13 красавіка, у Вербную нядзелю – дзень, які сімвалізуе мір, надзею і духоўнае абнаўленне, горад Сумы ва Украіне апынуўся пад расійскім ракетным ударам.

Мы выказваем глыбокае спачуванне сем’ям ахвяраў і ўсім, хто пацярпеў у выніку гэтай трагедыі.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці рашуча асуджае гвалт у любых яго праявах і асабліва – удары па мірным насельніцтве. Такія дзеянні з’яўляюцца прамым сведчаннем неабгрунтаванай жорсткасці і антычалавечнасці, што супярэчыць не толькі нормам міжнароднага права, але і базавым маральным прынцыпам.

Мы перакананыя, што ў сусветным спорце няма месца для краін, якія праяўляюць дзікасць і антыгуманнасць у дачыненні да сваіх суседзяў. Беларускія спартоўцы і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці на працягу ўжо некалькіх гадоў паслядоўна выступаюць супраць вайны, супраць рэпрэсій і за мірнае вырашэнне любых спрэчак. Мы працягваем стаяць на гэтых прынцыпах.

У гэты цяжкі час мы салідарныя з украінскім народам і спадзяёмся, што наблізіцца дзень, калі гвалт будзе спынены, а словы “мір” і “свабода” зноў стануць рэальнасцю для ўсіх.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці
14 красавіка 2025 года