Гісторыя пра любоў вялікага беларускага хакеіста да жыцця і спорту.
Аповед пра Салея быў зроблены збольшага на падставе фрагментаў кнігі “Руслан Салей. Проста лепшы. Simply the best”, якая была напісана пра хакеіста ягоным сябрам Сяргеям Аляхновічам. Журналіст блізка сябраваў з Русланам, і вельмі перажываў пасля адбыўшайся трагедыі, калі спартовец трагічна загінуў. Заставалася ўсяго некалькі дзён да выхаду кнігі, і сэрца Сяргея Аляхновіча не вытрымала… На прэзентацыі пуставалі два крэслы – аўтара і героя ягонага твору. Сябры журналіста правялі прэзентацыю ды ўшанавалі памяць хлопцаў.
Гэта не кніга-рэквіем: яна пра жыццё!
Такой жа зьяўляецца і гэтая публікацыя.
Руслан Салей – выхаванец мінскай хакейнай школы СДЮШАР12 (Мінск). З 1991 года гуляў за мінскія каманды. У 1995 годзе ў групе С не прайшоў допінг-кантроль, пасля чаго быў дыскваліфікаваны на 6 месяцаў. На той час Салей лекаваўся ад грыпу ды праз лекі забаронены прэпарат патрапіў у кроў. У той жа час ягоны агент прапанаваў пераехаць гуляць у ЗША, куды дыскваліфікацыя не распаўсюджвалася. У выніку, з восені 1995 года ён пачаў выступы за клуб ІХЛ “Лас-Вегас Тандэр”. Пасля сезону ў “Лас-Вегасе” на драфце НХЛ у 1996 годзе быў абраны пад агульным 9-ым нумарам “Анахайм Майці Дакс”, што да 2024 года было рэкордам для хакеістаў з Беларусі.
- Удзельнік Алімпійскіх гульняў у Нагана, Солт-Лейк-Сіці і Ванкуверы.
- Удзельнік Чэмпіянатаў свету 1994 года ў групе С, 1995 года ў групе С, 1998, 2000, 2001, 2004 – у першым дывізіёне.
- Выступаў за нацыянальную зборную Беларусі ў 1993-2010 гадах, правёў 66 матчаў, набраў 31 (11+20) бамбардзірскі бал, атрымаў 109 мінут штрафу.
- У рэгулярных сезонах НХЛ правёў 917 гульняў, у якіх набраў 204 (45+159) ачкі.
- У розыгрышы Кубку Стэнлі правеў 62 гульні, набраў 16 (7+9) ачкоў.
- Лідзіруе сярод усіх беларускіх хакеістаў у НХЛ па згуляных матчах у рэгулярных сезонах ды плэй-оф
- Удзельнік фінальных турніраў Кубка Еўропы 1994 і 1995.
- У чэмпіянатах МХЛ правёў 99 матчаў, набраў 12 (7+5) бамбардзірскіх балаў, зарабіў 96 хвілінаў штрафнога часу.
- У чэмпіянатах Расеі правёў 39 матчаў, набраў 20 (8+12) бамбардзірскіх балаў, атрымаў 38 хвілінаў штрафнога часу.
- Трэці прызёр Вялікага прызу Санкт-Пецербургу (1993).
- Чэмпіён Беларусі (1993, 1994, 1995).
- Фіналіст Кубку Стэнлі (2003).
- Уладальнік Прызу Клэрэнса Кэмбэла (2003).
- Лепшы хакеіст Беларусі (2003, 2004).
- Сябра Залы славы ІІХФ (2014).
- Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь (2002).
Быў жанаты на амерыканцы Бэтэн, у шлюбе з якой нарадзілася трое дзяцей: Алексіс, Сандро ды Эйва. Загінуў на 37-ым годзе жыцьця разам з камандай “Лакаматыў” (Яраслаўль) 7 верасня 2011 года пры ўзлёце самалёту ў яраслаўскім аэрапорце. Пахаваны ў Мінску на ганаровай алеі Усходніх могілак.
- Беларуская федэрацыя хакея вывела з карыстання ў зборнай 24-ы нумар, пад якім Салей гуляў у нацыянальнай камандзе.
- У жніўні 2012 году выйшла кніга спартыўнага журналіста Сяргея Алехновіча пра Руслана Салея “Проста лепшы. Simply the best.”
- Руслан Салей стаў першым сябрам беларускай Залы хакейнай славы.
- Штогод у жніўні ў Беларусі праводзіцца міжнародны турнір памяці Салея.
- Імем Руслана Салея названая адна з мінскіх дзіцяча-спартыўных школ алімпійскага рэзерву.
- Імем Руслана Салея названая калекцыя гадзіннікаў мінскага гадзіннікавага заводу “Прамень”.
-“Цуд на лёдзе-2”-
20 лютага 2002 году зборная Беларусі здабыла самую гучную перамогу ў сваёй гісторыі. У чвэрцьфінале Алімпіяды ў Солт-Лейк-Сіці каманда Ўладзіміра Крыкунова абыграла суперзорную зборную Швецыі. Другі раз у гісторыі Алімпіяды былі дапушчаныя гульцы НХЛ. У камандзе мары зборнай Швецыі былі Нікалас Ліндстрэм, Макс Сундзін, Хенрык Зетэнберг, Даніэль Альфрэдсэн, Томі Сала. Яны ўпэўнена ўсіх абыгралі ў сваёй групе, у тым ліку папярэдніх пераможцаў Алімпіяды – каманду Чэхіі.
У зборнай Беларусі былі сабраныя лепшыя нашыя гульцы, але сярод іх быў толькі адзін НХЛавец – Руслан Салей. Галоўным героем таго фантастычнага матчу стаў іншы беларускі абаронца Ўладзімір Копаць, але сваю ролю адыграў і Руслан Салей. Сваімі ўпэўненымі дзеяннямі Руслан каардынаваў абарончую лінію каманды. Уся беларуская каманда паказала характар ды перамагла шведскіх мільянераў.
На адборачным этапе нашая зборная прайграла ўсім супернікам: Расеі, Фінляндыі і ЗША, якія ізноў жа, складаліся з гульцоў НХЛ. Але каманда па ходу турніру прыбаўляла ад матчу да матчу, вучылася. Было відавочна, што таленавітай камандзе Беларусі бракавала такіх спарынгаў, і заўзятары чакалі, чакалі вынікаў… Фактычна беларусы чакалі цуду, але ён здарыўся!
Алег Раманаў, Зміцер Дудзік, Андрэй Кавалёў закідвалі шайбы ў вароты шведаў. Брамнік Андрэй Мезін стаяў сьцяной, ратуючы каманду пасьля атак шведскіх зорак. Аднак шведы адказвалі галамі ў нашыя вароты.
А напрыканцы матчу здарыўся той фатальны для шведаў гол ад Копаця ад чырвонай лініі – 4:3! Апошнія хвіліны беларусы наўпрост ўчапіліся за лёд, не пускаючы шведаў да варот. І перамога!
Каментатар Уладзімір Навіцкі так крычаў, што сарваў голас. Слёзы Томі Сала ў прамым эфіры, якога суцяшаюць сябры па камандзе, і шчасце беларускіх хлопцаў!
Хакейныя спецыялісты назвалі гэты матч самай вялікай хакейнай сенсацыяй пасля вядомага “цуду на льду”, а шведы “днём ганьбы”. Шведскія спартыўныя выданні публікавалі самыя бязлітасныя рэчы пра сваіх гульцоў, называючы іх “здраднікамі”.
А да таго Руслан вельмі дапамог беларускай зборнай на Алімпіядзе ў японскім Нагана, і гэта вельмі цікавая гісторыя.
Узгадаем люты 1998 году. На носе Алімпіяда ў Нагана. Сезон 1997 у “Анахайма” не задаўся. Каліфарнійцы гулялі нестабільна, “круціліся” каля восьмага месца. А для беларускага абаронцы “Анахайма” сезон быў прарыўным. Трэнер нават паспрабаваў яго ў атацы, але ўсё ж зразумеў, што ад дабра дабра не шукаюць, ды вярнуў беларуса ў лінію абароны. Салей згуляў у тым сезоне 66 матчаў і набраў 15 (5+10) ачкоў.
7 лютага 1998 года ў Нагана мусіў стартаваць алімпійскі хакейны турнір, папярэдні этап, у якім не бралі ўдзел шэсць лепшых каманд. НХЛ у гэты ж дзень праводзіла апошнія матчы перад паўзай (якая зьявілася ўпершыню ў гісторыі лігі), якая працягнецца да 24-га лютага.
У выніку прадстаўнікі НХЛ з камандаў Беларусі, Славакіі, Германіі ў лепшым выпадку маглі дапамагчы сваім камандам у трэціх матчах папярэдняга раўнда, паспець раней было нельга фізічна. Найбольш пацярпелі славакі, у якіх выпадалі больш дзясятка гульцоў. У нас было прадугледжана месца ў ростэры для двух – Салея і Цыплакова.
У першы дзень лютага “Анахайм” прымаў “Чыкага”, у якога важна было забраць ачкі. Матч выдаўся вельмі жорсткі і нярвозны. Гулец “Чыкага” Гары Сатэр нанёс брудны ўдар лідэру “Анахайма” Полу Карыя, чым выбіў яго з гульні. У выніку ўвесь матч успыхвалі бойкі. У часе адной з іх расіянін Крывакрасаў пад’ехаў да Салея і нанёс яму прэвентыўны ўдар, аб чым пасля пашкадаваў. У выніку “магутныя качкі” перамаглі, а беларуса дыскваліфікавалі на два матчы. Кіраўніцтва клубу адпусціла Руслана ў зборную.
“Марк Гандлер (агент Салея) пазней жартаваў, што ўсё было запланавана, а пра арганізацыю бойкі яго адмыслова папрасілі кіраўнікі беларускай федэрацыі. Эксцэс з Крывакрасавым быў, зразумела, чыстай выпадковасцю. Бо я і дапусціць не мог, што мяне падзвергнуць дыскваліфікацыі якраз на дзве гульні і менавіта за два матчы да Алімпіяды,” – узгадваў потым Руслан. Салей прыляцеў у Нагана за 23 гадзіны да пачатку першага паядынку з Францыяй. Беларусы перамаглі французаў. А ўжо ў наступным разгроме над немцамі 8:2 вызначыўся закінутай шайбай і сам Руслан. Спартыўныя журналісты ў НХЛ абураліся, “гэта мы так пакаралі Салея, каб ён бліскаў сваёй гульнёй на Алімпіядзе?!”
-Дзяцінства і юнацтва-
Нарадзіўся Руслан Салей 2 лістапада 1974 года ў Мінску. Сястра старэйшая за Руслана на 10 гадоў, а брат Вадзім на 12. Бацькі працавалі на буйнейшым будаўнічым прадпрыемстве Беларусі, бацька Альберт – начальнікам вытворчасьці, а мама Тамара – інжэнерам.
У дзяцінстве будучы капітан хакейнай зборнай Беларусі займаўся футболам і карцінгам. А ў хакейную секцыю запісаўся сам. На трэніроўкі ездзіў два разы ў дзень, да школы на ранішнюю трэніроўку, а пасля – на вячэрнюю. Першым трэнерам Руслана быў Аляксей Сяргеевіч Цурыкаў. Першым прафесійным клубам Салея ў 17 гадоў стаў “Прагрэс – ШВСМ” з Гародні. У 19 гадоў адбыўся дэбют за зборную Беларусі, колеры якой ён будзе бараніць на васьмі чэмпіянатах свету і трох Алімпійскіх гульнях.
Сяргей Аляхновіч распавядае, што пасля адной няўдалай публікацыі датычна Руслана, той не даваў інтэрв’ю “Прэсболу”. Але журналіст напісаў добры артыкул пра хакеіста, таму ў 2001 годзе адносіны наладзілся і ён зрабіў вялікае, амаль на 3 паласы інтэрв’ю “Магутны Руслан па мянушчы Расьці”. Паміж хлопцамі завязалася дружба, якую яны збераглі на дзесяццігодзьдзі.
У 2003 годзе беларускае тэлебачанне ўпершыню ў сваёй гісторыі транслюе фінал Кубку Стэнлі, прычым у прамым эфіры. Дзясяткі тысяч заўзятараў, нягледзячы на стомленасць, прачынаюцца ў тры гадзіны ночы, каб уключыць тэлевізар і паглядзець як Руслан Салей і ягоны “Анахайм” змагаюцца за галоўны трафей прафесйнага хакея.
———–
Узгадваючы сваё дзяцінства, Расьці казаў, што вельмі цяжка пераносіў адзіноту. На гэта наклала адбітак, калі малым патрапіў у інфекцыйнае аддзяленне шпіталя на 27 сутак, бяз бацькоў, сястры і брата. Наведваць таксама было нельга, толькі ў акно бачыў родных. Да таго ўколы па чатыры разы ў дзень, а персанал не цэрымоніўся з дзецьмі.
Адразу ў Салея не вельмі выходзіла трымацца на льду, занадта былі ўжо патрапаныя канькі. Бой-фрэнд сястры Анжэлы Валодзя Цыплакоў прэзентаваў чэшскія “Ботасы”, і хоць памер быў занадта вялікі, справа пайшла.
Што адрознівала юнака Салея ад іншых хлоцаў – дысцыпліна і самастойнасць.
“Руслан з дзяцінства быў вельмі ўважлівы, – кажа мама Тамара Гаўрылаўна. – З кожнай паездкі ён абавязкова што-небудзь прывозіў. Прычым не абы што, а патрэбную ў гаспадарцы рэч, тынкоўку, нож, тарку.”
Эдварту Мілушаву, на той час трэнеру “Юнацтва,” хапіла беглага погляду, каб зразумець: “У хлопца выключны талент. Плюс дзівосная працавітасць. Я запрасіў Руслана ў “Юнацтва”. Ён пагадзіўся, але праз нейкі час перастаў наведваць трэніроўкі, “не хачу маўляў здраджваць сваім былым сябрам, трэнеру…”. Аднак асабіста я пабачыў надзвычай каштоўныя чалавечыя якасці, вернасць, прыстойнасць. Больш месяцу прыйшлося пераконваць, якія перспектывы дае пераход у “Юнацтва”.
“Ты аўтаматычна патрапіў у “гняздо ворагаў”, з якімі прыходзілася ўжывацца. У дзяцінстве падобныя рэчы ўспрымаюцца вельмі востра, няма полутаноў, кампрамісаў: альбо ты сябра, альбо вораг…” (Р.С.)
Каманда Руслана не рэдка прайгравала “Юнацтву”, але тут выпала, што перамаглі канкурэнтаў, а Салей да ўсяго закінуў вырашальную шайбу.
“І ў тыя гады, і ў наступныя самым адданым маім заўзятарам была мама – тата прыходзіў рэдка, працаваў больш. А мама – зацяты заўзятар з самага дзяцінства, яна прысутнічала на ўсіх маіх гульнях, з трыбуны заўжды быў чутны ейны голас.” (Р.С.)
“Я старалася не прапускаць аніводнай сустрэчы з удзелам Руслана, – узгадвае Тацьцяна Гаўрылаўна. – Спачатку сядала адразу за бортам, малышню цяжка было разглядзець з трыбуны. А яшчэ гатавала трохлітровы слоік морсу – журавіны плюс лімон…”
————-
-Пачатак у дарослым хакеі-
Сезон – 1992/93 гадоў Салей пачынаў у гарадзенскім “Нёмане”, які браў удзел у вышэйшай лізе Адкрытага чэмпіянату Расеі. На той час гэта была другая па ўзроўню хакейная ліга на постсавецкай прасторы пасля Міжнацыянальнай хакейнай лігі.
“У той час нідзе грошы не плацілі, таму атрымоўваючы па 100-150$, з цяжкасцю ўяўлялася, як усё жыццё жыць за такі мізэрны заробак. Іншымі словамі, карціна малявалася зусім не вясёлкавая.
Мяркую, большасць айчынных спецыялістаў не бачылі мяне як гульца, здатнага дасягнуць пэўных вышыняў. І ў плане станаўлення мяне ўжо як дарослага хакеіста вельмі істотную ролю адыграў Анатоль Міхайлавіч Варывончык. А затым Сідарэнка паклікаў у “Дынама”, за што Андрэю Міхайлавічу вельмі ўдзячны: тады я яшчэ не падыходзіў камандзе, але ён даў мне шанец, паставіўшы ў склад каманды авансам, чым дапамог паверыць у сябе.” (Р.С.)
“На той час мы з прэзідэнтам “Дынама” Ігарам Макаедам вырашылі працаваць на перспектыву, паступова амалоджваючы каманду, – узгадвае Андрэй Сідарэнка. – Самааддача, рашучасць, адважнасць Салея нам імпанавалі, таму вырашылі яго запрасіць у клуб. Тады Руслан быў, што называецца, “сыраватым”, але абяцаў вырасці ў моцнага хакеіста. І вырас. Прычым не проста ў моцнага, а ў вельмі моцнага.”
“Кожны беларускі спецыяліст, у якога я трэніраваўся ў дзяцінстве, малалецтве, юнацтве і пры пераходзе ў дарослы хакей, – Аляксей Сяргеевіч Цурыкаў, Эдварт Ісмаілавіч Малушаў, Анатоль Міхайлавіч Варывончык, Андрэй Міхайлавіч Сідарэнка – унесьлі важкі ўклад у станаўленьне мяне як гульца.” (Р.С.)
8 студзеня 1993 Руслан дэбютаваў за “Дынама” Мінск супраць маскоўскіх аднаклубнікаў у Лужніках.
У тыя бедныя часы клуб здолеў свайму таленавітаму спартоўцу набыць ВАЗ-2109. Салей стаў першым у Беларусі ўласьнікам дзевятай мадэлі “Жыгулей”, але ў шэрагу гульцоў гэта выклікала зайздрасць.
Машыну перад матчам з “Хімікам” (Васкрасенск) наўпрост выкацілі на хакейную пляцоўку. “Зала вылілася апладысментамі – эмоцыі проста зашкальвалі: я апынуўся ў эйфарыі…” (Р.С.)
Тады падзеі разгортваліся бурліва, пагуляў Салей і за “Цівалі” – так кароткі перыяд называлася “Дынама”.
Дэбют у галоўнай камандзе краіны адбыўся ў 1993 годзе з таварыскім матчы з Польшчай. А праз чатыры месяцы на “Прызе “Ізвесція” беларусы згулялі ў нічыю з Канадай. У клубе звязка Хмыль-Салей стабільна адпрацоўвала ў абароне, і старэйшы сябра ўзяў пад апеку Руслана, дзелячыся сакрэтнымі хакейнага майстэрства.
-Балгарскі інцыдэнт-
У 1995 годзе ў сталіцы Балгарыі са зборнай Беларусі адбыўся жудасны інцыдэнт. Зборная нашай краіны выйграла дывізіён “В”, каманда пайшла адзначыць віном перамогу ў бары ля гатэля. На той час было шмат бязладзьдзя і страшнай карупцыі ў Балгарыі ды іншых дзяржавах Усходняй Еўропы. Балгарскія паліцэйскія захацелі разжыцца на хакеістах ды пачалі вымагаць грошы ў беларусаў. І паліцыя гумавымі дручкамі ды нават бейсбольнымі бітамі пачала зьбіваць хлопцаў, білі і трэнера А.Сідарэнка, папала нават журналісту Сяргею Беражкову. Не дапамагло і ўмяшанне трэнераў ды адміністрацыі. Пасля развалу Саюзу грамадзянаў былой імперыі не шкадавалі. Не чапалі балгары толькі тых хакеістаў, якія размаўляді па-ангельску, прыймаючы іх за іншаземцаў. Як толькі Аляксандр Андрыеўскі са сваімі загаманіў па-расейску, яго таксама пачалі зьбіваць “служыцелі закону”. Хлопцаў завезлі ў пастарунак, а з каманды выцягнулі ўсе грошы, якія былі.
“У каманды скралі радасць перамогі, але гэтая сітуацыя больш аб’яднала хлопцаў – “адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго.” Калі ўжо разляталіся ў розныя бакі, у некаторых нават зьявіліся слёзы на вачах.” (Р.С.)
Па дарозe дадому Сяргей Шыткоўскі ў самалёце ледзь не памёр, атрымаўшы страшную траўму. У Мінскай клініцы прайшла цяжкая трохгадзінная аперацыя. Хлопцу было вельмі балюча, прыйшлося даўбіць паламаныя балгарамі карэнныя зубы, каб паставіць шыну.
На гэтым злашчасным чэмпіянаце знайшлі забаронены прэпарат у крыві Руслана Салея. Хакеіст перажываў, што з-за ягоных кропляў ад кашля, якія даў доктар каманды, у выніку забяруць перамогу ў каманды. Але ачкі супернікам не аддалі. Руслана дыскваліфікавалі на 6 месяцаў, але НХЛ не вызнае дыскваліфікацыю IIHF, і Руслан паляцеў за акіян.
Мама хакеіста ўзгадвае: “Аднойчы Руслан сказаў, “мама, тата, хутка вы працаваць не будзеце – я зьеду ў НХЛ і загуляю там. Тады мы не надалі асоблівага значэння словам нашага малодшага сына, аднак ён спраўдзіў сваю мару.”
-Пачатак паўночнаамерыканскай кар’еры-
Руслан за акіянам патрапіў у “Лас-Вегас Тандэр” IHL, першы кантракт быў 40 тыс.$.
“Найбольш нязвыклым у плане хакея былі натуральна памеры пляцоўкі: у Паўночнай Амерыцы яны, як вядома, куды меншыя. Ды і гульцы там буйнейшыя, магутныя. Як след сілавой барацьбы больш. Варта зазявацца на долю секунды, і цябе могуць папросту пад рукі вывесці з пляцоўкі… аддаўшы перадачу ці проста пазбавіўшыся шайбы, ўсё роўна секунду-другую нельга губляць канцэнтрацыю: супернік можа ўляцець у цябе і пасьля таго, як эпізод быў, што называецца, зайграны. Па еўрапейскіх мерках гэта зьяўляецца парушэннем, па паўночнаамерыканскіх – не.
Ужо ў першай жа таварыскай гульні за “Тандэр” капітальна “прыклалі”, шлём паляцеў у адзін бок, клюшка – у другі, пальчаткі – у трэці. Але са льда ўзьняўся сам, не чакаючы доктара, сабраў амуніцыю і паехаў на лаўку, а ўжо на наступнай сваёй зьмене ізноў выйшаў на пляцоўку. Нехта з хакеістаў мог проста сыйсьці ў раздзявалку – гэта быў звычайны перадсезонны спарынг, аднак я застаўся і працягнуў гульню. Лічу, калі, вобразна кажучы, на дзьвух нагах, а не на адной, трэба выходзіць і змагацца да фінальнай сірэны. Як потым сказаў галоўны трэнер “Лас-Вегаса” Крыс Максорлі, менавіта пасля таго эпізоду ён зразумеў, што я змагу гуляць у Паўночнай Амерыцы. І ня толькі ў ІХЛ.” (Р.С.)
У сярэдзіне сезону 1995/96 Салей перайшоў да новага агента – Марка Гандлера.
“Упершыню пабачыў Салея ў справе, калі ён выступаў за “Лас-Вегас”, – распавёў М.Гандлер. – Я шмат чуў пра Руслана, у тым ліку і ад майго кліента Сяргея Жалтока. Як зараз памятую, у той дзень “Тандэр” гуляў у Кліўлендзе. Верыце – не, не чакаючы завяршэння трэцяга стартавага перыяду, я, уражаны гульнёй беларускага абаронца патэлефанаваў майму партнёру: “Тад, Салей – гэта першая дзясятка драфту…”.
Пасля завяршэння матчу падыйшоў да Салея і паўтарыў яму тыя ж словы, якія сказаў гадзіну таму Таду. Так мы пазнаёміліся, у нас завязаліся адносіны, а праз некаторы час я стаў прадстаўляць інтарэсы Руслана. Вы не ўяўляеце, колькі разоў вымервалі рост Салея – па НХЛаўскіх мерках ён невысокі хакеіст, праўда, вельмі магутны.”
“Менавіта ў Лас-Вегасе я атрымаў сваю мянушку Расьці. Першым так мяне назваў Крыс Максорлі.” (Р.С.)
У першыя часы Руслану вельмі дапамог Уладзімір Цыплакоў, які таксама пакараў НХЛ. Ён, ягоная жонка Алена і Сяргей Жалток, які таксама гуляў у “Тандэр”, дапамагалі Салею прызвычаіцца да жыцця ў Штатах.
“Першыя месяцы жыцця ў ЗША даваліся вельмі цяжка. Спачатку тэлефанаваў дадому не проста часта, а вельмі часта. Не ўлічываючы мовы, найбольш складана было прызвычаіцца за акіянам да адзіноты. Дакладней – не да адзіноты як такой, а да іншай дзяржавы, іншай культуры, менталітэту. На адаптацыю патрабаваўся час, гэта цалкам натуральны працэс. А я ў прынцыпе лічу, што для іншаземцаў, мігрантаў ЗША – ідэальная краіна.
Я сустракаўся чатыры гады з дзеўчынай, якую звалі Іра Талкачова, і хоць мы перад ад’ездам у “Тандэр” развіталіся, усё роўна накатвала: пастаянна сніўся дом, бацькі, сябры, дзеўчына…” (Р.С.)
Руслан часта распавядаў, што зьязджаючы з Беларусі ў ЗША, на душы ў яго усё роўна было маркотна…
“Пасля суцэльных дэфіцытаў у Беларусі таго часу ў Лас-Вегасе “разбягаліся вочы” ад усеагульнай празмернасці.”
З другога сезону ў “Анахайм” суседам па нумару быў чэх Павел Трнка. Калі бракавала ангельскай, то ў ход ішла расейская і беларуская мовы…” (Р.С.)
Ангельская мова Руслану давалася цяжка, ды і часу бракавала, трэнірўкі і пераезды, і ён абраў іншую тактыку – максімум камунікацыі з амерыканцамі ды асабліва амерыканкамі, абмежаваў кантакты з расейскамоўнымі. Правіла было ў тым, каб не саромецца, размаўляць, глядзець тэлебачанне, слухаць радыё. Да і сусед Павел Трнка ахвотна дапамагаў беларусу, і неўзабаве прыйшоў вынік.
-Скандал у зборнай-
У 1996 годзе беларускую зборную, якая не змагла на чэмпіянаце ў групе “В” заваяваць пуцёўку ў эліту сусветнага хакея, напаткаў непрыемны скандал. Гульцы зборнай напісалі ліст у Федэрацыю хакея Беларусі з патрабаваннем адстаўкі галоўнага трэнера Андрэя Сідарэнка. Тры чалавекі з каманды не падпісалі зварот: Андрэй Скабелка, Сяргей Ерковіч і Руслан Салей.
“Чыста па-людску я не мог падпісаць гэты ліст. Гэта было б непрыстойна з майго боку. З маральнага пункту гледжання я не мог адвярнуцца ад Сідарэнка, а тым больш “плюнуць” у ягоны бок сваім подпісам – выхаваны інакш.
Але я перакананы, у падобных сітуацыях кожны сам вырашае, як яму дзейнічаць – статкам такія пытанні не вырашаюцца. У кожнага мусіць быць свая ўласная пазіцыя. Калі ты паважаеш сябе, то не павінен ахвяраваць сваімі прынцыпамі.” (Р.С.)
Трэнер Андрэй Сідарэнка наконт гэтага ліста хакеістаў сказаў: “Нават неяк агідліва каментаваць гэты ліст. Галоўная памылка ў тым, што ўзяў гэтых людзей у зборную. І яны замуцілі ваду, замест таго, каб сабраць волю ў кулак і згуляць нейкія сем матчаў. Асабістыя амбіцыі апынуліся вышэй глабальных інтарэсаў зборнай. Па-іншаму як здрадай гэта назваць цяжка…”
-Цяжкі хлеб НХЛ-
“Анахайм Майці Дакс” абраў абаронцу Руслана Салея пад нумарам дзевяць. Патасоўкі ў хакеі – неад’емная частка гульні, свайго роду шоў. Асабліва ў Паўночнай Амерыцы. Руслан Салей быў цьвёрдым абаронцам, боек не шукаў, але і не ўхіляўся ад іх.
Усяго ў НХЛ і АХЛ Салей правёў 18 баёў, у сямі здабыў перамогу, столькі ж прайграў, а яшчэ ў чатырох была зафіксаваная нічыя. Салей першы кантракт з “Анахаймам” падпісаў 15 жніўня 1996 года. Кантракт быў на суму 2 млн. 250 тыс. $ на тры гады. 45% кантракту адразу ішлі на падаткі, якія ў Штатах высокія.
У НХЛ не пайшло ўсё гладка.
“Так што ў сезоне 1996/97 Уілсан даверам мяне не песьціў. У тым ліку і з-за маіх памылак. Паўтаруся, такі сьнежны ком атрымаўся: я раз памыліўся, сталі давяраць менш, зноў памыліўся – даверу, гульнявога часу ўвогуле мізэр. А чым радзей выходзіш на лёд, тым менш шансаў вярнуць упэўненасць ва ўласных сілах. У выніку ўзьнікае замкнёнае кола. Карацей, мяне адправілі ў фарм-клуб.
Зноў жа ў “Анахайме” я не проста рэдка патрапляў у склад, але і мала гуляў, чатыры-пяць хвілін за матч. Гэта, лічу, нішто: вельмі складана чамусці навучыцца, праявіць сябе.
Клуб арэндаваў мне жытло ў раёне акругі Арандж, там селяцца многія халастыя хакеісты – побач з акіянам і месцамі, дзе адбываецца ўся тусоўка. Сямейныя пары аддаюць перавагу спальным раёнам, а тыя, у каго ёсць дзеці, – пераважна Ірвайн Тасьцін, дзе больш зямлі і прасторы для малых. У сакавіку 1998 года я пазнаёміўся з Бэтэн, мы пачалі сустракацца, а потым і жыць разам. І праз нейкі час я зьмяніў Ньюпорт-Біч на Ірвайн.” (Р.С.)
На стыку стагодзьдзяў Салей згубіў каля паўмільёна даляраў, заробленых за акіянам у 1995 годзе. Ён даверыў грошы людзям, нават асабліва не ўнікаючы, куды іх укладаюць. Пра гэта Руслан не казаў ні бацькам, ні Бэтэн. “Пра тое, што ў сына былі фінансавыя праблемы падобнага роду, мы даведаліся з прэсы толькі праз некалькі гадоў пасля таго, як усё адбылося,” – распавяла маці Тамара Гаўрылаўна.
“Свой першы гол у НХЛ, канешне ж, памятую. Я забіў яго 7 лістапада 1997 у выяздным матчы супраць “Калгары”.
У НХЛ усё адпрацоўваецца на трэніроўках да аўтаматызму, ад таго і ў матчы часта ўвогуле кідаеш нягледзячы – мысленна ўяўляеш вобласць, куды накіраваць шайбу, паколькі з гэтай пазіцыі кідаў ужо сотні разоў. Гэта прыблізна тое самае, як чалавек арыентуецца ва ўласнай кватэры з закрытымі вачыма. А сваю першую НХЛаўскую шайбу натуральна збярог – хакеісты тваёй каманды, якія вопытнейшыя, проста забіраюць з варотаў і ўручаюць табе. Такія непісаныя правілы НХЛ.
У НХЛ я стаў нашмат часцей, чым раней, выкарыстоўваць кісцявы кідок. Кісцявы кідок нечаканы і таму больш небяспечны, плюс на ягонае выкананне ідзе менш часу.
У Беларусі – ды і ў Расеі таксама – кісцявы кідок менш, скажам так, папулярны. У нас любяць дзейнічаць не спяшаючыся: атрымаў перадачу, пачакаў, паглядзеў па баках, размахнуўся, кінуў. Хуткасць, у тым ліку ў прыняцці рашэнняў, несувымерная з тым, што ў НХЛ. Насамрэч аб чым тут казаць: у Беларусі зусім іншы хакей, параўнаць яго з НХЛаўскім – усё роўна, што “шасцісоты Мэрс” з “Жыгулі” – “капейкай”.
Са свайго дэбютнага НХЛаўскага сезону зрабіў дзве высновы. Першая: упэўненасць ва ўласных сілах – гэта 75-80% поспеху. Бяз веры ў сябе гуляць у хакей проста немагчыма. Другая: я павінен гуляць так, як умею, не зацыкліваючыся на тым, памылюся ці не.
У першай гульні сезону пры ліку, па-маему, 1:1, Марк Месье закінуў шайбу з-за маёй памылкі. Мне сказалі, каб я пакаваў рэчы і адпраўляўся ў фарм-клуб…
Я зразумеў, калі пачну заганяць і накручваць сябе ўсялякімі думкамі, нічога добрага дакладна не выйдзе. Таму вырашыў, паеду “ўніз”, буду гуляць у свой хакей – з памылкамі ці без іх. У фарме прабыў паўмесяца, пасля чаго мяне вярнулі ў “Анахайм”. І ў першай пасля вяртання гульні я зарабіў другі ў НХЛаўскай кар’еры асістэнцкі бал. Пасьля гэтага трэнеры паверылі ў мяне…” (Р.С.)
—————
-Майк Мадана і Брэт Хал-
Стартавы матч рэгулярнага чэмпіянату – 1999/2000, які адбыўся 2 кастрычніка, прынёс Салею дзесяціматчавую дыскваліфікацыю. У пачатку другога перыяду гульні з “Даласам” беларускі абаронца ад лініі брамніка штурхануў форварда “Старз” Майка Мадана, які, выцяўся галавой аб борт, атрымаў страсенне мозгу, пашкоджанне шэйных пазванкоў, пералом носу і пакінуў лёд на насілках.
Брэт Хал нават заявіў, што такім як Салей ня месца ў НХЛ. Гульцы “Старз” збіраліся адкрыць паляванне на беларуса.
Адразу пасьля інцыдэнту Руслан публічна выбачыўся перад Мадана і пажадаў Майку скарэйшага выздараўлення. У “Даласе” разабралі эпізод па дэталях і прыйшлі да высновы, што траўму Салей нанёс ненаўмысна. У жніўні 2010-га году Мадана і Салей, падпісаўшы гадавыя кантракты з “Дэтройтам”, сталі аднаклубнікамі.
14 верасня 2010, адказваючы на пытанні афіцыйнага сайту “Дэтройту”, Расьці заўважыў: “Няхай тое, аб чым мы размаўлялі з Майкам Мадана ў ходзе трэніроўкі, застанецца паміж намі…”
-Сустрэча з Бэтэн-
Увесну 1998 года ў жыцьцё Руслана раз і назаўжды ўвайшла Бэтэн. Каліфарнійка і красуня стала ягоным каханнем і маці трох дзяцей – дачок Алексіс і Эйвы ды сына – Аляксандра.
Пазнаёміліся Руслан і Бэтэн значнай мерай дзякуючы экс-абаронцу “Анахайма” Паўлу Трнке.
“Мая былая жонка – сяброўка жонкі Руслана, – узгадвае чэшскі хакеіст. – Упершыню ўсе разам мы сустрэліся ў адным спорт-бары “Анахайма”. Было гэта, падаецца, на пачатку 1998 г. Паміж Русланам і Бэтэн адразу, як мне падалося, узнікла ўзаемная сімпатыя. І з той пары яны ішлі па жыцці рука з рукой.”
Салей ніколі не адмаўляўся гуляць за зборную, і толькі перад нараджэннем дачкі Алексіс прапусціў выклік. А ў 2007 годзе прапусціў Чэмпіянат свету, бо чакалі другую дачку.
А вось на Гульні-2010 ў Ванкуверы Руслан паехаў, прапусціўшы тры чвэрці сезону з-за боляў у спіне, пасля няпростай аперацыі.
-Пасля перамогі над шведамі-
Перамога над “Трэ крунур” у E Center у Вэст-Вэллі-Сіці 20 лютага 2002 года адразу ахрысцілі “Цудам на льду – 2”. Па аналогіі з перамогай, здабытай на Алімпіядзе -80 студэнцкай камандай ЗША над, падавалася, непераможнай зборнай СССР.
“Гэта, безумоўна, цуд, аднак цуд таксама трэба заслужыць”.- заўважыў Уладзімір Копаць.
“У “Анахайме” сустрэлі выдатна!
Хлопцы віншавалі, а газеты, радыё і тэлевізія яшчэ, напэўна, тыдзень пасля завяршэння Гульняў пелі цалкам заслужаныя дыфірамбы нашай зборнай. Больш таго, перад пачаткам матчу з “Мінесотай” у гонар алімпійцаў “Майці Дакс” – Пола Карыя, Алега Твярдоўскага і мяне – пад скляпеннямі Arrowhead Pond былі ўзнятыя дзяржаўныя сьцягі Канады, Расеі і Беларусі.” (Р.С.)
-Фінал Кубку Стэнлі-
За гады ў мацнейшай хакейнай лізе свету Руслан Салей стаў адным з лепшых абаронцаў НХЛ, а ягоны клуб прабіўся ў фінал Кубку Стэнлі. Улетку 2003 года Руслан быў вельмі блізкі да таго, каб прывезці ў Беларусь Кубак Стэнлі – ягонаму “Анахайму” ў сяміматчавым процістаянні не хапіла адной перамогі.
У трэцім паядынку серыі гол у авертайме Салея, прызнанага першай зоркай сустрэчы, прынес перамогу “Анахайму”. Але ў апошняй гульні супернікам пашанцавала больш.
-Сябра Руслан Салей-
Калі раптам у Мінску, прама на арэне, памер Сяргей Жалток (як потым стала вядома, спартовец гуляў з дыягназам “арытмія сэрца”, што забаронена), з якім Расьці выступаў у “Лас-Вегасе” і які ў першы сезон за акіянам дапамагаў Салею, Руслан перазваніў літаральна праз хвіліну пасля таго, як ягоны сябра Аляхновіч адправіў яму sms.
Сяргей Аляхновіч узгадваў: “Спачатку ён доўга маўчаў. Я нават палічыў, што праблема з сувязьзю, а потым ён літаральна выдавіў з сябе: “Як такое магло здарыцца?”
Салей паляцеў на пахаванне Жалтока ў Латвію. А калі памерла мама С.Аляхновіча, Расьці нечакана яму патэлефанаваў: “Сярога, прымі мае самыя шчырыя спачуванні. Калі патрэбная якая дапамога, запісвай ці запамінай нумар тэлефону Вадзіма, тэлефануй – братэла дапаможа.”
-У бой за зборную-
У снежні 2009 года Руслан Салей перажыў цяжкую аперацыю. Упершыню пасля гэтага выйшаў на лёд тоькі 23 студзеня 2010 года. Трэнер зборнай Беларусі Міхаіл Захараў заявіў: “Заўчора больш часу размаўляў з Русланам па скайпу. Ён добра выглядае, я папрасіў яго нават устаць і пахадзіць. Салей мне сказаў: “Ты не бойся, я выйду на лёд.” Я яму ў адказ: “Ну, канешне, толькі ўстань на канькі…”. Але Руслан не даў завершыць думку, ён мяне перапыніў: “Я зраблю ўсё, каб дапамагчы камандзе.”
Салей прыехаў у Ванкувер і слова сваё стрымаў.
-Катастрофа-
7 верасня 2011 года журналісту С.Аляхновічу патэлефанаваў з Масквы дырэктар па развіццю Вышэйшай хакейнай лігі Мікалай Карповіч і паведаміў, што самалёт, на якім ляцела каманда “Лакаматыў” (Яраслаўль) разбіўся. Аляхновіч ледзь не ўпаў…
“Я яшчэ доўга не верыў, што Руслан загінуў, нават нягледзечы на тое, што ні ягоны расейскі мабільны, ні беларускі не адказвалі”, – напісаў Сяргей.
Журналіст узгадаў сваю апошнюю сустрэчу з Русланам, яны разам ехалі з Рыгі на машыне. З дазволу Салея закурыў свой традыцыйны “Чэстэрфілд”. На што ён адрэагаваў: “А ты, Серж, усё дыміш, кідаў бы. Смальнуць часам для рэлаксу добрую сігару – зусім іншая справа. Ведаеш, за гады праведзеныя ў Амерыцы, я практычна адвык ад паўсюднага курэння. У Расеі ды Беларусі смаляць на кожным кроку.”
“У той цёплы сонечны дзень мы шмат жартавалі, сьмяяліся, размаўлялі на хакейныя і зусім іншыя тэмы…”
Руслан паабяцаў паглядзець, ці не забыў ён у Каліфорніі гульнявы швэтар Паўла Дацюка, які нападаючы беларускай футбольнай зборнай Сяргей Карніленка прасіў праз мяне ў Салея. А я гарантаваў Расьці зенітаўскую майку нашага форварда: “Я і так бы аддаў Карніленка джэрсі пашы Дацюка, але разумееш, хакейныя шветэры гульцоў і майкі футбалістаў з іхнымі аўтографамі перыядычна выстаўляць на аўкцыёны, а заробленыя грошы перадаюць у дзіцячыя дамы, дамы састарэлых, спартыўныя школы, на лекаванне дзяцей…” (С.А.)
8 верасня на “Мінск-Арэне” адбыўся вечар-рэквіем – ніхто з заўзятараў набыўшых квіток на гульню “Дынама” і “Лакаматыву”, не здаў яго назад. Усе грошы былі перададзеныя яраслаўскаму клубу. Руслан Салей, з якім прыйшлі развітацца на Лядовую пляцоўку сталічнага парку Горкага дзясяткі тысяч людзей, быў пахаваны 10 верасня на ганаровай алеі Усходніх могілак Мінску.
Трагедыя ў аэрапорце “Туношна” скалынула ўвесь хакейны свет і спартыўны свет планеты.
“Нягледзячы на тое, што гэта здарылася ў тысячах міляў ад нас, трагедыя пад Яраслаўлем – катастрафічная страта для ўсяго хакейнага свету, уключаючы сям’ю НХЛ. Сыйшлі з жыцця бацькі, дзеці, партнеры і сябры, якія ў свой час бліскалі ў нашай лізе. Мы прыносім глыбокія спачуваньні сем’ям і блізкім загінуўшых,”- сказаў камісар лігі Гары Бэттмэн.
У тыя траўрныя дні афіцыйны сайт “Анахайму” сустракаў наведвальнікаў застаўкай чорнага колеру з выявай Руслана Салея, а з 14 кастрычніка па 17 лістапада гульцы Каліфарнійскага клубу выходзілі на матчы рэгулярнага чэмпіянату з №24 на грудзі справа.
“Руслан быў маім добрым сябрам, і мы часта разам гулялі ў карты, нярэдка сумесна абедалі. Мне настолькі цяжка чуць пра гэта, што я дагэтуль не магу ў гэта паверыць. Калі я пачуў, што каманда патрапіла ў авіякатасрофу, я спадзяваўся, што ён толькі паранены альбо яго ўвогуле не было ў самалёце. Ён быў файным хлопцам, сапраўдным мужчынам, аддаваўшым для каманды ўсё. Такі, ведаеце, хлопец, які заўжды патрэбны ў раздзявалцы – сапраўдная душа каманды.”- сказаў Цеему Селяне, аднаклубнік Салея па “Анахайму” ды зорка НХЛ.
“Ён быў цудоўным хлопцам, і нам заўжды было весела разам, – казаў у тыя дні ў інтэрв’ю афіцыйнаму сайту “Анахайма” Франсуа Бошэмэн, таксама аднаклубнік Салея – Памятую, ляцім на самалёце пасля матчу, прайгралі, настрой ня вельмі, але Руслан дастае карты, парачка жартаў, і на душы ўжо было весялей. Я заўжды звяртаў увагу, што Руслана вельмі любілі дзеці. Адзін раз ён жартам паскардзіўся, што дзеці ў навакольлі ягонага дому заўжды грукаюць у дзверы, крычаць: “Эй, Салей, і просяць, каб ён пагуляў з імі ў хакей. Гэты вобраз: жорсткі 220-ці фунтавы НХЛаўскі абаронца ганяе шайбу на вуліцы з дзесяцігадовымі дзецмі – заўжды выклікаў у мяне добрую ўсьмешку…”
Галкіпер “Рэд Уінгз” Джымі Ховард нанес на сваю маску брамніка партрэты Брэда Макрымана, Руслана Салея і Стэфана Ліва. На масцы таксама напісана: “Forever on our hearts” – “Назаўсёды ў нашых сэрцах!”
“Карліс і Руслан былі яскравымі асобамі і выдатнымі партнерамі. Нам будзе іх вельмі не хапаць,” – сказаў легендарны форвард і капітан “Каларада”, а цяпер раднік генеральнага менеджэра “Эвеланш” Джо Сакік.
Майк Бэбкок (адзін з лепшых канадскіх трэнераў, уладальнік Кубка Стэнлі, чэмпіён Алімпійскіх гуляў і свету): “Першае, што запомнілася пры знаёмстве з Расьці ў часе маёй працы ў “Анахайме,” – гэта ягоная ангельская мова. Руслан размаўляў з акцэнтам, падобным на той, што быў у Арнольда Шварцэнэггера. Расьці заўжды строга казаў: “How’re your doing?” Прычым з такім моцным акцэнтам, як у знакамітага актора. Ён зьяўляўся чалавекам, хакеістам, якому штодзённа быў патрэбны драйв, прыўзьняты настрой. Калі, прыйшоўшы на трэніроўку, ён бачыў, што нехта з партнераў выглядае не адпачыўшым, то зьвяртаўся да яго са словамі: “Sleep that night, sleep that night…” Ён валодаў добрым пачуццём гумару, многа і дасціпна жартаваў, аднак пры гэтым заставаўся дабразычлівым…”
Андрэй Мезін (паўфіналіст Алімпіяды 2002 года, пераможца Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў 2008 года, лепшы галкіпер чэмпіянату свету 2009 года, шматразова прызнаваўся лепшым хакеістам Беларусі.): “Мы з Русланам былі добрымі сябрамі, хоць і не скажу, што часта сустракаліся, пераважна ў Мінску, калі ён прылятаў з ЗША на адпачынак, альбо ў зборнай.
Я адчуваў і адчуваю да Руслана вялікую пашану як да спартоўца і чалавека. Мяркую, Салей лепшы гулец ў гісторыі беларускага хакея, уключна з савецкай эпохай. Ганаруся тым, што мы з ім абаранялі колеры адной зборнай і былі сябрамі…”.
-Каханая і мама-
Бэтэн Салей: “Я ўсвядоміла, што па-сапраўднаму кахаю яго, калі пасля завяршэння сезону ён збіраўся ў Беларусь. Руслан падараваў мне маленькі званочак і прамовіў: “Калі ён зазвоніць, ведай, гэта я думаю пра цябе.” Ужо тады, усяго праз некалькі месяцаў пасьля нашай першай сустрэчы, зразумела: ён – асаблівы… Ён быў гатовы на ўсё дзеля людзей, якіх любіў. Ён абажаў прыгатаваную мной рыбу і маё фірмовае бульбяное пюрэ. На святы я заўжды запякала качку для яго, Руслану ж падабалася яе раздзелваць. Я любіла гатаваць для яго.
Ён папрасіў маёй рукі ў 2003 годзе, напярэдадні Ражства, мы распакоўвалі падарункі, і Руслан паднёс прыгожы заручальны пярсцёнак з жоўтым брыльянтам і гравіроўкай “заўжды разам”, зрабіў мне прапанову.
Руслан быў дзіўным мужчынам, мужам, бацькам, сынам, братам і сябрам, маё сэрца разрываецца на часткі, бо я ведаю, што другога такога Руслана проста няма.
Раўнавала яго да зборнай Беларусі, бо хацела, каб пасля завяршэння чарговага сезону ён увесь час праводзіў са мной.
Руслан мне часта сніцца, але гэтыя сны пастаянна сканчваюцца сумна, я заўжды напрыканцы плачу. Аднойчы прысніўся сон, быццам я яго наведваю ў раю – ён сядзеў побач з Богам і ўсьміхаўся мне і нашым дзецям.
На 40-ы дзень пасля сьмерці Руслана мы з дзецьмі прынялі абрад хрышчэння ў Праваслаўнай царкве. Мне хацелася стаць бліжэй да яго. Руслан быў сэнсам майго жыцьця. І што б мяне не чакала ў будучым, маё сэрца назаўсёды належыць толькі яму…”
Мама Руслана Салея Тамара Гаўрылаўна так і не прыняла смерць сына:
“Пасля трагедыіі мінула шмат часу, але не магу і не хачу казаць і думаць пра сына ў мінулым часе: Руслан для мяне па-ранейшаму жывы, ён проста знаходзіцца недзе далёка, але абавязкова прыедзе пагасціць, як рабіў гэта кожнае лета. Гэтаксама чакаю ягонага званка са звычайным пытаннем: “Вітаю, ма! Як справы?”. І як жа даўно не чула ягонага голасу.
Хакей – гэта гульня мужных і адважных, выносьлівых і нязломных мужчынаў. І мой сын быў менавіта такім. Эрнэст Хеменгуэй неяк сказаў: “Спорт вучыць чэсна выйграваць, спорт вучыць годна прайграваць. Такім чынам спорт вучыць усяму – вучыць жыць!”
-Жыць! Любіць! Змагацца!-
Неяк у Руслана запыталіся, дзе ён збіраецца жыць пасля завяршэння спартыўнай кар’еры – у Беларусі ці ў ЗША:
“Хочацца максімальна працягнуць уласнае жыццё ў заакіянскім хакеі. Спадзяюся яшчэ доўга гуляць ў НХЛ. Таму зараз адказаць на пытанне, дзе я буду жыць потым, скрайне складана. Перамены ў нашым жыцці адбываюцца вельмі хутка, часам да іх бываеш проста не гатовы. Адзінае, назаўжды з Беларусі я б не зьехаў…”
За заробленыя ў НХЛ грошы Салей пабудаваў цудоўны дом у Мінску для сваёй сям’і, у якім не паспеў аніводнага разу пераначаваць…
Самыя моцныя словы хіба сказаў былы трэнер зборнай Беларусі Глен Хэнлан у сваім звароце да беларускіх заўзятараў: “Гэтая трагедыя глыбока кранула мяне і маю сям’ю. Мы падзяляем ваш смутак, боль і пакуты. Мы молімся за сям’ю і сяброў Руслана. Я хацеў бы, каб яго памяталі як сапраўднага байца, прыклад для пераймання і амбасадара каштоўнасцяў Беларусі.
Мы часта кажам пра тое, якія беларусы цудоўныя людзі. Колькі ўсяго яны вытрымалі і зрабілі, каб заняць тое месца, якое займаюць зараз. Руслан быў лепшым узорам гэтага духу. Я жыў у Беларусі і ведаю, што Руслан быў для краіны больш чым хакеістам. Ён сымбалізуе надзею на тое, што можна дамагчыся высачайшых мэтаў, нягледзячы на тое, што Беларусь – малая краіна. Мне хацелася б зараз падтрымаць усіх гульцоў нацыянальнай зборнай. Я заклікаю вас змагацца як ніколі – у памяць пра Расьці!
Я вельмі шкадую аб сьмерці Сяргея Астапчука (маладога беларускага хакеіста, які таксама загінуў у гэтай катастрофе) – мы ніколі не пабачым будучую зорку. Мае шчырыя спачуванні ягоным родным і блізкім. Напрыканцы мне хацелася б яд усяго сэрца звярнуцца да выдатных беларускіх людзей. Давайце сёння аб’яднаем намаганні і дапаможам родным і блізкім загінуўшых перажыць пакуты, і зберажэм памяць пра гэтых цудоўных людзей у нашых сэрцах”.
Адзін з супрацоўнікаў нашага фонду прысутнічаў на матчы плэй-оф 2014 паміж Далас Старз і Анахайм Дакс у Honda Center у Анахайме. Калі іншыя гледачы і заўзятары «Дакс» ў размовах з ім даведваліся, што ён з Беларусі, адразу ўспаміналі Салея. І ўспаміны засталіся толькі пазітыўныя. Руслана любілі за яго працоўную этыку і чалавечнасць. А памяць пра яго і ўклад у хакей і грамадства будзe жыць вечна.
Руслан Салей пражыў усяго поўных 36 гадоў, з якіх яшчэ трэніроўкі, пералёты, гульні, але гэта было ягонае жыццё, хакей… За гэты час ён паспеў заваяваць да сябе павагу і захапленне мільёнаў заўзятараў ва ўсім сьвеце!
Хэнлан усё вельмі правільна сказаў, акром таго, што Беларусь – “малая” краіна. Гэта не так: Беларусь – сярэднееўрапейская дзяржава вялікага народу і вялікіх людзей!
Расьці паказаў узор як звычайны беларускі хлопец з мінскага двару можа сваім талентам, дысцыплінай і любоўю да спорту дасягнуць любых вышынь!
Сёння беларускія хлапчукі ідуць на хакейныя трэніроўкі, маючы такі прыклад “магутнага і нескаронага Руслана Салея”, сапраўднага байца. І няма сумневу, што нехта з гэтых хлопцаў прывязе ў Беларусь Кубак Стэнлі ды здабудзе медалі ў форме зборнай нашай краіны!
Аўтары: Васіль Додзік, Ігнат Скарчэня
Афармленне: Валянцін Гольдштэйн, Олена Дія
Рэдакцыя: Аляксандр Апейкін, Валянцін Гольдштэйн