Віншуем Анатоля Котава з уключэннем у Камітэт па этыцы WDSF!
З радасцю паведамляем, што 27 кастрычніка 2024 года на штогадовым агульным сходзе Міжнароднай федэрацыі танцавальнага спорту (WDSF) Анатоль Котаў быў абраны ў Камітэт па этыцы гэтай арганізацыі. У БФСС спадар Анатоль займае пасаду Дырэктара па міжнародных адносінах.
Камітэт па этыцы WDSF з’яўляецца незалежным органам у структуры федэрацыі, які займаецца расследаваннем магчымых парушэнняў Кодэкса этыкі WDSF і прадастаўляе рэкамендацыі па пытаннях яго прымянення. Камітэт сочыць за выкананнем этычных стандартаў у танцавальным спорце і пры неабходнасці ўносіць папраўкі ў Кодэкс.
Склад Камітэта па этыцы WDSF:
Старшыня
– Паважаная Сандра Норы (Аўстралія) — былая міністарка турызму і спорту Аўстраліі
Чальцы
– Томас Эрыксан (Швецыя), Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі флорбола і член праўлення Шведскай спартыўнай канфедэрацыі
– Браян Нук (ЗША), дэкан па акадэмічных пытаннях Каледжа хірапрактыкі Палмер Вест
– Вікторыя Томіч (Славенія), прафесар, доктар медыцынскіх навук, спецыяліст у галіне клінічнай мікрабіялогіі
Замяшчальнік
– Гордан Э. Пітэрсан (Канада)
Назначэнне Анатоля з’яўляецца заслужаным прызнаннем яго адданасці этычным стандартам і абароне правоў спартоўцаў на міжнародным узроўні. Віншуем Анатоля і спадзяёмся, што яго праца прынясе станоўчы ўклад у дзейнасць Камітэта па этыцы WDSF і ў сусветную спартыўную супольнасць!