Футбольны клуб “Дынама Мінск”, падкантрольны рэжыму Лукашэнкі, прыляцеў у Хельсінкі, але размовы аб палітыцы абыходзіць бокам.

Галоўны трэнер мінскага “Дынама” Вадзім Скрыпчанка, сустракаючыся з журналістамі ў Хельсінкі, даў зразумець: ніякіх каментароў наконт палітыкі не будзе. На прэс-канферэнцыі ён заявіў, што каманда цалкам сканцэнтраваная на будучым паядынку.

Заўтра, 24 кастрычніка, хельсінкскі клуб HJK сустракаецца з мінчанамі ў рамках Лігі Канферэнцый. Гэты матч ужо набыў скандальную рэпутацыю, і справа тут не ў хельсінкскай камандзе, якая разлічвае на сваю першую перамогу ў турніры, а ў гасцях з Беларусі.

Беларусь, рэжым якой падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне, сутыкнулася з міжнароднымі санкцыямі. Яе спартоўцы адхілены ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях і міжнародных хакейных спаборніцтвах. Але футбол для беларускай зборнай і клубаў застаецца адной з нямногіх пляцовак для выступаў на сусветнай арэне.

Журналісты фінскага тэлеканала Yle спрабавалі закрануць пытанні, звязаныя не толькі з гульнёй, але і з палітычнай сітуацыяй, аднак трэнер і футбалісты “Дынама” адмовіліся іх каментаваць. Скрыпчанка з самага пачатку зрабіў акцэнт на тым, што абмяркоўваць будуць толькі матч.

– Вашы хатнія матчы ў Лізе Канферэнцый вы праводзіце ў Азербайджане. Чаму абралі менавіта гэтую краіну? Як каманда прывыкае гуляць без балельшчыкаў і што вы думаеце пра забарону праводзіць гульні ў Беларусі? – спыталі журналісты.

– Мы гуляем у Азербайджане па дзвюх прычынах, – адказаў трэнер. – Па-першае, у мінулым годзе мы ўжо выступалі там, і ўмовы нас задаволілі. Па-другое, лагістыка. З Мінска ў Баку ляціць прамым рэйсам, гэта зручна.

На іншыя пытанні пра ўплыў палітычнай сітуацыі трэнер адказваць адмовіўся: “Давайце толькі пра матч”, – сказаў ён.

Калі журналісты задалі пытанне пра магчымы байкот матчоў з беларусамі па палітычных матывах, Скрыпчанка адказаў: “Мы не разважаем пра ‘калі’. Мы ўдзельнічаем у сур’ёзным турніры і рыхтуемся да кожнай канкрэтнай гульні.”

Для HJK перамога ў матчы мае вялікае значэнне – каб трапіць у плэй-оф, камандзе патрэбныя 6 ачкоў. Адмова ад удзелу ў гульні з беларускім клубам аўтаматычна пазбавіць іх шанцаў на далейшае прасоўванне ў турніры.

Кіраўніцтва HJK не заняло выразнай пазіцыі адносна таго, ці павінна Беларусь быць адхіленая ад міжнародных футбольных турніраў.

– Мая пазіцыя нічога не вырашыць. Я займаюся футболам, а не палітыкай, – адзначыў галоўны трэнер HJK Тоні Каркеакуннас на прэс-канферэнцыі. – Ва Украіне адбываюцца жудасныя падзеі, але я магу гаварыць толькі пра спорт.