Віталь Кутузаў – “У патоку “Хвалі”…

Валянцін Гольдштэйн
02.10.2024

У мінулы ўік-энд адбылася прэзентацыя кнігі Віталя Кутузава, аднаго з самых таленавітых футбалістаў незалежнай Беларусі. Менавіта так называецца гэты аўтабіяграфічны твор.

Аўтар: Васіль Додзік

Дарэчы нездарма абыгрываецца слова “хваля”, так завецца клуб у Пінску (пінская “Хваля” – клуб з першай лігі чэмпіяната Беларусі), у гэтым палескім мястэчку пачынаў гуляць славуты беларускі нападаючы. Сам футбаліст у інтэрв’ю пра сваю кнігу сказаў: “Палічым, я б не назваў яе цалкам аўтабіяграфічнай. Скарэй, гэта карысны дапаможнік для юных футбалістаў – для тых, хто прагне здабыць вышыні ў футболе…”

Віталі Кутузаў з новай кнігай. Фота Трыбуна.

Віталь Кутузаў з новай кнігай. Фота Трыбуна.

Аўтар паказвае на першыя словы:

 “Паток – псіхічы стан, які характэрызуецца поўным паглыбленьнем у працэс альбо від дзейнасьці. Чалавек максімальна захоплены сваёй справай, ён не зьвяртае ўвагу на староннія праблемы, стомленасьць і не надае ўвагі таму, што адбываецца вакол. Для яго няма нічога, акром любімага занятку, што прыносіць непераадольнае задавальненьне…”. Пэўна ў гэтым і ёсьць базавая філасофія твору. 

 

Віталі Кутузаў у складзе Мiлана. Фота forzaparma.

Віталь Кутузаў у складзе Мiлана. Фота forzaparma.

Узгадваюцца тыя еўрапейскія каманды, дзе выступаў наш зямляк – “Мілан”, “Спортынг”, “Авеліна”, “Сампдорыя”, “Парма”, “Піза”, “Бары”. І паўсюль былі шыкоўныя матчы і галы, галы…У памяці заўзятараў назаўжды засталіся гульні і галы Кутузава за зборную Беларусі ў вароты Нарвегіі, Італіі, цудоўны гол у таварыскім матчы з камандай Англіі, а чаго толькі каштуе знакамітае “Кутузаў разбіў французаў”, пасьля перамогі над Францыяй!

Віталі Кутузаў супраць святкуе гол у браму зборнай Францыі. Фота Tribuna.

Віталь Кутузаў святкуе гол у браму зборнай Нарвегіі. Фота Tribuna.

Гэта безумоўна фантастычны досьвед, і Віталь хоча падзяліцца гэтым досьведам з маладымі гульцамі ды трэнерамі для росту беларускага футболу.

В.Кутузаў шукае магчымасьці для прыкладаньня сваіх сілаў, гэта шмат значыць… і прапануе супрацоўніцтва.

Былы форвард і сёньня не пакідае ўвагай сваю Бацькаўшчыну, хоць жыве на дзьве краіны, ў Італіі і ў Беларусі. Не хочацца праводзіць паралелі, аднак жа ёсьць іншыя прыклады, іншыя футбалісты і спартоўцы, якія абжыўшыся ў Еўропе нават не ўзгадваюць, што яны з Беларусі. Прыгадваецца адзін вельмі вядомы гулец беларускага паходжаньня, які сказаў журналістам, што ён з “савецкай эпохі”, і радніць сябе з СССР, а не з Беларусьсю…

Віталі Кутузаў. Фота labaricalcio

Віталь Кутузаў. Фота labaricalcio

А вось пінскі хлопец Віталь Кутузаў з іншага рэчыва, з “каштоўных металаў”!..

Перад кавіднай істэрыяй Кутузаў падтрымаў праект навучальнага цэнтру італьянскай каманды “Інтэр” у Мінску, дзе б шліфавалася гульня беларускай моладзі ды прадстаўляліся новыя методыкі. На жаль з-за Кавіду ды трагічных падзеяў 20-га году ў Беларусі праект спыніўся, аднак Віталь прапануе новыя, мае свой сістэмны падыход. Італія ўвогуле супраць гэтых кандовых санкцыяў да Беларусі. Падаецца, лепшай кандыдатуры на ролю спартыўнага Амбасадара Беларусі ў Італіі і не знайсьці!

Віталі Кутузаў. Фота www.socialmediasoccer.com

Віталь Кутузаў. Фота www.socialmediasoccer.com

Не буду нікога вучыць ды апеліраваць да кіраўніцтва БФФ, аднак чаму б не скарыстацца такой цудоўнай магчымасьцю?! Кутузаў вельмі таленавіты і прадпрымальны, кіпіць энэргіяй, чалавек мае вялізны аўтарытыэт у Італіі, шануюць яго і футбольныя спецыялісты, і трэнеры, і журналісты… Хіба самы вядомы палітык Італіі апошніх дзесяцігодзьдзяў Сільвіа Берлусконі быў сярод сяброў нашага спартоўца. Госпадзі, ды проста бяры і працуй з Віталем Кутузавым!

Да ўсяго гэты цудоўны футбаліст нічым не падставіў краіну, не кінуўся на эмоцыях шкодзіць Беларусі, а робіць карысную справу, што робіць бяз усялякай дзяржаўнай увагі.

Віталі Кутузаў ды Крышціану Раналду ў складзе Спортынга. Фота Sporting.

Віталь Кутузаў ды Крышціану Раналду ў складзе Спортынга. Фота Sporting.

Хоць з самім Віталем у Беларусі абыходзіліся па-рознаму. Памятаю, як адлучалі ад зборнай у свой час, бяз усялякіх падстаў, аб’ектыўна лепшага беларускага форварда?! Гулец ад гэтага не кінуўся “махаць шашкай”, працаваў і рос, і калі патэлефанаваў Бернд Штанге, не вагаўся ні хвіліны, “за зборную буду гуляць…” 

 У сваёй кнізе Віталь Кутузаў досыць дэталёва распавёў увесь свой жыцьцёвы шлях, ад першай трэніроўкі ў дзіцячай футбольнай школе ды пераезду ў сталіцу, да вырашальных галоў за вядучыя клубы Еўропы і нацыянальную каманду.

Віталі Кутузаў супраць Фрэнка Лампарда. Фота Instagram.

Віталь Кутузаў супраць Фрэнка Лампарда. Фота Instagram.

 А галоўнае – вельмі падрабязна падаецца як і праз што можна станавіцца лепшым і рэалізоўваць свой патэнцыял. Па праўдзе кніга будзе карысная для спартоўцаў у любым відзе спорту, і ня толькі спартоўцаў. Гэта такі ўніверсальны падручнік для маладых людзей, як дасягаць сваіх мэтаў ды ісьці наперад. У гэтым творы вы не знойдзеце ныцьця пра “хібны талерантны характар беларусаў”. Не, гэта такі шлях спартыўнага байца, які ставіць мэту, а потым яе дасягае! Навука перамагаць!

 У “Патоку “Хвалі” выкладаюцца канкрэтныя парады ў аспекце падрыхтоўкі гульцоў, актуалізуецца патрэба прафесійных методыкаў, медыцынскай працы і псіхалагічнай, правільнага харчаваньня. Тое, у чым на сёньня беларускі футбол невыносна адстае… 

Ёсьць і вельмі кранальныя моманты, падтрымка сям’і, любоў да бабулі і мамы, сустрэчы жыцьця з выдатнымі і таленавітымі людзьмі, сапраўднымі беларускімі трэнерамі. Бо любы самы вялікі талент бяз любові, падтрымкі, веры з боку іншых людзей здабыць вышыні не можа. 

Віталі Кутузаў на стылі ў часы ГУМа ды стадыёна Дынама. Фота Прэсбол.

Віталь Кутузаў на шыкоўным італьянскім стылі ў часы ГУМа ды стадыёна Дынама. Фота Прэсбол.

Кутузаў распавядае як праз сваю ўпартасьць, насуперак правілам, змог запісацца ў пінскую ДЮСШ – у 6 гадоў, то бок на год раней за іншых дзяцей; як пасьля таго як парваліся кеды (такія былі часы), знайшоў старыя кеды сваёй сястры з дзявочымі фарбамі, але насьмешкам хлапцоў адказаў забітымі галамі…і насьмешкі скончыліся. Уражвае любоў да футболу ў хлопца і здатнасьць вучыцца. Аўтар ўзгадвае як прыглядаўся да фінтоў вялікіх футбалістаў, а потым сам, пасьля трэніроўкі, гадзінамі практыкаваўся, ці з дапамогай бацькі.

Канешне для юнакоў кніга “У патоку “Хвалі” – гэта вялікая школа пасьпяховага гульца, і хочацца верыць, што гэты твор неўзабаве будзе ў кожнай беларускай спартыўнай школе, і кожны хлапец, які марыць гуляць у вялікім футболе, хакеі ці гандболе, зможа прачытаць яе. Пакуль кніга існуе толькі ў электроннай версіі, але вядуцца перамовы, і хутка яна будзе ў продажы. 

Віталі Кутузаў супраць Джэнара Гатуза. Фота forzaparma.

Віталь Кутузаў супраць Джэнара Гатуза. Фота forzaparma.

Віталь Кутузаў: “Кожная трэніроўка – гэта падзея, запал, рызыка, натхненьне, гэта адчуваньне таго, што менавіта зараз ты на сваім месцы, і ў цябе няма больш аніякіх жаданьняў, акром як бяз перапынку трэніравацца ды гуляць, на поўніцу насалоджвацца любым імгненьнем, праведзеным на полі.

Кожнай гульні ты гатовы аддавацца цалкам, бяз астатку, з нейкім нерэальным касмічным фанатызмам, забываючы аб стомленасьці, і ўвогуле аба ўсім на свеце. У гэтыя хвіліны Сусвет сціскаўся да памераў стадыёна, за межамі якога не існавала нічога ад слова “зусім”…

Хлопец з такім агнём і воляй пэўна не мог не стаць зоркай. Прыйшоў час і Віталь выйшаў на поле знакамітага “Сан-Сіра”, апынуўся ў адной камандзе з Крышціану Ранальда, Філіпа Індзагі, Паола Мальдзіні, Маркусам Кафу ды іншымі.  Пра гэтыя перамогі, паразы, разчараваньні ды здабыткі, свой спартыўны шлях аўтар распавядае. 

Віталі Кутузаў. Фота sampnews24.

Віталь Кутузаў. Фота sampnews24.

У часе прэзентацыі журналісты запытвалі былога форварда пра беларускі футбол, ягоныя праблемы, пра розных гульцоў і трэнераў, і заўжды Віталь Кутузаў адказваў трапна, з веданьнем становішча. Бачна, наколькі блізка “палескі крыжаносец” (мянушка ад італьянскіх журналістаў) прасякнуты нашым футболам, як перажывае і верыць у яго.

І нешта падказвае, што Кутузаў у новай якасьці яшчэ зробіць шмат, а такія людзі не дадуць беларускаму футболу заняпасьці…

Віталь Кутузаў застаецца ў патоку!..