Інфанціна заклікаў абмеркаваць вяртанне Расіі ў міжнародны футбол — Украіна жорстка адрэагавала.

Прэзідэнт ФІФА Джані Інфанціна заявіў, што арганізацыя павінна разгледзець магчымасць зняцця забароны на ўдзел расійскіх каманд у міжнародных турнірах.

У каментарыі Sky News Інфанціна адзначыў, што адхіленне Расіі, на яго думку, не дало станоўчага выніку:

🗣️ «Мы павінны гэта зрабіць. Безумоўна. Гэтая забарона нічога не дала — яна толькі спарадзіла яшчэ больш расчаравання і нянавісці. Было б карысна, калі б дзяўчаты і хлопцы з Расіі маглі гуляць у футбол у іншых частках Еўропы».

Кіраўнік ФІФА таксама падкрэсліў, што лічыць памылковым выкарыстанне футбола як інструмента пакарання за дзеянні палітычных лідараў, і прапанаваў замацаваць у статуце арганізацыі прынцып, паводле якога краіны не павінны адхіляцца ад турніраў з палітычных прычын. Акрамя таго, Інфанціна назваў «паразай» магчымыя абмежаванні супраць ізраільскіх каманд і скептычна ацаніў заклікі да байкоту ЧС-2026 з-за палітыкі ЗША.

Нагадаем, што расійскія зборныя і клубы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў пад эгідай УЕФА і ФІФА пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны ў лютым 2022 года.

Жорсткую рэакцыю на словы Інфанціна выказаў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга. Ён назваў кіраўніка ФІФА «маральным дэгенератам» і нагадаў, што 679 украінскіх дзяцей ужо ніколі не змогуць гуляць у футбол, бо былі забітыя ў выніку расійскай агрэсіі.

🗣️ «Расія працягвае забіваць, пакуль маральныя дэгенераты прапануюць адмяніць забароны. Будучыя пакаленні ацэняць гэта як ганьбу — як і Алімпіяду 1936 года ў нацысцкай Германіі», — заявіў Сыбіга.

Пасля гэтых заяваў прэзідэнт ФІФА Джані Інфанціна быў унесены ў ўкраінскую базу «Міратворац».

Дыскусія вакол магчымасці вяртання Расіі ў міжнародны футбол застаецца адной з самых канфліктных тэм у сусветным спорце і наўпрост сутыкаецца з пытаннем адказнасці за вайну і яе наступствы.