Mы адкрываем цэлую серыю захапляльных публікацый пра легендарны гандбольны клуб СКА (Мінск) – адну з найвялікшых каманд у гісторыі сусветнага гандболу.
У пяці частках мы ўзгадаем залатыя гады, гучныя перамогі і выбітных асобаў, што зрабілі мінскі СКА сімвалам цэлай эпохі.
Гэта першы матэрыял з нашай серыі лонгрыдаў – далучайцеся да святкавання вялікай гісторыі разам з намі!
Мінскі СКА: лідэр сусветнага гандболу 80-ых-пачатку 90-ых ХХ-га стагодзьдзя!
Пачаўшы вяртаць нашчадкам гісторыю ды славу вялікіх беларускіх спартыўных перамог, мы вырашылі гісторыі клубаў ды зборных распачаць з гандбольнага СКА. Аповед пра вялікі клуб з вялікай гісторыяй, якой можа ганарыцца і захапляцца кожны беларус!
У 1980-ых мінскі СКА ўшчэнт граміў усіх навокал: ад маскоўскага ЦСКА ва ўнутраным, савецкім дворыку да нямецкага “Гроссвальштадта” і “Барселоны” на сусветнай арэне. СКА пад кіраўніцтвам геніяльнага Спартака Мірановіча тварыў гісторыю.
Як гэтаму трэнеру ўдалося выхаваць столькі чэмпіёнаў? Адкуль ён даставаў такія таленты? Дзе навучыўся са звычайных спартоўцаў рабіць гандбольныя брыльянты?
У другой палове 80-ых мінскі СКА да таго распесціў сімпатыкаў каманды вялікімі перамогамі і трафеямі, што нават срэбраныя медалі саюзнага першынства ўспрымаліся як няўдача. А тады савецкі чэмпіянат быў мацнейшы ў свеце!
Выдатны СКА быў неаспрэчным аўтарытэтам у Еўропе, выйграваўшым купу самых прэстыжных спаборніцтваў! Замежныя журналісты называлі нашую каманду “чырвонай машынай” і “савецкімі ракетамі”…
Беларусы палюбілі гэтую цудоўную гульню і захапляліся сваёй камандай. У час эпохі СКА гандбол у Беларусі не саступаў па папулярнасьці футболу.
У нашым аповедзе пра СКА крыху распавядзем пра гэты від спорту і як ён трапіў у Беларусь. Аднак на пачатку ўзгадаем адзін з самых драматычных фрагментаў клубнай гісторыі – матчы фіналу Лігі чэмпіёнаў са “Сцяўа” (Бухарэст).
Легендарнае супрацьстаянне
Першы матч фіналу Лігі чэмпіёнаў у Бухарэсце пры шалёнай падтрымцы сваіх заўзятараў румынскі клуб “Сцяўа” выйграў у мінскага СКА.
Распавядае былы гулец Аляксандр Маліноўскі СКА: “Калі мы толькі з’явіліся на пляцоўцы, гледачы адразу пачалі свістаць і шумець. Побач са мной стаяў Юра Шаўцоў, памятую ягоныя словы: “Гэта яшчэ лухта. Паслухаеш, што будзе, калі яны сустрэнуць сваіх”. На ўстаноўцы Спартак Мірановіч сказаў, што трэба вытрымаць першыя пятнаццаць хвілінаў. Але нам гэта не ўдалося. Супраць румынаў патрэбна было гуляць вельмі агрэсіўна. Але ўзнікла адчуванне, што рослыя румыны нас не заўважылі і кідалі з любых пазіцыяў.”
СКА пасля першага тайму прайграваў восем мячоў. Са слоў Аляксандра Маліноўскага, ў раздзявалцы Спартак Мірановіч зьвярнуўся да гульцоў: “Давайце хоць годнасць зберажом і не прайграем шмат”.
“Тая гульня ў нас проста не склалася. Мы маглі б саступіць, але не шэсць мячоў – гэта было занадта шмат. Каманада разгубілася, не пайшло – і ўсё…” – лічыць другі трэнер тагачаснага СКА Леанід Бразінскі.
Адразу пасля матчу армейцы адчувалі сябе падаўленымі. А вось румыны, насупраць, ледзь не пачалі святкаваць выніковую вікторыю прама на сумеснай вячэры.
“Яны паводзілі сябе досыць нахабна, – узгадвае Шаравараў. – Таму, што мы істотна скарацілі адставанне, вялікай вагі не надавалася. Мы сядзелі за рознымі сталамі, але хлопцы, якія выступалі за зборныя, адзін аднаго ведалі, і ад румынаў да нас даляталі рэплікі кшталту такой: “Колькі вы жадаеце атрымаць у Мінску, каб не было сорамна? Нас гэта тады зачапіла і сур’ёзна распаліла.”
Магчыма многія маладыя беларускія спартыўныя заўзятары мала ведаюць пра тыя цудоўныя баталіі нашага СКА. Адна з найбольш яскравых была ў супрацстаянні з румынскім “Сцяўа”, гандбольным суперклубам з Бухарэсту ў 1989 годзе. У першым матчы ў сталіцы Румыніі СКА прайграў з разрывам у шэсць галоў, але беларусы не былі зламаныя. Хоць такую паразу выправіць мала каму выходзіла ў Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў.
На той час у Румыніі быў магутны спорт, футбольны клуб “Сцяўа” ў 1986-ым заваяваў Кубак чэмпіёнаў і Суперкубак УЕФА. Гэтаксама набрала ход і гандбольная каманда. У тым сезоне “Сцяўа” не пацярпеў аніводнай паразы, ехалі румыны ў Мінск ужо адчуваючы сябе пераможцамі.
Гульцы СКА не збіраліся здавацца! Перад матчам у адказ армейцы дні напралёт, нават адпачываючы ў гатэльных нумарах, абмяркоўвалі драбнейшыя дэталі свайго плану. Гэта быў узор ідэальнай канцэнтрацыі каманды на вырашэнне доляноснай задачы.
Важнае значэнне надавалася не толькі тактычным схемам, але нават такому нюансу, як гульнявая форма. Белы бухарэсцкі камплект забракавалі як “нефартовы” – вырашылі выйсці на матч ва ўсім чырвоным.
Прыхільнікі нашай каманды верылі ў сваіх хлапцоў, на матчы ў Мінску быў аншлаг. Людзі сядзелі на прыступках, на падлозе, у праходах. Палац лёгкай атлетыкі яшчэ не бачыў столькі народу…
Сяргей Новікаў – вядучы гандбольны журналіст Беларусі, тады казаў: “Ніколі дэфіцыт у мячах не быў такі вялікі, і ніколі не быў такі моцны супернік. А таму бяз страху і сумневаў, “наперад, хлопцы!..”. Непазнавальны сёння Палац лёгкай атлетыкі, аніводнага вольнага месца. За паўгадзіны да пачатку ўсе месцы на трыбунах ужо былі занятыя…”.
Узгадвае вядомы матч са “Сьцяўа” правы крайні СКА Канстанцін Шаравараў: “Нам належыла адыграць сем мячоў. Заходзім у залу, а там усё зроблена ў еўрапейскім стылі. Трыбуны пастаўленыя па ўсіх баках пляцоўкі, першы шэраг у самай броўкі. Грукат стаіць няўяўны, заўзятары абодва таймы гналі нас наперад. Мірановіч нават не стаў нічога казаць: маўляў, вы самі бачыце, чакаюць ад вас толькі перамогі. Насіліся, як чэрці, кожны гол сустракалі так, быццам выйгралі Алімпіяду. Гэтага ніколі не запамятую…”.
Матч пачаўся, і Аляксандр Тучкін выводзіць сваю каманду наперад. Адразу контратака румынаў, Васіле Сцінга – капітан “Сьцяўа” кідае, і брамнік Анатоль Галуза ратуе вароты.
Абмен галявымі кідкамі, 2:2.
Якімовіч забівае, нашыя павялі.
Юрый Шайцоў пасля цудоўнай камбінацыі – 4:2.
Здаравезны Марыян Думітру выдзяляецца, гол у вароты беларусаў.
Адразу Тучкін сваёй гарматай, у левы кут варотаў, румынскі брамнік нават не паварушыўся…
Думітру – чацьвёрты гол у нашыя вароты. Да таго ізноў выдаленне ў СКА.
Пяты гол румынскай каманды, лік скарачаецца да мінімуму, 6:5.
Шаравараў вырываецца на ўдарную пазіцыю, гол! 7:5.
У абароне мінчукі адбіваюцца. Беларусы нарошчваюць тэмп, наўпрост шалёная хуткасць…
СКА гуляе ў цалкам нечаканы для румынаў гандбол. Схема 3×3, калі супернікаў нейтралізуюць яшчэ на дальніх подступах. Але гэта надзвычай энэргетычна расходная гульня, выключная фізічная нагрузка. Ці хопіць нашым хлопцам сілаў?
Тучкін нібыта ўзлятае над пляцоўкай, кінжальны стрэл – гол!
Нашыя перахопліваюць мяч у збянтэжаных гульцоў суперніка, Канстанцін Шаравараў – гол, 9:5! Ідзе абмен галамі.
Галуза бярэ мяч, пас у адрыў, Шайцоў – мяч у варотах “Сцяўа”. Армейцы зраўнялі лік па суме дзвух матчаў, 15:8.
Але румынскія гульцы бяруць сябе ў рукі – 15:9, 15:10. Каманда з Бухарэсту пачала навязваць сваю гульню. Ізноў атака на вароты беларусаў – Галуза зноў бярэ кідок славутага Сцінгу.
Вызначаецца ў які раз Аляксандр Тучкін.
Галуза бярэ яшчэ кідок Сьцінгу, Каршакевіч робіць фантастычны, хітры пас Свірыдэнку ў разрэз, і гол! Нашыя сыходзяць у адрыў! Капітан румынскай каманды з усёй сілы шпурляе свой трэніровачны касцюм некуды пад ногі ад злосці…
Якімовіч – 21:11!
11-ы гол Тучкіна, 23:12.
Маліноўскі – 25:12…
Сем метраў у нашыя вароты. Галуза бярэ! Адразу атака мінчукоў, 26:14!
Тучкін, мяч за спіной брамніка ад адной штангі коціцца да другой… і крыўдна залятае ў вароты. Румынскі брамнік бье рукой у штангу.
Армейцы не спыняюцца, Шаравараў з пераводам мяча ўжо ў паветры, вышэйшае майстрэства, у бліжні кут – гол! 29:16!
Георгій Свірыдэнка – гол, за ім чарговая гармата Якімовіча! 32:17!
Сяргей Новікаў:” Чаго заўгодна чакалі румынскія гандбалісты, але не такога…”
Шаравараў, Маліноўскі, Якімовіч грамяць румынаў далей!
“Усё! Перамога накаўтам!” – С.Новікаў.
Але што творыцца на арэне, сотні заўзятараў кінуліся на пляцоўку да сваіх улюблёнцаў, людзі крычаць, скачуць, пераможцаў гушкаюць на руках, абдымаюць, ціскаюць. Усё змяшалася, шчаслівыя абліччы людзей! Каршакевіч нават зацмоканы прыхільнікамі, раззлаваўся ды схаваўся за лаўкай запасных. У Палацы лёгкай атлетыкі, як і ва ўсім Мінску, сёння спартыўнае свята, вялікая перамога мінскага СКА над тытулованым супернікам! Сяргей Новікаў: “Мінуюць гады, але беларускія заўзятары запамятаюць гэтыя імгненні, гэтыя часы як эпоху Спартака Мірановіча!”
Мне падаецца, што беларусы запамятаюць усіх сваіх гандбольных герояў, вялікі СКА (Мінск)!
Дзякуй, што прачыталі! 💙
Працягваем ужо заўтра — у другой частцы гісторыі мы паглыбімся ў самыя яркія старонкі залатога перыяду СКА Мінск. Не прапусціце!
Аўтары: Васіль Додзік, Ігнат Скарчэня
Дызайн: Oлена Дiя, Валянцін Гольдштэйн
Рэдактары: Аляксандр Апейкін, Валянцін Гольдштэйн