26 жніўня 2020, 4 гады таму, быў заснаваны Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці, які стаў вядучым інструментам па абароне правоў беларускіх спартсменаў і супрацьдзеянні рэпрэсіям з боку ўладаў. У перыяд 2020-2022 гадоў фонд аказваў значны ціск на рэжым Лукашэнкі за масавыя парушэнні правоў чалавека і правоў спартсменаў у Беларусі, а таксама аказваў шырокую падтрымку рэпрэсаваным прадстаўнікам спартыўнай супольнасці.

За 4 гады працы фонд аказаў матэрыяльную падтрымку спартсменам і спартыўнай супольнасці Беларусі і Украіны на суму больш за 500 тысяч еўра. Акрамя таго, фонд правёў шматлікія міжнародныя грамадскія кампаніі па прыцягненні ўвагі да праблем правоў чалавека ў Беларусі. У выніку гэтых кампаній многія міжнародныя спартыўныя падзеі былі перанесены з Беларусі, а асобы, якія прымалі ўдзел у рэпрэсіях супраць спартсменаў, былі абмежаваныя ў міжнароднай дзейнасці.

На працягу 4 гадоў БФСС вядзе актыўную юрыдычную працу. Пры падтрымцы арганізацыі больш за 50 юных і прафесійных спартсменаў былі дапушчаныя да спаборніцтваў. Фонд аказаў садзейнічанне ў больш чым 30 кейсах па прадастаўленні міжнароднай абароны прадстаўнікам спорту.

З пачатку вайны ва Украіне БФСС аказвае гуманітарную падтрымку ўкраінскім дабрачынным арганізацыям і фізічным асобам.

За 4 гады працы БФСС правёў больш за 90 аўкцыёнаў з лотамі ад спартсменаў сусветнага ўзроўню: Аляксандра Герасіменя, Андрэй Краўчанка, Алена Ляўчэнка, Вольга Харлан, Кацярына Сныціна, Аляксандр Зінчанка, Андрэй Шаўчэнка, Андрэй Лунін, Крысціна Ціманоўская і многія іншыя.

У працы БФСС узялі ўдзел многія вядомыя спартсмены і спартыўныя функцыянеры. Першым старшынёй БФСС з кастрычніка 2020 па красавік 2022 года была алімпійская прызёрка, чэмпіёнка свету і Еўропы па плаванні Аляксандра Герасіменя. Выканаўчым дырэктарам БФСС з моманту заснавання з’яўляецца спартыўны менеджар Аляксандр Апейкін.

Пра дзейнасць БФСС выдадзены сотні артыкулаў у беларускай і міжнароднай прэсе. У чэрвені 2022 года на прэстыжнай спартовай канферэнцыі “Play the Game” у Даніі Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці атрымаў гран-пры як найлепшая праваабарончая ініцыятыва ў спорце.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці з’яўляецца некамерцыйнай арганізацыяй па абароне правоў прадстаўнікоў спартыўнай супольнасці Беларусі і суседніх краін. Таксама Фонд надае экспертызу па пытаннях міжнароднага спорту. Супрацоўнікі Фонду праводзяць рэгулярнае сустрэчы з прадстаўнікамі Еўрапарламента, Еўракамісіі і Дзяржаўнага дэпартамента ЗША.

Фонд працягвае сваю профільную дзейнасць на перыяд 2024-2026 гг.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці выказвае глыбокую падзяку ўсім партнёрам, былым і дзейным калегам, спартсменам, журналістам і экспертам за ўклад у развіццё арганізацыі. Асаблівую падзяку фонд выказвае ўсім сваім данатарам і валанцёрам!