Срэбраны медаль Марыі Жодзік на чэмпіянаце свету ў Токіё – вынік, які ўжо ўвайшоў у гісторыю беларускай лёгкай атлетыкі.
Беларуска, якая цяпер прадстаўляе Польшчу, прынесла гэтай краіне адзіны медаль спаборніцтваў. Для нас жа гэтая перамога асаблівая: ніводная скакуха ў вышыню з Беларусі раней не заваёўвала медалі на чэмпіянаце свету, Еўропы ці Алімпійскіх гульнях.
28-гадовая спартоўка пераадолела планку ў 2 метры і ўстанавіла асабісты рэкорд.
Марыя вядомая не толькі сваімі спартыўнымі дасягненнямі. У 2020 годзе яна падпісала ліст беларускіх спартоўцаў у падтрымку народу, а ў 2022-м асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны. Кароткі напамін пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца беларусы ў вымушанай эміграцыі: пасля ўцёкаў ад рэпрэсій у Беларусі Марыя была вымушана працаваць у Макдональдсе ў Польшчы. Але дзякуючы падтрымцы ў іншай краіне яна здолела вярнуцца да прафесійнага спорту, працягнула трэніроўкі і цяпер заваявала медаль на чэмпіянаце свету.
Гэты медаль яшчэ раз паказвае: лепшыя беларускія спартовыя таленты вымушаныя пакідаць краіну і дасягаць вяршыняў пад іншымі сцягамі.
Шчыра віншуем Марыю з гэтым выдатным дасягненнем.


