“Шахеды” гараць на Палессі…

"/>
Aleksander Apeykin
09.09.2024

Апошнія тыдні сітуацыя вакол Беларусі не сціхае, а хваля ідзе за хваляй, вайсковыя гульні на мяжы, ультыматыўная заява МЗС Украіны і… абвяржэнне з боку арміі ды Рады бяспекі Ўкраіны, збітыя расейскія “Шахеды” і вызваленне чарговай групы палітычных вязьняў.

Да ўсяго гэтага дадаецца цяжэйшая сітуацыя на расейска-украінскім тэатры баявых дзеянняў. Баі пад Курскам, баі пад Пакроўскам, тэрарыстычныя па сутнасці атакі расейскіх войскаў па ўкраінскіх гарадах з выкарыстаннем балістычных ракет. Падзеі рушаць патокам, і нават не хапае часу паспяваць іх грунтоўна разбіраць.

Украінскія вайскоўцы. Аўтар: Генштаб ВСУ

Украінскія вайскоўцы. Аўтар: Генштаб ВСУ

 

Палітычны шторм вакол Беларусі доўжыцца, і магчыма зараз у такой сітуацыі свядома не варта падліваць масла ў агонь – бо гэта справа свалачная і небяспечная для краіны. Аднак жа маем за край розных аматараў правакаваць ды падпаліць беларускую хату.

Вельмі сумнае і трагічнае становішча ў журналісцкім цэху, практычна знікла аб’ектыўнасць і годнасць, пануе заангажаванасць і самая брутальная каньюнктура.

Блогеры ды розныя раскручаныя ў 20-ым годзе спікеры навыперадкі віталі спрэчную заяву ўкраінскага МЗС. Нават некаторыя абазваныя патрыёты эмігранцкага пулу ўзахлеб кінуліся абсмоктваць тэму мажлівага ўварвання з боку Украіны на Беларусь. Узгадаем, што ў вядомай заяве ўкраінскага знешнепалітычнага ведамства вымагалася ад беларускай арміі адыйсці на дыстанцыю недасягальную тэрыторыі Украіны, ды наганяўся страх на ўкраінскіх грамадзянаў “скапленнем беларускіх войск”. Але літаральна ўслед рушыла заява Дзяржаўнага памежнага камітэту Украіны ды РНБО Украіны пра тое, што на сёння няма рэальнай пагрозы з боку Беларусі, праўда яе радыкалы не заўважылі. Некаторыя нашыя калегі навучыліся ігнараваць альтэрнатыўныя галасы ды раздзмухваць тое, што ўпісваецца ў парадыгму эскалацыі.

Беларуская армія ўпарта працуе / nara.lt

Беларуская армія ўпарта працуе / nara.lt

 

Эскалацыя вайны тлумачыцца шэрагам вайсковых экспертаў вымерваннем варыянтаў перамір’я, кожны з бакоў жадае набраць пабольш казырэй у выглядзе тэрыторыяў ды ключавых аб’ектаў інфраструктуры, гарадоў і сёл, АЭС і ТЭЦ, дамбаў, выгодных шляхоў. Украінцы бароняць сваю радзіму, а расіяне вядуць цынічны імперскі захоп чужога.

Аднак то прэмьер Індыі Н.Модзі, то кітайскія лідэры, то заходнія, то прэзідэнт У. Зяленскі, то дыктатар У. Пуцін прагаворваюцца пра нейкія інтэнсіўныя закулісныя перамовы ў пошуку сцэнароў прыпынення вайны. Няма сумневу, што адбываюцца актыўныя кансультацыі.

Зразумела, што і кіраўніцтва Беларусі не можа не ведаць пра гэтыя расклады, тым больш актуальнымі ў логіцы набліжэння да выбараў. Працягваецца інтэнсіўнае ўзаемадзеянне беларускага ўраду з кітайскімі калегамі. 5 верасня А.Лукашэнка правёў чарговую сустрэчу з амбасадарам Кітая ў Беларусі спадаром Се Сяоюнам, які завершыў сваю дыпламатычную місію ў краіне. З кітайскімі дзяржаўнымі персонамі цяпер кіраўнік Беларусі сустракаецца часцей, чым з расейскімі.

Нельга не заўважць нарастанне супярэчнасцяў між Масквой ды Кітаем датычна афіцыйнага Мінску, а некаторыя пагадненні з паднябеснай фактычна супярэчаць дамовам з Расеяй.

лукашэнка, Сі Цзіньпін, пуцін / скрыншот YouTube

лукашэнка, Сі Цзіньпін, пуцін / скрыншот YouTube

 

Таксама бяз падтрымкі КНР наўрадці б адбыліся такія яскравыя развароты да Захаду, ад якіх расейскія z-прапагандысты заходзяцца лаем. Бязвіз для грамадзянаў заходніх дзяржаў, рэзкая нармалізацыя на мяжы (прагучала інфармацыя пра падрыхтоўку міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з нелегальнай міграцыяй, ўзбясіўшая некаторых ліберальных спікераў), працягваецца вызваленне палітычных. Дарэчы палітычных вызваляюць групамі па некалькі дзясяткаў чалавек, у чым ёсць свая логіка для ўлады, бо калі выйдзе адразу паўтысячы, існуе страх пэўных хваляванняў. Насамрэч страхі яўна перабольшаныя, няма аніякіх падстаў для забурэнняў, але ўлада дзейнічае па сваіх парадыгмах. Тым не менш, чакаецца, што да Новага году на волю па амністыі выйдуць каля 500-600 палітычных зняволеных.

Вольга Новікава, Ірына Санкоўская, Ксенія Луцкіна

Вольга Новікава, Ірына Санкоўская, Ксенія Луцкіна

 

Але, што сапраўды прывяло ў шок заходніх наглядальнікаў і журналістаў, гэта збітыя беларускімі вайскоўцамі расейскія “Шахеды”. У матэрыяле той жа Deutsche Welle ды BBC прысутнічала разгубленасць, маўляў, “гэта як, Румынія і Польшча прапускаюць, а гэтыя да краю залежныя ад Масквы, калашмацяць толькі так?!.”

Беспілотнік "Шахед" / Reuters

Беспілотнік “Шахед” / Reuters

 

Гэта цікавая хада падзеяў, з улікам відавочнай страты ўплыву віленскай ды варшаўскай групаў апазіцыі на сітуацыю ў Беларусі. Даюцца скандальныя інтэрв’ю, пафасныя заявы, але бачнае змяншэнне інтэрасу заходніх колаў да штабоў апазіцыі за мяжой. Трэба вызнаць, што і структуры гэтыя робяць усё, каб скарэй сканаць. Аніякіх новых думак, прапаноў, пошуку дыялогу з беларусамі ў Беларусі. Нібыта як грае заезджаная пласцінка пра “крывавы рэжым”, накідванне неправеранай і часта гнюснай інфармацыі, рэгулярныя заклікі “ударыць па Беларусі”, адсутнасць здаровага сэнсу. Апошняя заява Святланы Ціханоўскай пасля збітых Узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь бяспілотнікаў, гэта крызіс жанру: ”Вайна падкрадаецца да Беларусі, і мы павінныя яе спыніць…” Нагнятанне страху бачнае, а вось як Ціханоўская плануе спыняць вайну, цалкам не ясна. Гэта не перашкаджае заходнім СМІ далей праслаўляць Святлану Георгіеўну. BBC выдала мульку, што гэта “праз кансультацыі спадарыні Ціханоўскай з амбасадарамі ЕЗ адбываецца вызваленне палітычных…”. Ні з кім з прадстаўнікоў апазіцыйных штабоў беларускія ўлады размаўляць не будуць, гэта відавочна.

Апошнімі палітычнымі рашэннямі А.Лукашэнка ўмацаваў свае пазіцыі сярод часткі грамадства, аднак нанёс шэраг досыць непрыемных шчалбаноў Маскве, і не варта сумнявацца, што там не заўважаюць фартэлі саюзніка. Свой жалезны электарат у 30% цяперашні рэчаісны кіраўнік Беларусі канешне мае, аднак жа за 30 гадоў улады народ стаміўся ад аднаго і таго ж аблічча. Нават з накручваннем сцэнар “элегантнай перамогі” можа не прайсці.

Таксама можна пагадзіцца з думкай, што гэта пачатак палітычнага дыялогу. Шэраг экспертаў называюць гэта “пачаткам палітычнага гандлю”, аднак што не з’яўляецца гандлем у палітычнай барацьбе? Лукашэнка канешне шукае выйсця з сітуацыі, і разглядае як сцэнары свайго ўдзелу ў выбарах, так і транзіту ўлады. Крэмль, відаць па ўсім, не ўхваляе намеры А.Лукашэнка, ды вымагае перадачы ўлады па расейскаму трэку ды фактычнага аншлюсу беларускай дзяржавы.

Расія хоча захапіць Беларусь / Getty Images

Расія хоча захапіць Беларусь / Getty Images

 

Існуе інфармацыя, што Масква рыхтуе сваю праграму дзеянняў дзеля “кардынальнага пералому ў Беларусі” ў бліжэйшыя месяцы і з прыцэлам на 25-год. Цяпер крамлёўскім стратэгам прыходзіцца прадумваць камбінацыю – ня толькі як перашкодзіць пацяпленню Беларусі з Захадам, але і як адрэзаць Беларусь ад Кітая. Апошнім часам на шоў вядомага расейскага прапагандыста У.Салаўёва ўсё часцей гучаць выпады як супраць Лукашэнкі, так і супраць Кітая, які “вядзе шашні з Амерыкай”. Добра прылажыцца па Беларусі ў сваёй улюблёнай “мядзьвежай манеры” праз эканамічны шантаж, рост правакацыяў, інфармацыйную вайну – пакуль не выпадае, вайна ва Украіне замінае. Аднак наперадзе спякотная восень, і пэўна вельмі цяжкая зіма…