будзе класічны факт-чекінг, дзе беларускія атлеты маюць 28 ліцэнзій, расейскія калі не памыляюся 57 ці 58. Адпаведна кожнага атлета мы будзем правяраць на адпаведнасць гэтым крытэрыям нейтральнасці, і потым свае вынікі будзем дасылаць у міжнародны алімпійскі камітэт. То бок мы тут выступаем ужо як грамадская экспертная структура. Тую інфармацыю якая ў нас будзе, мы будзем таксама публікаваць.

З «Госцем Рацыі» – выканаўчым дырэктарам Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (BSSF) Аляксандрам Апейкіным, камунікавала Вольга Сямашка.

Актульную інфармацыю пра спартоўцаў, якая можа дапамагчы верыфікацыі, Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці просіць дасылаць праз тэлеграм-бот: @bssfbot

Беларускае Радыё Рацыя