ТРЫ ГАДЫ СПАРТЫЎНЫХ САНКЦЫЙ У БЕЛАРУСІ: ВЫНІКІ І ВЫСНОВЫ

Alexander Apeykin
06.01.2025

Спартыўныя санкцыі аказаліся адным з самых балючых фактараў уздзеяння на беларускія ўлады. Гучыць парадаксальна, але гэта факт.

Эканамічныя ды палітычныя санкцыі відавочна таксама маюць уплыў, але ў іх выявілася даволі шмат магчымасцяў для абыходу ці выхаду падсанкцыйных экспарцёраў на “новыя рынкі”.

У спорце – усе наадварот. Варыянтаў абыходу амаль не існуе. Большасць міжнародных федэрацый трымаюць даволі жорсткія ўмовы допуску. І тое, што спачатку падавалася як “сімвалічнае ўздзеянне”, зараз выліваецца ў вельмі балючы аспект.

Як выявілася, абмежаванні на выступ беларускіх спартоўцаў амаль праз тры гады пасля ўвядзення ператварыліся ў сапраўдную катастрофу. Калі пачытаць інтэрв’ю многіх беларускіх трэнераў і спартоўцаў, то становіцца зразумела, што пытанне нумар адзін зараз – гэта вяртанне на міжнародную арэну.

Пра гэта даволі актыўна ў медыя гаворыць старшыня Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплеў.

Таксама вельмі адкрыта вызначае гэтую праблему і галоўны трэнер жаночай зборнай Беларусі па гандболе Валерый Пяўніцкі ў сваім апошнім інтэрв’ю.

Шматлікія нарады НАК Беларусі таксама прысвечаны тэме выхаду з міжнароднай ізаляцыі. Цалкам відавочна, што гэтае пытанне ўжо вынесена на “самы верх”.

Пры гэтым, нягледзячы на браваду некаторых спартыўных чыноўнікаў пра тое, што “хутка мы ўжо вернемся”, я б адназначна не спяшаўся з такімі высновамі. Я з пашанай стаўлюся да многіх беларускіх спартсменаў, але не хацеў бы ствараць нейкія ілюзіі на конт хуткай адмены санкцый. Па маіх ацэнках гэта зойме яшчэ не адзін год дакладна. Яшчэ ў сярэдзіне 2022-га года прагназаваў, што вяртанне беларусаў у міжнародны спорт адбудзецца не раней за 2025 год. Так і сталася.

Але ці могуць спартыўныя санкціі стаць прадметам палітычнага размену? Безумоўна. І з кожным днём вартасць гэтага “актыву” імкліва расце. Пасля 26-га студзеня (дата прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі) беларускім уладам вельмі спатрэбіцца вектар на “нармалізацыю”. Сігналы аб гэтым ужо ідуць з усіх шчылін.

Спорт – гэта галоўная праява мірнага і дабрабытнага жыцця. Зняцце абмежаванняў на ўдзел беларускіх спартсменаў і вяртанне міжнародных стартаў у Беларусь – гэта пытанне, якое для ўладаў магчыма будзе мець больш важнае стратэгічнае значэнне, чым санкцыі Беларуськалія. Бо бюджэтны прабел можна кампенсаваць чарговай пазыкай ад Крамля, а іміджавыя жа страты – амаль ніяк. А ў прыярытэце ўладаў на бліжэйшую “пяцілетку” як раз-такі будзе стаяць вяртанне станоўчага іміджу “усходне-еўрапейскай Швейцарыі”, “донара стабільнасці ў рэгіёне”.

Шкада, што дэмакратычны істэблішмэнт абсалютна недаацэньвае гэты інструмент, выключыўшы спорт з дарожнай мапы грамадзянскай супольнасці для Еўракамісіі і не ўключыўшы ў парадак дня стратэгічнага дыялогу са Злучанымі Штатамі Амерыкі.

Рэгуляцыя гэтага пытання дэмкратычным сектарам – выдатная магчымасць для ўмацавання перамоўных пазіцый. Спорт можа стаць тым напрамкам, які паверне краіну да нармалізацыі. У шмат чым мінулы перыяд адлігі ў Беларусі быў звязаны з правядзеннем буйных спартыўных падзей.

Пасля падзей жніўня 2020 году і лютага 2022 беларускія ўлады дэманстравалі падыход “да чыхаць мы на ўвесь свет хацелі, мы тут свае гульні прыдумаем, а вы без нас загнецеся”. Але праз тры гады адлучэння ад міжнароднага спорту на практыцы выявілася адваротнае – беларускі спорт зараз фактычна вісіць над прорвай, ідзе імклівая стагнацыя па ўсіх напрамках.

Мне здаецца, мы абсалютна недаацэньваем гэты актыў і яго палітычную значнасць для беларускіх ўладаў на сённяшні дзень. Да зімовай Алімпіяды-2026 у Мілане засталося крыху больш за год.