На жаль, і апошнія матчы ў еўрапейскіх клубных спаборніцтвах, а менавіта гульні “Дынама” (Мінск) не “падсаладзілі пілюлю”. Хоць беларускі клуб і абыграў гаротны “Ларн” (Паўночная Ірландыя) 2:0,у Грэцыі беларускую каманду ізноў напаткаў разгром – 0:4 ад “Панацінаікаса”.
У залік мінскаму клубу можна занесці хіба заробленыя прыстойныя грошы ў скарбонку каманды (амаль 5 мільёнаў еўра), а вось прадстаўніцтва беларускіх клубаў на еўрапейскіх кубках будзе скарочанае. Мінскі клуб заняў 33-яе месца з 36-ці… Цяпер толькі тры каманды з Беларусі будуць прадстаўляць нашу краіну ў еўракубках, бо пасля серыі паразаў Беларусь згубіла рэйтынгавыя ачкі ў кваліфікацыі UEFA. Як бы тое не было сумна, але, як гаворыцца, “што маем, тое маем”.
“Прэсбол” прывёў выказванні фанаў “Панацінаікаса” пра гэты бязрадасны для беларусаў матч: “Маглі забіваць 10, ад “Чэлсі” “Дынама” прапусціла б 20. Гулялі з сялом…”
Ставіць іншыя здзеклівыя выказванні датычна беларускага клуба не будзем – няма аніякага сэнсу ў тым, каб далей смакаваць прыніжэнне ды траўмаваць пачуцці заўзятараў.
Гульцы “Дынама” (Мінск) святкуюць забіты гол.
Проста трэба рабіць высновы, разбірацца ў праблемах ды пачаць іх вырашаць. Ды і “пасыпаць галаву попелам” таксама не варта: дыягназ ужо пастаўлены і ён досыць сур’ёзны. Беларускі футбол дэградаваў на ўсіх узроўнях: ад нацыянальнай зборнай і моладзевай да клубнага чэмпіянату. Пасля досыць абнадзейвальнай эпохі БАТЭ, які цягнуў за сабой прагрэс, і ў іншых беларускіх камандах адбылася стагнацыя. Трапілася спалучэнне шэрагу палітычных, эканамічных ды, уласна, спартыўных выклікаў, якія балюча ўдарылі па беларускім спорце, і па футболе ў тым ліку. Варта адыходзіць ад істэрычнага войкання ды шукаць шляхі для ўздыму, бо ёсць і добрыя спецыялісты, і таленавітыя юнакі, і непаганая спартыўная база, патрэбная правільная і адказная стратэгія.
Застаюцца пытанні да Міністэрства спорту, якое дзеля кан’ектуры прыняло некалькі вельмі дурных і разбуральных рашэнняў. Напрыклад, як забарона гуляць у беларускім футболе гульцам, якія падтрымалі вядомыя пратэсты. Пытанне не толькі ў тым, што шэраг цудоўных хлопцаў выкінулі з сістэмы нацыянальнага футбола, але праз гэта адбыўся псіхалагічны ўдар па заўзятарах, камандах. Такая брыдкая нізасць… Напэўна, спадар міністр падумаў, што выслужыўся праз гэтую забарону, а вось эфект ад падобнага кроку быў жахлівы.
Пасля апошняга матчу сезону трэнер “Дынама” Вадзім Скрыпчанка павіншаваў суперніка з перамогай: “Я мяркую, што пасля такой упэўненай перамогі суперніка камандзе, якая прайграла, ды ейнаму трэнеру не варта казаць многа слоў. На мой погляд, у многіх кампанентах супернік сёння быў лепшы… Але, канешне, сказалася выканаўчае майстэрства, добрая група атакі “Панацінаікаса”. Сёлета праз кваліфікацыю еўракубкаў мы трапілі ў асноўны раўнд Лігі канферэнцыяў. Гэта таксама для нас пэўнае дасягненне…”.
Трэнер “Дынама” Вадзім Скрыпчанка.
А вось распавесці аб прычыне такога мінорнага завяршэння сезону трэнер беларускай каманды не пажадаў, абыйшоўся агульнымі словамі, як не пажадаў і распавесці прычыну іншых 7 (!) паразаў і такой сітуацыі ў нашым футболе. Не сумняюся, заўзятары чакалі праўдзівых слоў, няхай і балючых, аднак праўдзівых, а галоўнае, прапаноў і думак на будучыню. Тое ж “Дынама” гуляла з вельмі сярэднімі еўрапейскімі клубамі, некалькі разоў былі відавочна роўныя па сіле супернікі, але ў вырашальны момант поспеху дабіваліся канкурэнты, а не мінчукі. Ці гэта не пракол трэнерскай брыгады?! Дарэчы, і пра свае планы спадар Скрыпчанка не адказаў, ці застанецца ён у камандзе невядома.
Некаторыя спецыялісты ў Беларусі скардзіліся, што БФФ пераўтварылася ў “сакрэтную арганізацыю з абмежаваным узроўнем допуску…”. Так, прынамсі, заявіў вядомы беларускі трэнер Анатоль Юрэвіч. Сталі нормай паседжанні без журналістаў, не вельмі зразумела, для каго тады гэта ўсё робіцца. У сакавіку 2023 года змянілася кіраўніцтва БФФ.
Мяркую, якая б улада не была ў дзяржаве, спорт мусіць быць адкрыты для грамадства. Давайце ўзгадаем выдатныя перамогі гішпанскага футбола пры генерале Франка альбо поспехі чылійцаў пры Аўгуста Піначэце, якіх дэмакратамі натуральна назваць цяжка… Аднак футбол у названых дзяржавах развіваўся, а нацыянальныя зборныя здабывалі цудоўныя перамогі.
Новае кіраўніцтва БФФ, старшыня Мікалай Шарстнёў ды намеснік – кіраўнік футбольнага клубу “Мінск” Андрэй Васілевіч – спрабуюць знайсці правільныя рашэнні. Аднак спадчына ім пакінутая досыць цяжкая. Напрыклад, цікавы паварот быў сёлета праз арганізацыю супрацы з Бразільскай федэрацыяй футбола, калі ў Мінск прыехалі зоркі бразільскага футбола. Таксама сталіцу наведаў Кевін Кураньі, адбыўся пошук трэнерскай кааперацыі.
Старшыня БФФ Мікалай Шарстнёў.
Хацелася б падумаць прафутбольных “дысідэнтаў”. Пара ўжо адкідаць ціхае грамадскае процістаянне – гэта шлях у тупік. Прынамсі такія думкі выказаў наш вядомы галеадор Віталь Кутузаў: “трэба вяртаць Ільлю Шкурына, я яго бачу ў нацыянальнай зборнай…”.
А з іншага боку, гэта было б прыгожым знакам прымірэння – вяртанне неардынарнага футбаліста ў нацыянальную зборную. Ды і задача для гішпанскага трэнера была б значна спрошчаная.
А вось сам Карлас Алос Ферэр застаўся задаволены вынікамі лёсавання: “У першую чэргу хацелася б сказаць, што гэтая група, напэўна, не будзе лёгкай ні для каго, ні для адной са зборных, якія выступаюць. Але пры гэтым я задаволены вынікам лёсавання – група мне ўяўляецца роўнай…”. Гішпанец заслугоўвае добрых слоў за свой настрой, але кожнаму зразумела, што станоўчы вынік можа быць праз неймаверныя высілкі.
Ёсць яшчэ адзін аспект, пра што нельга не сказаць, аб чым гавораць амаль усе беларускія спецыялісты. А.Глеб, распавядаючы пра гульню “Дынама”, быў досыць паблажлівы, паказваючы невыносную лагістыку для беларускіх каманд, бо гуляюць беларусы фактычна ўвесь час на чужых палях, з-за чаго стабільна губляюць частку ачкоў.
Вось дзе маглі б знайсці прыкладанне сваіх высілкаў многія беларускія спартоўцы ды грамадскія дзеячы за мяжой – выправіць тое, што самі ў пэўнай ступені і натварылі. І беларусы гэта б ацанілі. Як раз можна пачаць са спорту – вярнуць у Беларусь міжнародны хакей, баскетбол, гандбол, і натуральна, самы любімы від спорту – футбол!