ВАЛЯНЦІН БЯЛЬКЕВІЧ: БЕЛАРУСКІ ФУТБАЛІСТ, ЯКІ ПАКАРЫЎ УКРАІНУ

Васіль Додзік
07.03.2025

Валянцін Бялькевіч пражыў усяго 41 год… Сваёй разумнай, тэхнічнай, цікавай гульнёй ён пакарыў заўзятараў на ўсёй постсавецкай прасторы. Найбольшых поспехаў Бялькевіч дасягнуў у складзе кіеўскага “Дынама”, але паказваў цудоўную гульню і ў нацыянальнай зборнай.

Крыху ведаючы пра жыццё гэтага футбаліста, не хочацца рабіць нейкі абраз. Валянцін жыў паўнацэнным жыццём, не цураўся радасцяў гэтага свету, “красуняў і кубку”. Пры гэтым вельмі рэдка даваў інтэрв’ю. Кожны раз журналістам прыходзілася вельмі цяжка, каб дамагчыся размовы са спартоўцам. Валянціна лічылі чалавекам закрытым, негаманкім. Таму для многіх спартовец застаўся загадкавай асобай.

Валік быў ад прыроды надзвычай таленавіты. Гасподзь сапраўды дзеліць па-рознаму, у Бялькевіча быў дар, вельмі тонкае разуменне футболу. Ён чытаў гульню, канструяваў атакі, рабіў фантастычныя пасы аднаклубнікам і сам забіваў прыгожыя галы. Гэта быў, што называецца, “разумны гулец”. Таму яго так цаніў знакаміты трэнер Валерый Лабаноўскі. Ва ўкраінскім футболе было шмат рэзкіх, скарасных футбалістаў, а вось знайсці роўнага беларускаму “дырыжору” не ўдалося…

“На апошняй гульні я даў хлопцам наказ: “Мне вынік не патрэбны: пакажыце, калі ласка, футбол!”. І вось пачалося. Я толькі паспяваў за галаву хапацца. Бялькевіч нахабна перакуліў брамніка і забіў гол. Латвійскі судзьдзя кажа: “Гол не залічваецца, у нас так не гуляюць”. А іхныя абаронцы, лежачы на зямлі, засумавалі: “Беларусы нас развалілі…”

А Валік так дзелавіта ішоў да цэнтру поля. Я яшчэ тады раззлаваўся: таксама мне Пеле знайшоўся. Але ў той жа момант трыбуны “Рыгі” страпянуліся, гледачы паўскоквалі са сваіх месцаў і апладзірвалі яму. Я ўжо тады быў пераканаы, што гэта будучая зорка. Так яно і здарылася.”

(Міхаіл Братчэня, першы трэнер В.Бялькевіча.)

Валянцін Мікалаевіч Бялькевіч мае вялікі спіс дасягненняў:

“Дынама” (Мінск)
-Чэмпіён Беларусі 1992, 1992/93, 1993/94, 1994/95, 1995.
-Срэбраны прызёр чэмпянату Беларусі 1996.
-Уладальнік Кубку Беларусі 1992, 1993/94.
-Фіналіст Кубку Беларусі 1995/96.
-Уладальнік Суперкубку Беларусі (Кубак сезону) 1994.

“Дынама” (Кіеў)
-Чэмпіён Украіны 1997, 1998, 1999, 2000, 2001, 2003, 2004, 2007.
-Срэбраны прызёр чэмпіянату Ўкраіны 2002, 2005, 2006.
-Уладальнік Кубку Украіны 1998, 1999, 2000, 2003, 2005, 2006, 2007.
-Фіналіст Кубку Украіны 2002.
-Уладальнік Суперкубку Ўкраіны 2004, 2006, 2007.
-Уладальнік Кубку Садружнасьці 1997, 1998, 2002.
-Паўфіналіст Лігі чэмпіёнаў 1999.

Асабістыя
-Лепшы футбаліст Беларусі 1995.
-Лепшы футбаліст дзесяцігодзьдзя Беларусі.
-Футбаліст году ў чэмпіянаце Ўкраіны 2001, 2003.
-Лепшы асістэнт чэмпіянату Ўкраіны 1999/00, 2000/01.
-У снежні 2006 АБФФ уганаравала Валянціна Бялькевіча сваёй самай высокай узнагародай – “Ганаровы знак” за вялікія заслугі ў развіцці айчыннага футболу.
-Сябра сымбалічнага Клубу беларускіх бамбардзіраў: 146 забітых мячоў.
-Сябра бамбардзірскага Клубу Максіма Шацкіх: 69 забітых мячоў.
-На цяпершні час зьяўляецца самым тытулованым футбалістам Беларусі – 29 тытулаў.
-Лепшы футбаліст ў гісторыі беларускага футболу па версіі газеты “Прэсбол”.

-“Спаў і прачынаўся з мячом”-

Валянцін Бялькевіч нарадзіўся ў інтэлегентнай мінскай сям’і. Бацька славутага футбаліста гісторык, а мама – выкладчыца расейскай мовы. Першым трэнерам будучай зоркі быў Міхаіл Братчэня. Па ўспамінах Міхаіла Сцяпанавіча, бацька Валянціна не адабраў захапленне свайго сына футболам. Мікалай Бялькевіч марыў, што ягоны хлопец працягне дынастыю навукоўцаў. Валік не апраўдаў спадзевы бацькі, і не мог пахваліцца добрымі адзнакамі ў школе, а вось на футбольным поле заўжды быў адным з лепшых. Тата, які не ацаніў высілкаў свайго сына, нават не займаўся набыццём спартыўных аксэсуараў для сына. Падборкай спартыўнай формы ды абутку для Валянціна займаўся ягоны трэнер. Мама Бялькевіча ставілася больш лагодна да захаплення сына. Бацькі Валіка разыйшліся, і абзавяліся іншымі сем’ямі, а выхаваннем будучай спартыўнай зоркі займалася бабуля.

Аднак па ўспамінах трэнера і сябраў дзяцінства да футболу Валянцін ставіўся вельмі сур’ёзна і быў надзвычай дысцыплінаваным і адказным.
Спадар Міхаіл кажа: “У мяне складалася такое ўражанне, што гэты футбаліст спіць і прачынаецца з мячом. Мянушка ў яго была “Белка”, потым “Беля”: ён і быў падобны на вавёрку. Спрытны. На полі хуценька і чыста, бяз памылак, усё зробіць. Я любіў яго як свайго сына. Ды і ён мяне лічыў бацькам.”

За выступам свайго ўнука ўважліва назірала ягоная бабуля, Любоў Міхайлаўна, з якой ён і жыў у цэнтры горада на Пуліхава. Па словах бабулі, Валік быў добрым унукам, спакойным, паслухмяным. Лекі дастаць – ягоны клопат. Тэлефануе, дзе б ні быў: “Бабуля, ты як?”. У дзяцінстве аніводныя бацінкі не мог доўга насіць. Усе камяні на дарозе пазьбівае. Жартавалі – футбалістам стане…

-А ягоны ўласны бацька кім быў?
-Дацэнтам БПІ. Валіка хацеў уладкаваць у навучальную ўстанову. Ён яму ўвесь час цьвярдзіў: “Ніколі сваім футболам на жыццё не заробіш!”. Валік быў спакойным хлопчыкам, таму прыбег параіцца са мной: “Міхаіл Сцяпанавіч, тата стаіць на сваім. Што мне рабіць?”. Ну што я мог адказаць: “Тады давай завязвай з футболам”. Той узмаліўся: “Ды я толькі футболам жыву: як мне без яго далей? Не маё гэта, не маё!”. Карацей, сыйшліся мы на тым, што Валіку варта абавязкова заваліць уступнае сачыненне ды застацца верным любімай справе. Так і здарылася. Бацька яшчэ доўга цягаў свайго сына за вуха: “Паглядзі, ва ўсіх пятакі, а ў цябе двойка. Твой футбол – несур’ёзная справа!”. З часам ён змірыўся. А вось з маці праблемаў ніколі не было. Яна прыязджала на трэніроўку да сына, цікавілася, падтрымоўвала яго ва ўсім”.

-Ён прапускаў трэніроўкі?
-Ніколі… Трэніраваліся мы на грунтавым полі, на базе 85-ай мінскай школы. Сапраўдны канцлагер. Напрыклад, зранку трэніроўка, дождж. Ён, не здымаючы мокрага адзення, ішоў на заняткі. Так і рос.

-У школе быў здатным вучнем?
-Спачатку вучыўся на “4” і “5”, але пазней яго вучоба не цікавіла. Ды і настаўніца ягоная адразу неўзлюбіла, да дошкі выклікала на кожным уроку. Але ён ніколі не канфліктаваў: моўчкі пастаіць, пасля сядзе за парту.

-У футболе патрэбныя нахрапістыя?
-У футболе ён іншы. Ніколі не забуду, як 20 гадоў назад мы паехалі на турнір у Рыгу. Выступілі бліскуча. На апошняй гульні я даў хлопцам наказ: “Мне вынік не патрэбны: пакажыце, калі ласка, футбол!”. І вось пачалося. Я толькі паспяваў за галаву хапацца. Бялькевіч нахабна перакуліў брамніка і забіў гол. Латвійскі судзьдзя кажа: “Гол не залічваецца, у нас так не гуляюць.” А іхныя абаронцы, лежачы на зямлі, засумавалі: “Беларусы нас развалілі…”. А Валік так дзелавіта ішоў да цэнтру поля. Я яшчэ тады раззлаваўся: таксама мне Пеле знайшоўся. Але ў той жа момант трыбуны “Рыгі” страпянуліся, гледачы паўскоквалі са сваіх месцаў і апладзірвалі яму. Я ўжо тады быў перакананы, што гэта будучая зорка. Так яно і здарылася.

(https://football.by/news/11805)

Іван Савосцікаў, Анатоль Багавік, Эдуард Малафееў, Іван Шчокін – вось трэнеры, якія далі шанец Бялькевічу паспрабаваць сябе ў “Дынама”.

“Валік пачынаў гуляць у мяне, – узгадвае Эдуард Малафееў, – гэта выхаванец футбольнай школы “Дынама”. Я яго, 16-ці гадовага, выпускаў на 15-20 хвілінаў за асноўны склад.”

Іван Шчокін называў Бялькевіча дырыжорам ансамбля “Дынама”. Бялькевіч любіў, калі на стадыёне збіралася шмат народу: “Народу шмат на трыбунах – лятаеш па полю як на крылах. Калі сто чалавек – бяз розніцы: і як гуляеш, і як выйграеш”.

Валянцін не быў паінькай, мог заявіцца з “Беламорам” у зубах і не выклікаць рэзкай крытыкі трэнераў…

(https://football.by/news/11805)

-Аднойчы Бялькевіч і Хацкевіч прымусілі Віктара Ганчарэнка ды Юрыя Жаўнова разам танчыць-

Журналістка, якая ў свой час паставіла за мэту ўзяць інтэрв’ю ў Валянціна ды ганялася за ім па Кіеву і Мінску, змучылася да краю, падлаўлівага яго то ў “Шайбе”, то ў “Мэдзісане” ды пастаянна сустракала з рознымі паненкамі. Не сакрэт, што дзеўчыны ганяюцца за вядомымі спартоўцамі, да таго ж, як кажуць сябры футбаліста, на дам Бялькевіч грошы не шкадаваў… Даведалася калега, што Бялькевіч вельмі любіў боўлінг, а таксама гісторыю пра танец Ганчарэнкі. Валянцін ды ягоны сябра Аляксандр Хацкевіч захацелі пацешыцца над гульцамі БАТЭ. Прайграўшыя ў боўлінг мусілі танчыць танец лебядзяў. І брамнік Юрый Жаўноў ды гулец Віктар Ганчарэнка (на той час) танчылі, узяўшыся за рукі. Усе наведвальнікі клубу трымаліся за жываты ад смеху…

-Дыскваліфікацыя і цкаванне-

Першы прафесійны матч спартовец правёў у якасці гульца футбольнага клубу мінскага “Дынама” ў Жытоміры ды адразу вызначыўся забітым голам. Пасля зьяўленьня у “Дынама” вопытныя гульцы яго прынялі практычна адразу. “Галава – Дом ураду”, – казалі яны. Дэбют В.Бялькевіча адбыўся ў сезоне 1991-1992 гадоў. У складзе сталічнай каманды Валянцін двойчы здабываў тытул чэмпіёна Беларусі. Хлопец вельмі выдзяляўся на фоне іншых гульцоў, еўрапейскія клубы выказвалі інтэрас да беларуса. Аднак у 1994 годхе здарылася дыскваліфікацыя. УЕФА забараніла футбалісту браць удзел у міжнародных матчах. На жаль беларуская спартыўная медыцына заўжды была слабым месцам у нашым спорце. У Валянціна балела калена, доктар зрабіў некалькі ўколаў рэтабаліла. На той час у матчах еўракубку яшчэ не было допінг-кантролю. А ўжо ў наступным сезоне УЕФА ўвяла допінг-тэсты. Знайшліся сляды прэпарату…

Доктар да таго часу ўжо памёр, запытацца не было з каго, і заступіцца не было каму. І Валіка падзвяргалі суворай крытыцы. Гэтая гісторыя адбілася вельмі жорстка на адносінах футбаліста з прэсай. Сыпалася многа рознай брыды, на жаль у сучасным свеце хапае хэйтэраў ды аматараў танных сенсацыяў. З таго часу Бялькевіч стаў яшчэ больш закрытым і недаверлівым, ігнараваў журналістаў і скрайне рэдка ішоў нават на экспрэс-каментар.

Аляксандр Хацкевіч: “Гэта быў вельмі цяжкі перыяд у ягоным жыцці. Уявіце: малады хлапчына, ужо прыцягваецца ў зборную – і раптам такі ўдар. Нядоўга і зламацца. Але ён справіўся ды стаў тым Бялькевічам, якога мы дагэтуль памятаем)(https://www.championat.com/tags/19962-belkevich/)

Ужо ў 1995 годзе Бялькевіч стане лепшым футбалістам Беларусі.

Табу на кантакты з прэсай Валянцін зьняў толькі праз гады і толькі на вельмі вялікай падставе – вызнанне лепшым футбалістам Украіны.

-Прафесійная кар’ера-

Вядомы беларускі футбольны рэферы Яўген Сярожкін казаў: “Я не памятую, каб мне прыйшлося яго караць за якія правіннасці. Ягоны тэхнічны арсенал дазваляў гуляць бяз парушэнняў. Не хаміць. Ка мне, памятую, апеляваў толькі аднойчы, скардзіўся, што часта бьюць па нагах. Але гэта – доля кожнага адоранага футбаліста.” (https://football.by/news/11805)

Бялькевіча хацелі бачыць у “Рэал Сасьедадзе”, у “Макабі”. Тагачасны уласьнік клубу бізнэсмэн Яўген Хвастовіч, які потым зьбег у Еўропу з-за фінансавых махінацыяў, вёў свае аперацыі. Хвастовіч прапанаваў Бялькевічу варыянт нейкага заштатнага ангельскага клубу. Гэта Валянціна не прывабіла…

У часе адной з трэніровак на таленавітага футбаліста зьвярнуў увагу кіеўскі мільянер Ігар Суркіс. Таксама гульцом цікавіўся “Спартак”. Усе раілі маладой зорцы маскоўскую каманду, чый камбінацыйны стыль больш адпавядаў спартоўцу. Кіеўскае “Дынама” асацыявалася з атлетызмам, хуткасцю, цягавітасцю і сілай. Тэхнічны беларус, які рабіў прыгожыя фінты і перадачы, нечакана абраў Кіеў.

За сымбалічную плату ў памеры 300000$ клуб “прадаў” дзвух сваіх зорак – Бялькевіча ды Хацкевіча, і Бялькевіч пераехаў у Кіеў. На маладога гульца адразу зьвярнуў увагу Лабаноўскі. Але доўгі час Бялькевіча не было відаць у асноўным складзе каманды, так вырашыў галоўны трэнер Йожэф Сабо. Калі ў “Дынама” вярнуўся Валерый Васільевіч Лабаноўскі, ён вырашыў стварыць ударны тандэм з Бялькевіча, Рэброва і Шаўчэнка. Маладыя футбалісты пасябравалі ды пачалі сустракацца сем’ямі ўжо па-за футбольным полем.

Але Лабаноўскі таксама не адразу даў шанец Валянціну. Валерыя Лабаноўскага раздражняла, што Бялькевіч часта ўхіляўся ад чарнавой працы ды гульні ў абароне. Гэта не адпавядала футбольнай ідэалогіі Лабаноўскага.

Аляксандр Хацкевіч: “Быў футбалістам тонкім, інтэлегентным, Валік спачатку цяжкавата пераносіў знакамітыя кіеўскія нагрузкі. Плюс у яго быў вельмі моцны канкурэнт. Бялькевічу спатрэбіўся час, каб даказаць сваё права на месца ў аснове…”

(https://www.championat.com/tags/19962-belkevich/)

Вядомы такі момант “выхавання” з боку Лабаноўскага свайго хава. Калі ўсе гульцы атрымоўвалі чарговы заробак, Валянціну далі ўсяго 300 $. Абураны гулец дагнаў Лабаноўскага ля станцыі метро ды сказаў пра сваю крыўду, што яму выдалі ўсяго 300 “зялёных”. На што Лабаноўскі адказаў: “Трыста? На самой справе? Я б не даў нічога за такую гульню…”. А потым дэталёва растлумачыў, якога футболу чакае ад маладога спартоўца. Бялькевіч зрабіў высновы… (https://www.youtube.com/watch?v=O00_tEQNmA8)

Усё зьмянілася ў лігачэмпіёнскім сезоне -1998/1999. У Кіева ўсё ішло слаба. Параза ад “Панацінаікаса” дадалася хатняй нічыёй з “Лансам”. Перспектывы выхаду з групы апынуліся пад сумневам. Плюс трэцім супернікам значыўся магутны “Арсенал” з Лондану, што толькі пагаршала сітуацыю. У атацы гульня “Дынама” (Кіеў) давала збоі.

Версіяў шмат, аднак лічыцца, што жыццё прымусіла Лабаноўскага ўзгадаць пра Бялькевіча, які ўжо больш выконваў гульнявыя схемы коўча.

І што ў выніку? Кіеў адыграўся на выездзе ў Лондане на 90-ай хвіліне. Забіў Рэброў, аддаў Бялькевіч. Затым “Дынама” шчасьліва выйграла групу і прабілася ў плэй-оф.

Валік з вялікім задавальненнем узгадваў матч з “Рэалам”. Маўляў, шалёныя пачуцці, калі на стадыёне прысутнічаюць 100 тыс. гледачоў, а вакол яго яшчэ 300-400 тыс. чакаюць выніку. Вынік апынуўся выдатны. “Дынама” выйграла 2:0 і выйшла ў паўфінал, дзе сустрэлася з “Баварыяй”. Былі хатнія 3:3, а потым бітва за фінал у Мюнхене. “Дынама” ў выніку прайграла, але стала легендай. Узнік попыт амаль на ўсіх гульцоў асноўнага складу.

“Мяне клікаў “Ліверпуль”. Не памятую, падаецца ён даваў 8 млн. фунтаў. Але на той момант Лабаноўскі ўсю каманду прадаць не мог. Вырашылі, што зьедуць Шаўчэнка і Рэброў. А потым “Ліверпуль” набыў замест мяне Шміцэра. Ён выступаў за “Ланс”, у якога мы выйгралі 3:1,” – узгадваў Бялькевіч у інтэрв’ю “Прэсболу”.

“Валянцін ездзіў ў Мілан на прагляд, і за яго там прапанавалі 19 млн. Але калі ён прыехаў, то ўжо ў Кіеве за яго зарадзілі 21 млн. Ім не хацелася яго адпускаць,” – сказаў у эфіры “Спорт-кадру” бацька Бялькевіча Мікалай.

-“Гэта каманда маёй Бацькаўшчыны. Гуляць за яе прыязджаю не дзеля грошаў…”-

Валянцін добра гуляў і за зборную. У 2001 годзе галоўная каманда краіны ўпершыню ў сваёй гісторыі прэтэндавала на выхад у фінальную стадыю чэмпіянату свету, але прайграла дома зборнай Украіны. Эдуард Малафееў абвінаваціў у паразе лідэраў – Бялькевіча і Хацкевіча. Маўляў, хлопцы гуляюць у чэмпіянаце Ўкраіны, з украінцамі ляцелі ў адным самалёце ды інш. Трэнер зборнай паставіў пад пытанне іхную сумленнасць: “Сёння ў суперніка было 13 гульцоў, а ў нас 9…”.

Бялькевіч потым заявіў: “Нашыя адносіны з Малафеевым? Нармальна. Я ж чалавек неканфліктны. Калі мне нехта нецікавы, ну альбо я яму, навошта сварыцца і нешта пісаць у газетах? Магчыма, у нас рознае бачанне жыцця. Такое можа быць? Цалкам. Што рабіць – паціснулі адзін аднаму рукі, сказалі “да пабачэння” ды разыйшліся ў розныя бакі. Ён свой пункт гледжання выказаў, я – свой. Мы нармальныя людзі, можам падыскутаваць.”

Нягледзячы на крытыку за свае выступы ў зборнай, Бялькевіч пазітыўна рэагаваў на выклікі: “Гэта каманда маёй Бацькаўшчыны. Гуляць за яе прыязджаю не дзеля грошаў, а дзеля людзей, якія памятуюць мяне па выступах за мінскае “Дынама”, якія сочаць за маім далейшым лёсам. Ганарары ў дадзеным выпадку мяне не хвалююць.”

(https://people.onliner.by/2019/12/18/pm-bialkevich)

Пры Анатолі Байдачным абодва апальныя “ўкраінцы” былі рэабілітаваныя. Але такога шансу прабіцца на мундзіаль у зборнай Беларусі больш пакуль не было…

-Мара пра пераход у клуб “старой Еўропы” не спраўдзілася-

Па афіцыйных дадзеных, спартыўная біяграфія Валянціна Бялькевіча налічвае двесьці пяцьдзесят матчаў і пяцьдзесят восем забітых галоў. Беларускага гульца часта выбіралі капітанам каманды кіеўскага “Дынама”. Спартовец ніколі не выкарыстоўваў “брудныя метады”, заўжды паводзіў сябе інтэлегентна. У той час выдатнай гульні “Дынама” (Кіеў), калі там бліскалі Бялькевіч, Хацкевіч, Рэброў, Шаўчэнка заўзятары кіеўскага клубу назвалі срэбраным часам футболу ва Ўкраіне. Кіеў на той час даходзіў да паўфіналу Лігі чэмпіёнаў, раскладваў “Барселону”, “Рэал”, “Арсенал”.

Прэзідэнт клубу “Шахцёр” (Данецк) Рынат Ахметаў гатовы быў заплаціць шалёныя грошы – 8 млн.$, каб перакупіць Бялькевіча. Кіраўнік каманды “Шахцёр” вызнаў, што Бялькевіч – адзіны гулец “Дынама”, які цікавіць данецкую каманду. Але… Валік не пажадаў пераходзіць да прынцыповага пратыўніка “Дынама”. Нават калі мінуў час, і Валіку прыйшлося сыйсьці з клубу, “Шахцёр” (Данецк) ізноў выказаў інтэрас да паўабаронца. Але Валянцін адмовіўся.

У траўні 2002 года сыйшоў з жыцьця Валерый Лабаноўскі. “Дынама” асірацела, упершыню за доўгія гады прайграе чэмпіёнства. Адзін з лідэраў кіеўскай каманды Вячаслаў Вашчук пераходзіць у маскоўскі “Спартак”. Бялькевіч становіцца капітанам і ледзь не апошнім “залатым” дынамаўцам, які павінен перадаць каштоўнасць бела-сініх маладым гульцам. Валік не можа ў такі час сыйсці з каманды. Мара паспрабаваць сябе ў клубе “старой Еўропы” так і не спраўдзіцца…

Але ў кіеўскага “Дынама” роля Бялькевіча выключная, ён знаходзіць добрую звязку з Максімам Шацкіх, які забівае пасля цудоўных пасоў беларуса. У гісторыі застаюцца несмяротныя словы Валіка: “Узьбек”, прашу цябе, не дзёргайся, стань у варатарскай, я табе ў галаву патраплю і забьем…”

(https://www.youtube.com/watch?v=O00_tEQNmA8)

-Прыватнае жыццё-

У 1996 годзе спартовец пазнаёміўся з паненкай Алесяй. Іх пазнаёміла дзяўчына Андрэя Шаўчэнка. Валянціна не засмуціў той факт, што на той час бландынка Алеся была замужам і выхоўвала маленькага сына.

“У той час я была замужам. Але Валянцін сказаў: “Вось квіткі на Сейшэльскія выспы, у цябе ёсць два месяцы, каб прыняць рашэнне. Альбо ты ляціш са мной, альбо цябе ўвогуле ў маім жыцці няма. І я рашылася,” – узгадвае жанчына. Неўзабаве дзяўчына сыйшла ад мужа і стала жыць з Бялькевічам. Тады некаторыя крытыкавалі Алесю, што яе цікавяць толькі грошы футбаліста… (https://by.tribuna.com/blogs/pinta/2781537/)

У жоўтай прэсе таго часу нярэдка ўсплывалі розныя публікацыі пра кароткія раманы Валіка з рознымі прадстаўніцамі шоў-бізнэсу ды наведванні з сябрамі забаўляльных месцаў.

Тэма, якую не абмінуць, – гэта шлюб з Аннай Седаковай… Украінскія журналісты ўзгадваюць парадоксы Бялькевіча, гэта быў “самы сціплы футбаліст “Дынама”, які патрапіў у самы гучны любоўны скандал”.

У 2004 годзе грамадскасць ускалынула навіна пра шлюб спартоўца з экс-удзельніцай “ВІА Гры” Аннай Седаковай. Дзяўчынам з групы прыпісвалі раманы са многімі мужчынамі, а Седакова ўвогуле мела рэпутацыю “паляўнічай на мужчын”. Таблоіды абвінавачвалі яе ў тым, што яна зрабіла кар’еру праз ложак, а ў групе – маючы сувязь з Канстанцінам Меладзэ. Пра магчымы “агенчык” ад Анны меркаваў у інтэрв’ю Зьміцеру Гардону Валерый Меладзэ, з якім “ВІА Гра” запісвала хіт “Акіян і тры ракі”.

Пазнаёміліся Бялькевіч ды Седакова на стыку 2003 і 2004 гадоў. Да таго шмат месяцаў яны перыядычна бачыліся ў салоне красы, куды абодва хадзілі, але аніякіх дзеянняў Валянцін не прадпрымаў. Пазней высветлілася, што беларус для прыцягнення ўвагі красуні зрабіў усё правільна: хоць Седакова лічыла, што знешне Бялькевіч “не ейны тыпаж”, звыклую да мужчынскай увагі пявіцу задзела ігнараванне з боку футбаліста. Але пры чарговай сустрэчы ў салоне парачка ўсё ж загаварыла, і адправілася на спатканне…

“Памятую, Валік уразіў мяне сваім каласальным веданнем усемагчымых прымавак, якімі так і сыпаў. Ён падаўся мне вельмі разумным, адукаваным,” – узгадвала Седакова. Асабліва запомніўся пявіцы сумесны паход у боўлінг: калі Валянцін пачаў кідаць шары, яна пабачыла ў спартоўцы сілу і красу, якой раней не заўважала. “Падумала: “Вось мужчына, з якім я ніколі не буду плакаць,” – казала Анна. Канчаткова пакарыў зорку эстрады прыезд Валянціна з самага ранку ў аэрапорт дзеля сустрэчы – у свае выходныя футбаліст адсыпаўся як мінімум да поўдня, але дзеля сваёй сімпатыі парушыў звыклы рэжым.

Неўзабаве пявіца дазналася пра цяжарнасць, што стала для яе шокам – кар’ера была пастаўленая пад пагрозу. “У поўнай разгубленасці, давячыся слязамі, я патэлефанавала Валіку і паведаміла навіну. І ён павёў сябе прыстойна. Сказаў: “Супакойся. Я цябе кахаю.” А потым дадаў: “Ты згодная стаць маёй жонкай?” “Канешне я была згодная,” – апісвала сітуацыю Анна.

(https://by.tribuna.com/blogs/pinta/2781537/)

Сябра і аднаклубнік Бялькевіча А.Хацкевіч узгадваў: “Я даведаўся, што яны сустракаюцца, толькі калі ён запрасіў на вяселле. Пасля трэніровак мы звычайна кудысці ездзілі – у боўлінг пагуляць ці ў більярд. А тут глядзіш, раз няма хлопца, другі. Запытваеш: “Слухай, цябе бачылі ў горадзе з Седаковай…” – “Ды гэта мы проста ў кампаніі з дзеўчынкамі з “ВІА Гры” апынуліся…” Усміхнуліся, пасмяяліся, а потым табе р-раз – і ўручаюць запрашэнне на цырымонію шлюбу. Нібыта ўсё жыццё чалавека ведаеш, а выходзіць, не да канца.”(https://by.tribuna.com/blogs/pinta/2781537/)

Сама ж урачыстасць была з размахам: белы лімузін ля дарагога рэстарану, каля 200 гасцей (уключаючы ледзь не ўсё кіеўскае “Дынама”) і два тамады як сымбаль інтэрнацыянальнасці пары – украінскі тэлевядучы Макс Неліпа і лідэр беларускіх “Лепрыконсаў” Ільля Міцько.

Мядовы месяц Анна была вымушаная правесці на зборах “Дынама” ў Ялце, дзе не ведала чым сябе заняць у часе трэніровак мужа. Высветлілася, што маладажоны вельмі па-рознаму бачылі сямейнае жыццё. Пявіца з дзяцінства марыла пра вялікі дом, дзе яны з абраннікам заўжды забяспечаць прыём гасцей, завядуць хатніх жывёлаў, дачакаюцца зьяўленьня дзяцей, і галоўнае – будуць радавацца ўсяму гэтаму на парытэтных падставах. Футбаліст быў наладкаваны на больш традыцыйны варыянт: мужчына – аўтарытэт, які працуе, жанчына прысвячае сябе “хатняму ачагу”. Нейкі час паненка дагаджала спартоўцу, але адчувала сябе няшчаснай: “Я лічыла, што схема нашага жыцця разбурае маю мару,” казала потым Седакова. (https://by.tribuna.com/blogs/pinta/2781537)

Праз паўгода пасля вяселля на свет зьявілася дзеўчынка Аліна, дачка Анны і Валянціна.

Праз нейкі час пара разыйшлася, а футбаліст вярнуўся да сваёй першай грамадзянскай жонкі Алесі. Праз некалькі гадоў Бялькевіч узаконіў адносіны з Алесяй…

Седакова давала шмат інтэрв’ю, выкладаючы сваю версію падзеяў, папракала Валянціна ў разгульным ладзе жыцьця. Сцвярджала, што ён часта “бываў на розных вечарынках, а прыходзіў пад ранак нецвярозым…” . Але спачатку, са слоў свецкай дзівы, яе спыняла мама, што яна не можа ёй дараваць.

Неяк у мае рукі патрапіла такая кіеўская газета свецкага жыцьця, там пявіца скардзілася, што яна не прызвычаілася да такога затворніцкага ладу, ёй патрэбнае святло пражэктароў, агні і ўвага публікі, маўляў, яна артыстка, а не хатняя гаспадыня. У сваіх шматлікіх інтэрв’ю Седакова паўтарала гісторыю пра шлюбную дамову (дзе ёй нічога не перападала), тэлевізар ды адзін “высакародны жэст” былога абранніка – выдаў суму, якая пакрывала першапачатковы ўзнос за ўласную кватэру. Валік нічога для прэсы аб сямейным жыцці ды прычынах разводу не распавядаў.

Праз шмат гадоў сябра Бялькевіча па зборнай Аляксандр Лухвіч перадаў словы Валянціна – зусім іншыя: “Пакінуў Седаковай чатырохпакаёвую кватэру на Хрышчаціку, “порш кайен”, аліменты плачу, а чытаю пра сябе, што ледзь не выгнаў на вуліцу з дзіцём”. ( https://by.tribuna.com/blogs/pinta/2781537/)

Потым Седакова яшчэ некалькі разоў выходзіла замуж, нарадзіла чатырох дзяцей ад чатырох мужчынаў, судзілася з былымі альбо з іхнымі роднымі па матэрыяльных пытаннях. Такая ж гісторыя паўтарылася пасля трагічнай гісторыі з Ціммам Янісам.

Нядаўна журналісты “Прэсболу” зьвязаліся з дачкой футбаліста Алінай, якая будуе кар’еру мадэлі. Тая распавяла, што бацьку амаль не памятае. Мама Аліны вяла сваю палітыку датычна яе кроўнага таты, парвала з ім усе кантакты, вывезла дзіця ў Штаты і зьмяніла нумар тэлефону дзяўчыны. Валянцін прасіў і настойваў, падаў у суд Лос-Анджэлеса, але так і не пабачыў свайго дзіцяці…

-Трагічны сыход з жыцця-

Незадоўга да сваёй сьмерці Бялькевіч ды ягоны сябра дзяцінства Аляксандр Хацкевіч вырашылі наведаць свайго першага трэнера Міхаіла Сцяпанавіча. Спартоўцы хацелі паўдзячыць свайго настаўніка ды падараваць яму машыну. Аднак Міхаіл Братчэня адмовіўся ад такога дарагога прэзенту.

У Валянціна як раз завяршыўся ягоны трэнерскі кантракт і Бялькевіч перажываў з-за гэтага.

Алеся старалася неяк падтрымаць каханага ад сумных думак сумеснымі вандроўкамі ды паездкамі на рыбалку. 1 жніўня 2014 года футбаліста не стала. Прычынай смерці стала тромбаэмбалія. Бялькевіч быў пахаваны ў Кіеве. Развітацца з ім прыехала і Седакова…

Праз некаторы час Анна Седакова распачала судовую справу за спадчыну былога мужа. Прынамсі пявіца вымагала шыкоўную кватэру ў цэнтры Кіева. На бок Седаковай нечакана стала маці Бялькевіча Валянціна Мікалаеўна, якая ніколі не прыймала Алесю. Суд вырашыў на карысць дачкі Бялькевіча Аліны.

Са слоў блізкіх людзей, Валік многае трымаў у сабе, перажываў нападкі ў прэсе, папрокі Седаковай, немажлівасць сустрэцца з дачкой. Але хіба найбольш цяжкім ударам для Валянціна стала, што роднае яму кіеўскае “Дынама” не працягнула з ім кантракт. Ён працаваў з задавальненнем у сістэме клубу, а тут стаў не запатрабаваны. Аляксандр Хацкевіч праз гады сказаў, што Валянцін пасля сыходу з каманды згубіўся, многа піў алкаголю, а вывесці яго з дэпрэсіі ні сябра, ні каханая жанчына не маглі, “не разумеў, як жыць”. Валянцін жыў пакуль гуляў у футбол. Вялікі футбаліст не знайшоў сябе па-за гульнёй…

(https://www.championat.com/tags/19962-belkevich/)

Беларус найбольш раскрыў свой талент ва Украіне, яго там таксама любілі, асабліва кіеўскія заўзятары. Таму, напэўна, існуе логіка, што Валянцін Бялькевіч, цудоўны беларускі футбаліст, пахаваны ў Кіеве на Байкавых могілках, неўздалёк ад свайго трэнера Валерыя Лабаноўскага.

Кіеўскія журналісты называюць Бялькевіча і сення “найлепшым легіянерам усіх часоў “Дынама”.

Прэзідэнт кіеўскага “Дынама” Ігар Суркіс пасля смерці Бялькевіча сказаў: “Не стала легендарнага плеймейкера, “дырыжора”, сэрца каманды, цудоўныя камбінацыі з удзелам якога, выдатныя ўдары і забітыя мячы назаўжды застануцца ў памяці заўзятараў футболу. Усё жыццё Валянціна Бялькевіча было звязанае выключна з футболам. Гэтая гульня была для яго ўсім, і Валянцін аддаваўся ёй без астатку.”

(https://www.sb.by/articles/vsya-ego-zhizn-igra.html)

27 студзеня 2016-га на спуску мінскай вуліцы Энгельса сабралася футбольная тусоўка. У дзень 43-га Дня нараджэння на сцяне дома, у якім прайшло дзяцінства Валянціна, усталявалі мемарыяльную дошку.

Экс-трэнер нацыянальнай зборнай Анатоль Байдачны: “Гэта быў выдатны футбаліст. У мяне ў зборнай ён гуляў альбо добра, альбо вельмі добра – ніколі не гуляў “сярэдне” альбо кепска. Валянцін быў цудоўным чалавекам, сапраўдным капітанам і зборнай краіны, і кіеўскага “Дынама”.

(https://www.sb.by/articles/vsya-ego-zhizn-igra.html)

Для заўзятараў на Бацькаўшчыне ён так і застаўся назаўжды маладым, жыццярадасным хлопцам, закаханым у футбол.

Беларусы памятуюць свайго Валіка Бялькевіча: тэхнара, які тварыў красу на полі, чым прыводзіў стадыён да захаплення. Прыгадваюць фантастычныя галы і пасы таленавітага хаўбека ды спадзяюцца на новы ўздым Беларусі і беларускага футболу, калі зьявяцца новыя зоркі, такія як В.Бялькевіч, А.Хацкевіч, А.Глеб, М.Мустыгін, Э.Малафееў, В.Кутузаў, С.Гоцманаў, Ю.Курненін, А.Пракапенка…

Аўтары: Васіль Додзік, Ігнат Скарчэня
Дызайн: Oлена Дiя, Валянцін Гольдштэйн
Рэдактары: Аляксандр Апейкін, Валянцін Гольдштэйн