ЛЕГЕНДАРНЫ БЕЛАРУСКІ І САВЕЦКІ БАРЭЦ АЛЯКСАНДР МЯДЗЬВЕДЗЬ

"/>
Aleksander Apeykin
02.09.2024

СЫЙШОЎ З ЖЫЦЬЦЯ ЛЕГЕНДАРНЫ БЕЛАРУСКІ І САВЕЦКІ БАРЭЦ АЛЯКСАНДР МЯДЗЬВЕДЗЬ

У 2005 г. Аляксандр Мядзьведзь быў прызнаны лепшым барцом вольнага стылю ў гісторыі спорту і ўведзены ў Залу спартыўнай славы барацьбы. Яго таксама вызналі лепшым спартоўцам Беларусі XX стагодзьдзя.

Беларусы любілі Аяксандра Мядзьведзя, і ён адказаваў тым жа. Пасьля завяршэньня спартыўнай кар’еры Мядзьведзь стаў трэнерам, і выдатным трэнерам, папулярызаваў барацьбу, знаходзіў выдатных маладых спартоўцаў. Ёсьць бяз сумневу вялізны ўнёсак гэтага чалавека ў станаўленьне беларускай школы барацьбы, у перамогах нашых чэмпіёнаў!

Аляксандр Мядзьведзь. Фота з адкрытых крыніц.

Аляксандр Мядзьведзь. Фота з адкрытых крыніц.

————

Кожны беларус ганарыцца перамогамі Аляксандра Мядзьведзя, хоць далёка не ўсе ведаюць, што нарадзіўся Аляксандр Васільевіч Мядзьведзь ва Ўкраіне ў горадзе Белая Цэркаў, што неўздалёк ад Кіева, 16 верасьня 1937 г.

Перш чым Аляксандр Мядзьведзь прыйшоў у барацьбу, ён пасьпеў паспрабаваць сябе ў розных відах спорту: у футболе, спартыўнай гімнастыцы, гандболе.

Бацька будучага чэмпіёна, Васіль Зіноўевіч, быў першым настаўнікам будучага чэмпіёна. Ён працаваў лясніком і ставіў перад сынам цьвёрдую ўмову: перш, чым ісьці на трэніроўку, той мусіў накалоць куб, а то і два дубовых дроў. Як вызначылася пазьней, менавіта гэтая “размінка дрэвасека” стала вялікім плюсам у спартыўнай, барцоўскай кар’еры Аляксандра Мядзьведзя. Дзякуючы гэтай размінцы, хлопец натрэніраваў моцныя запясьці, а мышцы рук набылі незвычайную эластычнасьць.

Адбыўся ў маленстве Аляксандра Васільевіча і адзін эпізод, які мог каштаваць яму жыцьця. У часе нямецкай акупацыі 6-ці гадоваму хлапчуку прыглядзеўся пісталет нямецкага афіцэра, які кварціраваўся ў сям’і. Сям’ю паставілі да сценкі, але немец стрэліў паверх галавы. Смерць абмінула будучага чэмпіёна…

Аляксандр Мядзьведзь вызнаваўся, што ня вельмі любіў вучыцца, таксама распавядаў пра бойкі з іншымі хлапцамі, нікога не крыўдзіў, але і нікому не пакараўся. І часам некалькі школьнікаў нападалі на Аляксандра, аднак на заўтра Мядзьведзь уставаў раней за іншых, сустракаў па дарозе ў школу сваіх абідчыкаў ды вучыў розуму па аднаму.

У 1956 годзе Мядзьведзь быў прызваны ў войска, а службу праходзіў у танкавых вайсках Беларускай вайскова акругі. Пасьля шэрагу спробаў у розных відах спорту патрапіў на трэніроўку па барацьбе, дзе амаль адразу прыцягнуў да сябе ўвагу. У Аляксандра выявілася дзівосная здатнасьць запамінаць тэхнічныя прыёмы, удасканальваць іх і знаходзіць нечаканае для супернікаў выкарыстаньне. Таксама трэнеры заўважылі іншую якасьць Мядзьведзя – поўная бясстрашнасьць. Яму было ўсё роўна з кім уступаць у паядынак, з любым тытулованым спартоўцам ён змагаўся на роўных і перамагаў. Менавіта ў войску Аляксандр Мядзьведзь здабыў свае першыя перамогі. Стаў чэмпіёнам Беларускай вайсковай акругі. Там жа Мядзьведзь пазнаёміўся са сваім будучым настаўнікам Паўлам Грыгор’явым, заслужаным трэнерам БССР і СССР. Пасьля дэмабілізацыі паступіў у Вышэйшую школу трэнераў пры Беларускім дзяржаўным інстытуце фізічнай культуры. Там лёс звёў яго з іншым беларускім трэнерам Балеславам Рыбалка. Гэтыя трэнеры пройдуць разам са спартоўцам ягоны шлях у вольнай барацьбе, дзе Мядзьведзь дасягне неймаверных вынікаў.

Пасьля перамогі на чэмпіянаце СССР, на Алімпіядзе ў Токіа прыходзіць першая бліскучая перамога на міжнароднай арэне. Свой першы паядынак супраць румынскага барца Мядзьведзь завершыў усяго за дзьве хвіліны, а ў фінале паклаў на лапаткі балгарына Вылко Кастола за 39 сякунд (!).

Другі раз Аляксандр Мядзьведзь стаў алімпійскім чэмпіёнам на Гульнях 1968 г. у Мехіка. Дактары знайшлі сур’ёзную праблему – арытмія сэрца, аднак атлет адмовіўся кінуць спорт, працягваючы трэніроўкі, і паехаў на Алімпійскія гульні.

Гэта была вельмі цяжкая Алімпіяда, наклалася несусветная спёка ды патрэба адаптацыі арганізму да высакагор’я. У Мехіка спартовец тройчы губляў прытомнасьць. Прыйшлося праводзіць паядынкі “сціснуўшы сябе ў кулак”. Але Мядзьведзь граміў супернікаў аднаго за другім!

Olympic champion in freestyle wrestling Aleksandr Medved in action (ESM F 68:23/B 395); Estonian Sports and Olympic Museum

Olympic champion in freestyle wrestling Aleksandr Medved in action (ESM F 68:23/B 395); Estonian Sports and Olympic Museum

У фінале спадар Аляксандр сустрэўся са сваім абідчыкам на чэмпіянаце свету, пераможцам гульняў у Рыме, нямецкім барцом Дзітрыхам. Немец ведаў аб праблемах адаптацыі Мядзьведзя, і з першай хвіліны кінуўся ў атаку. Раптам раздалося храбусьценьне, у часе змаганьня немец выбіў палец Мядзьведзю. Паядынак быў спынены каб аказаць медыцынскую дапамогу А.Мядзьведзю. Рэферы маглі зьняць барца са спаборніцтваў. Аляксандр Мядзьведзь на вачах агаломшанага немца ды заўзятараў адным рухам управіў палец і даў сігнал судзьдзі, што гатовы працягнуць паядынак! Нямецкі спартовец пасьля гэтага адмовіўся працягваць змаганьне… Мядзьведзь стаў паўторна алімпійскім чэмпіёнам.

На наступных алімпійскіх гульнях у Мюнхене ў 1972 г. Аляксандр Мядзьведзь быў капітанам зборнай СССР. На гэтай Аімпіядзе яму ізноў давялося перасекчыся з немцам Дзітрыхам, якога і на гэты раз ён адалеў. А вось у паўфінале яго чакаў паядынак з амерыканскім суперцяжкавагавіком Крысам Тэйларам. Вага амерыканца была 200кг супраць 100кг Мядзьведзя. Мядзьведзь абраў тактыку хуткага руху, не саступаючы прастору каўра, апяраджаў суперніка ў дзеяньнях. Неўзабаве Аляксандр Мядзьведзь зрабіў маланкавую падсечку, і амерыканец з грукатам абрынуўся на кавёр. У гэтым змаганьні барэц траўмаваў спіну і супраць балгарына Дураліева выйшаў у напаўсагнутым стане, аднак ізноў пераадольваючы боль здабыў перамогу! Трэці раз запар Мядзьведзь стаў алімпійскім чэмпіёнам.

Потым Аляксандр Васільевіч Мядзьведзь працаваў як трэнер і судзьдзя, быў віцэ-прэзідэнтам НАК Беларусі. Мядзьведзь тры разы разы станавіўся алімпійскім чэмпіёнам па вольнай барацьбе, сем – чэмпіёнам свету, дзевяць – чэмпіёнам СССР.

З 1970 г. у БССР, а потым у незалежнай Беларусі, дзейнічае турнір па вольнай барацьбе на прызы А.В.Мядзьведзя. Аляксандр Мядзьведзь выпусьціў кнігу пра свой спартыўны шлях “Усё жыцьцё – барацьба”.

Аляксандр Мядзьведзь. Фота з адкрытых крыніц.

Аляксандр Мядзьведзь. Фота з адкрытых крыніц.

——–

Аднойчы, пасьля Алімпіяды ў Мюнхене, ўжо на чэмпіянаце Саюзу ў Краснаярску мясцовае начальства, каб неяк адзначыць спартоўца, падаравала яму мядзьведзяня. І Аляксандр Васільевіч вёз жывёлу ў Беларусь. А каб малы не турбаваў пасажыраў, яго напаілі півам, і той праспаў да самога Менска… Потым усё ж прыйшлося аддаць мядзьведзя ў цырк, дзе яго назвалі Саша.

Пра Беларусь Аляксандр Мядзьведзь заўжды казаў з цяплынёй: “Тут я сфармаваўся як асоба. Атрымаў у Менску ўсё: вышэйшую адукацыю, дзяржаўную прэмію, прафесарскае званьне. На маіх вачах будавалася сталіца.”

У часе адкрыцьця Гульняў-1980 Аляксандр Мядзьведзь нёс паходню з алімпійскім агнём на завяршальным этапе эстафеты ў Менску. Мядзьведзь бярог гэтую каштоўную рэч дома, і адмовіўся прадаць замежнікам за вялікія грошы. А потым перадаў у Алімпійскі музей.

У Менску па вуліцы Кастуся Каліноўскага знаходзіцца Палац барацьбы імя Аляксандра Мядзьведзя. Калі актывісты ўсталёўвалі Дошку памяці Каліноўскага на будынак палацу, Аляксандр Васільевіч адразу запярэчыў, маўляў, ня трэба тут гэта. Аднак калі з ім годна паразмаўлялі, зьмяніў сваю пазіцыю ды перастаў перашкаджаць ушанаваньню памяці слаўнага паўстанца і заступніка Беларусі.
Славуты чэмпіён не спужаўся за сваю славу, а падтрымаў славу нацыянальнага героя Беларусі.

(Васіль Додзік).