Яшчэ толькі пачынаецца зіма, а вось футбольны сезон у Беларусі сканчваецца. І хоць у зборнай Беларусі ды ў клубаў у еўрапейскіх кубках былі рэдкія перамогі, агулам удалым для беларускага футболу гэты год не назавеш. За выключэннем выдатных перамог па пляжнаму футболу, аднак жа гэта іншая гісторыя.
Мяне канешне могуць папракнуць, што ў зборнай папярэднія гады былі яшчэ больш сумныя часы, цяпер вунь у асноўным нічыйныя вынікі. Яно канешне так, але гэтыя нічыі так і не далі беларусам магчымасці ўзняцца па кваліфікацыі, не было і прыгожай атакуючай гульні. Футбол нацыянальнай каманды быў да краю прагматычны, абарончы, з разлікам на рэалізацыю рэдкіх момантаў ля чужых варотаў. Нічыі са зборнай Балгарыі, якая зараз не ў лепшым стане, не той узровень, які хочуць бачыць заўзятары. Гядзеўшы па каналу СТВ трансляцыю матчу з Паўночнай Ірландыяй, кальнула заўвага каментатара, што маўляў усё разумеем, нашая каманда “саступае ў класе” ірландцам. Каманда Паўночнай Ірландыі ў асноўным складаецца з гульцоў мінорных ліг Англіі. Там няма гульцоў ні “Манчэсцера”, ні “Ліверпуля”, ні “Арсенала”, ні “Барселоны”, і тым не менш, “разрыў у класе…”
Паўночная Ірландыя забіла гол у вароты зборнай Беларусі. Фота Irish FA.
Коўч зборнай, гішпанец Карлас Алос пасля апошняй нічыей з камандай Балгарыі, ледзь стрымліваў эмоцыі. Было бачна, што спецыяліст надзвычай разчараваны вынікам. Карлас Алос сказаў журналістам: “Вынік сустрэчы незадавальняючы. Лічу, мы заслугоўвалі большага ў гэтай гульні. Напэўна, кепска правялі першыя 15 хвілінаў процістаяння, не ўсё ў нас выходзіла ў гэты адрэзак. Але тым не менш, футбалістам сказаў, каб яны выйшлі з распранальні з высока ўзнятай галавой, бо мы аддалалі ўсе сілы на полі, стараліся і зрабілі ўсё, што было ў іхных сілах…”
Трэнер зборнай Беларусі па футболе Карлас Алас. Фота з Instagram.
Можна вызнаць, што некаторы прагрэс у гульні нацыянальнай каманды ўсё ж назіраецца, аднак цяжка разлічваць на перамогі без зорак, з рэдкімі атакамі на браму супернікаў. Але ў гішпанскага трэнера яшчэ будзе магчымасць здабыць яскравыя перамогі на чале зборнай Беларусі.
На днях удалося паразмаўляць з папулярным беларускім спецыялістам, былым гульцом “Дынама” (Масква) і “Дынама” (Мінск), гульцом зборнай СССР, былым трэнерам зборнай Беларусі Анатолям Байдачным. Так выйшла, што выпадкова перасекліся ў кінатэатры, а я не здолеў пераадолець спакусу, каб не задаць колькі пытанняў спадару Анатолю. Першае аб чым запытаў у вядомага трэнера, пра гульню нацыянальнай каманды ды крытыку ейнай гульні з боку Анатоля Мікалаевіча.
Анатоль Байдачы, былы трэнер зборнай Беларусі. Фота з адкрытых крыніц.
На дзіва Байдачны са мной казаў пра зборную і трэнерскі штаб больш мякка, чым у інтэрв’ю беларускім выданням:
–Разумееце, зараз такі перыяд у нашым футболе. У футболе каб нечага дасягаць, рушыш наперад, а калі спыніўся, маментам адлятаеш назад. Вось недзе мы замешкаліся, прытармазілі, найперш у дзіцячым ды юнацкім футболе. Пры ўсёй павазе да хлопцаў, але ж дзе яны гуляюць?! Цешымся, што шэраг гульцоў нацыянальнай каманды з другой лігі РФ, у “вышку” нават не могуць прабіцца. А ў Еўропе колькі ў нас зараз футбалістаў? Хоць адну зорку сёння, хаця б сярэдняга еўрапейскага ўзроўню маем? Федзя Лапаўхаў сябе крыху паказаў, але яму яшчэ трэба шмат працаваць, каб вырасці ў зорку. А лінія атакі, паўабароны?! Гішпанцу можна паспачуваць. Хіба можна параўнаць тую генерацыю, з якой працаваў я, і цяперашнюю?! Каб гуляць з сур’ёзным супернікам – хлопцы самі павінныя прабівацца ў моцныя клубы Еўропы і Расеі, а нашым зараз гэта вельмі складана даецца… Канешне трэба ўзняць узровень нацыянальнага першынства, патрэбныя трэнеры з імёнамі, не проста скончыў трэнерскую школу, каб трэнер даражыў сваім аўтарытэтам.
Фёдар Лапавухаў, брамнік нацыянальнай зборнай Беларусі.
Трэба вяртаць тых трэнераў, якія давалі вынік, вырошчвалі таленты. Многія з іх зараз не пры справе, асабліва праблемная сітуацыя ў дзіцячым і юнацкім футболе. Там усё гартуецца, там мусіць быць наш падмурак, нашая сіла, а зараз правал фактычна цэлага пакалення.
Ну і канешне пра гэта не прынята казаць, але ж фактычна ўсе матчы на чужым полі. Ведаю сам як былы гулец, калі чуеш голас роднага стадыёна – крылы вырастаюць за спіной, а нашыя хлопцы не на роўных магчымасцях з супернікамі. Некалькі ачкоў стабільна ў нас забіраюць з-за гэткай сітуацыі.
-Можа варта запрасіць некалькі дабротных еўрапейскіх трэнераў як раз у дзяцяча-юнацкую школу?
-Ды ёсць свае, але ж рыхтаваць іх прафесійна, пастажыраваць у добрых школах варта.
-Магчыма трэба павялічыць фінансаванне беларускага футболу?!.
-Ня толькі грошы вырашаюць, у некаторых пытаннях мы можа адстаем, у медыцынскіх прэпаратах, спартыўнай фармакалогіі, але гэта не ўсё. Зараз ёсць добрыя методыкі. Федэрацыі варта сканцэнтравацца на праблеме росту таленавітай моладзі, а то не можам сфармаваць маладзёвую зборную…
Давялося паразмаўляць і з Віталям Кутузавым, які цяпер фактычна жыве на дзве краіны, у Беларусі і ў Італіі. Наш славуты галеадор перажывае за стан спраў у футболе ды падзенне ўзроўню. На ягоную думку, бяз заходніх спецыялістаў, бяз легіянераў ды заходніх методыкаў і досведу ў падрыхтоўцы трэнераў і гульцоў, не абыйсьціся. Трэба аддаць нележнае Кутузаву, ён гэты досвед мае, намагаецца давесці ў беларускі футбол, прапануе сваю дапамогу ў стажыроўцы нашым трэнерам у клубах італьянскай серыі “А”. На жаль футбольная федэрацыя ня вельмі цікавіцца прапановамі В.Кутузава… Кажучы пра вынікі клубаў і зборнай, Віталь досыць крытычны. І калі пра сумныя вынікі каманд на еўрапейскіх кубках усё зразумела, то датычна зборнай Кутузаў выказаў такую думку: “У мяне пасля гэтага турніру засталося больш пытанняў, чым адказаў. Што датычыць трэнерскага штабу, я задаваў сабе пытанне, ці хацеў бы я яшчэ раз пабачыць такі футбол? Адказам было не. Магчыма будзе крок да будучага прагрэсу, і мы атрымаем яго ў адборы…”
Віталь Кутузаў, былы нападаючы зборнай Беларусі.
Вяртаючыся да тэмы беларускага чэмпіянату, мінскае “Дынама” другі год запар аформіла сабе перамогу яшчэ да афіцыйнага завяршэньня чэмпіянату, але гэтае чэмпіёнства было са слоў шэрагу футбольных экспертаў, “безальтэрнатыўным”. Пасля пераможнага матчу над БАТЭ Вадзім Скрыпчанка, галоўны трэнер “Дынама” у нтэрв’ю для перадачы “Грані футболу”, сярод іншага, пажадаў большай канкурэнцыі ў беларускім футболе. “Дынама” відавочна мела лепшую матэрыяльную базу ды кадравы падбор выканаўцаў. Для таго, каб зьявіўся клуб, які мог бы скласьці сапраўдную канкурэнцыю для “Дынама” (Мінск), патрэбнае не толькі жаданне, але і рэсурсы.
На жаль пасля смерці легендаранага Анатоля Капскага, дырэктара клубу “БАТЭ”, справы барысаўскага клубу рэзка пагоршыліся, зменшыўся бюджэт каманды. Цяпер Барысаў не можа прэтэндаваць на лідэрства.
Анатоль Капскі, былы дырэктар футбольнага клубу БАТЭ.
Балюча перажываюць аматары футболу і бяду “Шахцёра”, кіраўніцтва якога было выкрытае ў карупцыі ды подкупе судзьдзяў ды супернікаў. Але і пакаранне каманды вельмі суровае, “Шахцёр” зваліўся ў першую лігу, а далейшая будучыня аднаго з самых самабытных клубаў Беларусі бачыцца ў густым тумане.
Гарадзенскі “Нёман”, які многія беларусы любяць за цікавы і атакуючы футбол, пакуль не можа канкураваць з “Дынама” ў бюджэце. Каманда заняла другое месца ў чэмпіянаце, але на еўрапейскіх кубках не прабілася ў групавую стадыю. У памяці застаецца непрыемная параза румынскаму “Клужу”.
Амаль тое ж самае можна сказаць і пра жодзінскае “Тарпеда”, якое таксама выбыла на ранняй стадыі еўрапейскіх кубкаў.
Адной з прычынаў фактычнага правалу беларускіх клубаў у кубках былі непрадуманыя рэформы, уведзены паталок заробкаў, квоты для маладых гульцоў. Уведзеныя нормы сябе не апраўдалі, і ўжо з сярэдзіны бягучага чэмпіянату федэрацыя ціхай сапай пачала здымаць абмежаванні для прыезду замежных гульцоў. Але ў пэўнай меры скарыстацца гэтым паспела толькі “Дынама”, бо для любой акліматызацыі ў камандзе атлету патрэбны час.
ФК «Дынама» (Мінск) у 2024 годзе.
Нельга не ўзгадаць і бязглузднае рашэньне Міністра спорту – забарону на прафесію тым гульцам, якія ў нейкай форме падтрымалі пратэсты ў 20-ым. Падобныя мера ня толькі пакінула шэраг добрых спартоўцаў па-за межамі беларускіх клубаў, але нанесла маральную шкоду беларускаму футболу.
У гэтым футбольным сезоне беларускія заўзятары яшчэ пабачаць завяршальныя матчы чэмпіянату, а таксама матчы “Дынама” (Мінск) у Лізе канферэнцыяў UEFA. Бліжэйшы паядынак дынамаўцаў будзе 28 лістапада з клубам “Капенгаген”, Данія. Матч будзе праведзены ў Азербайджане.