СЯРГЕЙ АЛЕЙНІКАЎ: ВЯЛІКІ ФУТБАЛІСТ З БЕЛАРУСІ

Васіль Додзік
02.04.2025

СЯРГЕЙ АЛЕЙНІКАЎ: ВЯЛІКІ САВЕЦКІ ФУТБАЛІСТ РОДАМ З БЕЛАРУСІ.

Напэўна правільна сказаць, што Алейнікаў – гэта савецкі і беларускі футбаліст, гулец зборнай СССР і зборнай Беларусі. Сяргей Алейнікаў у розных інтэрв’ю называе сябе чалавекам савецкай эпохі, савецкім футбалістам, які застаўся беларусам, ім сябе адчувае.

Па-рознаму склаліся лёсы гульцоў “Дынама” (Мінск) пасля развалу Саюзу. Нехта зьехаў за мяжу, нехта застаўся дома, прысвяціўшы сябе трэнерскай працы.

І гэта яшчэ адна іхная гісторыя – да апошняга стаяў на пасадзе маладзёвай зборнай Беларусі Юрый Курненін, калі ён ды Георгій Кандрацьеў кіравалі той камандай, здабыўшай бронзу Чэмпіянату Еўропы 2011 года. Аддаваўся трэнерскай працы да апошняга Юрый Пудышаў, шмат зрабіў для нашага футболу, як трэнер і арганізатар Міхаіл Вергеенка. Якасна трэнерскай працай займаліся Людас Румбуціс, Андрэй Зыгмантовіч, Ігар Гурыновіч.

Шэрагу гульцоў зорнага “Дынама” (Мінск) ужо няма сярод нас – Юрыя Пудышава, Юрыя Курненіна, Віктара Янушэўскага, Аляксандра Пракапенка, Міхаіла Вергеенка, Пятра Васілеўскага. Беларусы памятуюць сваіх футбольных герояў, якія здабывалі цудоўныя перамогі ў чэмпіянаце СССР ды ў еўрапейскіх кубках. Ёсць інфармацыя, што раней пераехаўшы ў Штаты Сяргей Гоцманаў працаваў вадзіцелем школьнага аўтобусу ў штаце Мінеапаліс. Пастаянна ў шпіталях, залечвае былыя траўмы Ігар Гурыновіч. Хіба найбольш медыйнымі застаюцца Людас Румбуціс, Георгій Кандрацьеў і трэнер пераможнага “Дынама” Эдуард Малафееў. Сыйшоў ад нас Іван Савосцікаў, гулец папярэдняга пакаленьня і трэнер “Дынама”. Працуюць у Беларускай федэрацыі футболу Ігар Бялоў, Юрый Курбыка, Юрый Трухан.

Сяргей Алейнікаў зберагае бадзёрасць у свае 63. Адзін з галоўных талентаў у гісторыі беларускага футболу, быў зоркай савецкага футболу, выклікаўся ў зборную СССР нават пры Валерыі Лабаноўскім, які ня надта даваў дарогу “некіяўлянам”. Таму “Ювентус” і выкупіў беларуса за сур’ёзныя грошы.

Клубная кар’ера

1981-1989 – “Дынама” (Мінск)
1989-1990 – “Ювентус” (Турын)
1990-1992 – “Лечэ” (Лечэ)
1993-1995 – “Гамба Осака” (Суйта)
1996 – Одэвольд (Уддэвала)
1997-1998 – “Карыльяна”
1998 – “Ананьі Фантана”

Нацыянальная зборная

1983-1991 – СССР
1992 – СНД
1992-1994 – Беларусь.

Дасягненні

Камандныя

“Дынама” (Мінск)

  • Чэмпіён СССР: 1982
  • Бронзавы прызёр чэмпіянату СССР: 1983
  • Фіналіст Кубку СССР: 1987

“Ювентус” (Турын)

  • Уладальнік Кубку УЕФА: 1990
  • Уладальнік Кубку Італіі: 1989/1990

Зборная СССР

  • Срэбраны празёр Чэмпіянату Еўропы: 1998

Асабістыя

-7 разоў уваходзіў у сьпіс “33 лепшых футбалістаў СССР”.
-Футбаліст году ў Беларусі: 1984, 1986, 1988.
-Заслужаны майстра спорту СССР (1988).
-Лаўрэат прызоў за адзін з самых хуткіх галоў на чэмпіянаце сьвету 1986 (матч СССР – Венгрыя, 4-ая хвіліна) і чэмпіянаце Еўропы 1988 (матч СССР – Англія, 3-я хвіліна).
-Выступаў за зборную свету супраць зборнай Бразіліі ў матчы, прысвечаным 50-ці годзьдзю Пеле (Мілан, 1990).
-Па выніках апытання да 50-ці годзьдзя УЕФА быў прызнаны лепшым футбалістам Беларусі за 50 гадоў.
-У гонар футбаліста заснаваны Клуб Сяргея Алейнікава, у склад якога ён уваходзіць.


Сяргей Алейнікаў: “Калі маё дзяцінства асацыюецца з дваром і мячом, то што ў гэтым кепскага? Мяркую, многія бацькі зараз хацелі б для сваіх дзяцей бястурботнага, па сутнасьці, дзяцінства, якое было тады. Ведаеш, я ўвогуле не думаў пра нейкія геапалітычныя рэчы гадоў да 15-16 – акром футболу, мяне нічога не цікавіла. Нас вазілі на турніры, часам там жа вадзілі ў музеі. А што яшчэ хлапчуку патрэбна – зайсьці ў краму, купіць цукерак і сувеніры дадому.”

(https://by.tribuna.com/blogs/huiita/570190/)

-Успаміны брата Анатоля пра дзяцінства хлопцаў-

Анатоль Алейнікаў, малодшы з чацьвёркі братоў Алейнікавых, калісці перспектыўны дублёр мінскага “Дынама”, спартыўная кар’ера не склалася – траўма. Трэнер ў футбольнай школе ФК “Мінск”. Анатоль узгадвае: “Нашае дзяцінства праходзіла ў самым цэнтры Мінска на вуліцы Куйбышава. У двары завісалі цэлымі днямі. Кампутараў ды мабільнікаў не было. Чым займацца? Вярталіся дадому са школы і трэніровак, адразу імчаліся на вуліцу, ізноў ганялі мяч. На выходных у нас заўсёды былі футбольныя баталіі. Быўшы малодшым, а я на 8 гадоў малодшы Сяргея, часта назіраў, як ён з Аляксандрам, сярэднім братам, гуляюць за дваравую каманду. Для мяне гэта былі незабыўныя хвіліны. Разам з Сяргеем мы часам хадзілі ў парк да помніка Марату Казею. Ён вучыў мяне біць па мячу, як правільна яго спыніць. Па магчымасці дапамагаў, але, на жаль, гэта было не так часта, як хацелася б. З-за трэніровак і збораў нам не даводзілася разам правесці лета. Усе раз’язджаліся па сваіх справах. Галоўным святам быў Новы год. Збіраліся на яго ўсёй сям’ёй. Дні народзінаў адзначаліся больш сціпла. Хоць я ніколі не забуду падарунак Сяргея на мой дзень народзінаў. Ён падараваў мне сапраўдныя красоўкі Adidas, пра якія я ў дзяцінстве марыць толькі мог.

Бацькі таксама былі дабразычлівыя да спорту?
-Бацька, адпрацаваўшы 30 гадоў у будаўнічым спецтрэсьце №15, да пэўнага часу футбол не ўспрымаў. Яму было цікавей паглядзець трансляцыю чарговага зьезду КПСС, чым матч. Праўда, ужо пазьней, калі Сяргей стаў гуляць за “Дынама” , ён палюбіў футбол. Да канца жыцця не прапускаў трансляцыі. Маці, працаваўшая пакаёўкай у гатэлі Беларускай вайсковай акругі, таксама ад спорту была далёкая. Ёй важней было пракарміць нас, кожны дзень быў у клопатах пра дзяцей.

-Якім вам запомніўся брат з той пары на стыку 70-80-ых гадоў?
-Начытаным, ён вельмі шмат чытаў. Бібліятэка ў нас была нядрэнная. Кнігі як даставалі? Абменьвалі на макулатуру, а потым чыталі па чарзе. Клапатлівым сынам: Сяргей быў галоўным памашніком у мамы па хаце, дапамагаў ёй у любой сітуацыі. Цяпер таксама намагаецца кожны дзень прыязджаць, праведаць маму, сустрэцца з намі (інтэрв’ю 2011г). У школе вучыўся сярэдне, але хімію любіў. Не філоніў. Стараўся наведваць заняткі, хоць частыя раз’езды і зборы адрывалі ад вучобы. Братам быў строгім. Я быў малодшым дзіцём, любімым. Шмат дазвалялася, здаралася, што рабіў тое, чаго не трэба было. За гэта мог і “ляшча” ад брата атрымаць. Ён быў маім стрымліваючым фактарам.

 -У 1982-ім каманда стала чэмпіёнам Саюзу. Папулярнасць футбаліста ў рэспубліцы была неапісальная. Ад прыхільніц тэлефон не раскалваўся?

-Не. Канешне, я лічу, што яны ў Сяргея былі, але званкоў такіх дакладана не адбывалася. Чалавек ён быў сціплы, бяз выёжвання. Такім і застаўся. Рэжым не парушаў. Заўжды трымаў сябе ў форме. (https://www.sb.by/articles/rasskazyvaet-brat-sergeya-aleynikova.html)


-Залатая пара-

Журналісты найчасцей запытваюць Сяргея пра часы ягонага трыўмфу:

-Колькі гульцоў еўрапейскага ўзроўню тады было ў “Дынама” залатой пары?
-Персанальна выдзяляць не буду, але пяці-шасьці футбалістам было па сілах выступаць у вядучых клубах практычна любога чэмпіянату Старога сьвету. Адзіная праблема магла заключацца ў тым, што ў Саюзе мы прызвычаіліся гуляць у камандны футбол, а на Захадзе больш цэняць праяву індывідуальных якасьцяў.

 -Узгадваючы чэмпіянат свету 1986 году. Але агулам той чэмпіянат прынята лічыць ледзь не самым феерычным для савецкіх зборных. На самым старце вы змялі ў пыль мадзьяраў, абыграўшых, дарэчы, у “таварняку” перад чэмпіянатам саміх бразільцаў з лікам 3:0. Пасля тых 6:0 у галаву заўзятара прыходзілі самыя вясёлкавыя фантазіі, і параза ў 1/8 фіналу ад бяльгійцаў стала для ўсіх сапраўдным шокам.
-Ведаеш, потым, праз гады, я размаўляў з адным гульцом бельгійскай зборнай – падаецца, гэта было на вячэры пасля кангрэсу УЕФА. Дык ён мне заявіў, што ў тым матчы нам адназначна нічога не свяціла. Маўляў, вынік быў прадвырашаны загадзьдзя. І няхай кажуць, што палітыка мусіць быць па-за спортам. Хто бачыў тую гульню, ведае: два мячы былі забітыя бельгійцамі з яўнага становішча “па-за гульнёй”.

 -Быў яшчэ адзін культавы матч – фінал чэмпіянату Еўропы 1988 году з галандцамі?
-Калі глядзець аб’ектыўна, то галандцы на чале з Руудам Гульлітам, Маркам ван Бастэнам былі, канешне ж, мацнейшыя за нас. Але асобна ўзятая гульня можа скласьціся па-рознаму, у залежнасці ад усялякіх дробных, на першы погляд, абставінаў. Скажам, пасля найцяжэйшага матчу з італьянцамі ў нас быў на адзін дзень адпачынку менш. А калі б Беланаў тады рэалізаваў пенальці… Але, безумоўна, такія мячы, якія забіў ван Бастэн, так проста не залятаюць.

-Лагічна прапанаваць табе назваць лепшага футбаліста, супраць якога прыходзілася гуляць.
-Ну, пра Марадону мы казаць не будзем, бо гэта проста асобная зьява ў сусьветным футболе. З астатніх вылучу таго ж ван Бастэна. На мой погляд, гэта ідэальны форвард. Рост – за 180, аднолькава добра валодае ўдарам з абеіх ног, хвацкі гуляе галавой, выдатны дрыблінг. Нягледзячы на высокі рост, досыць мабільны. З савецкіх майстроў мне заўжды падабаліся Федзя Чаранкоў, Юрый Гаўрылаў, Аляксандр Чывадзэ, Давід Кіпіані, Валодзя Ерэмееў, Алег Блахін – ён умеў кіраваць сваёй хуткасцю, і такім талентам на самой справе валодалі немногія атакоўцы. Пудышаў, Пракапенка, Сярога Гоцманаў – ярка выражаны гулец броўкі, дзейнічаўшы нестандартна і крэатыўна.

(https://by.tribuna.com/blogs/huiita/570190/)

-Вы бы змаглі параўнаць Малафеева і Лабаноўскага? У рэшце рэшт, адзін змяніў другога на пасадзе трэнера зборнай СССР ўсяго за некалькі дзён да чэмпіянату свету 1986 году ў Мексіцы?
-Параўноўваць трэнераў не вельмі сумленна. У кожнага ў галаве сваё ўяўленне пра тое, як мусіць быць пабудаваная гульня каманды. Вось вы – як заўзятар, а затым як журналіст – бачыце футбол са свайго пункту гледжання. А трэнер – зусім інакш.

І ў кожнага трэнера ў кожнай камандзе сваё бачанне футболу. Іхная галоўная праблема складаецца і заўжды будзе складацца ў тым, каб рэалізаваць свае ідэі на полі, і ці атрымоўваецца знайсці патрэбных выканаўцаў пад такую мадэль гульні. Бывае, што гульня каманды выглядае прыгожа і цікава, а рэалізацыя галявых момантаў кульгае і поспех з-за гэтага не прыходзіць.

-Лабаноўскі запрашаў вас у кіеўскае “Дынама”?

-Нешта падобнае было пасля чэмпіянату Еўропы 1988 году. Ён не запрашаў мяне напрасткі, але намякаў.

(https://pressball.by/news/football/sergej-alejnikov-lobanovskij-ne-priglashal)

 -У свой час ледзь не стаў трэнерам “Віцебску”-

-Раней вы таксама прыязджалі і гатовы былі ўзначаліць беларускі клуб “Віцебск”. Але не атрымалася. Застаўся непрыемны асадак?
 -Канешне, застаўся, але няма сэнсу зацыклівацца на пройдзеным этапе. Назавем гэта выдаткамі вытворчасці.

-Але ад такіх “выдаткаў” і ўсе беды беларускага футболу?
-Шчыра кажучы, мне ўжо крышку надакучыла казаць на гэтую тэму па той простай прычыне, што як толькі я пачынаю выказваць сваю думку. Усе пачынаюць лічыць, што мяне вельмі моцна абразілі, што ў мяне найперш гаворыць крыўда і што я маю нейкія прэтэнзіі да нашых футбольных функцыянераў. Няма ў мяне да іх прэтэнзіяў. Так, мяне сапраўды запрашалі ўзначаліць віцебскі клуб і паставілі задачу патрапіць у тройку прызёраў. Але пасля таго, як я паглядзеў каманду, сказаў, што гэта нерэальна. У выніку мэр Віцебска на сустрэчу так і не прыйшоў, а па тэлебачанні паведамілі, што са мной не жадаюць мець спраў. Пасля гэтага я выказаў тое, што думаю пра беларускі футбол. Зараз функцыянеры ад футболу не могуць ці не жадаюць зразумець, што я проста выказваю свой пункт гледжання. Назавем гэта –свежым поглядам на тое, што адбываецца. Я ж ні на што не прэтэндую, хоць ужо казаў, што воз і цяпер там. Паглядзіце – дзіцячы футбол у Беларусі, па-маему, нават у горшым становішчы, чым дарослы.

(https://football.by/news/12998)

-Праблемы беларускага футболу-

…будуюцца лядовыя палацы, узводзяцца футбольныя арэны?
-Я і кажу, што знешне нібыта ўсё добра. Але, разумееце, нельга пабудаваць нейкі асобна ўзяты палац і сказаць, што ў нас ідзе развіццё віду спорту. Да палацу, каб ведалі, патрэбныя яшчэ дзеці, патрэбныя спецыялісты з добрым заробкам. Усё павінна быць у комплексе. Калі не пачаць рух зараз, то дагнаць перадавыя футбольныя краіны Еўропы будзе практычна немагчыма. Гэта як у аўтаіндустрыі. Я не ведаю, на паперы праграма развіцця беларускага футболу, можа, і ёсць, але на практыцы яе не бачна.

-Як даўно выбіраліся на Бацькаўшчыну?
-Досыць даўно, але сваякі і сябры перыядычна прызджаюць. А сам… Вось калі некалькі гадоў таму пачалася пандэмія каранавірусу, так і не ездзіў у Беларусь. І, шчыра скажу, не цягне ўжо. Думаў над гэтым, чаму ўсе так здарылася. Напэўна, у першую чэргу з-за таго, што няма жадання і зацікаўленасці сур’ёзна займацца футболам у Беларусі. Па крайняй меры на прафесійным узроўні. Памятую, калі быў на Бацькаўшчыне апошні раз, размаўляў з некаторымі людзьмі ў федэрацыі (яшчэ пры папярэднім кіраўніцтве) і зразумеў, што перспектываў па нейкаму развіццю і супрацоўніцтву бліжэйшым часам не прадбачыцца. Я рэальна меркаваў, што ў АБФФ зацікаўленыя ў супрацоўніцтве, мне хацелася папрацаваць у Беларусі, неяк дапамагчы развіццю футболу. Але на процілеглым баку пабачыў, што ў людзей зацікаўленасці і жадання ў гэтым няма.
(https://by.tribuna.com/blogs/editors/3090800-ugoshhaet-mestnyx-solenymi)

-Пра становішча ў Беларусі-

-Вы кажаце, што да вас прыязджаюць сваякі і сябры. Што яны распавядаюць пра Беларусь?
-Шмат чаго. Канешек, гэта не для прэсы, гэта асабістыя размовы, але нецяжка здагадацца, што нічога добарага не распавядаюць. З кожным годам усё больш негатыву.

-Не прапануеце ім пераехаць у Італію?
-Скажам так, нават калі і заводзіцца гэтая тэма. Я ўсё роўна лічу, што гэта рашэнне кожнага канкрэтнага чалавека, людзі самі павінныя вырашаць – зьязджаць ім альбо не. Усё ж такі шмат абставінаў, якія дазваляюць зьехаць альбо якія ўтрымліваюць. Заўжды знойдзецца нейкае але. Скажу так: усе чакаюць, калі можна будзе спакойна і нармальна жыць, калі можна будзе нешта ствараць. Агулам, людзі спадзяюцца на перамены, на нешта лепшае. Аднак каб было нешта лепшае, над гэтым трэба працаваць, трэба прыкаладаць нейкія высілкі, а не проста сядзець і чакаць.

Вось вярнемся да таго ж футболу. Калі вы жадаеце зрабіць прадукт якасным, цікавым, так рабіце ўсё для гэтага, а не проста чакайце чагосці.

-Застаўся беларусам-

 -Вы ў Італіі вельмі даўно. Адчуваеце сябе беларусам?
-Мне нават мсяцовыя кажуць: “Напэўна, ты ўжо італьянец?” Ды ніколі. Кім нарадзіўся, тым і застануся. Пражыў шмат гадоў у Беларусі, зьехаў адтуль, але беларусам і застануся.

-Зараз беларусы сталі актыўней карыстацца роднай мовай.
-Гэта цалкам лагічна. У кожнай нацыі ёсьць свая мова, і на ёй людзі павінныя размаўляць. У Афрыцы колькі плямёнаў? І кожнае размаўляе на сваёй мове. Так што распаўсюджванне беларускай мовы я б назваў цалкам натуральнай і лагічнай зьявай, а не чымсці модным. Мода – сёння паразмаўляў, а заўтра не. Мы ж назіраем нешта іншае, і гэта цудоўна. Немагчыма знішчыць тое, што нельга знішчыць у прынцыпе. Вось колькі патрэбна людзей прымушаць замоўкнуць, каб беларуская мова зьнікла? Выходзіць, што гэта нейкая барацьба з вятракамі, цалкам бяссэнсоўны занятак. Людзі хочуць размаўляць па-беларуску – няхай размаўляюць. Не бачу аніякіх праблем. Шкада, што мне ўжо не вывучыць гэтую мову. Канешне, я яе разумею, але ў адказ нешта сказаць будзе праблематычна.

-Якія тры асобы ў вас асацыююцца з Беларуссю?
-У першую чэргу, канешне, Якуб Колас. З больш сучасных персонаў – Пётр Машэраў. Хоць я яго не застаў, аднак чуў пра яго вельм шмат добрага. А трэці? На жаль, гэта зьвязана з Вялікай Айчыннай вайной, калі практычна ўвесь Мінск быў разбураны. Напэўна, трэцця асоба – гэта такі сабіральны вобраз беларускіх партызанаў, якія геройнічалі ў часе вайны.
(https://by.tribuna.com/blogs/editors/3090800-ugoshhaet-mestnyx-solenymi)

-Зборная СССР – “каманда Алейнікава”-

У Алейнікава была рэдкая якасць да фенаменальнага бачаньня поля. Менавіта ведаючы ягоныя здатнасці, трэнеры патрабавалі, як можна часцей выкарыстоўваць гэты казыр у гульні з супернікам. Роля Сяргея ў арганізацыі калектыўнай гульні была настолькі ўражваючай, што замежныя спецыялісты неяк назвалі зборную СССР “каманда Алейнікава”.

-Пра Лабаноўскага-

“Лабаноўскі заўжды ішоў наперад, шукаў навацыі. Намагаўся выціснуць з гульца максімум. І ў гэтым меў поспех. Ягоныя трэніроўкі сапраўды грунтавалася на інтэнсіўнасці.

Памятую, як мы паехалі на зборы ў Італію. Першую гульню згулялі зранку з нейкай аматарскай італьянскай камандай. Затым селі ў верталёт ды паляцелі ў Мілан. Увечары правялі другі матч супраць “Інтэру”. Дзве гульні ў адзін дзень – дзе яшчэ такое можна сустрэць?

Пры ўсім да Лабаноўскага ў мяне засталася толькі светлая памяць – бязмерна паважаў яго як трэнера і як чалавека. У яго было такое тонкае пачуццё гумару. Жартаваў з такім сур’ёзным выглядам, што многія не разумелі, жартуе ён ці кажа ўсур’ёз.” (С.А.) (https://by.tribuna.com/blogs/huiita/570190/)

-Спачатку былі шахматы-

У маленстве Сяргей Алейнікаў не марыў пра кар’еру футбаліста, а больш цікавіўся шахматамі. Будучыню зьмяніў паход на трэніроўку да старэйшага брата Аляксандра, які займаўся футболам у “Працоўных рэзервах” у Зміцера Тарасава. Трэнер заўважыў хлапчука на трыбунах і прапанаваў прыняць удзел у дзвухбаковай гульні разам з усімі. Алейнікава-малодшага спачатку напужаў узрост хлопцаў, якія былі на пяць гадоў старэйшыя, але Сяргей усё ж не збянтэжыўся.

Цікава, што тады на полі знаходзіўся будучы партнер паўабаронца па мінскаму “Дынама” Сяргей Гоцманаў. “Нічога талковага з гэтага, канешне, не выйшла: Я толькі і рабіў, што бяз злога намеру ставіў падножкі, не паспяваючы за мячом і супернікамі,” – узгадваў Алейнікаў у кнізе “І жыццё, і слёзы, і футбол…”

(https://by.tribuna.com/blogs/footboll/2983852/)

Аднак Тарасаў заўважыў талент у Сяргея ды прапанаваў паспрабаваць сябе ў групе аднагодак у СДЮШАР-5 – на той момант самай моцнай дзіцячай камандзе ў БССР.

Прынес сваёй школе перамогу ў “Крыштальным мячы” БССР, а потым дайшоў з ёй да саюзнага фіналу.

Трэнерам Алейнікава стаў Алег Базарнаў. Унутры рэспублікі ў школы быў толькі адзін варты супернік у абліччы мінскага “Дынама”. У фінале -1979 юнацкага першынства БССР “Крыштальны мяч” СДЮШАР-7 абыграла “бела-блакітных” 1:0. Адзіны мяч забіў Алейнікаў.

“Лёс матчу вырашаўся ў дадатковы час. Незадоўга да ягонага завяршэння паўабаронца СДЮШАР Сяргей Алейнікаў атрымаў мяч, абыграў абаронцу і з вугла штрафной пляцоўкі захапляльна прабіў у дальні кут варотаў, здабыўшы сваёй камандзе перамогу,” – апісваў вырашальны ўдар “Фізкультурнік Беларусі”. Далей каманда Базарнава дайшла да фіналу аналагічнага турніру на ўзроўні ўсяго Саюзу. Па дарозе да вырашальнага матчу мінчукі адалелі маскоўскі “Спартак”, ленінградскі “Зеніт” і львоўскія “Карпаты”. У фінальным турніры СДЮШАР-5 заняла другое месца пасля маскоўскага ФШМ, але абыйшоўшы каманды з Кіева, Тбілісі, Еравану, Ташкенту і Ашхабаду.

-Праца на заводзе і захапленьне хакеем на траве-

Пасля выпуску з таго складу СДЮШАР-5 у дубль мінскага “Дынама” ўзялі толькі дваіх. Алейнікаў не скончыў школу ды пайшоў вучнем на завод, ужо не марыў пра кар’еру ў камандзе майстроў. За паўгода працы Сяргей стаў слесарам –зборшчыкам радыёапаратуры першага разраду. Узімку будучы гулец “Ювентуса” захапіўся хакеем з мячом. Хлопец нават гуляў за каманду свайго цэху на першынстве заводу. Лёс Алейнікава змяніла размова з Базарнавым, які працягваў трымаць сувязь з выхаванцам. Трэнер настойваў, каб Алейнікаў паступіў у інстытут фізкультуры. Алейнікаў іспыты здаў паспяхова. У інстытуце першакурснік вярнуўся ў футбол, патрапіў у студэнцкую каманду “Буравеснік”, якую ўзначальваў Валерый Яромка – бацька футбаліста і трэнера Сяргея Яромка.

У 1980-ым “Буравеснік” выдаў адзін з лепшых сезонаў у гісторыі – выйграў Кубак БССР і стаў трэцім у першынстве рэспублікі. У восень таго ж году трэнер дубля мінскага “Дынама” заўважыў таленавітага паўабаронца і запрасіў у каманду.

-У “Дынама” празвалі Бацюшка-

У 1980-ым Алейнікаў паспеў згуляць яшчэ некалькі матчаў у першынстве дублёраў і патрапіў на нататку да Эдуарда Малафеева. На пачатку наступнага году трэнер нечакана для самаго футбаліста залічыў таго ў першую каманду. Любы навічок каманды ў “Дынама” мусіў атрымаць мянушку ад капітана Юрыя Пудышава.

“Эдзік Малафееў сказаў яму: “Сярожа, ты станеш добрым футбалістам”, ён малайчына, стараўся, на трэніроўках старанна спазнаваў футбольную навуку. Мы яго называлі Бацюшка альбо Алень. Ну, з Аленем усё зразумела, а вось Бацюшкай ён быў таму што, казаў павольна, неахвотна, як бацюшка ў царкве,”- узгадваў Пудышаў. (https://by.tribuna.com/blogs/footboll/2983852/)

Увогуле, Алейнікаў найбольш з той каманды ўдзячны Пудышаву і Юрыю Курненіну, якія ўзялі над ім шэфства. Ужо ў дэбютным для сябе сезоне-1981 20-ці гадовы хаўбек правёў у чэмпіянаце СССР 14 матчаў.

-Забіў залаты гол у чэмпіянаце-1982-

У чэмпіёнскім для мінскага “Дынама” сезоне-1982 Алейнікаў ужо лічыўся гульцом стартавага складу. У чэмпіянаце паўабаронца зьяўляўся на полі ў 21 матчы з 34. І выніковасць Сяргея цешыла заўзятараў – восем галоў. Больш у чэмпіянаце СССР за адзін сезон Алейнікаў ніколі не забіваў. У заключным туры супраць маскоўскага “Спартака” Алейнікаў прабіў вароты Рыната Дасаева, зрабіўшы лік 4:1 на карысць дынамаўцаў. Аднак, пасля гэтага масквічы здолелі атыграць два мячы і, па сутнасьці, паядынак за першае месца завяршыўся з лікам 4:3. Менавіта Алейнікаў забіў залаты гол.

-Браў удзел у вячорках камады, але зараз лічыць тыя паводзіны няправільнымі-

Пачынаючы з наступнага сезону Сяргей стаў гульцом старту ў “Дынама”. Абараніць тытул мінчукі не здолелі, застаўшыся на трэцім месцы. Да таго моманту Алейнікаў канчаткова замацаваў за сабой пазіцыю апорнага паўабаронцы, стаўшы злучным звяном між абаронай і атакай каманды. Праз Алейнікава разгортвалася большасць атак, а ягоная ўпэўненая гульня ды павага партнераў прывялі да таго, што ў 1986 годзе ён атрымаў капітанскую павязку. Пасля матчаў футбалісты любілі ўчыніць застолле. Часам у кампаніі можна было заўважыць і Алейнікава.

“Калі быў моцна стомлены, то піва. Часам мог сабе дазволіць гарэлачкі… А дзе можна было адпачываць? Толькі ў рэстрарацыях. Больш нічога не было. Вось мы і наведвалі гатэлі “Юбілейная” і “Планета”. Там знаходзіліся асноўныя нашыя рэстарацыі. Сканчвалі матч і ціхенька ішлі. Кіраўніцтвам такое баўленне часу не віталася, вядомая справа. Цяпер з вышыні пражытых гадоў разумееш, што шмат было зроблена неправільна. Але на той час падобнае лічылася нормай,” – распавядаў Алейнікаў. (https://by.tribuna.com/blogs/footboll/2983852/)

-Сон, як у пажарнага-

Новых трафеяў у “Дынама” не прыбавілася, аднак наступныя тры сезоны клуб рэгулярна завяршаў у зоне еўракубкаў, дзе таксама выступаў досыць паспяхова. За некалькі сезонаў мінчукі дайшлі да чвэрць фіналу Кубку чэмпіёнаў, Кубку УЕФА і Кубку уладальнікаў кубкаў. Таму ў каманды было многа раз’ездаў, дзе здараліся пацешныя гісторыі, але не заўжды Алейнікаў іх заўважаў.

“У Румынію паехалі з мінскім “Дынама”, да “Вікторыі”. Засялілі нас у нейкі гатэль. Мы спачатку не прыгядзеліся. А потым апынулася, што ў ейным будынку ёсць дыскатэка. Дык гэтыя румыны цэлую ноч круцілі музыку. Адмыслова, каб мы заснуць не маглі. І якраз за сценкай майго нумару. Бум-бам. А мы з Сяргеем Алейнікавым пасяліліся. Праўда, яму ўсе роўна было. Гэты засне, нават калі танкі пад вухам будуць страляць. А я памучыўся трошкі, але пасля ўсё ж такі праваліўся ў сон,”- дзяліўся экс-гулец “Дынама” Юрый Антановіч.

А вось байка ад Пудышава пра сябра: “Калісці мы з Аленем абедалі за адным сталом. Ён зачэрпнуў лыжку супу і раптам закрычаў на ўсю сталовую, ледзь не губляючы прытомнасьць: “Чарвяк!”. Я яму: “Ну і што тут такога”. Клічам доктара. Аленя ж трэба адкачваць. Доктар паглядзеў і кажа: “Не, Сярожа, гэта не чарвяк, гэта вусень. Яго можна спакойна есьці.” (https://by.tribuna.com/blogs/footboll/2983852/)

-Не любіў заўвагі пры ўсіх-

Тым не менш да Алейнікава ў камандзе ставілся сур’ёзна.

“Да многіх футбалістаў патрабаваўся асаблівы падыход. Гэта датычыць лідэраў, гульцоў, валодаючых высокім інтэлектам. Такім зьяўляецца Сяргей Алейнікаў. Яму нельга было рабіць заўвагі прылюдна. Лепш было падыйсці да яго: “Ведаеш, Сярога, ты вось так зрабіў, а варта было так і так.” Ён паслухае і кажа: “Так, добра. Зразумеў,” – дзяліўся Іван Савосцікаў, у другой палове 80-ых узначаліўшы мінскае “Дынама”. (https://by.tribuna.com/blogs/footboll/2983852/)

-Алейнікаў згуляў найбольш матчаў за сборную сярод беларусаў-

Больш за Алейнікава ніхто з беларускіх футбалістаў за зборную Саюзу не гуляў. На рахунку паўабаронца 73 матчы і 6 галоў. Дэбют прыйшоўся на 1983 год, калі зборнай кіраваў Малафееў. Пазней каманду прыняў Валерый Лабаноўскі, і той працягнуў выклікаць з Мінску Алейнікава. Нават пры засіллі кіеўлян у зборнай беларус заставаўся гульцом стартавага складу.

Алейнікаў ездзіў на чэмпіянаты свету 1986 і 1990 гадоў, якія для савецкай каманды склаліся няўдала: у першым выпадку выляцелі ў 1/8 фіналу, а ў другім не здолелі выйсці з групы.

Куды лепш атрымалася выступіць на ЧЕ-1988, дзе каманда Лабаноўскага прайграла ў фінале зборнай Нідэрландаў. Мяч у вароты мадзьяраў на ЧС-1986 ужо стаў класікай. Паспяховая гульня Алейнікава на нямецкім Еўра прыцягнула ўвагу еўрапейскіх клубаў.

-Пераход у “Ювентус”-

Пераход Алейнікава ў 1989 годзе з мінскага “Дынама” ў “Ювентус” за 4 мільёна даляраў стаў вялікай сенсацыяй. Паўабаронец перабраўся пад крыло легендарнага Дзіна Дзофа. Адапатацыі гульца спрыяла тое, што за клуб ужо выступаў ягоны партнер па зборнай СССР кіеўлянін Аляксандр Захараў. Тым не менш шэфства над беларусам узяў чэмпіён сьвету-1982 Гаэтана Шырэа. Пасля матчу той наліў навічку віна – Алейнікаў адмовіўся. Затым прапанаваў цыгарэту – ізноў атрымаў адмову. Шырэа не вытрымаў: “Не пьеш, не паліш – ну што ты за футбаліст?”

“Гульцы бяз праблемаў могуць выпіць келіх чырвонага віна. Пасля выйсці і дазволіць сабе філіжанку кавы з цыгарэтай. Пры гэтым папрасіць аганьку ў галоўнага трэнера. У СССР падобнае было немагчыма,”- узгадваў спартовец.

(https://by.tribuna.com/blogs/footboll/2983852/)

-Адзіны з савецкіх гульцоў быў запрошаны на 50-ці годзьдзе Пеле-

Але нават бяз алкаголю ды тытуню Сяргею ўдалося ўжо ў дэбютным сезоне стаць гульцом асновы “Ювентуса”. Не пашкодзіў гэтаму нават дзейнічаўшы ў тыя часы ліміт на легіянераў у Серыі А. У сезоне – 1989/90 беларус правёў за “Старую Сіньёру” 30 матчаў у чэмпіянаце і забіў тры мячы. Каманда фінішавала толькі чацьвёртай, але разам з ёй Алейнікаў выйграў Кубак Італіі і Кубак УЕФА. У фінале еўракубку турынцы па выніках дзьвух матчаў адалелі “Фіярэнціну” (3:1, 0:0). У кожным з іх Алейнікаў правёў на полі 90 хвілінаў.

Дзякуючы такім поспехам паўабаронца адзінага з савецкіх гульцоў запрасілі выступаць за зборную свету супраць бразільцаў. Матч быў прысвечаны 50-ці годзьдзю Пеле ды завершыўся ўнічыю.

-Развітанне з “Ювентусам” і пераход у “Леччэ”-

Нягледзячы на прыстойныя паказчыкі ў сезоне, Алейнікаў у “Юве” не застаўся. Кантракт з клубам быў падпісаны па схеме “1+2”, і турынцы не сталі яго працягваць. Футбаліст падазрае, што гэта здарылася дзякуючы людзям, якія нібыта прадстаўлялі ягоныя інтарэсы. Справа ў тым, што ў выпадку непрацягу кантракту з Алейнікавым ім належыла няўстойка ў памеры 1 мільёна даляраў. Беларус нічога пра гэта не ведаў. На той час правы на ўсіх гульцоў мінскага “Дынама” атрымала кампанія “Сімод”. З гэтым незразумелым словам на майцы дынамаўцы гулялі ў першых суверэнных чэмпіянатах.

Сам Сяргей так каментуе гэтую гісторыю: “Як высветлілася, людзі, якія накіроўвалі мяне ў “Ювентус”, файна папрацавалі ў гэтым напрамку. Я гуляў у асноўным складзе, выйграў Кубак Італіі і Кубак УЕФА, у чэмпіянаце каманда трэцяе месца заняла, журналісты казалі, што мае шансы застацца вельмі высокія. Як ўвогуле такое магчыма, што гулец, так упісаўшыся ў каманду, раптам летам апынуўся ў “Лечэ”, якая змагалася за выжыванне? Аднак маім “прадстаўнікам” апынулася выгодна атрымаць і раздзерыбаніць гэты мільён, пра які я ўвогуле нічога не ведаў. Самае крыўднае, што трэцяга іншаземца ў той межсезонцы “Ювентус” так і не прыдбаў, і, застанься я ў камандзе, гуляў бы ўвогуле пастаянна.” (https://by.tribuna.com/blogs/editors/3090800-ugoshhaet-mestnyx-soleny)

-Крыўда “Леччэ” на Алейнікава-

Наступныя два сезоны беларус правёў у “Леччэ”, куды асабліва не хацеў пераходзіць. Саленціанцы на той час займаліся больш спекуляцыямі з перапродажам футбалістаў, чым іхным развіццём. У гэтай камандзе Алейнікаў правёў два наступных сезоны, упаўшы разам з ёй у Серыю В.

Развітанне з “Леччэ” абрасло пэўнымі гісторыямі. Перад ЧС-1992 Алейнікаў прыбыў у размяшчэнне зборнай СНД, якая потым заняла апошняе месца ў групе. На зборах паўабаронца затэмпературыў і адмовіўся вяртацца ў “Леччэ” на пераходныя матчы. Кіраўніцтву італьянскай каманды не спадабаліся такія паводзіны футбаліста.

Пасля ЧС “Лечэ” прадала Алейнікава ў японскую “Гамба Осаку”.

-У Японіі атрымоўваў асалоду ад футболу ды здзіўляўся дзеўчынам на трыбунах-

У “Гамба Осака” Алейнікаў гуляў разам з Алегам Пратасавым. “У Японіі было проста супер. Не адчуваў аніякага ціску, аніякага прэсінгу з боку журналістаў. Проста гуляў у футбол, атрымоўваў сапраўднае задавальненне,” – распавядаў гулец, які зьдзіўляўся вялікай колькасьці дзяўчын на трыбунах, заўзеўшых за канкрэтных гульцоў. (https://by.tribuna.com/blogs/footboll/2983852/)

У “Гамба Осака” Сяргей правёў два з паловай сезоны і знаходзіўся на добрым рахунку ў мсяцовым чэмпіянаце (83 матчы і 14 галоў). Аднак паўабаронца не дагуляў у Японіі нават да канца кантракту. Прычынай стаў канфлікт з галоўным трэнерам харватам Кужэ.

Далей у кар’еры Алейнікава было некалькі матчаў за шведскі “Одэльвольд” у Д2 і выступ у Італіі за аматараў.

-Сабраў на свой развітальны матч зорак зборнай СССР, гледачы былі ў захапленні-

Сяргей Алейнікаў свой развітальны матч арганізаваў 17 верасня 1999 году на стадыёне “Дынама”, залаты склад “Дынама”-82 згуляў супраць зорак СССР. Алейнікаў па тайму адбегаў за кожную з каманд (пачаў з мінчукоў), гульню транслявала беларускае тэлебачанне, а каментаваў славуты Ўладзімір Навіцкі. Гаспадары на вачах 20 тысячаў заўзятараў перамаглі з лікам 3:2, а пасля фінальнага свістку Алейнікаў зрабіў круг гонару па арэне на аўто з адкрытым верхам. Дубль у матчы зрабіў Георгій Кандрацьеў, а яшчэ адзін мяч забіў Віктар Сокал. Склад зборнай СССР аматары спартыўнай гісторыі могуць ацаніць: Дасаеў, Ярэмчук, Чывадзэ, Хідзіятулін, Дземьяненка, Рац, Аганесян, Міхайлічэнка, Беланаў, Радыёнаў, Чэранкоў, Гаўрылаў, Пазднякоў.

 -Трэнерская праца-

Завершыўшы кар’еру гульца, Сяргей вырашыў стаць трэнерам. Адразу працаваў з аматарскімі камандамі Італіі, а пасля непрацяглага часу ў 2003 годзе ўзначаліў “Тарпеда-Металург”, выступаўшы ў мацнейшым дывізіёне чэмпіянату Расеі. У стартавых турах “аўтазаводцы” ўзялі ўсяго тры ачкі дзякуючы нічыім, а Алейнікава адправілі ў адстаўку. Легендарны трэнер “Тарпеда” Валянцін Іваноў, якому прапанавалі ізноў узначаліць каманду пасля Алейнікава, казаў, што беларус вёў кваліфікаваную працу з гульцамі, прапаноўваў сучасныя еўрапейскія падыходы, але паводзіў сябе залішне культурна. Іваноў лічыў, што ў расейскіх рэаліях каманду трэба жорска трымаць у руках, інакш выніку не будзе.

Далей былі два месяцы ў “Відным” з расейскага мінору.

У тым жа годзе Алейнікаў вярнуўся ў Італію, дзе працаваў у клубных акадэміях “Лечэ” ды “Ювентуса”, а потым ізноў трэніраваў аматарскія каманды. Апошнім клубам у ягонай трэнерскай кар’еры стала літоўская “Дайнава”, галоўным трэнерам якой ураджэнец Мінску быў у 2014 годзе. Там таксама выйшла няўдала: паразы ва ўсіх 13 матчах з агульным лікам 1:73. Спачатку кіраўніцтва “Дайнавы” паабяцала амбіцыйны праект. Але да старту чэмпіянату грошаў у каманды не зьявілася і аніякіх жаданых навічкоў для коўча не падпісалі.

-Хацеў адкрыць у Мінску дзіцячую школу-

У 2015 годзе Алейнікаў абвесьціў запуск дзіцячай школы, якую назвалі Фабрыкай Сяргея Алейнікава. Спачатку казалася, што ўсе пытанні па арганізацыі вырашаныя, грошы з бацькоў вырашылі не браць ды праводзілі набор 7-10-ці гадовых футбалістаў. Аднак па меры працы выйшла, што праект застаўся толькі на паперы. Сяргей вярнуўся ў Італію.

-Частаваў мясцовых салёнымі агуркамі-

Алейнікаў жыў ў італьянскім горадзе Лэчэ ды з клубамі больш не супрацоўнічаў. Працаваў інструктарам па падрыхтоўцы трэнераў у ФІФА, быў амбасадарам арганізацыі ў розных праектах. З 2022 года Сяргей трэніраваў дзяцей. Частаваў мясцовых салёнымі агуркамі, часам глядзіць беларускі чэмпіянат і… нават абараняе беларускую мову…

-Раптоўныя перамены-

Але пад канец 2024-га сітуацыя змянілася. 20 снежня балгарскі “Лакаматыў” з Плоўдзіва абвясціў Алейнікава новым спартыўным дырэктарам. Паведамлялася, што прэс-канферэнцыя з нагоды прызначэння свежаспечанага функцыянера будзе ўжо на пачатку 2025-га. Каманда знаходзіцца ў працэсе змены ўладальніка. У снежні змяніўся выканаўчы дырэктар і пачаў працу новы савет дырэктароў. Клуб абвесціў, што чарговым галоўным трэнерам будзе 53-гадовы славенец Душан Кошыч, які ў мінулым працаваў на Радзіме і станавіўся чэмпіёнам Славеніі ў сезоне-2018/19 у “Цэле”, дзе цяпер працуе беларускі коўч Іван Маеўскі.

У складзе “Лакаматыву” ёсць беларускі гулец – 25-гадовы Ўладзімір Мядзведзь. Яго можна назваць галоўным качаўніком белфутболу – балгарскі клуб стаў 12-ым у яго пакуль што васьмігадовай прафесійнай кар’еры. Цікава і тое, што бацька гульца Сяргей Мядзведзь супрацоўнічаў з Алейнікавым, калі той адчыняў прыватную футбольную школу для дзяцей. Як аказалася, на гэта яго доўга ўгаворваў менавіта Мядзведзь-старэйшы. Мядзведзь мае сумнеўную рэпутацыю, адсядзеў шэсьць гадоў за кратамі, бо ў 1992-ім забіў дваіх чалавек падчас крымінальных разборак. Журналісты называюць Сяргея Мядзведзя “аўтарытэтам з шырокімі сувязямі”. Сам Мядзведзь сьцьвярджае, што фільм “Брыгада” зняты па ягонай біяграфіі. Праўда сын за бацьку не ў адказе…

Сяргей Алейнікаў датычна працы ў балгарскім клубе заявіў:

“Шчасьлівы быць тут. Рады атрымаць такі досвед. Спадзяюся, мы ўсе будзем прафесіяналамі і зробім сваю працу. Што датычыцца планаў, бачанне каманды – сёння ў нас не інтэрв’ю, а прзентацыя. І ўсе навіны вы даведаецеся крышку пазней, калі мы і абмяркуем іх…” (https://pressball.by/news/football/sergej-alejnikov-predstavlen-v-roli-sportivnogo-direktora-bolgarskogo)

-Пра кантакты з былымі дынамаўцамі-

“Кантактую з Сяргеем Гоцманавым, з Аляксандрам Чарнухам, які быў у свой час у нас масажыстам. Калі ў Мінск прызджаў, сустракаўся з людзьмі, размаўляў. Але няма такога, што адмыслова тэлефануем адзін аднаму, каб пагаманіць. Сустракаемся па выпадку. Хоць было прыемна, калі мне патэлефанаваў Сяргей Бароўскі і павіншаваў з 60-ці годзьдзем. Так што кантакты так ці інакш зьберагаюцца. Хацелася б, канешне, каб яны былі больш шчырымі, але, на жаль, жыццё нас развяло па розныя бакі.” (https://by.tribuna.com/blogs/editors/3090800-ugoshhaet-mestnyx-solenymi)

-Пра вынікі падліку галасоў у 20-ым-

-Вас зьдзівіла тая колькасьць адсодткаў, якія ў выніку набраў Аляксандр Лукашэнка?
-Мяне не здзівіла, а, скажам так, мне стала крыўдна. Відавочна, што ў Беларусі да народу ставяцца пагардліва. Улады ні на што не звяртаюць увагі, робяць, што хочуць. Груба кажучы, беларусаў ні ва што не ставяць. І такая колькасць адсоткаў за дзеючага прэзідэнта не здзівіла, а, як ужо сказаў, выклікала неразуменне і адно пытанне: колькі ўвогуле гэта можа цягнуцца? Добра, калі б былі некалькі іншыя лічбы, напішыце, напрыклад, 65 адсоткаў, каб было ўсё ж спакойней. Але 80 адсоткаў – гэта проста вялікі плявок у людзей. Перад выбарамі людзі адкрыта выказвалі сваю думку, актыўна ішлі на мітынгі ў падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў, але ў выніку ўлада ізноў вызначыла беларусам іхнае месца: вы ніхто і зваць вас ніяк, а мы будзем рабіць тое, што захочам. І народ, натуральна, у рэшце рэшт абурыўся – нельга ж столькі часу цярпець столькі адно і тое ж.(https://nashaniva.com/ru/257388)

Зараз міністры кажуць, што сутычкі з АМАПам былі справакаваныя.
-Паслухайце, нават калі сілавікоў справакавалі, простыя людзі ўсё роўна былі бяз зброі. Іх можна было па-іншаму суцішыць, растлумачыць. Ты дзьвухмятровага росту, у поўнай амуніцыі, са зброяй і ў шлёме – што табе зробіць нейкі 16-ці гадовы хлапчына? Можна было спакойна абысціся бяз усяго гэтага гвалту. (https://by.tribuna.com/blogs/editors/2819882/)


Сяргей Алейнікаў – вялікі беларускі футбаліст, адзін з лепшых у нашай гісторыі. Узгадванне імяні вядомага чэмпіёна ў колах заўзятараў заўжды выклікае станоўчыя і бурлівыя эмоцыі. Але да таго Сяргей цікавы чалавек, які не прызвычаіўся маўчаць, мае ўласную пазіцыю і заўжды яе публічна агучвае.

Неадназначныя стасункі ў С.Алейнікава з беларускімі спартыўнымі функцыянерамі склаліся не ў 20-ым годзе, а значна раней, калі сваімі праўдзівымі заявамі паўабаронца даводзіў начальства да шаленства.

У аўтарытарнай Беларусі, дзе неасцярожнае ці рэзкае слова можа зламаць любую кар’еру, наўрадці спартовец мог быць запрошаны на нейкую сур’ёзную пасаду кшталту трэнера зборнай альбо вядучага клубу. Беларусь на сёння аўтарытарная краіна, што канешне кепска, але гэта лепш, чым вайна ды крывавая грамадзянская бойня. Таму сумнеўна, што сёння Алейнікаў змог бы працаваць на Бацькаўшчыне.

І хоць нашая футбольная зорка адмаўляецца гэта вызнаць, аднак у ягоных словах адчуваецца крыўда за незапатрабаванасць на Радзіме, што выцякае з існуючых палітычных рэаліяў. Крыўда, дарэчы, цалкам справядлівая, на якую футбаліст мае права… Хочацца верыць, што ягоная вялікасць час дасць цудоўнаму паўабаронцу “Дынама” яшчэ рэалізаваць свой патэнцыял трэнера і менеджэра ў Беларусі.

Мы са свайго боку зычым Сяргею Яўгенавічу Алейнікаву поспехаў ва ўсіх ягоных пачынаннях і доўгіх гадоў жыцця!

Аўтары: Васіль Додзік, Ігнат Скарчэня
Дызайн: Oлена Дiя, Валянцін Гольдштэйн
Рэдактары: Аляксандр Апейкін, Валянцін Гольдштэйн