Мікалай Казека – трэнер ад бога і чалавек, якога любяць беларусы.
Рыхтуючы матэрыял пра Мікалая Іванавіча Казеку, адмыслова называў ягонае прозвішча розным людзям, спартоўцам і далёкім ад спорту грамадзянам. Гэта такі мой журналісцкі прыёмчык – тэст, так бы мовіць, думка народу. А тут пагалоўна ўсе з сімпатыяй, з пашанай. Беларусы любяць гэтага знакамітага трэнера, з якім амаль кожны гатовы “пайсці ў выведку”.
Паспрабуем даведацца, чаму ж у Беларусі звычайныя людзі так захапляюцца гэтым цудоўным спецыялістам і чалавекам?
Фрыстайл узнік на пачатку 1970-ых гадоў у Паўночнай Амерыцы. Напрыканцы 70-ых сталі разыгрывацца першыя Кубкі свету. У СССР лыжная акрабатыка прыйшла ў 1985-ым. Праз год – дайшла да БССР. У БССР сталі прыцягваць атлетаў з горных лыж, скокаў на батуце, гімнастыкі. Менавіта БССР стала такой лабараторыяй па развіццю фрыстайла. Ужо ў 1986 годзе. Казека стаў галоўным трэнерам зборнай БССР. У фрыстайл Мікалай Іванавіч патрапіў са скачкоў на батуце, дзе быў чэмпіёнам СССР (1972).
“Я ніколі дагэтуль не бачыў горных лыжаў. І як мне падавалася, што ніколі не навучуся на іх катацца. Фрыстайл – гэта рызыка на грані авантуры”, – казаў ён. (https://by.tribuna.com/blogs/nosinemu/2831819/)
-Адмовіўся ехаць за мяжу-
Мікалай Іванавіч Казека мянчук, а дзяцінства праводзіў ў сяле ў Магілёўскай вобласьці.
“Інтэрас для мяне цяпер уяўляе само пашырэнне чалавечых магчымасцяў,”- кажа Казека. У Сочы Антон Кушнір зрабіў трайное сальта з пяцю вінтамі, ад гэтага стыне кроў у жылах. А Казека казаў – гэта яшчэ не мяжа. Чалавек здатны скокнуць з шасцю вінтамі.
“У нас галоўны трэнер – і адміністратар, і заўгас, і лабіст. Мне больш пдабаецца трэніровачны працэс, ягоная сутнасць, але выпадае займацца ўсім гэтым,”- кажа Казека.
Мікалая Казеку шмат разоў запрашалі ў розныя зборныя свету, але ён адмаўляўся ад такіх прапаноў: “Лепш чым дома, мне нідзе не будзе. Ды і ўсе грошы зарабіць немагчыма.” (https://by.tribuna.com/blogs/nosinemu/2831819/)
Вынікі працы спадара Казекі агаломшваюць. На адных Алімпіядах уражваючы набор!
Нагана-98 – бронза Дзмітрыя Дашчынскага.
Солт-Лейк-Сіці-2002 – бронза Аляксея Грышына.
Турын-2006 – срэбра Дзмітрыя Дашчынскага.
Ванкувер-2010 – золата Аляксея Грышына.
Сочы-2014 – золата Антона Кушніра і Алы Цупер.
Пхёнчхан-2018 – золата Ганны Гуськовай
Такімі здабыткамі не можа пахваліцца аніводны айчынны спецыяліст. Прычым уражвае ягоная здатнасць рыхтаваць спартоўцаў да самых адказных стартаў. Самай важнай рысай чалавека Казека лічыць працавітасць.
-Сын беларускага літаратурнага крытыка-
Не магу абыйсці гэты факт, бо і сам публіцыст, і люді пяра – гэта асаблівы склад розуму. Бацька геніяльнага коўча – вядомы беларускі літаратурны крытык Янка Казека. Аўтар кніг па творчасці Кандрата Крапівы, Кузьмы Чорнага. Быў галоўным рэдактарам выдавецтва “Беларусь”. Ды і сам Мікалай Іванавіч любіць чытаць па-беларуску. Адным са сваіх адкрыццяў называў “Гамлета” ў беларускім перакладзе. Казека заўсёды любіў балет, і збярог гэтую любой на ўсё жыццё. Балет і маркі – дзве слабіны таленавітага спецыяліста. У кватэры будучага вядомага трэнера часта бывалі вядомыя дзеячы мастацтва, якія размаўлялі на роднай мове. Асабліва Мікалаю Казека запомніўся Пятрусь Броўка, якога ўсе ў сям’і надзвычай паважалі, а той жа Іван Мележ быў “рубаха-хлопец”. “З першага знаёмства захапляла размова. Літаратары вельмі любілі спорт ды заўжды цікавіліся маімі справамі. У мяне тады якраз пачало атрымоўвацца ў скачках,”- узгадваў трэнер. (https://nashaniva.com/?c=ar&i=122739&lang)
-У фрыстайле ўжо 35 гадоў-
А вось пачатак трэнерскай працы будучага зорнага трэнера пачаўся з трагедыі. Праз паўгода пасля таго, як Казека ўзначаліў каманду БССР, на зборах у Кабардзіна-Балкарыі трэніроўка завершылася бядой. Алена Серкульская прызямлілася на галаву ды зламала шэйны аддзел пазваночніка. Здарэнне прымусіла пераглядзець падыходы па тэхніцы бяспекі для заняткаў фрыстайлам.
Гэтая трагедыя стала жорсткім выпрабаваннем для маладога трэнера, але не зламала Казека. Спецыяліст працягнуў займацца гэтым відам спорту і дапамагаў Серкульскай, якая выйшла замуж ды стала чэмпіёнам свету па танцах на калясцы…
А вось на Гульнях-1994 у Лілехаммеры, першых для незалежнай Беларусі, Казека прывёз трох выхаванцаў. Адзін сярод іх Аляксей Парфянкоў – нечакана выйграў кваліфікацыю. Да фіналу заставалася чатыры дні. Акрабат хадзіў па алімпійскай вёсцы, дзе яго пачыналі віншаваць з блізкай перамогай. Спартовец перагарэў і паказаў у фінальных скачках вынік, далёкі ад кваліфікацыйнага. У выніковым пратаколе Парфянкоў апынуўся усяго 12-ым. Гэта таксама стала балючым выпрабаваньнем для Казека. І трэнер вынес урок з дэбютнай Алімпіяды і больш з Гульняў бяз медалёў не вяртаўся…
Спецыяліст выхаваў не адно пакаленне фрыстайлістаў, якое з году ў год прыносяць краіне медалі.
Дзяржава ацаніла заслугі трэнера ўсемагчымымі ўзнагародамі. У 1998 годзе Казека атрымаў мядаль “За працоўныя заслугі”, у 2010-ым узнагароджаны Ордэнам пашаны. З 2002 па 2014 гады трэнер атрымоўваў Ордэн Айчыны ўсіх трох ступеняў, стаўшы поўным кавалерам. У 2014-м і 2018-ым Казека вызнавалі лепшым трэнерам краіны.
-Трагедыя 20-га году-
Падзеі 20-га году пераламалі лёс і кар’еру многім выбітным беларусам. Хіба найбольш шкада нашых спартоўцаў. Не абыйшла гэтая гісторыя і нашага героя.
Фрыстайлісты сталі адным з найбольш бунтарскіх класаў беларускіх пратэстаў.
Спартоўцы, трэнеры і кіраўнікі з гэтага віду спорту публічна агучылі нязгоду з працэсамі, якія адбываюцца ў Беларусі. Адказ улады не прымусіў сябе чакаць. Спартоўцам і трэнерам падрэзалі стыпендыі, а дырэктара РЦАР па фрыстайлу Вадзіма Крывашэева звольнілі па артыкулу за “кепскую ідэалагічную працу ў калектыве”.
Пад раздачу патрапіў і галоўны трэнер зборнай Мікалай Казека, у якога пасля выбараў пацярпеў сваяк жонкі. Выдатны беларускі коўч засудзіў жорсткасць сілавікоў… На выбарах Мікалай Іванавіч галасаваў за Лукашэнку, але потым, як і сотні тысяч іншых суайчыннікаў, быў шакаваны жорсткасцю сілавых структур ды збіваннем пратэстоўцаў, ды разам з іншымі калегамі, спартоўцамі выступіў супраць гвалту, засыпаў лістамі чыноўнікаў розных узроўняў.
Казека ў той час заявіў: “Выступаю не за Лукашэнку, а за дзяржаву! Не трэба мяшаць ў адну купу краіну і Лукашэнку”. У аўтарытарнай краіне гэта было раўназначна прафесійнаму самагубству.
Але найбольшае абурэнне ў выдатнага коўча вылікала расправа над сваёй зорнай выхаванкай Аляксандрай Раманоўскай. Менавіта так, спецыяліст ніколі надта не цікавіўся палітыкай, але далучыўся з-за сваёй парадачнасці ды болю за іншых пацярпелых людзей.
Аляксандру Раманоўскую адлучылі ад нацыянальнай каманды, і дзяўчына працяглы час працавала менеджэрам у адной з менскіх фотастудыяў ды інстуктарам па горных лыжах. Нашай цудоўнай чэмпіёнцы нават прыйшлося мяняць сферу дзейнасці, і зараз Аляксандра працуе ў ІТ-кампаніі…
Дагэтуль многія людзі са спартыўнага свету ўзгадваюць тую знакамітую прэс-канферэнцыю галоўнага трэнера беларускіх фрыстайлістаў Мікалая Казека ды ягонай зорнай вучаніцы Аляксандры Раманоўскай. У кастрычніку 2020 года 24-ох гадовую чэмпіёнку свету і лепшую спартсменку Беларусі-2019 звольнілі са зборнай “за прагул”. Раманоўскую пазбавілі магчымасці далей трэніравацца і выступаць, але Аляксандра ўсё роўна адмовілася браць іншае грамадзянства, каб далучыцца да другой каманды. Вучаніца такая ж патрыётка Беларусі ды беларускага спорту, як і яе настаўнік.
Мікалай Казека даў моцную прэс-канферэнцыю ў той час, каб абараніць Аляксандру:
-Сашу неяк усе запісалі ў лідэры пратэсту, а яна на самой справе выказала сваю думку пра тое, што адбываецца ў краіне, што бачыла ўся Беларусь. Тое, што Саша сапраўды смела сказала, абурыла кіраўніцтва, яно сцвярджала, што для нас, спартоўцаў, усё робіцца, усё ёсць. Але ж мы не казалі, што нам чагосці не стае. Саша сказала тое, што яна адчула. І нічога антыканстытуцыйнага ў яе словах не было. Я сам з Сашай размаўляў пра гэта, мы верылі, што ў нас у краіне працуе Канстытуцыя, там ёсць правы, і мы свята верылі, што гэтыя правы будуць абароненыя. Мяне звальненне Раманоўскай дзіка абурыла, пакрыўдзіла, нават зняважыла. Такога чалавека, гонар нашага калектыву, лідэра каманды, які карыстаецца агульнай павагай. Спадзяюся, што розум і здаровы сэнс усё ж такі возмуць верх. Знойдзецца той рэферы, які зможа адмяніць рашэнне аб звальненні. Яно неспрвядлівае, неаб’ектыўнае і жорсткае…
-Мікалай Іванавіч, вы дапускаеце, што рэпрэсіі працягнуцца і могуць дайсці да іншых чальцоў каманды?
-…Працэс ідзе, прабачаць ніхто нічога не збіраецца. Проста я не разумею што прабачаць? Няхай растлумачаць, у чым мы віноўныя. Мы падпісалі ліст, які падпісалі многія спартоўцы. І мы ведаем, што пыткі спыніліся, шмат у чым з-за гэтых лістоў, з-за нашых зваротаў. Нас пачулі і спынілі пыткі. Дык што мы такога зрабілі? Няхай смела скажуць. Але ж ніхто не гаворыць…
(https://by.tribuna.com/blogs/kontorapishet/2840040)
————————-
На жаль, справядлівасць пакуль не запанавала. Ні Казека, ні Раманоўская не захацелі нават абмяркоўваць варыянт нейкай “пакаяльнай” заявы, і былі выціснутыя з фрыстайлу. Што заўзятары ніколі не прабачаць тым, хто гэта зрабіў.
Спецыяліста адсунулі ад пасады галоўнага трэнера зборнай і перавялі на працу ў офісе. Потым Казека перанёс цяжкую форму кавіду і 10 дзён быў у рэанімацыі. Пасля выздараўлення яму не падоўжылі кантракт у РЦАП . Таксама трэнера пазбавілі прэзідэнцкай стыпендыі. Цяпер легендарны коўч вядзе жыццё пенсіянера.
Увогуле рэпрэсіі над спартоўцамі з боку Міністэрства спорту ды дзеючага міністра – самае бязлітаснае і самае тупое паскудства ў найноўшай гісторыі нашай краіны. Выкінуць са спорту шэраг лепшых чэмпіёнаў ды трэнераў, паставіўшы намер адпомсціць апанентам вышэй за нацыянальныя інтарэсы, пазбавіўшы ўласную краіну медалёў і перамог – гэта проста скоцтва. Іншае слова не знойдзеш.
Трэба сказаць, што ў беларусаў радыкальна адрозніваецца ацэнка адбыўшыхся тады падзеяў, і хочацца зберагаць пэўны нацыянальны цэнтрызм, каб спрыяць паразуменню суайчыннікаў, а не нагнятаць узаемную нянавісць. Бо менавіта гэтую гнюснасць і робяць прапагандысты з дзвух бакоў.
Беларусь у 20-ым падыйшла вельмі блізка да грамадзянскай вайны, што адразу прывяло б да ўмяшання Расеі і, пэўна, канца беларускай дзяржаўнасці на доўгі час ды мільёнаў ахвяр. Беларусы абыйшлі гэтую бяду толькі праз нацыянальную мудрасць ды нашую самабытную еўрапейскую культуру.
Казека не рабіў радыкальных заяў, не абражаў апанентаў, нікога не папракаў “за маўчанне”, захоўваў цвярозую галаву і прыстойнасць. Якія б выкрунтасы не рабіла ўлада, у Беларусі Казеку любяць і шануюць простыя людзі. Усе беларускія трэнеры – вучні Мікалая Іванавіча, усе вывучаюць досвед нашага спецыяліста. Былы лідэр зборнай Дзмітры Дашчынскі, які цяпер рыхтуе каманду Аўстраліі, прызнаўся, што працуе па тэхналогіі Казека…
Прыйдзе час, і афіцыйныя структуры будуць выбачацца перад нашым вялікім трэнерам, які скокнуў да саміх зорак! (Перад ім альбо перад ягонымі вучнямі).