Прычыны крызісу ў белфутболе

"/>
Alexander Apeykin
10.09.2024

Сябры, сёння замахнуўся на самае святое і патаемнае – беларускі футбол. У гэтай занатоўцы дзялюся сваім меркаваннем датычна апошніх падзей вакол нацыянальнай зборнай і клубаў.

Перамога над Люксембургам – цяжкі крок наперад…

Не будзем цешыць сябе маной пра тое, што вось раней зборная Беларусі па футболу магла ледзь не адной левай перамагаць Люксембург. На сёння Беларусь ажно на 99-ым месцы ў рэйтыгну FIFA, а Люксембург на 85-ым.

Зборная Беларусі. Фота з адкрытых крыніц.
Зборная Беларусі. Фота з адкрытых крыніц.

Ды і раней было рознае, а перамогі над такімі камандамі заўжды даваліся беларусам цяжка. У сваёй суверэннай гісторыі беларускі футбол на ўзроўні нацыянальнай каманды яшчэ не дасягнуў сур’ёзных вяршыняў. Была бронза маладзёвай зборнай U-21 у 2011 годзе ды выхад на Алімпіяду, поспехі БАТЭ, калі клубам кіраваў Анатоль Капскі. На жаль не так шмат перамог… Нацыянальная зборная яшчэ ні разу на вялікія спаборніцтвы не прабівалася. І гэта ўсё ж несправядліва, у Беларусі ёсць свой чэмпіянат, вялікая Першая ліга, больш за 380 тысяч чалавек займаюцца футболам (па афіцыйных дадзеных), жывуць футбольныя традыцыі яшчэ ад легендарнага “Дынама” Мінск савецкай пары. Такія краіны як Эстонія, Латвія ці Ісландыя выходзілі на топ-турніры, і паказвалі прыстойны футбол.

БАТЭ-Барселона. Фота uefa.com. БАТЭ-Барселона. Фота uefa.com.

У чым прычына, чаму краіна, дзе насельніцтва складае 300 тыс.чалавек, перамагае, а Беларусь, маючы больш 9 млн., не можа? 

Некаторыя спецыялісты часта паўтараюць мульку пра спецыфіку беларускага нацыянальнага характару, які нібыта перашкаджае перамогам, “беларусы надта добрыя і мяккія..” Гэта чуў шмат разоў. Падобныя думкі выказваў былы рулявы зборнай Бернд Штанге, што не перашкодзіла камандзе пры ягоным кіраўніцтве абыграць Францыю ды шэраг іншых дабротных каманд. На мінулым тыдні ў гэтым сэнсе выказаўся футбаліст мінскага “Дынама” ды зборнай Беларусі Іван Бахар, які ўмудрыўся нядаўна не забіць у матчах свайго клубу з “Андэрлехтам”, маючы два цалкам галевых моманты, “заўжды трэба верыць у сябе. На жаль, у нас праблемы з менталітэтам. Заўзятары не вераць, СМІ чапляюцца толькі за негатыў. Гэта бачна. Увесь час выходзім нейкія заціснутыя. Таму спадзяюся, што будзем гуляць з верай у свае сілы і пакажам добры вынік.”

Іван Бахар. Фота ФК Дынама-Мінск

Іван Бахар. Фота ФК Дынама-Мінск

Мікраклімат у камандзе і псіхалогію фармуюць трэнеры, і калі беларускія гульцы патрапляць у рукі добрых коўчаў, усё ідзе выдатна, і характар працуе і перамогі прыходзяць.

Але псіхалогія псіхалогіяй, а менеджмент ніхто не адмяняў. Чыноўнікі, якія прыймаюць дурныя рашэнні ды не выконваюць прафесійна свае функцыі, любяць запускаць тэму пра “залішнюю талерантнасць”, “слабых гульцоў”, “не тое пакаленне…”

Карані праблемы ў іншым – у клубным футболе, у маладзёвых і дзіцячых камандах, у адсутнасці добрых трэнераў. А Федэрацыя кідаецца са скрайнасці ў скрайнасць, то беларускі чэмпіянат стаў адным з самых легіянерскіх, то ўвялі планку заробкаў, і вытурылі амаль усіх моцных замежнікаў з чэмпіянату. Памятаем трагічныя падзеі 20-га году, і да таго рэпрэсіі да лідэраў зборнай – Станіслава Драгуна, Максіма Бардачова, Данілы Нечаева, Дзяніса Шчарбіцкага. Што канешне было ідыёцтвам. З-за палітынчных поглядаў адмовіўся гуляць за зборную Ільля Шкурын, наймацнейшы беларускі футбаліст на сёння…

Ілья Шкурын забівае гол у чэмпіянаце Польшчы. Фота- ФК Сталь Міелец.

Ілья Шкурын забівае гол у чэмпіянаце Польшчы. Фота ФК Сталь Міелец.

У 2009 годзе Беларусь наведаў славуты экс-футбаліст зборнай Францыі Мішэль Плаціні, паездзіў па некаторых стадыенах нашай дзяржавы. Паглядзеў уладкаваную футбольную пляцоўку, якую адкрылі ў раёне Мінску “Зялёны Луг”, і сказаў, “такія пляцоўкі мусяць быць па ўсяму гораду…” І нашыя чыноўнікі адкрылі рты.

Канешне, адзін стадыен аддалі МЧС, другі – пад жытловую забудову, трэці – пад бізнэс–цэнтр. Насамрэч наладзіць магчымасць аматарскім, дзіцячым, юнацкім камандам гуляць, не з’яўляецца вялікай праблемай. Дабротная пляцоўка, адзін адказны чалавек, які дае хлопцам на пару гадзінаў мяч, лёгкія накідкі рознага колеру для каманд, і ўсё. Упарадкаваць тыя ж школьныя стадыены, якія пастаянна пустуюць, вельмі проста. Крыху ініцыятывы ды гнуткасці, так робяць паўсюль у Еўропе, нічога новага.

Людзі, якія маюць дачыненне да футбола ў Беларусі... фота АБФФ

Людзі, якія маюць дачыненне да футбола ў Беларусі… фота АБФФ

У беларускім футболе мы бачым сур’ёзны крызіс найперш на клубным узроўні.

Гэты сезон у Еўракубках назваць інакш, чым правальным, цяжка. Нашыя каманды пацярпелі буйныя паразы ад другаразрадных клубаў з Малдовы, Балгарыі, а “Іслач” здолела саступіць нават напаўаматарскай “Ла Фіярыце” з Сан-Марына (!). Якія б не былі праблемы з фінансаваннем, як бы не былі складанымі матчы ва ўмовах спартыўных санкцый – прайграваць паштальёнам і касірам непрыймальна…

Але вернемся да зборнай. Скажу шчыра, не прыймаю падыход істэрычак і панікёраў, якіх у нашым спартыўным свеце хапае. Дарэчы, быў здзіўлены такім бязвер’ем шэрагу вядучых спецыялістаў і гульцоў напярэдадні старту нашай нацыянальнай каманды ў Лізе Нацыяў. Хто глядзеў трансляцыю на канале СТВ, то падавалася, каментатары гатовыя былі пахаваць каманду яшчэ да пачатку гульні. Не быў арыгінальны і экс-гулец зборнай Аляксандр Глеб, які перад матчам з Люксембургам сказаў, што “гульня нашай зборнай нагадвае Андорру, калі мы гулялі з імі 10 – 20 гадоў назад”. Аднак, насуперак усім скептыкам, беларускія футбалісты паказалі характар.

Браты Глеб касплэюць бандытаў на моднай вечарынцы. Фота з Інстаграм.

Браты Глебы касплэюць бандытаў на моднай вечарынцы. Фота з Інстаграм.

Трэба сказаць, што галоўнаму трэнеру нацыянальнай зборнай па футболе Карласу Аласу Ферэру касманда дасталася ў досыць сумным становішчы. Апошнія гады за камандай цягнуўся шлейф няўдач, а сярэдні век гульцоў быў адным з самых сталых у Еўропе. То бок ад гішпанца чакаюць ня толькі вынікаў, але і амалажэння каманды. Ісці на такія меры заўжды цяжка. Калі яшчэ маеш такі падбор выканаўцаў як трэнер Гішпаніі, альбо Германіі, гэта лягчэй, аднак у беларускім варыянце куды праблемней.

Тым не менш Карлас Алас узяўся за справу з натхненнем, і першыя ж матчы зборнай паказалі прафесіяналізм гішпанскага коўча. Перамога над Косава, прыгожая нічыя са Швейцарыяй. Заўзятары чакалі хуткіх перамог, але жыццё больш складаная рэч, і новы трэнерскі штаб толькі пачаў сваю працу. У новым сезоне зборная правяла таварыскія матчы з Расеяй ды Ізраілем, і пацярпела вялікія паразы, прапусціўшы ў сухую па чатыры мячы ад кожнага суперніка. Па праўдзе не быў здзіўлены такім вынікам, пабачыўшы склад каманды ў тых матчах. Коўч, закатаўшы рукавы, у прамым і пераносным сэнсе, пачаў масава праглядаць моладзь з чэмпіянату Беларусі. Цяпер у камандзе ўсяго палова тых хлопцаў, якія былі ў таварыскіх матчах. Многія беларускія легіянеры тады не прыехалі, таму ўсё лагічна, аднак было і другое… некалькі маладых зорак гішпанец узяў у нататнік…

Карлас Алас Ферэр ды зборная. Фота АБФФ

Карлас Алас Ферэр ды зборная. Фота АБФФ

Мясцовае спартыўнае кіраўніцтва, як і многія “вельмі разумныя” журналісты, пачалі ўшчэнт крытыкаваць працу гішпанскага спецыяліста. На што старыя гульцы адказвалі, “пабачым афіцыйныя матчы…” Мяркую, і сам трэнер, атрымаўшы мора папрокаў ды паглядзеўшы правалы беларускіх клубаў, трохі быў збіты з панталыку. Было апасенне, што ўвесь гэты лямант зламае Карласа Аласа. І ў першым матчы нацыянальнай зборнай у Лізе Нацыяў з камандай Балгарыі як раз гэтыя наступствы і былі бачныя. Не бывае так, каб усё было кепска, і адразу ўсё выдатна. Гішпанец таксама пайшоў асцярожным шляхам, сканцэнтраваўшы гульню каманды на абароне з рэдкімі контратакамі.

Беларусь - Балгарыя 0-0. Фота UEFA.

Беларусь – Балгарыя 0-0. Фота UEFA.

Нічыю з балгарамі прынёс адзін з тых самых маладых талентаў, на якія звярнуў увагу новы трэнер – брамнік Фёдар Лапаўхаў, якому ўсяго 21 год. Беларускія газеты пасля гульні выйшлі з загалоўкамі кшталту, “Дзякуй, Федзя!”. Больш 10-ці фантастычных сэйваў брамніка не далі суперніку забіць. Але з’явіліся і новыя маладыя хлопцы. Першы раз у гісторыі нацыянальнай зборнай быў прыцягнуты 17-ці гадовы гулец у склад першай каманды Беларусі, нападаючы Трафім Мельнічэнка! Таксама пачаў выходзіць 20-ці гадовы Максім Кірэеў, які выступае за бельгійскі “Льерс”. А ў матчы з Люксембургам ўжо выдатна сябе зарэкамендаваў Герман Баркоўскі, якому 22 гады.

Фёдар Лапаўхаў, варатар зборнай Беларусі. Фота з адкрытых крыніц.

Фёдар Лапаўхаў, брамнік зборнай Беларусі. Фота з адкрытых крыніц.

Тым не менш, матч з камандай Балгарыі выдаўся надзвычай складаны, ціск над кіраўніцтвам зборнай ды футбалістамі быў вялізны, проста адчувалася напруга. Гэтае ачко далося цяжка.

На матч са старымі знаёмымі з Люксембургу беларускія футбалісты выйшлі вельмі сабраныя і гатовыя да бою.

Трэнер каманды Герцагства Люксембург Люк Шольц, які знешне вельмі падобны на якога беларускага мужыка са Старых Дарог, заявіў, што ягоная каманда шукае камбінацыйны футбол. І тут Карлас Алас правёў вельмі ўдалы матч. У першым тайме беларусы ізноў гулялі ад абароны, аднак выкарыстоўвалі плотны прэсінг гульцоў суперніка на розных участках поля, выматвалі. Перыядычна праходзілі контратакі, а досыць ўзрастовая каманда “чырвоных львоў” пачала функцыянальна здаваць. І тут гішпанец дадаў “паліва” ў гульню зборнай, выпусціўшы маладога Максіма Кірэева, Валерыя Грамыка, Андрэя Кавалёва, а пад канец матча-фактурнага Германа Баркоўскага, і хлопцы апошнія 20 хвілінаў наўпрост цярзалі Люксембург. А гол наспяваў ужо з сярэдзіны другога тайму, і канешне В.Грамыка падараваў заўзятарам пераможны гол.

Зборная Беларусі перамагае ў матчы з Люксембургам. Фота АБФФ

Зборная Беларусі перамагае ў матчы з Люксембургам. Фота АБФФ

Пасля матчу, аўтар пераможнага голу, Валерый Грамыка сказаў, “…папрасіў у Кірыла Печэніна пас, ён выканаў дыяганаль. Юра Кавалёў забягаў справа. Падумаў, лепш не буду яму атдаваць, а выканаю сам…”. Гучала вельмі па-беларуску 🙂

____________________
Галоўнае фота – Прэсбол.