Упершыню за доўгі час беларускі клуб прыме ўдзел у асноўным этапе еўракубкавых спаборніцтваў. Сёння мінскае «Дынама» пачынае выступленне ў Лізе канферэнцый — трэцім па значнасці еўрапейскім турніры па футболе. Апошні раз беларускія клубы ўдзельнічалі ў еўракубках восенню шэсць гадоў таму.
У гэтым сезоне еўракубкі, уключаючы Лігу чэмпіёнаў, Лігу Еўропы і Лігу канферэнцый, праходзяць па новай сістэме. Звыклага фармату групавых этапаў больш няма. Клубы згуляюць шэсць матчаў (тры дома і тры на выездзе), пасля чаго будзе складзена агульная табліца з 36 каманд, і толькі потым стане вядома, хто пройдзе ў плэй-оф.
«Дынама» сустрэнецца з шатландскім «Хартсам», дацкім «Капенгагенам», фінскім ХІК, польскай «Легіяй», грэцкім «Панацінаікасам» і паўночнаірландскім «Ларнам».

ФК «Дынама» (Мінск). Фота з адкрытых крыніц.
З-за ўдзелу рэжыму ў расійскім уварванні ва Украіну, на беларускі футбол былі накладзеныя абмежаванні. Цяпер клубы і зборныя праводзяць свае матчы на нейтральных палях без гледачоў. Хатнія гульні «Дынама» адбудуцца ў Сумгаіце, Азербайджан.
Сённяшні матч супраць шатландскага «Хартса» пройдзе ў Сумгаіце. Пачатак а 19:45. СТБ абяцае трансляцыю.
Расклад матчаў:
– 3 кастрычніка. Дынама (Мінск) — Хартс (Шатландыя) (пачатак у 19:45)
– 24 кастрычніка. ХІК (Фінляндыя) — Дынама (Мінск) (22:00)
– 7 лістапада. Легія (Польшча) — Дынама (Мінск) (20:45)
– 28 лістапада. Дынама (Мінск) — Капенгаген (Данія) (20:45)
– 12 снежня. Дынама (Мінск) — Ларн (Паўночная Ірландыя) (20:45)
– 19 снежня. Панацінаікас (Грэцыя) — Дынама (Мінск) (23:00).
Апошні раз беларускі клуб з’яўляўся ў асноўным этапе еўракубкаў восенню 2018 года, калі барысаўскі БАТЭ гуляў у групавым раўндзе Лігі Еўропы.