23-гадовы беларускі абаронца Уладзіслаў Калячонак дэбютаваў за «Пітсбург Пінгвінз» у матчы супраць «Каларада Эваланш» (1:4).
Гэты момант стаў гістарычным: Калячонак усяго другі беларус, які калі-небудзь гуляў за «Пінгвінаў».
Дарэчы, першым быў форвард Канстанцін Кальцоў, які выступаў за клуб у пачатку 2000-х і правёў у складзе «Пітсбурга» 144 матчы, набраўшы 38 (12+26) ачкоў.
Для Калячонка гэты выклік – не проста чарговая старонка ў кар’еры, а рэальны шанец замацавацца ў НХЛ. Мінулы сезон у галоўнай лізе свету ён правёў у «Арызоне», дзе згуляў 24 матчы і набраў 5 (2+3) ачкоў. Новы ж сезон беларус пачаў у складзе «Юты», але замацавацца ў асноўным складзе не змог. і «Пінгвіны» забралі яго з драфта адмовы.
Галоўны трэнер «Пітсбурга» Майк Саліван ужо ацаніў гульню беларуса:
– Ён добра кантралюе шайбу і ўпэўнена пачынае атакі. У яго добрыя габарыты і якаснае катанне. Што яшчэ важней – ён усё лепш разумее нашу тактычную мадэль і тое, як мы хочам гуляць. З кожнай гульнёй мы адчуваем сябе ўсё больш упэўнена, даючы яму шанец. Гэта малады хакеіст з патэнцыялам, які хоча развівацца і даказваць сваю вартасць. Нам спадабалася тое, што мы ўжо пабачылі.
Так, «Пітсбург» прайграў «Каларада», але «Эваланш» зараз у выдатнай форме, а каманда з Пенсільваніі аднаўляецца. І нават Кросбі не можа ў адзіночку вынесці каманду на сваіх плячах. Для «Пітсбурга», які знаходзіцца на этапе перабудовы, Калячонак – выдатнае папаўненне. Разам з іншымі маладымі гульцамі ён мае, што даказаць. I, галоўнае, у яго есць для гэтага як жаданне, так і неабходныя навыкі.