Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці заўсёды быў побач з народам Украіны і ўкраінскімі спартоўцамі ў цяжкія часы.
Мы будзем працягваць падтрымліваць іх пры кожнай магчымасці і на кожным этапе. Ніякія так званыя геапалітычныя выклікі або незразумелыя заявы палітыкаў не зменяць нашай прынцыповай пазіцыі: мы разам з Украінай.
Сёння мы публікуем допіс, у якім распавядаем пра тое, як наш фонд дапамагаў Украіне і яе спартоўцам з 2022 года.
Акрамя актыўнай дапамогі беларускім атлетам, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю, БФСС не застаўся у баку ад жахаў, з якімі сутыкнуўся ўкраінскі народ у 2022 годзе. За гэты час мы правялі вялікую працу па падтрымцы ўкраінскага грамадства.
🏆 Фонд два гады запар выступіў партнёрам вялікага дзіцячага спартыўнага свята ў Кіеве – Кубак Белай Пантэры, які збіраў больш за 300 юнакоў з 15 рэгіёнаў Украіны, каб яны змаглі сумленна паспаборнічаць і паказаць свае вынікі ў лёгкай атлетыцы.
🕊 БФСС цягам некалькіх месяцаў падтрымаў невялікімі стыпендыямі 32 украінскіх юных атлета , якія апынуліся ў цяжкіх абставінах з-за вайны, каб яны змаглі працягваць сваю спартыўную кар’еру. Праект на суму 25 000 долараў быў рэалізаваны сумесна з амерыканскай арганізацыяй Global Giving.
💸 Сумесна з парталам Tribuna.com Фонд арганізаваў буйную серыю дабрачынных аўкцыёнаў «World Sports For Ukraine», падчас якіх мы разам сабралі больш за 130 000 еўра, якія былі накіраваныя дабрачыннай арганізацыі «Ukraine Alive 2022».
👟БФСС разам з украінскімі партнёрамі правялі сустрэчу з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Эстоніі. У межах гэтага партнёрства шматлікая колькасць маладых украінскіх атлетаў атрымалі новую экіпіроўку ад кампаніі Nike, якую Фонд перадаў з Эстоніі ва Украіну. Агульны кошт перададзенай экіпіроўкі складаў больш за 40 000 еўра.
♟️Фондам быў арганізаваны дабрачынны анлайн-турнір па шахматах Chess Solidarity Cup, у якім прынялі ўдзел 127 неабыякавых людзей. У выніку турніра БФСС накіраваў 2000 еўра дзіцячай бальніцы ва Украіне “Охматдит».
Апроч таго, фонд рэгулярна аказваў гуманітарную дапамогу для валанцёраў і пацярпелых ад вайны.
Мы верым, што спорт можа быць магутнай сілай, якая аб’ядноўвае людзей і дапамагае пераадольваць цяжкасці. Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці працягвае падтрымліваць украінскі народ і спартоўцаў, бо толькі разам мы зможам перамагчы! Нягледзячы на выпрабаванні, якія непазбежна ўзнікнуць з-за пэўных заяў уплывовых асоб, наша пазіцыя застаецца нязменнай і непахіснай: мы разам з Украінай.
Слава Україні! Жыве Беларусь!