22-гадовая беларуская лыжніца Ганна Мачахіна выканала кваліфікацыйныя патрабаванні для ўдзелу ў зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 года ў Італіі.

Кваліфікацыя ў лыжных гонках праходзіла ў межах этапаў Кубка свету. Для атрымання квоты неабходна было мець менш за 300 ачкоў FIS у агульным рэйтынгу, менш за 150 дыстанцыйных ачкоў FIS і менш за 350 спрынтарскіх ачкоў FIS.

11 снежня Мачахіна атрымала нейтральны статус і ўжо ў нядзелю стартавала на этапе Кубка свету ў швейцарскім Давосе. У гонцы з раздзельнага старту яна заняла 66-е месца з 77 удзельніц, саступіўшы пераможцы з Нарвегіі 4 хвіліны 21 секунду.

Па выніках старту на рахунку беларускай спартсменкі:

130,77 ачка FIS (агульны рэйтынг),

141,66 дыстанцыйных ачкоў FIS,

233,95 спрынтарскіх ачкоў FIS.

Гэтыя паказчыкі дазволілі ёй выканаць нарматыў для ўдзелу ва ўсіх відах гонак. Пры гэтым вынікі яшчэ могуць быць палепшаныя на наступных этапах Кубка свету да 19 студзеня.

Нагадаем, што раней алімпійскія ліцэнзіі на Гульні-2026 ужо заваявалі фігурыстка Вікторыя Сафонава і канькабежка Марына Зуева.