Пяць еўрапейскіх федэрацый падалі апеляцыю ў CAS з-за рашэнняў ФІДЭ па беларусах і расіянах
Федэрацыі шахмат Украіны, Англіі, Эстоніі, Германіі і Нарвегіі звярнуліся ў Спартыўны арбітражны суд (CAS) з апеляцыяй на рашэнні Міжнароднай шахматнай федэрацыі (ФІДЭ), якія тычацца ўдзелу беларускіх і расійскіх шахматыстаў у міжнародных спаборніцтвах.
Апеляцыя датычыцца дзвюх рэзалюцый, прынятых у снежні на Генеральнай асамблеі ФІДЭ. Першая, ініцыяваная Федэрацыяй шахмат Расіі, прадугледжвала вяртанне беларускіх і расійскіх спартсменаў і каманд усіх узростаў да ўдзелу ў турнірах пад нацыянальнай сімволікай. Другая, прапанаваная кіраўніцтвам ФІДЭ, заклікала зняць абмежаванні для юных расійскіх шахматыстаў у міжнародных спаборніцтвах.
Нягледзячы на тое, што абедзве рэзалюцыі былі падтрыманыя большасцю галасоў, у ФІДЭ прызналі, што яны супярэчаць адна адной. У выніку было абвешчана, што канчатковае рашэнне па пытанні ўдзелу дарослых спартсменаў пад нацыянальнай сімволікай будзе прынятае пасля кансультацый з Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК).
Федэрацыі, якія падалі апеляцыю, заяўляюць пра «сур’ёзныя працэдурныя парушэнні», у тым ліку парушэнні статута ФІДЭ, а таксама прынцыпаў празрыстасці і законнасці прыняцця рашэнняў у міжнародным спартовым кіраванні. Яны таксама заклікалі іншыя нацыянальныя федэрацыі падтрымаць іх пазіцыю і накіраваць пісьмовыя заявы ў CAS.
Дата разгляду справы ў Спартыўным арбітражным судзе ў Лазане пакуль не абвешчаная.


