ЯГОР МЕШЧАРАКОЎ – ЗОРКА БАСКЕТБОЛУ І БЕЛАРУСКІ РЫЦАР

Васіль Додзік
31.01.2025

Беларускі мужчынскі баскетбол сёння знаходзіцца не ў лепшым становішчы. Але былі і іншыя часы.

Легендарны РТІ, Канстанцін Шэрэвера, Аляксандр Сатыраў, Іван Едэшка, Анатоль Якубенка, Анатоль Парфіяновіч, Аляксандр Пустагвар…
Была цудоўная перамога маладзёвай зборнай Беларусі на чэмпіянаце Еўропы! Калі яшчэ будзе такі наступны поспех у нашых камандных відах спорту?!

Адным з аўтараў той перамогі быў Ягор Мешчаракоў.

Нарадзіўся 9 кастрычніка 1976 года ў Мінску.
Адзін з лепшых беларускіх баскетбалістаў у гісторыі гэтага віду спорту.
Гуляў на пазіцыі цяжкага форварду, рост 205см, вага 105кг.
Першы трэнер гульца – Вадзім Алексін.

Ягор Мешчаракоў у складзе маладзёвай зборнай заваяваў залаты мядаль на чэмпіянаце Еўропы – 1994г.

Выступаў за нацыянальную зборную Беларусі з 1995 па 2012 гады, быў капітанам каманды.
Па апытаньнях газеты “Прэсбол” вызнаваўся лепшым баскетбалістам Беларусі 1998, 2000, 2001, 2008, 2009 гадоў.
3 лютага 2018 году Ягор Мешчаракоў уведзены ў Залу славы ўніверсітэту імя Джорджа Вашынгтона.

1994 – чэмпіён Еўропы сярод маладзёвых каманд.
2007/2008 – чэмпіён Украіны.
1993/1994, 1994/1995 – чэмпіён Беларусі.
2006/2007 – срэбраны прызёр чэмпіянату Расеі.
1992/1993 – срэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі.

Ягор выступаў за вядомыя клубы:

РТІ (Мінск)
“Авелліна” (Вічэнца)
“Бешыкташ” (Стамбул)
“Арландына” (Кола-д’Арланда)
“Македонікас” (Салонікі)
“Арыс” (Салонікі)
УНІКС (Казань)
“Азоўмаш” (Марыўпаль)
“Спартак” (Санкт-Пецербург)
“Цмокі” (Мінск)
Гуляў за універсітэт Джорджа Вашынгтона (ЗША)

Пасля завяршэння кар’ёры стаў адным з заснавальнікаў дзіцячага баскетбольнага клубу, названага ягоным іменем.

У снежні 2014г. Мешчаракоў быў прызначаны на пасаду спартыўнага дырэктара “Цмокі-Мінск”.
Адначасова з 2016 года працаваў намеснікам старшыні Беларускай федэрацыі баскетболу ды асістэнтам галоўнага трэнера клубу “Цмокі-Мінск”.
Асістэнт галоўнага трэнера зборнай Беларусі (2016-2019).

Ягор Мешчаракоў уваходзіў у склад камісіі спартоўцаў Міжнароднай федэрацыі баскетболу (ФІБА): ён стаў першым беларусам, які па хадайніцтву нацыянальнай федэрацыі быў уключаны ў кіруючыя структуры дадзенай міжнароднай арганізацыі.

Беларускія заўзятары баскетболу добра ведаюць і брата Ягора – Мікіту Мешчаракова, які таксама зорка баскетболу, шасьцікратны чэмпіён Беларусі, 10 гадоў выступаў за зборную Беларусі. Ягор ды ягоны брат зараз жывуць у Еўропе. Старэйшы Мешчаракоў вывучаў спартыўны менеджмент ў Міжнароднай алімпійскай акадэміі ў грэцкай Алімпіі. Атрымаў дыплом па спецыяльнасці Master degree in Olympic Management. Ягор намагаецца рэалізаваць сябе ў спартыўнай індустрыі з акцэнтам на алімпійскі рух.

——————-

31 год таму назад маладзёвая зборная Беларусі атрымала самую гучную перамогу ў гісторыі мужчынскага баскетболу нашай краіны.

На Чэмпіянаце Еўропы 1994 года ў Славеніі яна стала мацнейшай камандай, абыграўшы у фінале Італію.

Залатой Еўропы для “маладзёжкі” магло зусім не быць. За год да турніру каманда павінная была ехаць у Турцыю на кваліфікацыю. Але прадстаўнікі Савету федэрацыі, у прыватнасці, галоўны трэнер нацыянальнай каманды Аляксей Шукшын, быў супраць. Ён лічыў, што не варта траціць грошы на маладзёвую зборную і не бачыў у ёй перспектыў.

Кіраўніцтва федэрацыі не пагадзілася з настаўнікам, і той абвесціў аб адстаўцы. Аднак праблемы з фінансаваннем нікуды не падзеліся, з-за чаго маладзёвая каманда на чале з Аляксандрам Барысавым і Міхаілам Тайцэм была вымушаная не ляцець у турэцкую Бурсу, а ехаць праз усю Еўропу на аўтобусе.

Пасля 3 дзён спёкі, бяз начоўкі ў гатэлі ды бяз нармальнага харчавання зборная прыбыла ў Турэччыну, дзе пачала здзіўляць. У першай жа гульні беларусы “вынесьлі” чэхаў – 86:62. Потым была параза ад гаспадароў – 66:72. Але ўжо ў наступным матчы нашая каманда накаўціравала зборную Польшчы – 87:71. Беларуская зборная заняла другое месца ў групе і адабралася ў асноўны раўнд чэмпіянату Еўропы.

Нашая каманда апынулася ў групе “А”, якую ахрысьцілі “групай сьмерці”. Туды патрапілі адаразу 3 паўфіналісты папярэдняга Еўрабаскету (Грэцыя, Ізраіль, Францыя), а таксама гаспадар турніру – Славенія. Фіны і беларусы ў гэтай групе лічыліся аўтсайдэрамі…

 У першым матчы са славенцамі выдалася найцяжэйшая гульня, нашыя хлопцы прайгравалі практычна на працягу ўсіх 40 хвілінаў. Беларусам удалося перавесці матч у авертайм на апошніх секундах. Праўда, моцныя лідэры каманды Байдакоў і Куль – “прыселі” з фолаўтамі, але і бяз іх у маладзёжкі атрымалася цудоўная перамога: Аляксандр Радыёнаў закінуў здалёк за 3 секунды да сірэны. Адыграцца славенцы ўжо не змаглі… Пасля перамогі над славенцамі беларусы саступілі грэкам (87:98), затым разграмілі фінаў (84:47) і буйна прайгралі ізраільцянам. Лёс другой пуцёўкі ў паўфінал вырашаўся ў матчы з Францыяй. Нашыя суайчыннікі перамаглі з розніцай у 22 ачкі. Зборная ўпершыню крочыла ў паўфінал плэй-оф маладзёвага Еўрабаскету.

У паўфінале беларусаў ужо чакалі моцныя гішпанцы. Яны задоўга да завяршэння групавога этапу забяспечылі сабе першае месца, разграміўшы ўсіх супернікаў з 20-ачковай розніцай. На перапынак на табло гарэла якраз гэтая дыстанцыя 24:44, на карысьць гішпанцаў. Застаецца гадаць, якія словы знайшоў трэнерскі штаб для гульцоў у паўзе. Аднак у другой палове сітуацыя змянілася кардынальна, нашыя хлопцы зрабілі дзівосны камбэк, перамаглі ізноў, закінуўшы на апошніх секундах матчу – 69:67!

На фоне трыллера са Славеніяй ды Гішпаніяй матч за чэмпіёнскі тытул супраць Італіі выйшаў крыху менш валідольным. Абедзве каманды прадэманстравалі выніковы баскетбол, але беларусы чарговы раз паказалі характар і ў канцоўцы не дазволілі італьянцам забраць у іх заслужанае золата.

Самым выніковым гульцом зборнай на Еўрабаскеце-1994 стаў Руслан Байдакоў, які гуляў з пераломам кісьці рукі, набіраўшы ў сярэднім за матч 22,6 ачкі. Другім лідэрам стаў Аляксандр Куль. Ягор Мешчаракоў быў самым юным у камандзе, але выдатна сябе паказаў, апынуўся сярод лідэраў, закідваючы ў матчы па 14 ачкоў за гульню! (https://belarus.basketball/novosti/sbornye/5502-kak-molodzezhnaya)

Па дарозе дадому ў Польшчы зламаўся камандны аўтобус. Аўтобус паехаў на рэмонт, а хлопцам прыйшлося начаваць на ўзбочыне дарогі, нехта накіраваўся ў лес, каб сабраць хварост ды распаліць агонь. У тыя часы на тэрыторыі Еўропы лютавалі бандыты з былога Саюзу, і хлопцаў польская паліцыя прыняла за крымінал. Першымі ахвярамі сталі Мешчаракоў са Свірыдавым, спаўшых у яры. “Рукі да горы!” – сонныя хлопцы былі агаломшаныя, пабачыўшы ў руках ахоўнікаў парадку зброю. Але беларусы зарыентаваліся: “Мы гэта… Кашыкофка (баскетбол)…” Але Царыкава адвезлі за распалены агонь у пастарунак ды аштрафавалі на 10 даляраў.

Урачыстай сустрэчы не было, але адбылося сціплае ўшанаванне ў Палацы шахмат і шашак. Хлопцы атрымалі граматы, гадзіннікі і па 250 даляраў…

У першыя гады Незалежнасці яшчэ многае не паспела наладзіцца, Рэспубліка Беларусь яшчэ рабіла першыя крокі самастойнасці пасля развалу савецкай імперыі. Яшчэ не было новых стадыёнаў, палацаў, добрых распранальняў і медыцынскіх тэхналогіяў у нашай краіне, але нават у такі час хлопцы здабылі выдатную перамогу!

Мне думаецца, што калі эмоцыі ўлягуцца, пра тую нашую каманду ў Беларусі знімуць мастацкі фільм.

Пасля чэмпіянату Куль, Сьвірыдаў, Мешчаракоў і Крыванос зьехалі ва ўніверсітэт у Штаты. З-за складанай пераддрафтавай тактыкі хлопцы не патрапілі ў НБА, хоць былі мацнейшыя за многіх сваіх канкурэнтаў і вярнуліся ў Еўропу ды гулялі ў добрых еўрапейскіх клубах.

————

У 2020 годзе Ягор Мешчаракоў актыўна падтрымаў пратэсты супраць гвалту ды падпісаў вядомы ліст спартоўцаў.

Таксама былы гулец зборнай неаднакратна браў удзел у пратэстных акцыях ў Мінску. Суд аштрафаваў спартоўца за ўдзел у акцыі пратэсту на 20 базавых (540 руб.).
У пачатку кастрычніка 2020 года Мешчаракоў пакінуў пост намесніка старшыні Беларускай федэрацыі баскетболу. Ён далучыўся да свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў, выказваючы свой пратэст сітуацыі ў дзяржаве пасля 9 жніўня 2020 году. Пасьля пратэстаў зьехаў у Еўропу.

Вытрымкі і інтэрв’ю ў 2021г:

– У НБА не склалася з-за савецкага выхавання?
– У свой час адмовіўся пайсці на драфт, каб скончыць адукацыю. А там усё вельмі хутка мяняецца, праз паўгода ты ўжо можашь нікому не быць патрэбны. Калі б можна было адматаць назад, пайшоў бы на драфт. Магчыма і не патрапіў бы у топ-дзясятку клубаў, але кантракт бы быў.
Калі потым не ўзялі, трэба было паспрабаваць праз год. Аднак пелена злосці засталася, і я больш у Штаты не паехаў…

– Ты напісаў заяву і аніякім чынам больш не злучаны з Федэрацыяй баскетболу Беларусі?
Так… Падумаў і прыняў рашэнне, што так будзе лепш і мне, і федэрацыі… У сувязі з сітуацыяй з Аленай Леўчанка, якая была сапраўдным абразом беларускага жаночага баскетболу. Напэўна, ўсяго баскетболу, бо ніхто з мужыкоў ў фінал НБА не праходзіў. Рэальна яна была №1. Патрапіла не праз драфт, а сваёй гульнёй, рэпутацыяй даказала сваю сілу. Плюс да таго лепшы “цэнтр” 2010г., усе гэтыя тытулы. Для многіх нават пра такое марыць… людзі не дасягнуць такога ніколі… Калі з ёй здарылася, тое, што здарылася, іхны зарок маўчання (федэрацыі), гэта супярэчыць маёй пазіцыі. Я маўчаць не буду, правільна мне было пакінуць выканкам федэрацыі… Арышт Алены быў апошняй кропкай. Мне апошнія месяцы не да баскетболу. Не магу нават НБА глядзець, сфакусіравацца…

– Досыць зразумела, што ў цябе і М.Рыжанкова (на той час кіраўнік Федэрацыі баскетболу) погляд на сітуацыю кардынальна розны. Распавядзі, як вы існавалі ў адной супольнасьці не адзін год?
– Федэрацыя зрабіла вялікую працу за апошнія гады. Гэта не проста так… Сэнс размаўляць пра палітыку? Мэта развіваць баскетбол, дапамагаць нашым хлопцам і дзеўчынам. Але пасьля 9-га жніўня гэта стала рабіць цяжэй.

– Давай працытуем Рыжанкова: “Некаторым спартоўцам рэкамендаваў бы думаць, перш чым бязадказна разважаць аб рэчах далёкіх ад іхнага разуменьня?!.”
– Гэта ягонае права як кіраўніка Федэрацыі, крыху так тушыць пажар і ў той жа час наставіць гульцоў, “паглядзіце, можа не ўсё так адназначна як вам падаецца…” . Моладзь, якой цяпер 28-30, яны сфармаваныя не за савецкім часам і яны маюць права. Ёсьць канкрэтны пункт Канстытуцыі, чалавек мае права выказваць сваю пазіцыю свабодна…
Як маўчаць, калі мы ўсе бачылі, што тварылася пасля выбараў?!. З гэтым нешта трэба рабіць, бо калі мы гэта як нацыя праглынем, будзе вельмі сумна…

– Ты маеш смеласць выказваць сваю пазіцыю?!.
– Бывае кажуць, “у цябе там амерыканская школа, жыццё ў Еўропе, некаторая матэрыяльная самастойнасць”. На што я адказваю, што калі б я зараз быў юнацкага веку гульцом “Цмокі” (Мінск), я б рабіў тое самае…

– Калі ў цябе ўзнікла ідэя зрабіць тату з беларускім рыцарам?
– Я хацеў набіць мяч з драконам. Мне жонка Тацьцяна кажа: “Слухай, гэта не актуальна”. А што важней усяго?!. А важней усяго Бацькаўшчына, гэта “Пагоня”, беларуская гісторыя, беларускі рыцар.Я шмат працаваў над сабой, шмат вучыўся, не хацеў патрапіць у гэтую нішу – “недалёкага спартоўца”. І на мяне вельмі паўплывала гісторыя Беларусі. Як ляцеў у Вашынгтон, мне бацькі далі 40 даляраў і бела-чырвона-белы сцяг, які я вывешваў з вакна на ўсе святы. У маім нумары ён заўжды быў.

 -Ты верыш, што ваш зварот у МАК (Міжнародны алімпійскі камітэт) будзе мець нейкі эфект?
– Сітуацыя саспела. Шмат незадаволенасці бяздзеяннем МАК датычна шэрагу праблем, што датычыцца грамадзянскіх правоў і свабодаў. Я веру ў МАК, што ён зможа зрабіць рэальныя крокі…

 – НАК залежны ад МАК?
– Так, нейкія гранты, праграмы. МАК заявіў, што пэўныя грошы накіроўваліся пад пэўных спартоўцаў. І ён жадае праверыць, ці былі скарыстаныя перададзеныя грошы адмыслова. НАК можа паўплываць на сам факт выступаў нашай зборнай на Алімпіядзе. І мы ўжо бачым варыянт спартоўцаў з Расеі. Для нас важна паказаць, што людзі падзвяргаюцца ціску па сваіх палітычных перакананнях. А яно рэальна ёсць…

– А чым гэта скончыцца, вашая грамадская праца?
– Мы гэта робім з чыстым сэрцам. Прайшлі вялікі шлях у кар’еры, і хочам, каб спартоўцы не баяліся, што іх не возмуць у зборную…
Бачу, большасьць беларусаў за перамены. Нічога не ламаць, не крышыць, а проста стаць на іншыя рэйкі ды развівацца… 

(https://www.youtube.com/watch?v=I3K41g9Umpk)

————–

Ягор пакідае ўражанне надзвычай цікавага і прыемнага чалавека, да таго адукаванага. Чэмпіён застаецца чэмпіёнам, працуе над сабой. Сумленне не дазволіла і застацца ў Федэрацыі, безумоўна рыцарскі ўчынак.

Мешчаракоў – патрыёт, і быў такім задоўга да трагічнага 20-га. Мы дазнаемся, што хлопец паўсюль адстойваў нацыянальную годнасць, і ў ЗША, і ў Расеі, і ў Еўропе! Гэта сур’ёзна.
Аднак у ягоных словах, як і ў іншых нашых цудоўных зорак, хапае сапраўднай шчырасці, але якая не заўжды стасуецца з рэальнасцю жорсткага свету.
Ягор шчыра верыў, што МАК дапаможа беларускім спартоўцам, што цывілізаваны Захад падтрымае беларусаў. Рэчаіснасць апынулася балючай. Уся дапамога МАКу зьвялася да санкцыяў беларусам, а любая падтрымка беларускіх спартоўцаў спынілася зусім…

Будзе вельмі цікава паразмаўляць з нашым баскетбалістам цяпер, пасля таго, як з беларускімі спартоўцамі так жорстка абыйшліся, калі мы адкрылі і другі бок медаля, калі назіраем невыносную крывадушнасць палітыкаў, зайграванне з Масквой ды фактычнае спрыянне санкцыямі запіхваць Беларусь ў Расею.

Мы ўсе вучымся, мы ўсе – беларусы, атрымалі страшны гістарычны ўрок на гады, а можа і на дзесяцігодзьдзі. Гэты свет больш складаны, чым нам хацелася б лічыць, і больш брутальны і жорсткі.
Цяпер Ягор неахвотна ідзе на размову, сканцэнтраваўшыся на ўласным жыцьці ды сваёй сям’і. Сваё разчараванне не выстаўляе, пакідае ў сабе.
Спартовец далей развіваецца, і, магчыма, Ягор многае зразумеў і пераацаніў.

Вельмі хочацца верыць, што і Ягор, і ягоны брат Мікіта яшчэ шмат зробяць для Бацькаўшчыны на роднай беларускай зямлі.

Калісці, магчыма праз гады, беларускія баскетбалісты праспяваюць нацыянальны гімн, здабыўшы новае золата! Як гэта зрабіў у свой час вялікі беларус Ягор Мешчаракоў.

(Васіль Додзік).