Сябар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці і былы дырэктар аршанскага хакейнага клубу “Лакаматыў” Яўген Мазура жыве ў польскім горадзе Уроцлаў і валодае там салонам прыгажосці. Аднак зараз яго бізнэс і сам горад знаходзяцца пад пагрозай: паўднёвы захад Польшчы апынуўся пад вадой пасля таго, як за чатыры дні выпала колькасць ападкаў, роўная паўгадавой норме. Многія невялікія населеныя пункты затоплены, людзей эвакуююць, а колькасць ахвяр працягвае расці.

Яўген Мазура с гульцамі Шлёнск Вроцлаў

Яўген Мазура с гульцамі Шлёнск Вроцлаў

Яўген, як і многія іншыя гараджане, вырашыў самастойна абараняць свой бізнэс. Ён адправіўся за пяском, каб напоўніць мяшкі і падстрахаваць свой салон ад падтаплення. На месцы збору пяску ён сустрэў футбалістаў мясцовай каманды “Шлёнск Уроцлаў”, якія таксама актыўна дапамагалі гораду, напаўняючы мяшкі. Замест трэніровак і гульняў футбалісты далучыліся да абароны горада ад стыхіі. Яўген таксама далучыўся да валанцёрскай працы. Лозунг “Спартсмены з народам” у дзеянні.

Апроч дапамогі футбалістам, Яўген таксама дапамагаў іншым валанцёрам. Ва Уроцлаве зараз актыўная валанцёрская дзейнасць: мясцовыя жыхары ўмацоўваюць мяшкамі з пяском будынкі і важныя аб’екты, спрабуючы мінімізаваць шкоду ад стыхіі.

Жыхары Уроцлава насыпаюць пясок у мяшкі для абароны горада. Фота reuters

Жыхары Уроцлава насыпаюць пясок у мяшкі для абароны горада. Фота reuters

Сіноптыкі прагназуюць пік узроўню вады на пятніцу, 20 верасня. Дакладных дадзеных і рашэнняў пакуль няма, але абмяркоўваюцца нават радыкальныя меры – затапленне невялікіх населеных пунктаў, каб выратаваць Уроцлаў.

Па словах Яўгена, панікі сярод жыхароў няма. “Са стыхіяй змагацца немагчыма, можна толькі абараняцца, і менавіта гэта мы зараз і робім”, — гаворыць ён. Застаецца спадзявацца, што наступствы гэтага бедства будуць мінімальныя і не прынясуць новых ахвяр.

Яўген Мазура. Фота з архіва Яўгена.

Яўген Мазура. Фота з яго архіва.