Вольга Мазуронак – гэта яшчэ адна гераіня нашай падборкі, у прамым і пераносным сэнсе.
Як бы далей не склаўся яе лёс, беларусы на Бацькаўшчыне будуць памятаць яе перамогі ды тое золата ў Берліне, калі дзеўчына бегла ў часе крывацёку з носу, на мяжы страты прытомнасці. Сапраўды золата, здабытае і потым, і крывёю… Сусьвет не мог не ўзнагародзіць цудоўную спартсменку перамогай! Далей былі іншыя старты і перамогі.
Нарадзілася Вольга Мазуронак 14 красавіка 1989 года ў Карагандзе. Калі дзеўчыне было 11 гадоў, сям’я пераехала ў Беларусь. Легкаатлетка – сьпецыялістка па бегу на вялікія дыстанцыі і марафону.
Выступала за зборную Беларусі з 2005 года, чэмпіёнка Еўропы, пераможца буйных міжнародных забегаў на шашы, рэкарсменка краіны ў марафоне і паўмарафоне, удзельніца летніх Алімпійскіх гульняў-2016 ў Рыа-дэ-Жанэйра.
Заслужаная майстар спорту Рэспублікі Беларусь.
У 2006 годзе на Кубку свету па спартыўнай хадзьбе стала бронзавай прызёркай у камандным заліку.
У 2012 годзе вярнулася да актыўнай спаборніцкай практыкі, прыняўшы рашэнне паспрабаваць сябе на доўгай дыстанцыі. У тым жа годзе здабыла перамогу на Варшаўскім паўмарафоне, стала чацвёртай у заліку Балтыморскага марафону.
У 2014 годзе выйграла паўмарафон Тарнава-Падгурнэ, была лепшай на чэмпіянаце Беларусі ў Гародні на забегу ў 5000 і 10000 метраў, па тых жа дысцыплінах стала срэбранай прызёркай на Кубку Беларусі ў Брэсце.
У тым жа годзе ўзяла бронзу ў бегу на 5000 метраў на камандным еўрапейскім першынстве ў Таліне. На шашы выйграла паўмарафон у Шчэцыне і ў Мінску, стала трэцяй у паўмарафоне Крыніцы, узяла верх над усімі суперніцамі на Каліфарнійскім міжнародным марафоне.
У 2015 годзе ў бегу на 5000 метраў атрымала срэбраныя медалі на Сусветных вайсковых гульнях у Мунгёне і ў суперлізе каманднага чэмпіянату Еўропы ў Чэбаксарах. Заняла 9-ае месца на Лондаскім марафоне і была лепшай на Мінскім.
На Лонданскім марафоне 2016 года прыйшла да фінішу чацвёртай (саступіла ў напружанай барацьбе за трэцяе месца кенійцы Флорэнс Кіплагат), усталяваўшы пры гэтым дзеючы нацыянальны рэкорд Беларусі. Мазуронак выканала з вялікім запасам алімпійскі кваліфікацыйны нарматыў, патрапіўшы на Алімпійскія гульні ў Рыа-дэ-Жанэйра – тут у праграме жаночага марафону заняла пятае месца выніковага пратаколу. За гэтае дасягненьне па выніках сезону атрымала званне “Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь”.
У 2017 годзе Вольга выйграла срэбраны медаль на хатнім Кубку Еўропы ў Мінску ў бегу на 10000 метраў. Заняла другое месца на Валенсійскім марафоне.
У 2018 годзе Мазуронак здабыла перамогу ў марафоне на чэмпіянаце Еўропы ў Берліне, нягледзячы на моцны насавы крывацёк і прапушчаны паварот на фініш.
На чэмпіянаце свету ў Валенсіі ўсталявала нацыянальны рэкорд Беларусі.
У 2019 годзе спарцмэнка дадала ў свой паслужны спіс перамогу на Ганконгскім марафоне. Ва ўмовах спёкі бегла на марафоне ў Токіа, дзе заняла пятае месца. Была ў камандзе “зорных амбасадараў” Еўрапейскіх гульняў ў Мінску. На марафоне ў часе Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа заняла пятае месца (2:29:06), вышэйшае сярод еўрапейскіх бегуноў, прайграўшы чэмпіёнцы 1:46.
У 2024 годзе стала срэбраным прызёрам традыцыйнага марафону ў Лос-Анджэлесе. Але вынік не залічылі як адборачны на Алімпіяду, бо беларускіх легкаатлетаў не дапусцілі да Алімпійскіх гульняў, і апазіцыйных, і праўладных, і нейтральных…
Са старонкі Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі (12 жніўня 2018г):
“Вольга Мазарунок – чэмпіёнка Еўропы ў марафоне!”
Беларуская марафонка Вольга Мазуронак хутчэй за ўсіх пераадолела элітную дыстанцыю на чэмпіянаце Еўропы ў Берліне. Час чэмпіёнкі – 2:26:22.
Па ходу дыстанцыі Вользе прыйшлося пераадольваць цяжкасці. На пачатку забегу ў беларускі пачаўся крывацёк з носу, але яна справілася з нядужаннем і бліскуча завершыла марафон. Таксама ў першай дзясятцы фінішыравалі яшчэ дзве нашыя суайчынніцы, Марыя Даманцэвіч і Анастасія Іванова, што дазволіла Беларусі заваяваць камандны кубак у марафоне.”
(https://www.noc.by/news/olga-mazurenok-chempionka-evropy)
А вось вытрымкі пасьля перамогі ў Берліне з “Беларусь сегодня”:
“Вольга Мазуронак – чэмпіёнка Еўропы. Жаночая зборная Беларусі па марафону – з камандным кубкам. З гэтай перамогай Вольгу ды іншых нашых дзеўчын павіншаваў Аляксандр Лукашэнка:
“Твая перамога ў асабістым і камандным заліках – ня толькі значны спартыўны вынік, але і яскравы ўзор самаадданасці і мужнасці, на які мусяць раўняцца будучыя чэмпіёны. Каманда з гонарам прайшла знясільваючае выпрабаванне на трасе ў Берліне і заваявала камандны кубак, пацвердзіўшы сілу беларускай легкаатлетычнай школы. Вамі ганарыцца краіна.”
На вуліцах Берліна Мазуронак здзейсніла тое, што складана назваць інакш, чым спартыўным подзвігам. Кадры Мазуронак з акрываўленым абліччам, якая лідзіравала ў гонцы, абляцелі ўвесь свет. Пасля фінішу журналісты ўсіх краінаў спрабавалі высвятліць прычыны здарыўшагася на першым коле крывацёку і зразумець прычыны здарэння ды зразумець, як у такім стане Вольга змагла ўвогуле дабрацца да фінішу.
“Жудасна глядзелася, так? У Беларусі, напэўна, усе перапужаліся. Добра, што мама на працы – спаборніцтвы не бачыла. Але цяпер – напэўна па тэлебачанні паўсюль пакажуць…” – Мазуронак пасля фінішу крыху хісталася, але ўсё роўна знаходзіла сілы для ўсмешкі ды тлумачэнняў.”
(https://www.sb.by/articles/belorusskie-devushki-sdelali-zolotoy-dubl-v-mar)
Далікатны рост спарцмэнкі -160 см, вага 47-48кг, а спецыялізуецца на самай знясільваючай алімпійскай дысцыпліне – марафоне.
Вытрымкі з інтэрв’ю рэсурсу “Аматар”:
–Ваш першы від спорту- лыжы.
-У пятым класе настаўнік фізкультуры вырашыў, што ў мяне ды іншых дзеўчынак ёсць здатнасці ды накіраваў да свайго знаёмага трэнера ў СДЮШАР. Праз нейкі час дзеўчынкі перасталі хадзіць, а я год адхадзіла. А потым бацькі пераехалі ў Плешчаніцы і прыйшлося кінуць. Але там настаўніца па фізкультуры адвяла мяне да знаёмага трэнера Аляксандра Алегавіча Радзічава ў лёгкую атлетыку.
-Трэніруецеся на свежым паветры. Калі дрэнная пагода, як сябе прымусіць выйсці на вуліцу?
-Зразумела, што ў добры сонечны дзень бегаць намнога прыемней. Люблю бегаць, калі за акном 15-20 градусаў, калі няма яркага сонца ды ёсць аблокі. Іншая справа, калі непагадзь: дождж ці дождж са снегам. Але ў мяне ёсць мэта – марафон. Я разумею, што калі не пабягу, значыць, стану слабейшай. Калі сёння прапушчу трэніроўку альбо не дараблю да канца, аддам перавагу суперніцам. І на марафоне мне лягчэй не будзе. Мокнуць не вельмі прыемна, не хочацца, але збіраюся ды выхожу. Яшчэ ні разу з-за ападкаў трэніроўку не прапусціла…
-Вы неяк сказалі, што маеце кепскі характар. Як гэта праяўляецца на трэніроўках?
-Агулам мяккацелых у спорце мала. Мне падаецца, такія не выцягнуць. Да працы, асабліва калі гэта зборы, я стаўлюся вельмі патрабавальна. І да сябе, і да навакольля. І часам трэнер церпіць… зрывалася на яго…
Максімум, што я пераадольваю на трэніроўцы – 35км… І гэта не тэмпавы бег на час, а звычайная прабежка…
-Хадок Зьміцер Дзюбін распавядаў, што пасля аднаго старту так стаміўся, што адрубіўся на ложку ў нумары, не дайшоў да душу. З вамі такое здаралася?
-Я, наадварот, заснуць не магу. Не памятую такога, каб легла і адразу заснула. Звычайна засыпаю бліжэй да ранку. А пасля фінішу адразу іду ў душ. Кідаю ручнік, саджуся пад ваду і сяджу так вельмі доўга. А калі ёсць ванная, то дык яшчэ лепш – кладуся і рэлаксірую. Самаадчуванне пасля марафону так сабе, канешне. Мышцы ныюць, паясніца баліць – фізічна вельмі цяжка. Асабліва цяжка пасля Ганконгу было. Траса там вельмі цяжкая – адныя развязкі і масты. З аднаго збягаеш, на іншы забягаеш і так на працягу 42 кіламетраў. Да таго ж заўжды жахлівы вецер. Хадзіць зусім не магла – усё было закіслена.
(https://klbamatar.by/novosti/20201/2020_8/intervyu-olgi-mazurenok.html)
У 2020-ым годзе Мазуронак падпісала вядомы ліст спартоўцаў супраць рэпрэсіяў ды за адмену выбараў.
Вольга была адной з сямі з тых спартоўцаў, якія падпісалі апазіцыйны ліст, але патрапілі на Алімпіяду ў Токіа, дзе ізноў добра выступіла, заняла 5-ае месца, вышэй за ўсіх еўрапеек. Вольга не рабіла дэмаршаў, як Ціманоўская, змагалася на дыстанцыі за Беларусь. Аднак пазней, сутыкнуўшыся з паскудствам чыноўніцкага цкавання, зьехала з Беларусі ў ЗША.
Вось вытрымка з інтэрв’ю пасьля пераезду:
-Як вам удалося заявіцца на марафон у ЗША?
–Звярнулася непасрэдна да арганізатараў, і мяне бяз праблемаў дапусцілі негледзячы на беларускі пашпарт. Напэўна, гэта звязана з тым, што гэта быў не самы буйны марафон. Калі б праходзіў чэмпіянат Еўропы, свету альбо марафон катэгорыі Major (серыя найбольш прэстыжных), то, зразумела, ніхто б не даў стартаваць… А так заявілі без якіх небудзь дадатковых умоў.
Выканаць алімпійскі нарматыў сёння можна беларусам і ў іншых краінах – па крайняй меры марафонцам. Іншая справа, што прыйдзецца самому рабіць візу, плаціць за жытло і, магчыма, за ўдзел. Гэта вельмі затратна. Хочацца не проста стартаваць, але і нешта зарабляць. Лёгкая атлетыка для прафесіяналаў – праца. Патрэбна карміць сям’ю. Мне пашанцавала, што ў Лос-Анджэлесе змагла прыняць удзел нараўне з прадстаўнікамі іншых дзяржаў. (Вольга яшчэ не ведала, што Міжнародная асацыяцыя легкаатлетычных федэрацыяў забароніць усім беларускім атлетам выступаць на Алімпіядзе ў Парыжы.)
Увогуле ў Амерыцы па маіх назіраннях, на палітычныя моманты не зьвяртаюць увагу. Ведаеце, я так стамілая за гэтыя амаль чатыры гады… Гэта вельмі моцна падкасіла: і фізічна, і маральна.
-Засталіся задаволенай сваім выступам?
-Хвалявалася перад стартам, разумела, што даўно не спаборнічала. Першапачаткова прадумвала некалькі тактык, як весці забег. У выніку крыху перастрахавалася. Але працяглы прастой, як бачыце, апынуўся некрытычным. Канешне, нервавалася, што не выйграла, але задаволеная паказаным часам. Прыехала дадому пасля марафону, і было так добра на душы… Вярнулася ізноў на свой шлях. (Немагчыма без болю чытаць гэтае інтэрв’ю Вольгі. Усе надзеі на Алімпіяду нашай спартсменкі, магчыма апошнюю для яе, ды надзеі іншых беларускіх легкаатлетаў былі пахаваныя…)
-Цяжка ўявіць больш цяжкую дысцыпліну ў лёгкай атлетыцы, чым марафон. Што вас прымушае працягваць наматваць кіламетры?
-Па-першае, мне падабаецца бегаць. Душой люблю марафон. Па-другое, ёсць фанатызм у добрым сэнсе слова. І гэта, дарэчы, вашая думка, што марафон – самыя цяжкі від лёгкай атлетыкі…
-Жадаеце выступаць на трэцяй Алімпіядзе?
-Пры любым раскладзе, нават калі беларусаў раптам дапусцяць у Парыж і залічаць мой час у Лос-Анджэлесе як алімпійскі нарматыў, мае Гульні за Беларусь скончыліся.
Я не нярвуюся. Не дарма кажуць, што ЗША – краіна магчымасцяў. Мне патрэбна зарабляць. Не ведаю, чым займуся пасля кар’еры, пакуль нават не было часу толкам аб гэтым падумаць. Трэнерства – самы відавочны варыянт.
Шкада толькі, што пераезд здарыўся толькі ў мінулым годзе, а не дзесяць гадоў таму назад. Час не вернеш. Раней падавлася, што толькі падыхожу да піку выступаў, усё яшчэ наперадзе. А тут каранавірус, сямейныя праблемы, усе падзеі ў Беларусі і свеце… Кавалак жыцьця нібыта выпаў, і кар’ера хутка праляцела.
-Настальгія па дому яшчэ не зьявілася?
-Не. Мяне, канешне, пужалі і настойвалі сваякі, што буду плакаць, хацець пастаянна вярнуцца дадому. Але зараз такога няма. Можа, летам наведаем родных у Беларусі.
-Зьехалі з-за адсутнасці перспектыў у Беларусі?
-Мне там не давалі жыцця. Напрыклад, спрабавала адзін час адчыніць свой клуб па бегу – не дазволілі. Пакуль беларусы выступалі на міжнародных стартах, у Мінспорту баяліся санкцый Міжнароднага алімпійскага камітэту, калі на спартоўцаў будуць давіць з-за грамадзянскай пазіцыі. А ў цяперашняй сітуацыі, калі беларусы адсунутыя, можна лёгка перакрыць люзям кісларод.
У нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы мяне ў асноўным паважалі і падтрымлівалі. Усе праблемы былі з-за міністра спорту Сяргея Кавальчука. Гэта пачалося яшчэ перад Алімпіядай у Токіа. З часам нічога не змянілася. Заставацца ў такіх умовах не бачыла сэнсу. Дарэчы, калі вырашыла звольніцца, Кавальчук сказаў, як мне перадалі, наступнае: “Ад Мазуронак няма карысці дзяржаве”. Для тых, хто не ў курсе: каб звольніцца з нацыянальнай каманды, патрэбна прайсці ўзгадненні ў Мінспорту.
Так што звольнілася я без праблем і са спакойнай душой. Хачу сказаць вялікі дзякуй усім, хто быў са мной побач амаль 20 гадоў, хто падтрымліваў мяне, хто верыў і нават не верыў. Зараз я пастараюся пачаць новы спартыўны шлях, але ўжо на іншым месцы.
-Няўжо Кавальчука не турбуюць спартыўныя вынікі, каб не старацца зьберагчы лепшых атлетаў?
-Ды кіньце. Ён прыцягнуты кантраляваць зусім іншае. Проста піднуе за ўсімі. Які спорт? Я вам скажу, што цяперашняя сітуацыя Кавальчуку на карысць, як і многім спартыўным функцыянерам. Міжнародных спаборніцтваў няма, таму можна прывезьці купу медалёў са спаборніцтваў з расіянамі і пахваліцца гэтым.
-Як ставіцеся да таго, што беларускіх спартоўцаў адсунулі пасля пачатку вайны ад міжнародных стартаў і пакуль толькі некаторых вярнулі ў нейтральным статусе?
-Тут выходзіць замкнёнае кола. З аднаго боку, відавочна, хто ва ўсім віноўны. Аніводны бан не параўнаецца са смерцямі людзей, да якіх прыйшлі з вайной. Карыстаючыся выпадкам, пажадаю, каб ва Украіну скарэй прыйшоў мір. З іншага боку, шкада атлетаў. Згодная, што нельга было дапускаць тых, хто падтрымлівае дзеянні Расеі. Але такіх персанажаў было няшмат. А астатнія? Любы адэкватны чалавек супраць вайны. Аднак зьмяніць сітуацыю ніхто са спартоўцаў не ў сілах. Іхнае адхіленне ні на што не паўплывала.
(https://news.zerkalo.io/cellar/63966.html)
Праглядаючы інтэрв’ю нашай чэмпіёнкі, бязумоўна чытаецца крыўда на ўладу, на істотаў, якія падмянілі служэнне беларускай дзяржаве пераследам звычайных людзей, спартоўцаў. Калі міністр спорту зьневажае ды пераследуе спартсменку, якая прыносіла медалі дзяржаве, гэта скрайняя, халопская нізасць… Падобны ўчынак не мае апраўдання і абражае кожнага беларуса.
І ўсё ж спартоўцам, якія сталі ахвярамі палітычнай барацьбы, якіх абражаў дзядзька ў крэсле, варта не забывацца, дзеля каго яны выступалі, ахвяравалі здароўем ды здабывалі медалі?! Ну няўжо для міністраў ды іхных намесьнікаў?!
Беларусь – гэта не толькі прыхлябаі у чыноўніцкіх крэслах. Дарэчы, такія далёка не ўсе. Мы ўжо ставілі інфармацыю пра таго ж Сяргея Рутэнка, які адстойвае дыялог з людзмі, а не рэпрэсіі і не дапускае хамства.
Падаецца, будзе несправядліва крыўду на кар’ерыста ды прыставанца пераносіць на ўсю дзяржаву.
Пераехаўшы ў Штаты, Вольга знайшла ў сабе сілы ды выканала алімпійскі нарматыў пасля ўсіх падзеяў, бяз трэніровак, ізноў здабыла медаль на марафоне ў Лос-Анджэлесе. У яе словах пасля апошняй перамогі бачны спадзеў на справядлівасць, на спартыўныя прынцыпы. Усе надзеі, як мы цяпер ведаем, будуць знішчаныя спартыўнай бюракратыяй, якая банальна расправілася з беларусамі, без віны і скрайне жорстка.
Каму ўвогуле дапамаглі гэтыя кандовыя санкцыі датычна беларусаў? Мелі рацыю тыя дзеячы, якія папярэджвалі пра бяду ў выпадку ізаляцыі Беларусі, адразання ад дыялогу ды супрацы з Захадам, што скончыцца паглыбленнем пераследу ды падпарадкаваннем Расеі.
Наперадзе ў беларусаў будзе той самы дыялог, пра які многія кажуць, але якога пакуль няма. Аднак гэта непазбежнасць. Ня варта сябе цешыць байкамі пра хуткую перамогу дэмакратыі ды зрынанне “крывавага рэжыму”. Будзе цяжкі шлях паразумення, але гэты працэс абавязкова будзе, раней ці пазней.
Мы зычым нашай цудоўнай спартсменцы знайсці сябе ў горадзе Анёлаў, і спадзяемя, што ў яе ўсё будзе добра! І хоць сама Вольга не бачыць сябе ў Беларусі, яе прыхільнікі на Радзіме памятуюць гэтую маленькую дзеўчынку з такой моцнай воляй.
(Васіль Додзік)