ЯК БЕЛАРУСЬ МОЖА ЎДАСКАНАЛІЦЬ СВАЮ СПАРТЫЎНУЮ СІСТЭМУ, ВЫКАРЫСТОЎВАЮЧЫ ТОЛЬКІ ЎНУТРАНЫЯ РЭСУРСЫ.

Alexander Apeykin
13.11.2024

Спартыўная індустрыя сёння — гэта магутны эканамічны і сацыяльны рухавік, які актыўна развіваецца ва ўсім свеце. У розных краінах ужо даўно прыйшлі да высновы, што спорт з’яўляецца не толькі шляхам да медалёў і прызнання на міжнароднай арэне, але і магутным інструментам для павышэння якасці жыцця, паляпшэння здароўя нацыі і фарміравання іміджу дзяржавы. Найбольш паспяховыя прыклады паказваюць, што комплексны падыход, які спалучае масавы спорт, прафесійны спорт і актыўнае ўключэнне бізнесу ў фінансаванне спартыўных праектаў, можа прывесці да значных сацыяльных і эканамічных вынікаў.

 

Міжнародныя спартыўныя сістэмы

Для прыкладу спартыўная індустрыя ЗША генеруе больш за 500 мільярдаў долараў штогод, уключаючы прыбыткі ад правядзення мерапрыемстваў, продажу квіткоў, тэлевізійных правоў, спонсарскіх кантрактаў, мерчандайзінгу і гд. Спартыўныя мерапрыемствы не толькі напаўняюць бюджэт, але і прыцягваюць турыстаў, павышаюць спажывецкі попыт і стымулююць развіццё інфраструктуры.

Тэйлар Свіфт і Трэвіс Келсі на Супербоўле 2024.

У Швецыі і Нарвегіі ўцягнутасць насельніцтва ў фізічную актыўнасць дасягае прыкладна 70%, што ў значнай ступені зніжае ўзровень захворванняў, звязаных з ладам жыцця, напрыклад, сардэчна-сасудзістых хвароб і дыябету. Па ацэнках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, кожны ўкладзены долар у масавы спорт і фізічную культуру можа зэканоміць да 3 долараў на ахову здароўя. У Швецыі гэта прынесла велізарную эканамічную карысць, знізіўшы выдаткі на медыцынскае абслугоўванне і павысіўшы прадуктыўнасць працы.

Канада робіць акцэнт на спалучэнне масавага і прафесійнага спорту і імкнецца ўцягваць ў спартыўную індустрыю мясцовыя кампаніі. Па даных даследаванняў, кожны ўкладзены ў спорт долар стварае да 1,6 долара эканамічнага росту дзякуючы пабочным эканамічным эфектам: развіццю звязаных з спорту галін, турызму, продажу спартыўных тавараў і паслуг. Краіна таксама актыўна інвестуе ў дзіцячы спорт, што зніжае выдаткі на ахову здароўя ў доўгатэрміновай перспектыве.

Былыя студэнткі Таронцкага ўніверсітэта ўдзельнічаюць у Алімпійскіх гульнях 2024 года.

Германія зрабіла акцэнт на прыватна-дзяржаўным партнёрстве ў спартыўнай сферы, і сёння многія буйныя нямецкія кампаніі (напрыклад, Adidas, Volkswagen) актыўна інвестуюць у нацыянальныя і мясцовыя спартыўныя праекты. Гэта стварыла моцную эканамічную базу і дазволіла знізіць залежнасць спорту ад дзяржаўнага бюджэту. Праз бізнес і прыватныя інвестыцыі Германія развівае інфраструктуру і павышае ўзровень масавага спорту, што стварае эканамічную выгаду і фарміруе станоўчы сацыяльны клімат.

Усе гэтыя прыклады паказваюць, што спорт здольны не толькі паляпшаць здароўе нацыі і фарміраваць спартыўныя поспехі, але і ўплываць на эканоміку і сацыяльную стабільнасць. Для Беларусі гэта асабліва важна, бо, абапіраючыся на свой патэнцыял і аптымізаваўшы фінансаванне, можна дасягнуць комплексных вынікаў: ад масавасці спорту да прафесійных дасягненняў. Стварэнне спрыяльных умоў для бізнесу ў спартыўнай галіне, развіццё масавых спартыўных праграм і шырокая інфармацыйная падтрымка спартыўных праектаў могуць стаць эфектыўным рухавіком для дасягнення гэтых мэтаў.

 

Недасканалая сістэма Беларусі

Сенняшнюю спартыўную сістэму Беларусі складана назваць няўдалай. Тут больш дарэчным будзе тэрмін “недасканалая”. З аднаго боку, краіна мае даволі развітую сістэму падрыхтоўкі алімпійскіх спартсменаў і рэгулярна прыносіць медалі з міжнародных спаборніцтваў, асабліва ў традыцыйных для сябе дысцыплінах: барацьба, веславанне, лёгкая атлетыка, фрыстайл, біятлон. З іншага боку, спартыўная сістэма Беларусі ў многім залежыць ад дзяржаўнага фінансавання і не настолькі адкрытая да прыцягнення прыватнага капіталу і пабудовы ўстойлівай клубнай сістэмы.

З прычыны гэтага спорт у краіне мае абмежаваныя магчымасці для развіцця як масавага напрамку, так і прафесійнай складаючай спартыўнай галіны. Дзіўным чынам, нягледзячы на наяўнасць дастатковай колькасці спартыўных пляцовак і дзяржаўнай падтрымкі, Беларусь так і не набыла поспеху ў масавых гульнявых відах спорту, такіх як футбол, баскетбол, валейбол, гандбол, хакей і інш. Выключэннем з’яўляецца, напэўна, толькі экзатычны для Беларусі пляжны футбол.

 

Якія перавагі і недахопы мае сённяшняя Беларусь у спартыўным плане?

Матэрыяльная база

Сістэма спорту Беларусі, якая развівалася на спадчыне Савецкага Саюзу, мае пэўныя перавагі, якія могуць стаць істотным падмуркам для далейшага ўстойлівага развіцця. Сярод такіх пераваг — добрая сетка спартыўных школ (ДЮСШ), спецыялізаваных школ алімпійскага рэзерву і цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі. У краіне функцыянуе каля 500 спартыўных школ і секцый, што дае магчымасць для актыўнага прыцягнення дзяцей і моладзі да спорту. Акрамя таго, у Беларусі ёсць багатая матэрыяльная база: вялікія спартыўныя арэны, футбольныя стадыёны, мультыфункцыянальныя комплексы для гульнявых відаў, шматлікія комплексы для плавання, катання на каньках, зімовых відаў спорту.

Стадыён “Дынама”, Мінск.

Да асноўных спартыўных аб’ектаў міжнароднага стандарту належаць такія аб’екты, як “Мінск-Арэна”, “Чыжоўка-Арэна”, Нацыянальны алімпійскі стадыён “Дынама”, Мінскі Палац спорту, спартыўны цэнтр па зімвых відах спорту “Раўбічы”, Палац спорту “Уручча”, Цэнтр алімпійскага рэзерву па веславанні і каноэ ў Заслаўі, Палац тэніса ў Мінску, стадыён “Барысаў-Арэна”, веладром “Мінск-Арэна”, басейн міжнароднага стандарту ў Мінску, спартыўны цэнтр “Стайкі”, Цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту ў Ратамцы, гарналыжны курорт “Лагойск”, гарналыжны цэнтр “Сілічы”, Цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы, Дом гандболу ў Мінску, Палац барацьбы імя Аляксандра Мядзведзя, Палац спорту “Вікторыя” у Брэсце, спартыўны комплекс “Алімпіец” у Магілёве, каля 30 лядовых арэн ва ўсіх рэгіёнах Беларусі і інш. Гэта даволі суре’зны матэрыяльны актыў нават у параўнанні з многімі еўрапейскімі краінамі.

 

Досвед у правядзенні міжнародных спаборніцтваў

Беларусь мае таксама значны досвед у правядзенні буйных міжнародных спартыўных спаборніцтваў, што сведчыць пра яе здольнасць арганізоўваць і падтрымліваць высокі ўзровень спартыўнай інфраструктуры і лагістыкі. Сярод самых значных мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў краіне, можна адзначыць Чэмпіянат свету па хакеі (2014 год), ІІ Еўрапейскія гульні (2019 год), чэмпіянат Еўропы па мастацкай гімнастыцы (2015 год), Чэмпіянат свету па веласпорце на трэку (2013 год), чэмпіянат Еўропы па фігурнаму катанню (2019 год), Лёгкаатлетычны матч Еўропа-ЗША (2019 год), ІІ Гульні краін СНД (2023 год) і інш. Таксма краіна рэгулярна прымала футбольныя еўракубкі, матчы еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў па гандболе, матчы КХЛ і баскетбольнай лігі ВТБ.

Адкрыццё ІІ Еўрапейскіх гульняў у Менску (2019).

 

Крытычныя недахопы

Аднак ёсць і крытычныя недахопы. Нягледзячы на шырокую сетку спартыўных аб’ектаў, доступ да іх часта застаецца абмежаваным па розных прычынах — ад фінансавых да арганізацыйных. Па афіцыйных дадзеных, на сённяшні дзень каля 30% насельніцтва рэгулярна займаецца спортам (у рэальнасці, магчыма, не больш за 15%), што далёка ад аптымальных паказчыкаў. Гэтыя лічбы сведчаць аб адсутнасці рэальнай масавасці. Існуе таксама праблема падтрымкі спорту на месцах: у маленькіх гарадах і вёсках інфраструктура слабейшая, чым у сталіцы і вялікіх гарадах, што стварае дадатковы бар’ер для павышэння масавасці спорту.

Акрамя інфраструктурных і арганізацыйных праблем, важным недахопам з’яўляецца нізкі ўзровень прыватнага спонсарства ў спорце. Амаль увесь беларускі спорт фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту, што робіць яго моцна залежным ад дзяржаўных рэсурсаў і абмяжоўвае магчымасці для развіцця спартыўных арганізацый. У краінах з развітой спартыўнай індустрыяй прыватныя інвестыцыі і спонсарскія кантракты складаюць істотную частку бюджэту клубаў і спартыўных праграм. Гэта дазваляе ім развівацца больш дынамічна, уводзіць сучасныя тэхналогіі і прыцягваць лепшых трэнераў і спецыялістаў. Адсутнасць такога падыходу ў Беларусі стварае фінансавыя рамкі, у якіх цяжка ўкараняць новаўвядзенні і забяспечваць доўгатэрміновыя перспектывы для спартыўных арганізацый.
Яшчэ адзін крытычны аспект — нізкі ўзровень медыйных прадуктаў у спорце.


Вось такія спонсары.

Спартыўныя падзеі і поспехі беларускіх спартсменаў часта не атрымліваюць дастатковага асвятлення ў медыя. Гэта значыць, што ў грамадстве няма высокай зацікаўленасці і пазнавальнасці спорту як важнага сацыяльнага і культурнага феномена. У выніку спартсмены і клубы не атрымліваюць дастатковага медыйнага ахопу, што зніжае іх прывабнасць для спонсараў і інвестараў. У многіх краінах спорт і медыя працуюць у цеснай звязцы: на асвятленне спаборніцтваў і падрыхтоўкі спартсменаў робіцца акцэнт, каб прыцягнуць увагу аўдыторыі, фарміраваць пазнавальнасць клубаў і каманд і павышаць цікавасць да фізічнай актыўнасці.

Унутраныя рэсурсы, якія можна было б выкарыстаць, каб удасканаліць спартыўную сістэму.

Для павышэння эфектыўнасці спартыўнай сістэмы Беларусі можна задзейнічаць шмат унутраных рэсурсаў, але не толькі ў рамках інфраструктуры і фінансавання.

Чалавечы капітал

Адным з самых даступных і найбольш эфектыўных рэсурсаў з’яўляецца чалавечы капітал. Ужо сёння варта зрабіць націск на падрыхтоўку і адукацыю сучасных спецыялістаў у сферы спартыўнага менеджменту, маркетынгу і журналістыкі. Шырокае кола прафесійных мэнэджараў дазволіць прасоўваць спорт як прывабны прадукт для розных аўдыторый і прыцягваць больш людзей да актыўнага ўдзелу ў ім. Для гэтага спартыўная індустрыя Беларусі павінна быць адкрытай і інтэграванай у міжнародны спорт, даваць магчымасці кар’ернага развіцця, адпавядаць стандартам глабальнага спартыўнага рынку.

Каманда медыя-мэнэджараў. Стокавае фота.

 

Стварэнне студэнцкіх ліг

Адным з эфектыўных варыянтаў выкарыстання ўнутранага рэсурсу можа стаць стварэнне студэнцкіх ліг як прывабнага медыйнага прадукту. Студэнцкія лігі здольныя стаць не толькі платформай для выяўлення талентаў, але і натхняльным этапам для пераходу з дзіцячага ў дарослы прафесійны спорт. Каб зрабіць іх прывабнымі для моладзі і бізнесу, важна акцэнтаваць увагу на стварэнні высокага прэстыжу такіх ліг — толькі пры дастатковым статусе яны змогуць утвараць сапраўдную канкурэнцыю і спартыўнае відовішча.

Жаночая універсітэцкая ліга NCAA ў ЗША. Фота NCAA.

Асабліва важна надаць увагу медыйнаму суправаджэнню студэнцкіх ліг. Асвятленне гульняў і змаганняў, вылучэнне пераможцаў, укараненне вялікіх бонусаў і стыпендый для лепшых каманд зробяць удзел у такой лізе жаданым і ганаровым. Медыйная падтрымка дапаможа стварыць пазнавальны брэнд і прыцягнуць увагу шырокай аўдыторыі, што адкрывае магчымасці для патэнцыйнай манетызаці. Студэнцкая ліга можа стаць важным медыйным прадуктам, які прыцягне шэраг спонсараў і інвестараў.


Медыйнае суправаджэнне студэнцкіх ліг. Сток.

Сёння ў Беларусі існуе пэўны аналаг студэнцкіх ліг — першынства ВНУ, але яно значна адстае ад стандартаў сучасных спартыўных прадуктаў. Для таго каб ператварыць студэнцкі спорт у сапраўды прэстыжную і канкурэнтную арэну, варта распрацаваць якасны фармат, які адпавядае патрабаванням сучаснага спорту, дзе кожнае спаборніцтва асвятляецца медыйна, а лепшыя каманды і гульцы атрымліваюць высокае прызнанне.

Хакейная арэна Універсітэта Паўночнай Дакоты. Гэта толькі для лігі каледжа.

 

Развіццё клубнай сістэмы і масавага спорту на месцах

Яшчэ адной формай унутранага рэсурсу з’яляецца развіццё клубнай сістэмы і масавага спорту на месцах. Шэраг пыўных зменаў у заканадаўстве можа ў значнай ступені стымуляваць развіццё клубнай сістэмы, якая магла б абапірацца на дзяржаўна-прыватны фармат фінансавай падтрымкі.

Зборная Германіі да 12 гадоў выйграла Кубак Еўропы па бейсболе.

Перавага клубнай сістэмы палягае ў тым, што яна дапамагае больш эфектыўна залучаць грамадскаць да заняткаў спортам на мясцовым узроўні, стварае лакальныя спартыўныя традыцыі, прасоўвае спартыўныя брэнды, мае больш гнуткі падыход для працы са спонсарамі і інвестарамі. Таксма клубы змогуць дапамагчы ўмацаваць сувязі паміж спартыўнай сістэмай і грамадствам, што неабходна для ўстойлівага сацыяльнага развіцця.

Аматарскі атлетычны клуб “Хеленсбург”, Нямеччына -10 км-старт. Фота клуба.

Новая рэчаіснасць

З канца 2020-га году беларускі спорт апынуўся ў цалкам новай рэчаіснасці. Развіццё палітычных падзей у Беларусі і вакол яе прывяло да накладання шэрагу санкцый на спартыўную сферу нашай краіны з боку МАК і міжнародных федэрцый. У прыватнсці, па сённяшні дзень дзейнічае абмежаванне на правядзенне міжнародных спартыўных мерапрыемстваў у Беларусі, забарона на выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі, забарона на ўдзел беларускага кіраўніцтва ў спаборніцтвах і мерапрыемствах МАК. Гэтыя санкцыі маюць доўгатэрміновы ўплыў на беларускі спорт, асабліва на ўдзел у Алімпійскіх гульнях і іншых міжнародных спаборніцтвах, а таксама на ўнутраную падрыхтоўку і падтрымку спартсменаў.

Знешнія санкцыі і звязаныя з німі іміджавыя страты прывялі да відавочнага зніжэння інтэрэсу глядачоў да падзей у беларускім спорце, скарачэння аўдыторыі, ізаляцыі спартыўнага жыцця і значнага зыходу прыватнага інвеставання ў спартыўную галіну. На фоне беспрэцэндэнтных эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі дзяржаўная падтрымка спорту перастае быць прыярытэтам і таксама вымуашана адчувальна скарачацца.

У гэтай сітуацыі ўнутраныя рэсурсы могуць стаць галоўным апірышчам для захавання дынамікі развіцця спорту да моманту магчымай стабілізацыі.

Аляксей Протас. Без развіцця сістэмы такіх, як ён, больш не будзе.