ХТО ТАКАЯ НАДЗЕЯ АСТАПЧУК І ЧАМУ ЯНА МАЕ ТАКІ ЎПЛЫЎ?

Васіль Додзік
13.12.2024

Распвядаем пра беларскую чэмпіёнку і адну з самых неардынарных фігур сучаснага беларускага спорту.

“Моцны загадкавы чалавек…” (с).

Надзея Астапчук – былая легкаатлетка, адна з сусветных лідэраў у штурханні ядра, Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь. Беларусы дагэтуль узгадваюць як горка здарылася з Надзеяй на Алімпіядзе 2012, калі раптам знайшлі ў яе аналізах забароненыя прэпараты, і была зламаная спартыўная кар’ера чэмпіёнкі. На наступны дзень пасля перамогі абвесцілі, што залаты медаль і званне чэмпіёнкі ў Астапчук забіраюць… 

Але і тады, і цяпер Надзея паводзіць сябе вельмі годна, узяла ўсю віну на сябе, хоць асноўныя пытанні былі да трэнерскага і медыцынскага персаналу. Надзея Астапчук брала адказанасць на сябе як ў спорце, так і агулам ў жыцці. 

Былі часы, калі дзяржаўныя рэсурсы захапляліся беларускай чэмпіёнкай ды проста “насілі на руках”, вызнаючы цудоўныя перамогі атлеткі ды яе ўнёсак у беларускі спорт. Вось напрыклад вытрымка з БЕЛТА верасня 2010 года: “У цяперашнім сезоне 29-гадовай беларускай спартоўцы не было роўных на ўсіх важнейшых стартах. У гішпанскай Барселоне яна выйграла золата чэмпіянату Еўропы, а ў Доху (Катар) стала лепшай на зімнім чэмпіянаце свету, а ў французскім Арле стала пераможцай зімняга Кубку Еўропы па кіданням. Нарэшце, 18 жніўня ў швейцарскім Цурыху Надзея Астапчук у шосты раз запар выйграла этап Дыямантавай лігі, што забяспечыла ёй поспех у агульным заліку гэтага прэстыжнага спаборніцтва, якое прыйшло на змену ранейшаму турніру – Залатой лізе…”

А вось пасля падзеяў 20-га году стаўленне дзяржаўных рэсурсаў да чэмпіёнкі рэзка змянілася. Праўда тое, што Надзея не зьехала з Беларусі ды знайшла ў сабе волю і ўнутраны рэсурс для дыялогу з уладамі, некалькі ўратавала сітуацыю. Дзяржаўныя медыя пасля яе інтэрв’ю Марату Маркаву назвалі спадарыню Астапчук “загадкавай”, і нешта ў гэтым сапраўды ёсць. “Беларусь сегодня” пісала пра Надзею: “…у 2020-ым і пасля стала ў шэрагі тых, хто цесна зліўся з упаўшай у раж пратэстнай тусоўкай, і пабеснавалася ў волю… Але раптам, падаецца, зрабілася відушчай…”

У 2020г. Надзея Астапчук падпісала ліст спартоўцаў, якія выступілі супраць гвалту ды за правядзенне сумленных выбараў. Таксама Надзея прадала на аўкцыёне Беларускага фонда спартыўнай салідарнасці за 11 тысяч долараў залаты медаль чэмпіянату Еўропы 2005г. Грошы накіравала на падтрымку іншых спартоўцаў ды палітвязняў.

Гісторыя ўдзелу ў пратэстах Н.Астапчук паказальная і драматычная. Якой трагедыяй стаў разлом 2020 году для многіх нашых спартоўцаў і трэнераў, і не толькі для іх… Праз год Надзея Астапчук была затрыманая ды адсядзела некалькі месяцаў на Акрэсьціна.

Адбыўся вельмі жорсткі гістарычны ўрок для беларускага народу, а страшныя наступствы расколу беларусы перажываюць і цяпер. У выніку ланцуга падзей у перыяд 2020-2023 гадоў са спаборніцтваў выкінулі амаль усіх беларускіх спартоўцаў, і “белых і чырвоных”. Беларускі спорт адкінуты на шмат гадоў назад, нашыя атлеты апынуліся ў заведама невыгоднай сітуацыі, абмежаваныя ў магчымасцях і стартах. Так сталася, што беларусаў явачным парадкам падвязваюць ва ўсім да расіянаў, каб потым караць як расіянаў. Хоць беларуская армія так і не перайшла мяжу з Украінай і аніводная вайсковая частка не бярэ ўдзелу ў гэтай вайне, санкцыі да беларускіх і расейскіх спартоўцаў практычна ідэнтычныя.

Пасля выхаду на волю Надзея Астапчук дала інтэрв’ю кіраўніку АНТ і сенняшняму міністру інфармацыі Марату Маркаву. Падчас інтэрв’ю Надзея выказала непапулярную тады думку, што галоўнае зберагчы дзяржаву, беларускі спорт. Таксама Астапчук заявіла, што “спартоўцаў уцягнулі ды выкарысталі ў палітычных мэтах”. І хоць афіцыйныя медыя папракалі атлетку ў нешчырасці, праглядзеўшы ўважліва гэтую размову, складаецца ўражанне, што Надзея прамаўляла ўсе ж такі шчыра, спрабуючы аб’ектыўна разабрацца ў вельмі складанай сітуаціі. 

У сваю чэргу некаторыя незалежныя медыя таксама перакручвалі гэтае інтэрв’ю, што маўляў Астапчук прымусілі казаць рэчы, выгодныя прапагандзе. Атлетку абвінавацілі ў яе нібыта “пакаяльным” інтэрв’ю, хоць аніякага пакаяння не было. Надзея выступіла вельмі карэктна, нікога са сваіх былых паплечнікаў не абражала, прамаўляла досыць нейтральна, з годнасьцю. Таксама некаторыя апазіцыйныя рэсурсы абвінавачвалі Надзею ў тым, што заклікала спартоўцаў вяртацца дадому. Хаця і не зразумела, уласна ў чым тут палягае злачынства?

Нажаль, пратэстная хваля 20-га году вынесла шмат надасведчаных і выпадковых людзей, зьявілася генерацыя такіх ліберальных бальшавікоў, гатовых мазаць брудам любога чалавека, нават заслужанага, які не ўпісваецца ў неафіцкую сістэму каштоўнасцяў.

Астапчук досыць крытычна паставілася і да санкцый, разумеючы, што яны працуюць выключна на ізаляцыю беларускага народу ад міжнародный супольнасці і штурхаюць краіну ў абдымкі Крамля.

Сам жа Маркаў ахарактызаваў Надзею як “моцнага чалавека”. Хіба яна такая і ёсць.
Жанчыны, якія з-за пратэстаў таксама апынуліся на Акрэсьціна ў адной камеры з Надзеяй, распавядалі пра Астапчук, што трымалася яна вельмі годна і спакойна, турбавалася пра іншых. Больш таго, ў такіх надзвычайных абставінах Надзея дапамагала разгубленым, супакойвала жанчын. Адна жанчына распавяла, як Астапчук саступіла ёй сваё месца на падлозе, бо ў маленькую камеру закінулі купу людзей. Былая палітзняволеная распавядала: “Усе дзяўчынкі прыціскаліся адна да адной, бо ў “ІВС” было вельмі холадна. Мы ляжалі ўсе ўздоўж камеры, а Надзея Астапчук – упоперак. Яна ўсю ноч грэла нашыя ногі, а мае яшчэ і абдымала, каб я не захварэла ў першы дзень, бо разумела, што мяне чакае доўгі тэрмін…” 

Тыя, хто з палітычнага асяродку і бываў на Акрэсьціна, выдатна ведаюць, што гэта такое. Нават у звычайнай турме ўмовы лепшыя. А тут драўляныя лежакі, у камеры на 3 чалавек можа быць і 15, шмат хворых, якіх трымаюць разам са здаровымі, часта пабітыя вокны, ад гэтага тэмпература блізкая той, што на вуліцы. Моцныя мужчыны часта не вытрымліваюць, многія людзі літаральна “здуваюцца”, упадаюць у дэпрэсію.

Застацца сабой у такіх умовах досыць цяжка, а вось Надзея Астапчук вытрымала ды яшчэ падмацоўвала іншых. Наўрадці можна паверыць, што заслужаную атлетку маглі запужаць. Гэтая моцная жанчына сама вызначыла свой шлях – дыялог, пошук паразуменьня між беларусамі, бо ёсць рэчы важнейшыя за нашыя амбіцыі. Надзея Астапчук гэта добра ведае…

Надзея вельмі шмат зрабіла для беларускага спорту і шмат яшчэ можа зрабіць, як трэнер альбо функцыянер. Сёння чэмпіёнка мае вялікі аўтарытэт у беларускім грамадстве праз сваю вытрымку і мудрасць. Відавочна, што мае сур’езны ўплыў і на дзяржаўны апарат. Атлетка заклікае людзей думаць пра лёс уласнай краіны ды ўласнага беларускага спорту. Хочацца верыць, што ва ўладавых кабінетах таксама ёсць людзі, здатныя думаць дзяржаўнымі катэгорыямі, а не толькі кар’ерысты, якія з лёгкасьцю змыюць лёс любога чалавека.

 (Васіль Додзік).