Пісаць пра зорку такога маштабу цяжка, яе ўсе ведаюць, усе захапляюцца. Як гаворыцца, “усё сказана і перасказана”. Нешта новае распавесці складана, пры тым адказнасць вельмі высокая, бо Дар’я – спартыўны гонар беларускай нацыі. Напэўна няма ў нашай краіне аніводнага чалавека, які б не чуў пра Домрачаву.
Дар’ю Домрачаву любяць мільёны людзей і не толькі ў Беларусі, а ва ўсім свеце. Медалі, перамогі, шчаслівае зорнае каханне… Заходнія медыя называлі Дашу “каралевай біятлону” і “беларускай ракетай”. Абыйсці такую чэмпіёнку ў нашым аглядзе было немагчыма.
Напэўна спецыялісты біятлону будуць яшчэ доўгія гады разгадваць таямніцу цудоўных перамог вялікай спартсменкі, як гэта было ўвесь час яе кар’еры. Але адзін сакрэт ясны: якія б не былі выдатныя прыродныя дадзеныя, ў спорце без цяжкай працы над сабой перамогу не здабудзеш.
Неяк у мяне зайшла размова пра Дар’ю з маім прыяцелем, які адмыслова хадзіў глядзець яе трэніроўкі ў Раўбічах свайго часу:
-Ну і што ты там такое пабачыў?!
-Ты не ўяўляеш, як яна трэніруецца, да знясілення! А з людзьмі вельмі прыемная, усьміхаецца, заўжды дасць аўтограф, надзвычай абаяльны і цёплы чалавек.
Гэта гісторыя жалезнай волі і характару, чаго можна не заўважыць за прыемнай усьмешкай каралевы біятлону.
Узгадаем цудоўныя моманты пераможнай гонкі нашых дзеўчын у Пхенчхане, пры ўспамінах пра якія і цяпер радасна бьецца сэрца. Там спецыфічныя прыродныя ўмовы і вельмі нестабільны клімат. У той дзень наляцела сапраўдная шалёная завіруха.
Першай выйшла Надзея Скардзіна, якая змагла закрыць стральбу дзвума дадатковымі патронамі! На першай перадачы эстафеты нашыя пазіцыі супадаюць з 10-ым стартавым нумарам. Ірына Крыўко выбівае ўсе мішэні бяз памылак і ўзьнімае беларусак у тройку лідэраў, зрабіўшы прарыў! Дзінара Алікбекава (Смольская) таксама вытрымала, узяўшы два дадатковых патроны.
І тут у спартыўны бой уварвалася Даша Домрачава. Выдатная хуткасць! Аднак узнімаецца шалёны вецер, і тры промахі на стральбе. Падаецца, золата Алімпіяды сплывае ад беларускіх спартсменак… У Домрачавай толькі тры дадатковыя патроны на тры мішэні пры жудасным ветры. Сціснулася сэрца… Гэта ўсё?!
Стрэл – у мішэнь!
Стрэл – у мішэнь!
Паўза, поўная канцэнтрацыя. Цішыня ў эфіры, усе замерлі… У мішэнь!
І далей Дар’я рве фініш! Глядзіце ўсе – гэта нашыя дзяўчынкі, наш дзень і нашая перамога!
Дар’я Домрачава – беларуская біятланістка, грамадзянка Беларусі і Расеі, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, пераможца Кубку свету, пераможца 6 малых Хрустальных глобусаў Кубку свету па біятлоне.
Знаходзілася ў складзе нацыянальнай зборнай Беларусі па біятлону з 2006 па 2018 год. Самая тытулованая спарцмэнка ў гісторыі зімніх Алімпійскіх гульняў па біятлоне, а таксама першая ў свеце біятланістка, атрымаўшая тры перамогі ў асабістых гонках.
У дзень заваёвы трэцяга залатога медаля на Гульнях 2014 году Загадам кіраўніка Беларусі Дар’і было прысвоенае званне “Герой Беларусі”: “За высокае прафесійнае майстэрства ды выключныя спартыўныя дасягненні.” Домрачава стала першай у гісторыі жанчынай, уганараванай вышэйшай узнагародай Рэспублікі Беларусь (адна з чатырох цяпер жывых Герояў Беларусі).
Дар’я Домрачава ўшанаваная вышэйшым знакам вызнання ў лыжным спорце Нарвегіі. За гісторыю толькі восем біятланістаў уганараваныя такім знакам: Андрэа Хенкель, Оле-Эйнар Бьорндален, Міхаэль Грайс, Магдалена Нойер, Эміл-Хегле Свендсэн, Тура Бергер, Марцін Фуркад і наша Дар’я Домрачава. Сярод трэнераў спартсменкі Юрый Альберс (старэйшы трэнер зборнай Беларусі), Фёдар Свобада (старэйшы трэнер жаночай зборнай Беларусі), Альфрэд Эдэр (трэнер жаночай зборнай Беларусі).
Тытулы:
-Алімпійская чэмпіёнка – 4 (2014 (3), 2018).
-Чэмпіёнка свету – 2 (2012, 2013).
-Кубак свету – 1 (2019).
-Кубак свету, спрынтэрскія гонкі – 1 (2015).
-Кубак свету, масавы старт – 3 (2011, 2012, 2014).
-35 перамогаў (34 асабістыя + 1 у эстафеце).
Алімпійскія гульні:
Бронза — Ванкувер 2010, індывідуальная гонка.
Золата — Сочы 2014, пераследванне 10 км.
Золата – Сочы 2014, індывідуальная гонка 15 км.
Золата – Сочы 2014, мас-старт 12,5 км.
Срэбра – Пхёнчан 2018, мас-старт 12,5 км.
Золата – Пхёнчан 2018, эстафета 4+6 км
Чэмпіянаты свету:
Срэбра – Эстэрсунд 2018, змешаная эстафета.
Срэбра – Ханты-Мансійск 2011, мас-старт 12,5 км.
Бронза – Ханты-Мансійск 2011, эстафета 4+6 км.
Срэбра – Рупольдзінг 2012, спрынт 7,5 км.
Золата – Рупольдзінг 2012, пераследаванне 10 км.
Золата – Нове-Места 2013, мас-старт 12,5 км.
Срэбра – Хохфільцэн 2017, перасьледаваньне 10 км.
Чэмпіянаты Еўропы:
Золата – Банска 2007, спрынт 7,5 км.
Золата – Банска 2007, эстафета 7,5 км.
Універсіяды:
Срэбра – Інсбрук 2005, эстафета 3+6 км.
Золата – Турын 2007, спрынт 7,5 км.
Нарадзілася Даша ў Мінску 3-га жніўня 1986 года. У 4 гады разам з бацькамі-архітэктарамі з’ехала ў Ханты-Мансійскую аўтаномную акругу. Мама будучай чэмпіёнкі была галоўным архітэктарам будаваўшагася гораду Нягань, дзе сям’я пражыла 15 гадоў.
Як распавядае Домрачава: “Упершыню ўстала на лыжы ў 4 гады і палюбіла лыжы. На пачатку трэніравалася з хлопчыкамі. І з самага дзяцінства прывучала сябе быць першай, так наказвалі трэнеры, “быць першай…”. Спрабавалі нават выставіць мяне сярод юнакоў. Я зразумела, што маю талент да гэтага віду спорту і гэта маё будучае.“
Мяркуецца, у суровым клімаце расейскай поўначы адбылося загартаванне дзяўчыны да выпрабаванняў, такі беларуска-сібірскі сплаў. Даша нават выступала за юнацкую каманду Ханты-Мансійскай акругі, а потым і за юнацкую зборную Расеі. Але, як распавядае спартсменка, кожнае лета на вакацыі ездзіла да бабулі ў Беларусь, і гэта былі “шчаслівыя часы”.
Расейскія журналісты часта запытвалі Дар’ю, “дык чаму яна не выступае за Расею?!”
Што адказвае спартсменка: “Я заўжды ведала, што вярнуся дадому і буду выступаць за родную краіну. Нават калі глядзела нейкія спаборніцтвы па тэлебачанню, то заўзела за беларусаў. Мая Бацькаўшчына – Беларусь. Напэўна ў Расеі фінансаваыя ўмовы лепшыя. Але вось такая я патрыётка!“. Разам з тым ніколі не хавала цёплых пачуццяў да Расеі: “Я лічу Расею роднай краінай.” Расіянам вельмі цяжка зразумець, што беларусы, як і украінцы – гэта іншыя народы, чым рускія, у якіх зусім іншая ментальнасць.
(https://www.yaplakal.com/forum2/topic739653.html)
У 2003 годзе Даша вярнулася ў родны Мінск і па запрашэнню беларускіх трэнераў ўлілася ў зборную Беларусі.
Домрачава мае дзве вышэйшыя адукацыі па спецыяльнасці “Эканоміка і турызм” ды “Гаспадарчае права.”
Вытрымкі з інтэрв’ю:
-Як вы зберагаеце матывацыю ў спорце?
-Грошы і слава – не самае важнае ў жыцці. Павінен прысутнічаць жыццёвы азарт. Для мяне важна займацца справай, якую я люблю, гэта прыносіць мне задавальненне. Я спарцмэнка, якая выходзіць на старт і змагаецца з агнём у вачах.
-Якая найбольш важкая рыса ў беларусаў, а ў чым варта прыбаўляць?
-Дабразычлівасць – гэта такая добрая якасць беларусаў, якую адзначаюць і госьці нашай краіны. У нас вельмі дабразычлівыя і гасцінныя людзі, усе пра гэта кажуць. А чаго хацелася б пажадаць беларусам – умець цаніць сябе, тое, што мы маем, і гэтым ганарыцца. Захапляцца не толькі поспехамі краінаў-суседзяў альбо іншых дзяржаў. Важна зразумець, што Беларусь – выдатная дзяржава, багатая талентамі, якія трэба цаніць і развіваць.
-Вы шмат надаеце ўвагі канцэнтрацыі сілаў. Але ад чаго прыходзіцца адмаўляцца?
–Рэжым спартоўца вельмі моцна адрозніваецца ад рэжыму звычайнага чалавека. Нельга ў любы час пайсці на дыскатэку, прайсціся на холадзе бяз шапкі, выпіць алкаголю. У спартоўцаў такога няма. Гэта мой рытм жыцьця. Атрымоўваю вялікае задавальненне ад знаходжання на свежым паветры, ад актыўнасці. Гэта выдатна і дае зарад у жыцьці.
-Вы на сёння самы папулярны спартовец у Беларусі. На адным з грамадскіх мерапрыемстваў нават прыйшлося прыстаўляць ахову. Вы плануеце нейкія іншыя сацыяльныя праекты?
-Я вельмі хачу, каб здаровы лад жыцця ў краіне развіваўся. Каб нашыя людзі-беларусы зразумелі, што займацца спортам гэта выдатна, цікава, дае такі прыліў станоўчых эмоцыяў, нейкіх эндэрфінаў… (https://www.youtube.com/watch?v=3KEioXbcmO0)
-Як вы праводзіце вольны час?
-У вольны час люблю заняцца сноўбордам, серфінгам, віндсёрфінгам. Маё любімае захапленьне – танцы і вельмі люблю вандраваць.
-Якое вашае любімае месца ў свеце?
-Беларусь, Беларусь… Ну яшчэ падабаецца Інданэзія, гэта зусім іншы ад Еўропы свет ды зусім іншая культура.
(https://www.youtube.com/watch?v=LUFPj4X826A)
Дар’я кажа: “У кожнага спартсмена свой лёс, свая індывідуальная гісторыя. У кагосці атрымоўваецца, у кагосці магчыма не, выходзіць не так паспяхова. У мяне атрымалася. Я ўспрымаю біятлон не як працу, а як справу, якую я люблю ды займаюся з усёй душой. Калі ставіцца да сваёй прафесіі толькі як да працы, якую ты мусіш рабіць, нічога добрага не выйдзе. Без таленту дасягнуць перамогі цяжка, а з талентам ды без працавітасці дасягнуць немагчыма…”
(https://www.youtube.com/watch?v=3KEioXbcmO0)
Дар’я Домрачава ніколі сама з псіхолагамі не працавала, не мела такой патрэбы. Але ў каманду часам прыцягвалі спецыялістаў гэтай галіны. У выніку спартсменка зацікавілася спосабамі рэлаксацыі. “Самы просты шлях справіцца з хваляваннем – дыхаць,”- сцвярджае спарцмэнка.
Домрачава з гумарам ставіцца да сваіх вядомых памылах. На этапах Кубку свету Дар’я пераблытага “стойку” з “лёжкай”, неяк расстраляла чужую мішэнь.
Вось рэакцыя спарцмэнкі на тыя гісторыі: “Гэта ж непрадказальны від спорту. А экстрым блізкі мне па духу. Да таго ж у біятлоне займаешся не аднастайнай дзейнасцю, а развіваешся адразу ў розных напрамках. Тыя памылкі – вялізны шок для мяне. Зараз нават не магу да канца растлумачыць, чаму такое здарылася. Справіцца з перажываннямі дапамаглі мая сям’я, заўзятары і каманда. Мяне не крытыкавалі, а падтрымалі – усе паставіліся з гумарам. Зараз магу пасьмяяцца над той сітуацыяй і сказаць, што начудзіла, каб заўзятарам цікавей было глядзець біятлон. А то нехта выйграў, прайграў – нічога асаблівага не адбываецца, не застаецца ў памяці надоўга. Ды і паглядзіце, які піяр!”
(https://www.championat.com/biathlon/news-600151-domracheva-strelba-po-chuzhim)
Пэўны час Домрачава рабіла памылкі на стральбе па мішэнях ды ўпускала золата, тады трэніравалася страляць асобна ды брала спецыяльныя ўрокі па стральбе ў лепшых спецыялістаў. Ва ўсім прафесійны падыход.
Біятланістка дапамагае хворым дзецям, бярэ ўдзел у сацыяльных праектах. Калі Даша даведалася пра цяжкую хваробу дачкі бягуньі Марыны Арзамасавай, то адразу разам з Надзеяй Скардзіна далучыліся да дабрачыннага чэленджу.
Чэмпіёнка часта ўзгадвае сваіх трэнераў з падзякай, ніколі іх не забывае. Калі Даша выйграла Вялікі хрустальны глобус, то зрабіла такія ж копіі кубку за ўласныя сродкі для сваіх коўчаў – Альфрэда Эдэра, Федара Свобада і Адрыяна Цыбульскага.
Каралева біятлону не любіць свецкія раўнды, аддаючы час сям’і ды спорту, рэдка бярэ ўдзел у афіцыйных прыёмах. Аднак наведала спартыўны гала-вечар дзеля аднаго чалавека. 4 красавіка 2024 года беларуска з’явілася ў тэрмінале аэрапарта Зальцбургу, дзе ў гэты вечар праходзіў Leonidas – Sportgala 2024. Каля 800 гасцей сабраліся, каб ушанаваць найлепшых спартоўцаў і трэнераў Аўстрыі. Сярод вызнаных і былы трэнер зборнай Беларусі па біятлону Альфрэд Эдар. Як вядома, трэнер Дашы спадар Альфрэд Эдар раней сам быў выдатным біятланістам, некаранаваным каралём усіх аўстрыйскіх зімовых спартоўцаў. Уручаць узнагароду мясцовай легендзе на сцэну выйшла ягоная выхаванка.
У сярэдзіне ліпеня 2023-га Бьорндален і Домрачава прынялі рашэнне жыць у Манака.
У тым жа годзе беларуска падзялілася з падпісчыкамі радаснай навіной. У легендарнай біятлоннай сям’і нарадзілася другое дзіця.
На пачатку сваіх адносінаў тады яшчэ дзеючыя біятланісты доўга прыхоўвалі сваю сувязь. Аматары толькі здагадваліся, што ж адбываецца паміж яскравымі зоркамі сусветнага біятлону. Першым загаманіў Бьорндален. На прэс-канферэнцыі ў красавіку 2016 года ён распавёў журналістам, што яны з Дар’яй даўно сустракаюцца і ўжо чакаюць дзіця. А 17 ліпеня таго ж году пара падзялілася першай фатаграфіяй з вяселля. Тады яшчэ не здагадваліся, што праз сем гадоў гэтая дата, 17 ліпеня, стане ўдвая прыемней. Бо ў гэты дзень яны ў другі раз стануць бацькамі. “Яшчэ адзін цуд у нашай сям’і,” – так распавяла пра шчаслівую падзею Дар’я. Бьорндален таксама не прыхоўваў свайго шчасця: “Мы несказана задаволеныя. Ксенія таксама з нецярпеньнем чакае сустрэчы з маленькай сястрой. У нас пакуль няма імяні для дзеўчынкі. З гэтым складана…”. Другую дзеўчынку назвалі Міра.
Пасля вакацыяў у Мінску, дзе 36-ці гадовая Дар’я нарадзіла ў другі раз, уся сям’я вярнулася ў Манака – там Ксюша ходзіць у школу. Дагэтуль Дар’я ды Уле-Эйнар жылі ў Кітаі, дзе трэніравалі мясцовую зборную. Сям’я абрала для жыцця княства Манака. Падаецца, выбар каралеўскай біятлоннай сям’і.
У часе сваёй кітайскай камандзіроўкі пара прыклала сур’ёзныя высілкі, каб дапамагчы кітайскай камандзе. Сітуацыя апынулася нават горшая, чым чакалася. Не было ні спартыўных прыладаў, ні сэрвісу, спартоўцы цяжка набіралі ачкі на Кубку свету, а ў Алімпіядзе 2018 года мужчыны проста не бралі ўдзелу. Нават негледзячы на шматгадовы досвед ды спартыўныя заслугі Домрачавай і Бьорндалена, чакаць цудаў не прыходзілася. Прыярытэт быў у стварэнні прафесійнай каманды, павышэнні ўзроўня спартоўцаў ды папулярызацыя біятлону. Раптам зваліўся Кавід, які паламаў планы, і Дар’я з мужам вярнуліся ў Еўропу.
Дар’я Домрачава не падтрымала пратэсты ў Беларусі, але нікога не абражала і не павучала.
Супраць спартсменкі была арганізаваная даўгачасовая кампанія хэйту і абразаў. Асабліва пастаралася адно каляспартыўнае выданьне.
Домрачава па логіцы гэтых ліберальных неафітаў мусіла канешне станавіцца ў дружныя шэрагі ворагаў дыктатуры, але нашая зорка абвесціла іншую пазіцыю – рухацца праз мірны дыялог. Чамусці ўзгадваецца паралель з лёсам караля Гішпаніі Хуана Карласа, які заняў такую пазіцыю ў часе грамадзянскай вайны ў ягонай краіне. А можа гэта і ёсць каралеўская пазіцыя Дар’і?
Калі ў часе пратэстаў пацярпеў брат чэмпіёнкі, які выпадкова патрапіў пад замес, у Дашы вымагалі “закляйміць рэжым”. Домрачава заявіла: “Абсалютна дакладна разумею, што мой публічны гнеў не вырашыць грамадскія праблемы. Мы ўсе бачым, што ў краіне праблемы, а каб спрыяць іхнаму вырашэнню, бяссэнсоўна скалынаць паветра агрэсіўнымі словамі з аднаго боку, і абсалютна дакладна бяссэнсоўна з іншага боку звальняць, арыштоўваць і дубасіць людзей на вуліцах. Людзі хочуць, каб іх пачулі. Патрэбна ўсім супакоіцца ды ўсё абмеркаваць, магчыма, гэта наблізіць да запаветнай мэты – справядлівай, мірнай, спакойнай, прыгожай, развіваючайся дзяржавы… Ва ўсіх жа такая мэта?”. (https://www.sports.ru/biathlon/1089929232-domracheva-po-protestaр)
Насуперак енку апанентаў аніякага зайгравання з уладай тут няма. Але гэта словы чалавека адказнага, дзяржаўніка. Такую пазіцыю тады не ўспрымалі абодва бакі ды выплёсквалі свае эмоцыі на нозбітаў такіх перакананняў. Таму засталіся незадаволеныя прадстаўнікі “новай апазіцыі”, але і ўлады не захацелі выкарыстоўваць Дашу ў інфармацыйна-прапагандысцкай вайне.
Потым ёй закідалі страшны грэх, што яна паехала ражаць сваю другую дачку ў Беларусь. Некаторыя радыкалы не выбіралі выразы, гэтыя жудасныя фармулёўкі і цяпер вісяць на іхных рэсурсах. Гэта застанецца на іхным сумленні і будзе падставай для будучых разбіральніцтваў.
Я не змагу ніколі зразумець кшталту журналістаў, якія здатныя апусціцца да такіх прыёмаў шэльмавання цудоўнай жанчыны, колькі б табе не заплацілі! Зневажаць сваіх палітычных апанентаў – гэта ўвогуле доля гнюсных рабоў. Моцныя людзі, якія маюць годнасць у душы, не апускаюцца да нізасці. Даша паступіла па-філасофску, не падала у суд і не чыніла разборкі.
Пасля ўсіх гэтых выпадаў Домрачава неахвотна ідзе на размову з журналістамі. І нават інтэрв’ю НАК Беларусі, якое атрымала рэзананс, было выдаленае з Youtube. Толькі гэтага і дамагліся хамавітыя “радыкалы”. Фактычна такім чынам быў падстаўлены ўвесь журналісцкі цэх.
Дар’я мае сваю цвёрдую і паслядоўную пазіцыю. Яна адразу выступіла і супраць санкцыяў да беларускіх спартоўцаў.
Домрачава дала інтэрв’ю часопісу НАК Беларусі пра вайну ва Ўкраіне: “ Я, як і многія, знаходжуся ў неразуменні ад таго, што ў нашыя дні вядуцца рэальныя вайсковыя дзеянні, але, як і раней, лічу, што адхіленне спартоўцаў ад гонак аніякім станоўчым чынам не ўплывае на рашэнне канфлікту. Сёння спорт уцягнулі ў палітыку. Я ж хачу бачыць спорт, вольны ад палітыкі. Спорт – гэта прыўкрасна. Палітыка, на мой погляд, – ня вельмі. Я ўпэўненая, што многія спартоўцы стаміліся ўжо ад гэтай тэматыкі вакол іх. Спорт павінен аб’ядноўваць, а не наадварот.”
Насуперак ціску Домрачава не зьбіраецца рваць з Беларусьсю, часта прыязджае, праводзіць майстар-клас для юных біятланістаў у розных гарадах краіны, бярэ ўдзел у спартыўных захадах. Яна і яе абранец не раз заяўлялі, што чакаюць, каб скарэй скончылася гэтая “турбулентнасць”.
Цяпер Даша ізноў прыехала з Уле-Эйнарам у Беларусь, дзе з 15 па 23 лютага ў Раўбічах пройдзе Кубак мацнейшых спартсменаў, у якім выступяць лепшыя беларускія і расейскія біятланісты. Дагэтуль працягваецца несправядлівае і бяссэнсоўнае пакаранне беларусаў за чужую віну, хоць аніводны беларускі спартовец, аніводная вайсковая частка і нават аніводны салдат тэрміновай службы не ваююць супраць Украіны. Таму ў беларускіх біятланістаў пакуль няма іншых варыянтаў, да міжнародных спартыўных бюракратаў доўга даходзіць.
Знаёмы журналіст “Прэсболу” распавёў пра тое, як прымаюць зорную пару ў Беларусі. Яны паўсюль аточаныя ўвагай, людзі вітаюць спартоўцаў, фоткаюцца з імі, абдымаюць: “Дзякуй, Даша, што ты тут, з намі! Любім цябе!”
І тут і да мяне дайшло, народ любіць сваю спартыўную зорку, бо яна любіць беларусаў і Беларусь.
Гэта відаць і ёсць галоўны сакрэт Дар’і Домрачавай!
Мы шчыра спадзяемся, што такія майстар-класы побач з каралевай біятлону неўзабаве беларускім хлопцам ды дзяўчынам будуць даваць у іншых відах спорту і Аляксандра Герасіменя, і Ягор Мешчаракоў, і Вольга Мазарунок, І Алена Леўчанка, і Андрэй Краўчанка. Беларусам трэба быць разам, якія б палітычныя перакананні ў іх не былі…
Аўтар:Васіль Додзік
Рэдакцыя: Аляксандр Апейкін