МІНСКI СКА: ЛІДЭР СУСВЕТНАГА ГАНДБОЛУ Ч.3

Васіль Додзік
27.05.2025

У трэцяй частцы лонгрыда мы дзелімся інтэрв’ю і думкамі 10 легенд мінскага СКА.

Дзве папярэднія часткі даступныя тут:

  1. МІНСКI СКА: ЛІДЭР СУСВЕТНАГА ГАНДБОЛУ – BSSF
  2. МІНСКI СКА: ЛІДЭР СУСВЕТНАГА ГАНДБОЛУ Ч.2

1.      Спартак Мірановіч – “вялікі і непаўторны”

Спартак Мірановіч – гэта і ёсць беларускі гандбол. Спартак Пятровіч прымусіў беларускіх заўзятараў захапляцца гандболам.

Спартак Пятровіч Мірановіч нарадзіўся ў Магнітагорску 20 чэрвеня 1938 года. Пазней пераехаў у Данецк, дзе ў мясцовым тэхнікуме пачаў займацца гандболам. Выступаў у чэмпіянаце Ўкраінскай ССР, а потым пераехаў у Мінск, дзе гуляў за “Буравесьнік” ды “Палітэхнік” у чэмпіянаце СССР.  Потым сам узначаліў СКА пасля пераходу каманды на рэйкі Міністэрства абароны.

Ішлі гады і мяняўся сам Мірановіч, мяняліся ягоныя падыходы да гандболу. Спартак Мірановіч – мэтр сусветнага ўзроўню, фігура недатыкальнага аўтарытэту, спецыялістаў такога ўзроўню адзінкі. Мірановіч стаў на трэнерскі шлях у 28 гадоў. Пачынаў з самых азоў, працаваў са зборнай школьнікаў БССР, сабраў з хлопцаў баявую дружыну, якую хутка пачалі паважаць: у 1966-ым хлопцы ўзялі срэбра СССР у сваім узросце, а праз год сталі чэмпіёнамі. Далей – Рэспубліканская школа вышэйшага спартыўнага майстэрства, а ў 1970-ым малады і перспектыўны настаўнік пайшоў на павышэнне ў юніёрскую зборную СССР. Талент, неардынарнасць, інтуіцыя, неверагодны набор тэарэтычных ведаў і здатнасць іх рэалізоўваць на практыцы, знаходлівасць, гнуткі розум яскрава выдзялялі Мірановіча сярод іншых, і нават іншыя трэнеры вызнавалі выключнасць трэнера Мірановіча. Юніёры пад  кіраўніцтвам Мірановіча чатыры разы станавіліся лепшымі ў свеце.

У 1976-ым Мірановіч прыняў пасаду ў мінскім СКА, каб ужо праз чатыры гады вывесці мінчукоў у лідэры мацнейшай на той момант гандбольнай лігі сьвету – чэмпіянату СССР.

У 1980-ым СКА пачаў свой рух наверх. Каманда набірала абароты і набліжалася да пастаменту. У 1981-ым першы трыўмф. Пачатак славутага калектыву. У той год СКА стрэліў дуплетам – стаў уладальнікам Кубку краіны і чэмпіёнам, што да яго не даводзілася здзейсніць нікому. Потым два сезоны золата заставалася ў Маскве. Але з 1984 года тройчы запар золата было ў беларусаў! Кожны раз было найцяжэйшае суперніцтва з армейцамі Масквы. Але гандбольная сталіца замацавалася ў Мінску, яе туды перавёз Мірановіч разам з цудоўным ансамблем сваіх віртуозаў.

І Аляксандр Каршакевіч, і Юрый Шайцоў, і другія надалей вялікія майстры ручнога мяча кідаліся ў бой, калі ім было яшчэ па 18-19 гадоў. Яны патраплялі ў самыя жорсткія калатнечы, якія цяперашняму пакаленню і не сніліся. СКА быў адчайна бясстрашнай камандай, на гэтым сыходзяцца бадай усе спецыялісты. Акром клуба касцяк СКА са сваім настаўнікам два разы запар выйграваў тытул алімпійскіх чэмпіёнаў у Сеўле-1988 ды ў Барселоне-1992.

Пасля развалу Саюзу беларускае чынавенства цяжка ўваходзіла ў новыя рэаліі, бракавала патрыятызму, дзяржаўніцкага падыходу да спорту і да таго ж гандболу. Неабходныя рэформы ў спартыўнай галіне не былі праведзеныя, гандбол занепадаў. Спартак Мірановіч намагаўся ўтрымаць каманду на плаву, а зборную суверэннай Беларусі падцягнуць да сусветных грандаў, але гэта былі ўжо зусім іншыя часы…

Мірановіч зноў вярнуўся, калі кіраваць гэтым відам спорту стаў Уладзімір Канаплёў, у беларускага гандболу адбыўся рэнесанс. Пад паважнай мянушкай “дзед” Спартак Мірановіч ізноў стаў займацца армейскай моладзьдзю ды актыўна перадаваў трэнерскі досвед новаму пакаленню настаўнікаў. У 2012/13 годзе СКА ізноў парадаваў заўзятараў, заваяваўшы Кубак Выкліку – першы і адзіны пакуль еўрапейскі трафей, выйграны беларускімі клубамі ў незалежнай гісторыі. Гады бралі сваё, але Мірановіч працягваў кіраваць клубам. А потым адыйшоў на задні план, але заўжды заставаўся і застаецца побач з родным СКА. Яго і цяпер часта бачаць побач з трэнерамі ды гульцамі каманды.

-Спартак Пятровіч, Вам ужо звыкла сустракаць юбілеі. Што ў гэтыя дні звычайна торыцца ў душы, і які з іх самы памятны?

-Пра дзяцінства не кажу – тады былі цяжкія часы, хоць кожны дзень народзінаў быў такім, адчаго настрой уздымаўся. А вось калі ты ўжо размяняў восьмы дзясятак, то неяк сумна становіцца на душы. І кожны “дададзены” новы год нібыта не ў радасць.

Я нарадзіўся ў Магнітагорску, што ў Чэлябінскай вобласці – тады яшчэ маленькім гарадку на Урале. У шасцігадовым ўзросце сям’я пераехала ў Данецк. Пасляваенныя часы не перашкаджалі нам займацца спортам. Праўда, у перыяд майго дзяцінства гандбол, напэўна, быў спортам нумар адзін ва Ўкраіне. Пасля восьмага класу я паступіў у Данецкі тэхнікум фізкультуры. Там сфармавалася вялікая кампанія з розных відаў спорту. Пасля заканчэння тэхнікуму пераехаў у Мінск і паступіў у Інстытут фізічнай культуры. Калі  шчыра, то не думаў прысвяціць сябе гандболу. Але аднойчы пабачыў, як на стадыёне ВНУ трэніруюцца гандбалісты, і мяне нешта туды павяло. Паступова я пачаў прыходзіць да іх на трэніроўкі. Пазней яны ўзялі мяне ў “Палітэх”.

Калі Мірановічу споўнілася 80 гадоў, “Прэсбол” браў інтэрв’ю ў мэтра прама на трэнерскім мосціку. Будзе да месца прывесьці  ўрыўкі:

“Каршакевіч смяецца, а Мірановіч канчаткова вяртаецца да трэнерскага працэсу. Канешне, усё мусіць быць не так. Прысесці трэба было б Спартаку Пятровічу, якому праз пяць дзён спраўдзіць 80 гадоў. А Аляксандру Ўладзіміравічу – яму да 60-ці годзьдзя яшчэ год – варта быць на пляцоўцы. Але…”У мяне ахіл…” – ківае Саша на сваю туфлю пад сталом. І лезе ў смартфон – каб паказаць, якую ганаровую паштоўку выпусцілі ў гонар юбілея Пятровіча… Агулам гэта крута. Нават калі Мірановіч адмовіцца ад юбілейнага інтэрв’ю – проста пасядзець вось так з імі на трэніроўцы. Паглядзець і паслухаць людзей са свайго дзяцінства. Яно хоць і было савецкім, але дало ўсім беларусам пачуццё, якое, баюся, наўрадці мы зможам адчуць ізноў. Калі мінскі СКА змятаў у пыль лепшыя клубы свету – часта з ашаламляльнай розніцай у ліку, і ўсім нам гэта падавлася цалкам звычайным.

Быў час… І як жа хутка прабег. Падаецца, Каршаеквіч мяркуе пра тое ж, адклаўшы тэлефон і ня вельмі ўважліва назіраючы за атакамі маладых армейцаў у дзьвухбакоўцы. Але вось Мірановіч нарэшце аддае стырно кіравання памочніку  і падыходзіць:… “Сярога, ну што нам пра гандбол казаць? Ты ж бачыш, людзі мяч у вароты закінуць не могуць! Лепш распавядзі, якія ў вас там планы з камандай прыгажунь? У канферэнц-зале сядзем?”

І, канешне, не пабачыў усмешку Каршакевіча за спіной. Маўляў у гэтай мізансцэне ўвесь Дзед. Хоць, з іншага боку, якім яшчэ можа быць трэнер лепшай беларускай каманды ХХ стагодзьдзя?

-…дайце жыцейскую параду. Напрыклад, мне…

-Жыві годна. Рабі, што падабаецца. Не марнуй час на тое, што трэба здзяйсняць праз сілу. Ну і не адкладвай на заўтра тое, што можна зрабіць сёння. Нам заўжды падаецца, што гэта мы яшчэ паспеем. Часу шмат, а ён сыплецца як пясок скрозь пальцы. Азірнуўся – а ўсё, нічога не вярнуць і ва ўчора не вярнуцца. Сьпяшайся жыць. Хоць даваць парады – справа няўдзячная. Чалавек ўсё роўна зробіць тое, што хоча. Пакуль не перапаліць, не перапье, не забье сябе наркотыкамі – не задумаецца, ці правільна ён жыве.

– Людзям уласціва цягнуцца да бяздзейнасці. І так, піць, гуляць, смачна есці…

-Тут ня згодны. Дзяўчын прыгожых ты запамятаваў.

-… А вы за што біліся?

-Калі б хто-небудзь ведаў… Прыбягае адзін з круглымі вачыма: “Нашых бьюць!”. І ўсё, як не пабяжыш сваіх выбаўляць? Пераехаў у Мінск, меркаваў, хоць тут такога не будзе. Як жа. Дзверы на росхрыст – улятае і таксама з вытарашчанымі вачыма: “Нашых бьюць!”. Бяжыш як апараны на вуліцу, а там студэнты з палітэхнічнага. Мне падаецца, па ўсёй краіне такое было – біліся раён на раён, вуліца на вуліцу.

-Разам з Каршакевічам вы прайшлі шлях ад дзіцячага трэнера да алімпійскага золата. Многа сёньня маладых прыходзяць да вас за навукай?

-Зараз усё ёсць у інтэрнэце. Многія так і робяць, сакрэты шукаюць там. Але і прыходзяць таксама. Маю на ўвазе маладых армейскіх трэнераў, якіх сабраў Павел Уладзіміравіч Галкін. Канешне, хочуць, каб я даў пару нейкіх практыкаванняў, з якімі заўтра можна было б усіх абгуляць. Але так не бывае. Трэнерская дзейнасць  – гэта  цяжкая шматгадовая праца. Нават для таго, каб паказаць сярэдні вынік.

-Знакаміты валейбольны трэнер Платонаў сказаў неяк, што пісменны спецыяліст вучыцца заўжды, нават у самых нечаканых сітуацыях і ў самых нечаканых людзей. У вас такое бывала?

-А як жа! Горад Львоў, турнір маладзёвых зборных сацыялістычных дзяржаў “Дружба”. Тады я ўзначальваў другую зборную СССР і мы паспяхова гулялі супраць усіх супернікаў. І вось перад намі каманда Польшчы з узыходзячымі зоркамі Ежы Клемпелем ды Янам Матусскім.

Гэты Ян быў вельмі разумным ды спрытным. У кожнай гульні перахопліваў па дзясятку мячэй і ўцякаў у контратаку. Як супраць яго гуляць? І вось адзін інжэнер, які не меў аніякага дачынення да ганболу, прапанаваў: “Можа, яго персанальна?”

У нас нарадзілася такое самае пытанне. Нармальнаму спецыялісту, які больш ці менш разбіраецца ў гандболе, такое і ў галаву б не прыйшло. Але чалавек, вольны ад падобных забабонаў ды якой-небудзь логікі, прапанаваў менавіта такі варыянт.

І ведаеш што? Мы скарысталіся ягонай парадай. Прымацавалі да Яна лінейнага. Той скаваў ягоныя дзеянні, рухаўся за ім па ўсёй шасьцімятровай лініі. У выніку паляк не зрабіў аніводнага перахвату. А я зразумеў, што людзей варта слухаць, нават калі яны кажуць глупоты. Як спачатку гэта можа падацца. Яшчэ мне падабалася глядзець, як хакеісты мяняліся пяцёркамі. Зараз такога няма, а раней у трэнераў вядучых каманд былі ўстойлівыя спалучэнні. Адна пяцёрка атакуючая, другая абарончая, трэцяя стрымліваючая і так дальш. І вось два настаўнікі, як шахматысты, выбіралі, каго лепш дзьвінуць супраць суперніка – тых альбо гэтых.

Глядзіш на іх і разумееш, што гульцы ў гандболе таксама падзяляюцца на забіваючых ды абараняючыхся. І можна дакладна таксама найграваць трох-чатырох хлопцаў выключна дзя абарончых дзеянняў.

-Супернікаў уражвала, калі мінскія армейцы ледзь не цэлай камандай садзіліся на лаўку пасля пасьпяховай атакі – і гэтаксама спрытна выскоквалі на пляцоўку, пасля таго як іхныя калегі адбіваліся ў сваіх варотаў. Беларуская знаходка.

-Так, у нас былі яскрава выражаныя абаронцы і атакоўцы. Навошта вучыць Тучкіна абараняцца, калі ягоная задача закідаць? Ёсць людзі, якія зробяць гэта лепш. Той жа Масейкін альбо Сапроненка. А ёсць і другая карысць – спартоўцу важна даваць перадышку ў часе гульні, каб ён мог паглядзець на яе з боку. Міша Якімовіч любіў прысесці на лаўку, каб зразумець, як дзейнічае пратыўнік у абароне. Знайсці шчыліну, праз якую можна праскочыць і забіць. Вось ён пасядзіць хвілінаў дзесяць, пашурупіць, а потым выскоквае – і кладзе па тры штукі.

-Хто-небудзь з рэспубліканскай партыйнай вярхушкі адчуваў любоў да гандболу?

-Самы вялікі ўзровень для нас – камандуючы Беларускай вайсковай акругай. У партыйнай іерархіі тых гадоў ён займаў годнае месца – дзесці на ўзроўні другога сакратара ЦК КПБ. Пасля кожнага выйгрыша еўрапейскага кубку патраплялі да яго на прыём. Такія перамогі самі па сабе былі зьявай выбітнай – нават для савецкага спорту. Што ўжо казаць пра цяперашнія рэаліі. Нават падумаць няёмка, што нейкі беларускі клуб можа стаць пераможцам Лігі чэмпіёнаў, не тое, што сказаць пра гэта ўслых. А ўвогуле, гэта ўсё па чутках, праверыць ужо цяжка. Машэраў неяк сказаў, звяртаючыся да камандуючага акругай Зайцава. Маўляў, што ў вас там з гандболам? Літаральна пару слоў. І гэтага хапіла, каб чароўным чынам пачаўся рух. Каманду стаў апекаваць Аляксей Іванавіч Семярэнка – намесьнік камандуючага, і мы адчулі, што такое сапраўдная ўвага.

Вы, дарэчы, калі апошні раз сустракаліся з прэзідэнтам?

-Калі адчынялі Палац спорту “Уручча”, ён запытаўся: “А дзе Мірановіч? Тут? Давай сюды. Ну як мы вам зала?” Дзякуй, кажу, нарэшце мы тут будзем як гаспадары, а не як госьці. На жаль, гэта не здарылася. Палац не належыць СКА.

2.      Юрый Шайцоў – “самы тэхнічны гандбаліст”

Юрый Шайцоў, які сёння кіруе зборнай камандай Беларусі, у зорны час СКА быў адным з самых яркіх гульцоў, яго і Аляксандра Каршакевіча найбольш любілі беларускія заўзятары. Але і сёння адзін з лепшых гандбалістаў ХХ стагодзьдзя застаецца верным беларускаму гандболу. Заходнія спецыялісты лічылі Шайцова самым тэхнічным у складзе СКА ды зборнай СССР. Сёння Шайцоў застаецца трэнерам зборнай, прыкладаў сур’ёзныя высілкі для адмены санкцыяў да беларускага гандболу…

-Вы чалавек з правінцыі, не было ў вас комплексу правінцыяла?

-Канешне, прыехаў такі хлапчук у спартыўны інтэрнат, мінчукі тады хадзілі з растапыранамі пальцамі. Прыходзілася даказваць сваёй працай. На той час адбываліся спаборніцтвы, мінчукі прыязджалі ў цудоўных спартыўных касцюмах, эксперыментальных кедах ды інш. Але мы, хлопцы з Магілёўскай вобласці давалі ім бой. Прыходзілася змагацца, біцца, кусацца…

-Хто быў вашым першым трэнерам?

-Уладзімір Шабунін. Я не быў вялікім талентам, але ён нешта ва мне разлядзеў і прыехаў за 300 кіламетраў з Чаўс у Слуцак угаворваць маіх бацькоў, каб я не пакідаў ганбол. Ведаю, што і з Віктарам Касінскім, які тады працаваў ў рэспубліканскай ДЮСШ, таксама размаўляў на конт мяне. Мама, канешне, была супраць майго ад’езду ў Мінск у 14 гадоў, а бацька настояў. Сказаў: “Мы не павінныя стаяць у яго на дарозе.”

Мінскі СКА 80-ых, гэта быў сапраўды калектыў сяброў?

-У нас быў калектыў аднадумцаў, мы вельмі шмат трэніраваліся разам, працавалі на зборах. У нас была адзіная мэта, шмат часу праводзілі разам. Гэта нас згуртавала. Было яшчэ спалучэнне абставінаў, калі сабралося шмат вельмі таленавітых хлопцаў, кожны ў сваім амплуа. І калі мяне сёння запытваюць: “Ну вось вы і сёння сустракаецеся?”. Не, гэтага няма, кожны жыве сваім жыццём. Мы вітаемся, але такой блізкай дружбы няма. Воляй лёсу мы сыйшліся разам у клубе, вялікая колькасць таленавітых людзей, і дасяглі той вынік.

-Кажуць, што ў плане фізічных нагрузак з вамі маглі зраўняцца толькі хакеісты ЦСКА часоў Тарасава альбо Ціханава?   

-Так, нагрузкі былі залімітавыя. Мы ўсёй камандай Сашу Майстрэнка прасілі ў нас застацца, а ён сказаў, “не, хлопцы, вы з вашымі нагрузкамі заставайцеся, я магу пагуляць і ў іншым месцы.” Вярнуўся назад у ленінградскую “Неву”.

-А цяперашнія зборнікі змогуць паўтарыць такія практыкаванні, якія рабілі гульцы СКА?

-Цяпер іншы час, іншыя методыкі. Але, мяркую, немногія змогуць паўтарыць тое, што рабілі спартоўцы СКА. Для гэтага патрэбная належная падтрыхтоўка, навык.

-Напэўна самы яскравы быў “нумар 11” – Каршакевіч?

-Так, натуральна, гэта быў прыроджаны талент. Ён быў досыць крэатыўны, разнастайны спартовец, ніхто не ведаў як ён згуляе. У яго быў талент. Тучкін і Якімовіч мелі свой талент – забіваць з задняй лініі, гэта была нашая дальняя артылерыя. Якімовіч быў вельмі магутны, запытваліся: “Адкуль вы прывезлі гэтага мужычка?”. А мужычку было ўсяго 19 гадоў. А Каршакевіч меў сваё, гэтая знакамітая падкрутка Каршакевіча зьявілася з ягонага таленту і крэатыўнасці.

-А калі скласці ідэальную зборную Беларусі з гульцоў розных часоў каго б ты назваў?

Каршакевіч – левы скрайні, Якімовіч – паўсярэдні, Рутэнка – яго перавяду ў лінію,  Свірыдэнка можна параўнаць з Кашканам. Справа – сябе я не лічу талентам, можна і Косьцю Шараварава. У варотах адназначна Толя Галуза, адназначна.

На той час быў яшчэ Мінеўскі. У яго была цікавая кар’ера. Ён паехаў на Суперкубак у Еўропу, паглядзеў як стаіць Хэкер, і цалкам змяніў стойку, стаў моцным. А калі б не паехаў? Так бы і застаўся пасрэдным брамнікам? Доўга не быўшы ў Беларусі, калі я прыехаў, то заўважыў, што няма брамнікаў, запытаўся, “дзе брамнікі?”. У гандбольных краінах растуць увесь час, у Даніі, Швецыі, Францыі. Цяпер у нас зьявіліся свае маладыя брамнікі…

-Хто сфармаваў ваш трэнерскі почырк?

-Спартак Мірановіч – адназначна лепшы трэнер, з якім мне давялося працаваць. Пра яго сказана шмат і столькі ж доўга яшчэ можна казаць. Ведаеце, я зайздрошчу тым гульцам, якія прайшлі праз рукі многіх настаўнікаў. У мяне за плячыма толькі ўрокі Мірановіча і нямецкая школа гандболу. Усё астатняе вучыў ды спасцігаў сам.

Чытаў і чытаю кнігі, шмат тэхнічнай ганбольнай літаратуры. Наведваю курсы. Не магу сказаць, што я сёння працую так, як калісці Мірановіч, але ў маёй практыцы вельмі шмат з рэпертуару Спартака Мірановіча. Поспех мінскага СКА ў 1980-ых – гэта цалкам заслуга ўнікальнай методыкі гэтага трэнера-наватара. Я не стамлюся паўтараць, што Спартак Пятровіч – найвялікшы ў свеце ганбольны трэнер. Сёння, напрыклад, часта  можна пачуць выраз “рускі пас” – калі перадача партнеру даецца з ударам аб падлогу. Я заўжды папраўляю: гэта не “рускі”, а “беларускі пас”. Гэта пас Мірановіча, ён яго прыдумаў.

-Назіраючы за матчамі першынства Еўропы, сьвету, думкамі праецыруеце на пляцоўку зборную Беларусі? Бачыце яе там?

-Я рэаліст, нашай каманды там няма. На ўсіх буйных турнірах, дзе я прысутнічаў, будзь тое чэмпіянат Еўропы альбо “Фінал чатырох” Лігі чэмпіёнаў, пастаянна намагаўся нешта даведацца, змяніць, паразмаўляць з уплывовымі людзьмі, спрабаваў пераканаць ці данесці сваю пазіцыю, дагрукацца. Усё гэта ні да чаго не прывяло. Таму вырасла перакананне жыць тым, што ёсць, і прыкладаць высілкі там, дзе яны могуць рэальна нешта даць: працягваць развіваць гандбол у Беларусі, працаваць з моладзьдзю. А дзе ад цябе нічога не залежыць, там жыве толькі надзея. Якая, да рэчы, не згасае.

3.      Канстанцін  Шаравараў – выдатны правы крайні

Славуты правы крайні СКА (Мінск) Канстанцін Шаравараў пасля завяршэння кар’еры гульца пайшоў  у жаночы гандбол трэніраваць, і здабыў на гэтым шляху новыя перамогі. Але журналісты і заўзятары зноў ды зноў вяртаюць спадара Канстанціна  да часоў ягонай маладосьці ды слаўных дзён СКА!

Будучы алімпійскі чэмпіён даведаўся  пра гандбол ад настаўніка фізкультуры, а  да таго паспрабаваў футбол, барацьбу ды іншыя віды спорту. Але ручны мяч перамог.  Пачыналася ад першынства школы – да гарадскіх спаборніцтваў, затым – рэспубліканскія. І ўжо пасля патрапіў ў легендарны мінскі СКА.

Мне пашанцавала ў тым, што гуляў за армейцаў у іхныя залатыя гады, калі каманда перамагала ледзь не паўсюль, – узгадвае Канстанцін Рыгоравіч, – канешне, не адаразу гэта прыйшло, але калі ля руля стаіць такі фанат, як Спартак Мірановіч, а жадаючых працаваць пад ягоным кіраўніцтвам воз і маленькая падвода, дык канкурэнцыя шалёная і дапамагае расці.

Ты ведаеш, што за тваёй спіной знаходзяцца яшчэ з дзесятак – другі такіх жа  летуценнікаў, якія  мараць патрапіць у СКА, і таму трэніруешся да знясілення. Я патрапіў у каманду ў 18 гадоў, і тады гэта была вялікая радасць. Натуральна, нерваваўся, бо хапала тых, у каго  і талент быў, ды вось нешта не атрымалася. Прычыны розныя, як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя.

-Чытаў, што на маладых адыгрываюцца старэйшыя. Эдакая спартыўня дзедаўшчына.

-Я не магу назваць гэта дзедаўшчынай. Хутчэй, традыцыя, калі малады збірае мячы пасля трэніроўкі. Нічога ў гэтым кепскага не бачу, бо і да мяне таксама рабілі іншыя хлопцы… павінен даказваць, што запрошаны сюды не дарэмна. А ўзровень нагрузак несувымерны з тымі, што былі ў мяне раней. Але ніхто зніжак табе не рабіў, таму што  адбор жорсткі, а гэта было лепш любой матывацыі. Спартаку Пятровічу, не патрэбна было, як кажуць, даставаць пугу. А вось тое, што вопытныя партнеры дапамагалі – гэта чыстая праўда. Працаваць было вельмі цікава. Усе хацелі згуляць са СКА.

-Як бы вы ахарактарызавалі Мірановіча?

-Жорсткі, але вельмі тактоўны чалавек. Ён вымагаў, але не прыніжаючы гульца, бяз крыку і тым больш мату. І заўжды ставіў адну-адзіную мэту – перамога!

СКА любілі беларусы. Спадар Канстанцін распавядае, што ДАІшнікі калі і тармазілі, то адразу і адпускалі, жадаючы поспехаў. Простыя людзі так шчыра віншавалі, што “іншым  разам сьлёзы на вочы наварочваліся”.

-Калі здараюцца паразы, гэта для мяне свайго роду выклік. Кожнай няўдачы шукаю прычыны, пастаянна капаюся. І гэта ня толькі мне ўласціва – такі беларускі менталітэт. На Зхадазе як? Прайграў – вынік забыўся, жыццё пайшло далей, аніякага самаедства. А я не сплю ноч, задаю сабе пытанні, што зрабіў не так, пакутую. Уся справа ў тым, што нас у СССР вучылі толькі перамагаць: аніякага іншага месца, акром першага, няма. За другое, канешне не сварыліся, але гэта ўсё роўна ўспрымалася як параза. Безумоўна, зусім бяз іх не бывае. Але заўтра будзе новы дзень. Мне мая праца падабаецца, – мяркуе трэнер.

4.      Міхаіл Якімовіч – грозны бамбардыр і “магутны мужык”

Заўзятары СКА добра памятуюць грознага бамбардыра каманды, які прабіваў любога брамніка суперніка – Міхаіла Якімовіча. Пасля развалу Саюзу, практычна ўсе 90-ыя Якімовіч правёў у Гішпаніі, выступаючы за моцныя “Тэку” ды “Сан Антоніа”. Ад гішпанскага грамадзянства Якімовіч адмовіўся і нават у самыя няпростыя часы не адмаўляўся прыйсці на падмогу зборнай Беларусі.        Завяршыўшы кар’еру ў 2004-ым, ад вялікага спорту Міхаіл Іванавіч Якімовіч дыстанцаваўся. Жыве ў беларускім Барысаве, прысвяціў сябе бізнэсу і сям’і.

-Зараз у вас ёсць свая справа?

-Ёсць. Але галоўны бізнэс усё ж – гэта выхаванне ўнучкі.

-Бываеце ў родным Слуцку?

-Апошнія чатыры гады прыходзіцца ездзіць туды досыць часта – захварэў брат. На жаль, нядаўна ён памёр. На радзіме ў мяне засталася мама.

-Паміж горадам вашага дзяцінства і сучасным Слуцкам вялікая розніца?

-Натуральна. Горад расце і развіваецца. З тым, што было ў дзевяностых, увогуле не параўнаць. Калі прыехаў у Слуцк пасля гішпанскай адлучкі, пабачыў, што раёны, якія раней лічыліся ўскраінай, сталі цэнтрам.

-Чуў, што да спорту вы далучыліся захапіўшыся футболам…

-Першым маім відам спорту была ўвогуле лёгкая атлетыка. Пасля другога класу я бегаў і штурхаў ядро. Але праз тры месяцы пераключыўся на гандбол у школьнай секцыі. А ў футбол мы гулялі ўлетку – на вакацыях. Працягвалася падобнае да пятага класу, пакуль я не перайшоў у гандбольную ДЮСШ – да Давіда Ільіча Рэзнікава.

Гэты трэнер – Мірановіч слуцкага ганболу. Гульнёй ён быў апантаны. Ягонымі высілкамі я і патрапіў у Мінск. Нязручным фактарам быў мой узрост. Я нарадзіўся ў сьнежні 1967-га, а аснову ўсіх каманд складалі хлопцы цотных гадоў нараджэння. Таму доўга боўтаўся дзесці паміж камандамі 66-га і 68-га.

А потым Рэзнікаў напісаў  ліст у Міністэрства адукацыі, і мяне накіравалі ў сталіцу рэспублікі – вучыўся і трэніраваўся ў інтэрнаце з хлопцамі на год малодшымі, а гуляў за каманду старэйшую. Пасялілі мяне ў той жа гатэль у вайсковым гарадку Ўручча, дзе жыў ужо потым гульцом СКА.

-З падзелам на гарадскіх і “калгаснікаў” у Мінску сутыкнуліся?

-Не. Хоць Леанід Іванавіч Бразінскі, асістэнт Спартака Мірановіча у мінскім СКА, пару разоў падначваў: маўляў, дзякуючы пераезду з калгасу ў Мінск я навучыўся пераходзіць вуліцу. Але мне больш запомніўся падзел на “маладых” і “старых” ужо ў армейскім клубе.

-Прызнавайцеся, на танцы з афіцэрскага гатэля ўцякалі?

-Не, танцаў не было. А вось піва часам пілі. Што яшчэ было рабіць?

Звычайна пасля “залётаў” накіроўвалі на выхаванне ў казарму. Дарэчы, туды ж чамусці ўсю спортроту падцягвалі на святочныя даты. У нашай камандзе лічыліся 365 чалавек: акром гандбалістаў, былі і шахматысты, і барцы, і баксёры. Калі святы завяршаліся, усе раз’язджаліся і заставаліся дзясяткі чатыры чалавек.

Памятаю, пасля нейкага казарменнага надзвычайнага здарэння начальства не пачало шукаць віноўных – патрапіла ўсім. За ўсю службу я тройчы хадзіў у нарады, і ўсе яны прыйшліся на той выпадак. Дзяжурыў на кухні, дзе чысціў бульбу, а потым ахоўваў стралковы цір і аўтапарк, прадстаўлены адным зламаным аўтобусам.

-Ці даводзлася вам паспытаць знакамітыя “тапачкі”, якімі “дзяды” афармлялі прапіску ў камандзе маладое пакаленне?

-У маім выпадку ўсё было куды гуманней. Самыя маладыя ў камандзе па традыцыі дастаўлялі на трэніроўкі і гульні сеткі з мячамі. І вось у 1986-ым мяне ўзялі на тур вышэйшай лігі чэмпіянату СССР у Каўнас. Там ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі гэтую ганаровую ношу.

Але менавіта ў Каўнасе здарыўся памятны матч супраць ЦСКА, які быў прайграны з агаломшваючым вынікам 20:40! Пасля гульні наш капітан і брамнік Толя Галуза пры ўсіх абвесціў: “Міша, мячы ты больш не носіш. І чым далей ад іх будзеш, тым лепш.” Вось так я ў ролі насільшчыка сябе вычарпаў.

А с “тапачкамі”… Быў выпадак ужо ў 1988-ым годзе ў Астрахані. Мы з Юрам Карпуком ды Сашам Мінеўскім гулялі ў гатэлі ў карты. І вось у нумар зайшлі старэйшыя на чале з Галузам. Яны хацелі пазычыць у нас калоду. Важна адзначыць, што было гэта ў час начы. І, застаўшы нас за такім парушэннем рэжыму, аксакалы вырашылі заняцца выхаваннем. Прапісалі гэтыя самыя “тапачкі” – падэшвай красовак па вядомаму месцу. Прычым пакараць мы мусілі адзін аднаго самі. Першым прылёг я, а Карпук падыйшоў і сказаў: “Выбачайце, Міхаіл Іванавіч!”. Замах там быў пагрозлівы, а ўдар – пук. Старэйшым ён не спадабаўся, так што самому Юрку дасталося па задніцы ўжо належна.

 -І часта здаралася падобнае?

-На маёй памяці гэта быў адзіны раз. Хоць я патрапіў у СКА ўжо ў пару “росквіту цывілізацыі”. Па аповедах дзвух Аляксандраў – Тучкіна ды Маліноўскага, якія мяне на тры гады старэйшыя, яны сваё атрымалі.

-Чуў ад Маліноўскага, што адным з самых жорсткіх ды строгіх да маладых гульцоў у СКА быў Юрый Шайцоў. Неяк не вяжацца гэта з цяперашнім інтэлегентным вобразам Юрыя Анатольевіча.

-Напэўна пляяда Маліноўскага “чудзіла” круцей за нас. А мне ў адносінах са старэйшымі шанцавала. Саша Масейкін, у якога была мянушка Дзед, мяне апякаў і “крышаваў”. І Юра, дарэчы, падтрымліваў. Мы з ім землякі – ён таксама са Слуцку.

-Мінскі  СКА тых часоў – татальная трэніровачнае ворыва на пляцоўцы і ў трэніровачнай залі. Прызнайцеся, што больш усяго не падабалася вам на трэніроўках у Спартака Мірановіча?

-Як адказаць? У прынцыпе да любога задання ставіўся спакойна і адэкватна. Але ў мяне была такая гарэзная звычка – выконваць практыкаванне не да канца. Ка мне нават масажыста Сашу Жыркевіча адмыслова прыстаўлялі, і ён лічыў услых мае паўторы. А для мяне такія недадзелкі былі свайго роду выкідам адрэналіну. І ўсё ж такі ўзгадаў, што больш за ўсё не любіў – падцягвацца і адціскацца. Рукі былі кволыя. Падцягваўся не больш разу, а на канат увогуле ні разу не залазіў.

-Узгадваючы ваш магутны кідок, у слабасць рук не магу паверыць.

-Дык у кідку задзейнічаная ня толькі рука, але яшчэ і спіна, ногі. З імі ў мяне праблемаў не было, а вось ручкі былі рэальна чахлыя. Талант Дуйшэбаеў, напрыклад, лёгка выціскаў больш сотні кілаграмаў, а я да такой вагі ніколі не падыходзіў. 96 кг – гэта быў мой максімум. Дарэчы, сын у мяне пайшоў. Ваня дзюдо займаецца, так на адной трэніроўцы я заўважыў, што да канату ён падыходзіць вельмі неахвотна.

 -Хто быў у СКА галоўным рэжымшчыкам?

-Жора Свірыдэнка. Гэта араты. Ён ставіўся да працы сур’ёзна. Старэйшыя ў часе кросаў ззаду трымаліся, а Жора з Шараваравым заўжды былі першыя. Таму кампанію ім не складаў. Я заўжды быў у залатой сярэдзіне. Калі б бегаў хутчэй, то і нагрузкі былі б большыя, адштурхоўваючыся ад твайго максімуму.

-Самае яркае ўраджаньне пачатку армейскай кар’еры?

-Вось тыя самыя 20:40 ад ЦСКА у Каўнасе – мой першы афіцыйны матч за каманду…

А самыя прыемныя ўспаміны той пары – пра перамогу над гданьскім “Выбжэжэ” ў фінале Кубку чэмпіёнаў у 1987-ым. Гэта было рэальна крута – СКА тады ўпершыню заваяваў той трафей. Дарэчы, мы жылі ў Польшчы ў казарме адной з савецкіх частак, а пасля матчу камандуючы Беларускай вайсковай акругай прыслаў за намі самалёт.

У Гданьску была неблагая каманда, там гулялі Даніэль Вашкевіч, Багдан Вента, увесь касцяк нацыянальнай зборнай. Але для нас усё прайшло досыць гладка, бяз запары. Мы выйгралі і дома, і ў паўторным матчы. Самым складаным у тым розыгрышы атрымаўся паўфінал супраць ТУСЕМа – з нічыёй у гасцях і нашай перавагай у мяч у Мінску.

-Як складваліся вашыя адносіны са Спартаком Мірановічам?

-У мяне са Спартаком Мірановічам увогуле ніколі не было праблем. Наадварот. Ён заўжды мяне падтрымліваў. Неардынарны чалавек, трэнер-фанат, вельмі патрабавальны.

Магчыма, у тыя часы ў Мінску не хапала яшчэ адной прафесійнай каманды. Чагосці кшталту падмаскоўнай “Іскры”, якая была даччынай камандай для ЦСКА і выступала ў другім дывізіёне. У Беларусі заўжды было шмат добрых гульцоў, якія былі не да справы.

5.      Аляксандр Тучкін – адзін з самых забіўных гандбалістаў у гісторыі

У сузор’і выдатных гульцоў СКА нельга абыйсці Аляксандар Тучкіна, які быў адным  з найбольш выніковых гульцоў каманды. Тучкін таксама выхаванец Спартака Мірановіча. Нарадзіўся правы паўсярэдні клуба ў Львове. Пасля СКА выступаў за нямецкі ТУСЕМ і “Міндэн”, гішпанскую  “Тэку”, грэцкім “Філіпос”. Тучкін некаторы час выступаў за зборную Беларусі, але неўзабаве адмовіўся, гуляў за Расейскую Федэрацыю. З таго часу ў вачах многіх заўзятараў спартовец абнуліўся. Аднак было б неправільна не вызнаць ролю вялікага гандбаліста ў мінскім СКА ды ў зборнай Саюзу…

-Аляксандр, падобна, з журналістамі вы пасябравалі…

-А я з імі ніколі і не сварыўся. Да Новікава за закаце Савецкага Саюзу, у 90-ым, калі я зьязджаў з Беларусі, пытанні былі. Сяргей тады праводзіў мяне, мягка кажучы, словамі не пахвальнымі, хоць за мой сыход клуб СКА атрымаў нармалёвыя грошы. Тады ў Саюзе ўжо не адмаўляліся ад добрых фінансавых уліванняў. Я адразу сказаў: альбо зьязджаю за мяжу, альбо кідаю гандбол. Сезон пачаўся, мяне не адпускалі, я быў у Мінску, але не трэніраваўся. Бегаў па беларускіх лясах ды кідаў камяні па дрэвах. На поўным сур’ёзе, каб рука не заплывала. У выніку прыехаў начальнік каманды Валерй Трафімавіч Худоба, і мы аба ўсім дамовіліся. І вось зьязджаю і чытаю матэрыял… Але гэта справа мінулая. У 95-ым, калі гуляў за зборную Беларусі, перад чэмпіянатам свету Новікаў сам ка мне падыйшоў. Злосці асаблівай не было. Скарэй, нязручнасць нейкая. Ён працягнуў руку, я яе пацснуў, сведкі той сцэны апладзіравалі. Потым я даў інтэрв’ю Сяргею.

-Ад’езд у Нямеччыну апраўдаў чаканні?

-Не ва ўсім. Калі дэбютаваў у Эссэне, у першай жа атацы мне аддалі пас, і ўсе пяцера спыніліся і сталі глядзець, як я буду закідваць. У Мінску такое і ўявіць было нельга. У нас уся каманда за мяне ўсё рабіла, мне трэба было толькі завяршыць атаку: падскочыць і кінуць.

У 2004-ым у Афінах я ў 40 гадоў стаў бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў у складзе зборнай Расеі. Але гэта не рэкорд. Бо побач быў Андрэй Лаўроў, якому на той момант спраўдзіла 42. Мы з ім з 82-га знаёмыя, даўно сябруем. Гэта ён мяне ў расейскую зборную перацягнуў. Я ж за зборную Беларусі практычна на голым энтузіязме выступаў. Аніякай страхоўкі ніколі не было, не кажучы ўжо пра грошы. Перад чэмпіянатам свету ў Ісландыі, у 95-ым, прэзідэнт ТУСЕМа сказаў мне: “Калі зламаешся ў зборнай, заробак у клубе не будзеш атрымоўваць да таго часу, пакуль не выйдзеш на пляцоўку”. Таму я не гуляў у матчах за 9-12 месцы. Гэта ж не барацба за ўзнагароды. Мірановіч тады ў Гішпаніі нармальна ўспрыняў мой датэрміновы фініш, пажадаў удачы ў клубе. І гэта быў мой ад’езд са зборнай Беларусі назаўжды.

-І вы адразу пачалі рыхтавацца да пераходу ў зборную Расеі?

-Не, спачатку думаў толькі пра клуб. Але Лаўроў мне пастаянна тэлефанаваў, цікавіўся, як справы, запрашаў у расейскую каманду. У 96-ым у Атланце расіяне няўдала выступілі, а ў 97-ым выйгралі чэмпіянат сьвету. Нібыта справы пайшлі ўгару, але Андрэй ўсё роўна не адстае, кажа: “Ты нам патрэбны”. Адказваю: “Ды там жа ўсе маладыя, хопіць цябе, старога”. Але ў душы, канешне, хацелася выкарыстаць магчымасць яшчэ разок дамагчыся чагосці вартага. Я ж да таго моманту на чэмпіянатах свету так і не перамагаў. І пагадзіўся. Пытанне з расейскім пашпартам вырашылася досыць хутка. Усе мае сваякі жылі на той час у Маскве, бацькі тут пахаваныя. У 99-ым прыехаў на чэмпіянат свету ўжо з іншым гербам на грудзях. Выйшлі ў фінал на шведаў. Мяч усяго прайгралі, як звычайна. Я потым на пастаменце нават медаль зняў. Крыўдна да слёз… Але за тое ў мяне ёсць дзве залатыя ўзнагароды Алімпійскіх гульяняў, а ў шведаў няма аніводнай.

6.      Аляксандр  Маліноўскі – мур у абароне

Назбіраўшы цэлую калекцыю узнагарод з армейцамі, Маліноўскі так і не заваяваў галоўную – “золата” Алімпійскіх гульняў. Хоць быў адным з мацнейшых абаронцаў свайго часу. Пасля СКА Аляксандр паездзіў па свету з рознымі камандамі. Выступаў у Тунісе, Ізраіле, Польшчы. А потым з добрага гульца вырас у аўтарытэтнага трэнера, выйграўшага з “Віве”  і чэмпіянат Польшчы, і Кубак краіны.Цяпер Маліноўскі разам з сям’ёй жыве ў Вроцлаве.

-Хто вас прывёў у гандбол?

-У маёй сотай школе працаваў такі Барыс Парферыдаў. Гэта проста чалавек-аркестр. Выкладаў нам і гімнастыку, і лёгкую атлетыку. Паралельна я займаўся плаваннем, але мне хацелася нейкага каманднага віду спорту. І Парферыдаў аднойчы вырашыў звадзіць нас на гандбол ва Ўручча. Шчыра кажучы, калі я пабачыў гэтых прыгажуноў з гербам Савецкага Саюзу, сказаў, што лепшага спорту для мяне ў свеце не знайсці. Пасля гэтага Парферыдаў двойчы на тыдзень у школьнай залі, у якой вароты былі прыбітыя да сьцяны, вучыў нас азам гандболу. Потым было першынство раёну, гораду. Стаў капітанам зборнай гораду і рэспублікі. Так я дарос да СКА, куды патрапіў у 1982 годзе. Гэта Тучкін у 18 гадоў прыйшоў у гандбол, а праз два гады стаў маладзёвым чэмпіёнам свету. Я ўсё рабіў паступова, маленькмі крокамі. Напэўна, дасягнуў усяго, чаго змог. З-за высокай канкурэнцыі на Алімпіяду так і не патрапіў.

-Як вашыя бацькі паставіліся да гандболу?

-Яны былі задаволеныя тым, што я ў спорце, у справе. Бацька працаваў фрэзероўшчыкам на заводзе, мама – у дзіцячым садку. Мы не жылі прыпяваючы. Таму, калі стаў прыносіць дадому першыя грошы, нам стала нашмат прасцей.

-А дзе вы жылі?

-Вуліца Каліноўскага, раён кіантэатру “Вільнюс”. На той час гэта была ўскраіна гораду. Месца няпростае. Хуліганаў хапала. Ведаеш, у нас усё было строга падпарадкавана дваравой іерархіі. Галоўнымі былі старэйшыя, за імі хадзілі хлопцы маладзейшыя, якія ўвесь час нешта падглядвалі. Я ў дзяцінстве ўвесь час бавіў на вуліцы, але з хуліганамі спраў не меў.

-Дарэчы, вусы. У вашым СКА было многа вусачэй. А вас як у гэтую кампанію занесла?

-Дык я іх пачаў насіць з 16 год. Гэта было модна. Хацеў выглядаць старэйшым, таму і насіў вусы, а зараз, наадварот, хочацца быць маладым. А калі ў 1991 годзе паехаў гуляць у Туніс, з-за сьпёкі вырашыў іх згаліць.

 -У Тунісе вы сталі беларусам – перашапраходцам. Як вы туды патрапілі?

-Гэта асобны раздзел апавядання. У 26 гадоў у мяне былі праапераваныя абодва ахілы. Мірановіч вырашыў, што толку з мяне не будзе, і адправіў у войска ў ГДР. Як зараз памятую, атрымоўваў тады ў клубе 330 рублёў, быў у званні прапаршчыка. За перамогу ў Кубку чэмпёнаў мне яшчэ ў 23 гады далі кватэру. Спачатку хацелі выдзяліць аднапакаёвую, але я настояў на дзвушцы. І на наступны дзень пасля нараджэння Сашы мне далі дакуманты на кватэру ў Фрунзенскім раёне. На трэніроўкі дабіраўся на грамадскім транспарце, пакуль не набыў “шасцёрку” колеру дыпламат.

У СКА былі неблагія ўмовы, але я зьехаў. Праўда, ва Ўсходняй Нямеччыне не зраслося. У Бярліне ўпала сцяна, і савецкія войскі пачалі паступова выводзіць з краіны. Я застаўся бяз працы, вяярнуўся ў Мінск. Але мне неяк Спартак Пятровіч сказаў, што тунісскі “Эсперанс”, прэзідэнцкая каманда, хоча бачыць у сваіх шэрагах гандбаліста мінскага СКА. Кажа, зьлятай, пагрэешся на сонейку, квіток табе аплацяць, а калі спадабаецца, застанешся. Я адразу пагадзіўся.

Прыляцеў у Туніс з 15 кілаграмамі лішняй вагі. А там спёка стаіць, цяжка. Я выходжу на першую трэніроўку і сам сабе кажу: “Аляксандр, калі цябе хопіць на 15 хвілінаў, то ты мусіш за гэты час паказаць усё, на што здатны”. І за гэты час я на трэніроўцы 6 галоў закінуў. Тунісцы пасля трэніроўкі ўзялі мяне за руку і павялі падпісваць кантракт. А я адчуваў сябе так, што нават узняцца на трэці паверх гатэля не мог. Але за паўтара месяца прывёў сябе ў баявую форму.

-За парушэнне дысцыпліны ў СКА штрафавалі, звальнялі?

-Такога не памятую. Каралі інакш. Мы ж былі армейскай камандай. І калі малады гулец недзе накасячыў, яго замест гатэля накіроўвалі жыць у казарму. Ён насіў вайсковую форму, прыходзіў у ёй на трэніроўку. Вось такія былі метады.

-Хто з маладых больш за ўсіх ганяў?

-Самымі строгімі былі Жыркевіч, Галуза, Каршакевіч, Шайцоў. На нашых задах адбіткі тапачак для лазні заставаліся вельмі часта. Але гэта не было здзекам. Усім выпадала па справе, ніхто не крыўдзіўся.

7.      Алег Васільчанка – брамнік крызіснай сітуацыі

Літаральна два месяцы таму, 24 лютага 2025 году сыйшоў з жыцця гулец СКА (Мінск) Алег Васільчанка. Васільчанка пражыў 67 гадоў… Заўзятары будуць памятаць адчайнага і заваднога брамніка знакамітай каманды, які выходзіў у самыя цяжкія хвіліны матчу і ратаваў клуб!

Алег Васільчанка нарадзіўся ў сям’і вайскоўцаў. У 1960-ым іх перакінулі ў Мінск, пасяліўшы ў прыватным доме, які стаяў на месцы цяперашняй Камароўкі. Што такое гандбол, у юныя гады Васільчанка нават не ведаў. Але лёс яго накіраваў у рукі прагрэсіўнага і маладога спецыяліста Спартака Мірановіча. Мірановіч на пачатку кар’еры сам хадзіў па школах і агітаваў хлопцаў. Хуліганісты Алег адразу пагадзіўся. Тым больш што і хадзіць далёка не трэба было, заняткі адбываліся ў зале ягонай роднай школы №88.

Тут прыводзяцца фрагменты аднаго з апошніх інтэрв’ю чэмпіёна:

-СКА – каманда армейская, – перабіраючы старыя фота, узгадвае спадар Алег, — але я заўжды “гражданку” любіў. І свабоду. Валасы доўгія насіў і званняў не меў, усімі сіламі ад іх адбіваўся. Казаў: ідзіце вы ў лазню са сваімі замарочкамі, не хачу я быць афіцэрам. Мяне і ў партыю не загналі, адказваў: выбачайце, не гатовы. Маральна не саспеў.

-Калі б цяперашняе пакаленне гульцоў пабачыла, як мы жылі, у іх вочы сталі б па пяць капеек. І валасы на галаве заварушыліся. Чэмпіёны сьвету і Алімпіяды, уладальнікі Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў, Кубка кубку і Кубку СССР, неаднаразовыя чэмпіёны Саюзу, на трэніроўку ва Ўручча ездзілі на звычайным рэйсавым аўтобусе. А па хатах нас развозілі на звычайным цесным “пазіку”. Бяз пантоў. Трэсліся ў спартанскіх умовах. І нічога – перамагалі.

-Дзе вы зараз працуеце?

-У Заслаўі, на складах. Ахоўнікам. Графік зручны. Не шыкоўная праца, канешне, але выбіраць не даводзіцца.

-Хто-небудзь ведае, што вы знакаміты гандбаліст, брамнік легендарнага СКА?

-Гэта наўрадці, а я сам не распавядаю. Навошта? Гэта ж ранейшыя часы, калі нас уся краіна ведала. Зараз вынікі ў гандболі не тыя і папулярнасць, значыць, таксама. Хоць людзі старэйшага веку мяне дагэтуль на вуліцы пазнаюць: “О, Васільчанка, вітаю! Як жыццё?”. “Нармальна,” – адказваю. Я скардзіцца не прызвычаіўся.

-Вы ж таксістам доўгі час працавал?

-Жыццё прымусіла. У 1988 годзе Спартак Мірановіч вырашыў стварыць на базе СКА другую “дрым тым”, як я яе называю. Палічыў, што нашае пакаленне сябе вычарпала, і пачаў паціхцу ад “старых” пазбаўляцца, падцягваючы у склад каманды моладзь, рабіў стаўку на іх. Разлічваў зляпіць новы вялікі СКА, хоць мы яшчэ былі здатныя даваць вынік і заставацца на піку. Мне толькі 30 споўнілася! Зараз брамнікі і ў 40 гуляюць так, што фору маладым даюць.

-Атмасфера, кажуць, у вас у камандзе была проста цудоўная!

-Так, жылі дружна. І весела. У госьці адзін да аднаго хадзілі. Да Шайцова ў “абшчагу” закоцішся, ён на гітары згуляе. Любілі “Бітлз”, “Скорпіёнз”. Бывала, пойдзем на Камароўку, купім грыбочкаў, мяса, гародніны, бульбачкі – і на прыроду, ва Уручча. Душэўна ўмелі адпачываць.

-Па рэстарацыях хадзілі?

-Было адно месца ў нас, на вуглу Мірашнічэнка піўны рэстаранчык “Фрэгат”. Пасля суботняй трэніроўкі садзіліся ў “пазік” і ехалі практычна ўсёй камандай. Заходзілі са службовага ўваходу, каб не мазоліць нікому вочы, і зала зачынялася на спецабслугоўванне. Нас там ведалі і шлі насустрач: гулялі бяз старонніх. У нядзелю адпачывалі і ў панядзелак з новымі сіламі ішлі ў бой. Прыхоўваць не буду: і выпівалі, і палілі. Але пры гэтым гулялі, перамагалі і на пляцоўцы, ніхто не шкадаваў ні сябе, ні суперніка.

-Чуў, што ў вас у камандзе мянушка была Звер? Гэта праўда?

-Увогуле мяне звалі Злосны. Таму што гатовы быў усіх рваць. Характар такі быў. Спартыўны. Я сваіх адразу навучыў: не дай Бог, на трэніроўцы мяч мне ў твар патрапіць – адразу атрымоўваеш у пятак. Адразу. І няважна, хто гэта: Шайцоў ці Каршак. Бо галавы мне не шкада – сам, калі трэба, пад мяч яе падстаўлю ў часе гульні, каб гол не прапусціць. Пад кулі лягу, а каманду ўратую. Але навошта на трэніроўцы ты ў мяне шпурляеш? Перахітры, падмані, абляці. Таму так, толькі так: адразу ў пятак.

-У 1983 годзе вайскоўцы выйгралі Кубак кубкаў, гучна заявіўшы пра беларускую школу гандболу. Пра каманду загаварылі: самабытная, тэхнічная, майстравітая.

-Яшчэ б! І дух байцоўскі! Пра суперніка не было аніякай інфармацыі. У чвэрцьфінале саступілі  “Гроссвальштадту” пяць мячоў у ФРГ. Па ходу гульні “даганялі”, як з імі гуляць. Перад матчам у адказ – ажыятаж. У Палацы спорту людзі лішні квіток запытвалі, і мы перамаглі з розніцай у дзесяць мячоў. Немцы так і не зразумелі, як нас спыніць. Народ трыўмфуе!

У паўфінале гулялі з вугорцамі з Сегеда. Першая сустрэча – на выездзе. Пакуль асвоіліся – “гарым” ужо ў першым тайме ў “мінус дзевяць”. Але ў другім нас панесла, ледзь-ледзь не хапіла – прайгралі адзін мяч. Ну, а ў Мінску  мы іх сцерлі ў пыль – “плюс васемнаццаць”! У фінале супраць румынаў усё вырашылі ў першай гульні на выездзе, затаптаўшы іх фірмовымі “адрывамі”, – 34:22! Калі ў Мінску ў Палацы спорту пасля гульні ў адказ Кубак уручалі, думалі, ці запросяць генералы на банкет? Звалі, ды Шэф – Спартак Мірановіч – быў катэгарычна супраць. Пры ім дысцыпліна была жалезная.

 -А яшчэ – знясільваючыя трэніроўкі, каб трымаць “фізуху” на залімітным узроўні. Бывала на занятках ня толькі цяжка, але і смешна?

-Неяк у Шэфа зуб балеў. Хадзіў сумрачны. У сярэдзіне трэніроўкі выклікаў таксі, паехаў выдаляць. Настаўленняў шмат не даваў. Самі, маўляў, ведаеце, што і як выконваць. А мы вырашылі ў футбольчык пабегаць. Астатні час улёгцы правесці. Толькі памыліліся. Шэфу зуб хутка вырвалі, і прыехаў ён назад на таксі. Пабачыў наш футбольчык – і арганізаваў новую трэніроўку  са штангамі і кросам.

 -У ваш час столькі не плацілі гульцам, колькі плацяць цяпер?

-Калі б мне тады плацілі такія грошы, гуляў бы да пяцідзесяці гадоў.

-Неяк вы напісалі на сваёй старонцы ў “Аднакласніках” наконт гульні беларускіх брамнікаў на ЧС-2015: у свае пяцьдзесят восем прапусціў бы менш. Усё так кепска?

-У тым матчы з 36 кідкоў у нашыя вароты заляцелі 34! Калі б я ў свой час так гуляў, дык увогуле сядзеў бы бяз заробку. Мячы з бліжняга кута абавязаны быў усе выцягваць. З дальняга – хаця б палову.

-Месца Анатоля Галузы ў варотах СКА сумневу не падзвяргалася. Вы зьяўляліся на пляцоўцы рэдка, але метка. Маглі ў цяжкія хвіліны адбіць семімятровы ці справіцца з выхадам сам на сам. Узгадваюцца некаторыя гульні з ЦСКА – гэтыя разборкі стаялі заўжды асобна.

-“Заруба” была канкрэтная. Пераможца выйгрваў усяго адзін-два мячы, здараліся нічыі. І ніхто нікога не шкадаваў на пляцоўцы, на заслугі не зьвярталі ўвагі. Памятаю, як у Запарожжы гулялі. Вялі адзін мяч. Заставаліся лічаныя секунды. І тут Юрый Кідзяеў мяч перахоплівае – і ў адрыў. Алімпійскі чэмпіён, майстра з вялікай літары – для яго гэта стоадсоткавы гол. А мне да “лампачкі” ўвесь ягоны аўтарытэт. Рвануў з варотаў насустрач, наўмысна сутыкнуўся, атрымаў свае дзве хвіліны штрафу, але матч мы выйгралі.

-Калі апошні раз вы збіралія разам “залатой гвардыяй”?

-Даўно. У 2011 годзе на гандбольным марафоне, калі па ўсёй краіне людзі рознага веку гулялі ў ручны мяч 32 гадзіны. Аматары і прафесіяналы. Усё гэта было прымеркавана да 30-ці годзьдзя першай перамогі СКА ў чэмпіянаце СССР. Збіраліся і ў 2013-ым на фінальным матчы Кубку выкліку на “Мінск-Арэне”.

2013 год стаў знакавым і для зборнай Юрыя Шайцова, якая прабілася на чэмпіянат свету пасля васемнаццацігадовай адсутнасці. Наступныя два форумы таксама не абыйшліся бяз беларусаў. У лік  шаснаццаці лепшых патрапляем – толькі вынікі гульняў з мацнейшымі зборнымі свету не цешылі… Нягледзчы на прагрэс, да савецкіх поспехаў яшчэ далёка.

8.      Уладзімір Міхута – “гармата”  мінскага СКА

Уладзімір Міхута паходзіць з вёскі Тулава Зэльвенскага раёну. У школьным дзяцінстве будучага бамбардыра трапіўся добры настаўнік Генадзь Іосіфавіч Жук, ён веў спевы, урокі працы і фізкультуру. Прывіваў любоў да спорту: улетку атлетыка ды гульнявыя віды, а ўзімку лыжы. У каманду яшчэ прабіцца трэба было. Неяк з Зэльвы прыехаў хлопец, які займаўся гандболам, агітаваў за гэты від спорту. У школьным двары стаяла трыбуна, на ёй хлопцы малявалі вароты, і першыя кідкі будучай зоркі былі па ёй.

Міхута прыгадвае: “Так што калі я ў Зэльву прыехаў да свайго першага трэнера Гана, кідок у мяне ўжо быў. А Леанід Пятровіч яго ўдасканаліў. Дарэчы, Валеры Ціўнчык – дзвухкратны чэмпіён свету сярод юніёраў, які цяпер жыве ў Партугаліі, таксама ягоны выхаванец. У дзевятым класе пераехаў у Мінск”.

Сёння спадар Уладзімір жыве ў асноўным ў роднай хаце ў сяле. Уладзімір Міхута цяжка ходзіць, прафесійны спорт пакідае раны, якія мучаюць спартоўцаў пазней, да канца іхнага веку. 

-Як пажывае бамбардыр, наводзіўшы жах на гандбольную Еўропу ў 80-ыя? З 60-ці годзьдзем кіраўніцтва Зельвенскага раёну павіньшавала?

-Нармальна пажываю. Хоць, калі меркаваць па пенсіі, размова іншая.  А з віньшаваннямі прыязджаў намесьнік старшыні райвыканкаму. Прыемна, канешне, што не забываюць.

-Хіба забудзеш, як вы забівалі здалёк з агаломшваючай дакладнасцю.

-На трэніроўках даводзіў кідок да аўтаматызму. Пасля асноўных заняткаў заставаўся ў залі, дапрацоўваў. А пасля гульні, калі матч паказвалі ў запісу па тэлебачанню, абавязкова глядзеў. З боку ўсё добра бачна. У які кут цэліў – туды і ляцела.

-Мінскі матч з “Гроссвальштадтам” у 1983-ім – момант ісціны для СКА, на той час дэбютанта еўракубкаў. У немцаў было столькі тытулаў, што ў супернікаў ногі дрыжалі і рукі трэсліся?  А вы ім першыя пятнаццаць хвілінаў дальнімі кідкамі паклалі пяць з пяці.

-Тады яны ўзялі мяне пад персанальную апеку, а нам толькі гэта і трэба. Кашкан сказаў, што сам з імі разбярэцца. У яго абыход мацнейшы быў, а яшчэ перадачы ў лінію і на вугал Шайцову альбо Каршакевічу – знакамітыя пасы-парашуты. Мне ж сказаў, каб бліжэй да цэнтру з персанальшчыкам трымаўся і не перашкаджаў яму. І пайшоў разгром. У ФРГ мы ім пяць саступілі. Дома выйгралі дзесяць. Немцы тады асалапелі, не ведаючы, каго хапаць: Кашкана, крайняга ці лінейнага? А на “разрэзе” Юра Захараў. У той перамозе, канешне, заслуга ўсёй каманды. Але Каршак геройстваваў. Мячоў дзесяць ім паклаў, з нулявога вугла фірмовымі падкруткамі, над брамнікам куражыўся. Не дарэмна ж яго вызналі лепшым левым крайнім сусветнага гандболу ХХ стагодзьдзя.

-У СКА падтрымлівалі матэрыяльна?

-Вылучалі кватэры. У 1981-ым думалі пра медалі. А тут – за два туры да заканчэння першынства ідзем другімі, адстаючы ад ЦСКА ўсяго на ачко! У Мінску сталі лідэрамі – абыйшлі Маскву на ачко! Медалі, лічы, у кішэні. Апошняя хатняя гульня была з вайскоўцамі Львову. Спім у гатэлі перад матчам. Прыходзіць начальнік СКА БВА Кудраўцаў. Будзіць шэсць чалавек глядзець кватэры. Аглядзелі ўважліва. Абралі. Нават з Кудраўцавым параіліся, які бок дому лепшы. Ідзем на гульню з аўтсайдэрам з думкамі, што парвем іх. На матчы прысутнічае камандуючы БВА, вылучыўшы нам кватэры. У Доме афіцэраў ва Ўруччы ўжо загадзьдзя былі накрытыя сталы. На банкеце камандуючы збіраўся ўручаць нам ордэр на кватэры. Але… Гульня са Львовам не заладзілася. Мы ў іх заўжды выйгравалі, а тут… Што здарылася? Агулам, прайгралі. Камандуючы за паўтара гадзіны выпаліў пачку цыгарэт, выпіў пляшку каньяку. Яго давялі да машыны, дзе ён даў каманду прыбраць сталы для ўрачыстасці. Парваў ва ўсіх на віду ардэры. З тым і паехаў.

Праз тыдзень – апошні тур у Маскве. Там выйгралі ў ЦСКА, які таксама пацярпеў ад іншых паразы. Так мы сталі датэрмінова чэмпіёнамі СССР! Абвесцілі па тэлебачанню. А ардэры нам уручылі праз паўгода.

-Каб адрадзіць беларускі гандбол, патрэбны новы трэнер-наватар, якім быў у свой час Спартак Мірановіч, альбо ў савецкі час многае вызначаў унутраны моцны чэмпіянат?

-У зборнай Саюзу некаторыя гульцы казалі, што стаць чэмпіёнам краіны цяжэй, чым са зборнай выйграць чэмпіянат свету альбо Алімпіяду. Такі быў узровень савецкага ганболу. А для трэнера-наватара неабходныя гульцы, здатныя рэалізоўваць ягоныя задумы на пляцоўцы. Цяперашнім яўна чагосці не хапае. Патрэбна дзесьці злавіць сваю гульню.

Асноўныя казыры СКА 80-ых – гульнявая тэхніка, мысленне, разуменне гульні, моцныя кідкі. Мы спрачаліся між сабой пасля матчаў, затрымліваючыся ў разьдзявалцы на гадзіну-іншую. Мірановіч разганяў нас па хатах. Зусім іншае было стаўленне да гандболу. Даходзіла да боек. Калі не забівалі стоадсоткавыя мячы, маглі і ў часе гульні “ўставіць у тык”. Сучасных яшчэ неабходна вучыць імправізацыі на пляцоўцы. Мацнейшыя пралічваюць суперніка на некалькі крокаў наперад.

Цяперашнім гульцам ёсць што глядзець у інтэрнэце і па тэлебачанню. Ёсць чаму вучыцца. Мы ж не мелі аніякай інфармацыі пра супернікаў у еўракубках. Гулялі “з чыстага ліста”, ад чаго у першых матчах прайгравалі, але дома даціскалі суперніка.

У 1977, калі я прыехаў у каманду, было ў каго набрацца досьведу. Старэйшыя заўсёды падказвалі. У тым годзе праходзілі маладзёвыя гульні СССР. У Каўнас зборная Беларусі паехала бяз Спартака Мірановіча, які тады лёг на аперацыю. З намі адправіўся трэнер Бабровіч. Уся каманда згуртавалася бяз Спартака Пятровіча, хацелі, каб паскарэй выздаравеў.

Памятую, сядзім пад вялікім дубам, як сіроты. Іншыя падначваюць: маўляў, за якім месцам прыехалі, беларусы? Ну, мы ім – вядома, што за першым. Тыя ўсьміхаюцца: слабо бяз Мірановіча, не пацягнеце. А мы іх усіх перайгралі! Наперадзе былі трыўмфы ў дарослым гандболе, але тая перамога – асабняком. Калі згуртаваліся, то зразумелі, што горы можна звярнуць. У вырашальным матчы сыйшліся з Летувой у “Шпортхалле”. У перапоўненай залі ўсе былі супраць нас: і заўзятары, і судзьдзі. З трыбунаў ляцела ўсё, нават шкляныя бутэлькі. Гульню спынялі. Але мы толькі мацней раззлаваліся. Алег Васільчанка ў цяжкі момант узяў два семімятровых, зламаўшы Летуву псіхалагічна. У такіх турнірах у васемнаццацігадовых хлопцаў і загартоўваўся характар. Калі выйшаў на паляну, хоць з адной рукой і на адной назе – трэба змагацца!

А калі мы ў статусе чэмпіёнаў прыбылі ў Мінск, на вакзале нас сустрэў Спартак Мірановіч з жонкай. Наперадзе ў каманды былі кубкі і медалі, але той вялікі букет кветак ад трэнера дагэтуль у памяці. У 1981 нас узнагародзілі ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савету БССР. Зараз жыву на сціплую пенсію. Думаю паказаць  гэтую грамату, каму трэба, можа, і дапаможа ў паляпшэнні жыцця. А гульцам цяпрашняй зборнай хочацца пажадаць пабольш працаваць над тэхнікай кідкоў. Маючы ў арсенале 2-3 віды, перамагаць нерэальна.

-Сёння пасьмейваюцца над ціхаходным гандболам 80-ых, аднак у СКА – кубкі, медалі, аншлагі. Чэргі за квіткамі, якія былі хіба на футбол часоў мінскага “Дынама”.

 -Мы выйгралі чэмпіянат СССР у 1981-ым, а футбалісты – у 1982-ім. Жартавалі: ад нас прынялі пераможную эстафету. Нядаўна сыйшоў з жыцьця Валянцін Доўбня, гулец таго “залатога” складу 1981 году. Правы паўсярэдні. У 1977-ым стаў чэмпіёнам свету сярод моладзі. У тым жа годзе я прыйшоў у каманду і многаму ў Валіка навучыўся. У гульні ён быў не па гадах разважлівы, з добрым кідком. Выдатна бачыў пляцоўку. У яго быў свой старэйшы таварыш з мудрай парадай – Леанід Гуско, які сыйшоў з жыцця зусім рана.

У 2002-ім, яму было ўсяго 52 гады. У мінскім СКА ён зьяўляўся ўвасабленнем гульнявой мудрасці. У цяжкія хвіліны Мірановіч выпускаў яго на пляцоўку. І Леня забіваў дзякуючы непераўзыдзенаму апорнаму кідку. На першых трэніроўках я спрабаваў паўтарыць гэты кідок. Але дзе там! Каб так кідаць, патрэбная сіла, а што мог сямнаццацігадовы хлапец? Мірановіч казаў: “Косці ёсць – мышцы нарастуць.” У 1981-ым прароцтва збылося. Пасля маіх кідкоў рвалася сетка варотаў.

Калі ўпершыню сталі чэмпіёнамі СССР, у Мінск прыбылі цягніком, а на вакзале нас сустракаў аркестр Беларускай вайсковай акругі. Праз два тыдні выйгралі Кубак СССР. Назад вярталіся на самалёце. У паветранай прасторы ўзнікла спрэчка паміж мной і Лёней Гуско. Як нас будуць сустракаць у Мінску? Ён кажа, што зноў  з аркестрам. Я даказваю, што двойчы з аркестрам сустракаць не будуць. Прызямліліся. Выходзім – і тут гучыць музыка ў наш гонар! Прайграўся, а на душы радасна.

СКА заваяваў столькі тытулаў, што сходу ўсё можна і не ўзгадаць.  

9.      Аляксандр  Масейкін – стратэг абароны

Былы выдатны гулец мінскага СКА Аляксандр Масейкін жыве пустэльнікам на хутары далёка ад Мінску. Былы чэмпіён мае дом у Ждановічах, але жыве на хутары блізка сяла Івезянка Дзятлаўскага раёну, дзе  разводзіць усялякую жыўнасць, ачышчае захірэлае возера і адпачывае ад мітусні “вялікай зямлі”. Зараз цяжка пазнаць  былога гандбаліста. Густая барада робіць яго больш падобным на філосафа, пісьменніка альбо мастака ці скульптара. Але масцерка з лэйблам SKA MINSK на спіне, магутны поціск рукі ды рост волату дапамаглі журналісту пазнаць “сцяну”  абароны армейскага клубу. Калі Масейкін узнімаў рукі ўверх, падаецца, ледзь не даставаў да столі спартыўных залаў.

-Вы пачыналі баскетбалістам?

-Так, чатыры гады займаўся ў сваім родным Крычаве. Але затым мяне заўважыў Леў Рабіновіч і параіў у Мінск Мірановічу з Касінскім. Аніякіх праглядаў, тэстаў… Неяк адразу патрапіў у інтэрнат, а праз некаторы час і ў аснову клубу. Амаль усю кар’еру правёў у СКА.

-Вы гулялі галоўным чынам у абароне?

-Галы таксама забіваў. Але ў асноўным толькі ў хуткіх адрывах, якіх раней было больш, чым зараз. Калі ж мы пераходзілі ў пазіцыйныя атакі, я мяняўся. Бегаць і ў абароне, і ў атацы ў мяне здароўя б не хапіла.

-Пра апошні трафей, заваяваны да распаду Саюзу, у 1990 годзе…

-Выйгралі таму, што былі мацнейшыя. У інтэрнэце зараз усё ёсць.

-Там толькі другі фінальны матч у Барселоне. Мінскай гульні няма.

-На пляцоўцы суперніка гулялі па ліку. Больш, чым на два мячы, іх не адпускалі. У выніку ўсё так і завяршылася. “Барселона” старалася, але мы былі настолькі замацярэўшыя  ў еўракубкавых баталіях, што ўсім тады слаба было нас пасунуць з пастаменту.

-У цяперашняга СКА у матчах Кубку ЕГФ не было аніякіх шансаў з нямецкім “Райн Левен”. Які ён – сучасны гандбол?

-Бязладны. Пры хуткім тэмпе гульні шмат браку. Мы сабе такога не дазвалялі. Гулялі разважліва, па-прафесарскі. Мінімум браку ў перадачах. Выбухалі на контратаках, у хуткіх прарывах. Адзін-два пасы – і гулец выходзіць сам на сам з брамнікам. Фірмовы армейскі адрыў – нашая візітная картка ў Еўропе ў тыя гады.

Можа, не такімі ўжо і “ціхаходнымі” былі і той гандбол, і той СКА, як зараз прынята пасмейвацца. Хто не верыць – паглядзіце. У інтэрнэце сапраўды можна ўсё знайсці. А з усіх выхаванцаў Спартака Мірановіча Масейкін разам з Галузам, Шайцовымм і Каршакевічам зьяўляюцца самымі тытулованымі. Толькі яны прайшлі ўвесь пераможны шлях ад 1981 да 1990 год.

10.  Аляксандр Каршакевіч – жывая легенда гандболу

Пра спадара Аляксандра шмат напісана, і мы таксама прысьвяцілі яму матэрыял, але пра такога чэмпіёна заўжды ёсьць што сказаць.

Часам падавалася, што Каршакевіч у лепшыя гады ўвогуле мог закінуць столькі, колькі яму захочацца. Ён быў непрадказальны і гэта выбівала з каляіны лепшых брамнікаў Саюзу і Еўропы. Каршакевіч быў лепшым гульцом лепшага клуба Еўропы 80-ых гадоў! Нельга было пралічыць ні ягоныя дзеянні, ні траекторыю ягонай падкруткі, “падкруткі Каршакевіча”, і супернікам прыходзілася капітуляваць…

Некалькі гадоў таму, калі ў Мінску прайшоў ганбольны марафон на 32 гадзіны, Каршакевіч сабраў сваіх сяброў па залатому СКА. А потым адбегаў абодва таймы, забываючы пра свой хворы сустаў.

Кажуць, людзі з федэрацыі зьдзіўляліся: “Як ён змог? Ён жа хадзіць не можа…”. Змог нават на адной назе завесьці свой калектыў.

-Таленты праяўляюць сябе адразу, у любым веку. Лепшым беларускім распасоўшчыкам усіх часоў Юрый Шайцоў назваў вашага аднагодку Кашкана.

-Спартак Міранавіч на гэты конт любіў казаць: “На чэмпіянаце Мінску 93-яя школа выйграла ў 88-ай з лікам 35:34. У пераможцаў усе мячы закінуў Каршакевіч, у прайграўшых – Кашкан”. У Ігара быў вельмі моцны фінт-абыход. Не валодаючы моцным кідком, ён абыгрываў практычна любога абаронцу сам на сам. А потым, ужо ў СКА, у нас зьявілася гэтая зьвязка, накідваў мяч у зону, куды ўлятаў я, лавіў мяч у паветры  ды тут жа адпраўляў яго ў вароты.

-Выглядала эфектна.

-Дзеля праўды варта адзначыць, што аўтарства гэтай камбінацыі належыць грузінам. Мы толькі вывялі выкананне на новы ўзровень, удасканалілі і прэзентавалі ў Еўропе.

-У 1979-ым у Даніі вы сталі чэмпіёнамі свету сярод юніёраў.

-Так, гэтая краіна была цікавейшая, але чамусці як раз у памяці і не адклалася. Затое добра памятую матчы за першае месца, з югаславамі. Закінуў ім, падаецца, 11 мячоў, большасць з нулявогв кута і з падкруткай. Яны гядзелі на гэта, разявіўшы рот, і не разумелі, што адбываецца.

-Калі была прыдуманая знакамітая падкрутка?

-У СКА падобым чынам кідаў Коля Жук, але ён рабіў гэта па-іншаму, накіроўваў мяч з моцным адскокам у дальні верх. А я вырашыў кідаць мягчэй, мяч не далятаў да апорнай нагі брамніка сантыметраў дваццаць, і той ужо не паспяваў перанесці цяжар цела на іншую нагу і заставаўся у адыграным становішчы.

Пра супернікаў…

-На той час, безумоўна, вельмі моцная гандбольная школа была ў сацыялістычных краінаў. Югаславы, румыны, вельмі моцная гандбольная школа была ў сацлагеры.  Югаславы, румыны, палякі, венгры няпростые. Данія, Нарвегія, Ісландыя таксама прысутнічалі на чэмпіянатах. Але, зарзумела, такімі магутнымі, як цяпер, яны тады не былі.

Непрыемна было гуляць з югамі. У іх стыль такі, маглі ўшчыкнуць, незаўважна ўдарыць, справакаваць на адказныя дзеянні. У адказ локцем пасылаеш, а арбітр табе дзьве хвіліны. Румыны такія самыя, яшчэ і плюнуць у твар могуць.

Немцы – іншыя. Я, напрыклад, не люблю глядзець нямецкі футбол. Ён жорсткі і няма той красы, як у бразільцаў альбо гішпанцаў, якія плятуць карункі і робяць па дваццаць перадач. Там усё косць у косць – у гандбол немцы таксама гулялі. Затое шчыра, бяз хамства за спіной, як нармальныя цывілізаваныя еўрапейцы.

-Хто быў самым нязручным пратыўнікам у СКА на ўсесаюзнай арэне?

-Асабіста для мяне запарожскі ЗІІ. Там два брамнікі зборнай – Шыпенка ды Жукаў, і яны былі сапраўдным камнем спатыкнення. Калі іншым забіваў з падкруткай тры-чатыры мячы папросту, то гэтым адзін ці два, ды і тое з максімальнай напругай. Дарэчы, і акром ЗІІ, у чэмпіянаце Саюзу хапала моцных каманд.

Памятаю, у 1981-ым гулялі тур у Мінску з ЦСКА, МАІ, ЗІІ. “Гранітасам” і львоўскім СКА, які толькі ўвайшоў у эліту. Першых чатырох грандаў мы паклалі, у апошнім жа матчы саступілі Львову, да ўласнага здзіўлення. А не трэба было зяваць, таму што любая каманда, нават дэбютант, валодала дастатковым класам, каб абыграць лідэра.

На наступны дзень пасля паразы сход. Начальнік клубу Кудраўцаў вымавіў сакраментальныя словы: “Вунь Фецісаву канадцы вока выбілі, той на лёд выпаў, а Слава яго назад уставіў ды зноў у бой, а вы, засранцы, нейкаму Львову прайграеце…”. Прычым ён казаў так пераканана, быццам сам бачыў той подзвіг Фецісава. Мы, натуральна, захоплена ківалі галовамі, які малойца гэты Слава. Прама са льду ўзняў – мы, вядома, не змаглі б, куды ўжо нам.

-Самай каларытнай асобай у СКА чэмпіёнскіх часоў быў…

-…Валодзя Міхута – гэта любы пацвердзіць. У яго ў кожным горадзе была сястра. Ледзь у гатэль засяліліся, ён ужо ў дарогу. “Куды?” – “Сваякі ў мяне тут. Сястра дваюрадная, трэба праведаць”. Галаву мог любой задурыць. Такіх казак нараспавядаць… Клічка Андэрсэн.

Неяк у Стайках Мірановіч арганізуе прагляд гульні пасля вячэры. Сабраліся ўсе, Міхуты няма. Давай у дзверы ягонага нумару грукаць – ніхто не адчыняе. Прабараліся на балкон, у шкло тарабанім – нуль рэакцыі. Раніцай запытваем: “Ты дзе быў?” – “Спаў”.—“Мы ж вокны ледзь не высадзілі”. – “А-а-а… Дык гэта вы былі? Я меркаваў, птучашка клювам грукае”. У іншы раз нехта з трэнераў заходзіць да яго зранку ў нумар. Міхута спіць як забіты, а з-пад адзеяла тырчаць не дзьве – чатыры нагі.  

-Як да гэтага ставіўся Мірановіч?

-Ён нармалёвы чалавек і цудоўна ўсё разумеў. Каманду немагчыма увесь час трымаць у яжовых рукавіцах, людзям трэба даваць магчымасьць расслабіцца і скінуць стрэс. Калі нехта захоча свінціць на спатканне з дзяўчынай, ён гэта зробіць, як яго не піднуй. Пападаліся ўсе, але Мірановіч пры ўсёй ягонай строгасці, канешне, на нейкія ўчынкі мог вочы закрыць. Але ізноў жа не заўсёды. Аднойчы Жэня Сапроненка добра адзначыў сустрэчу з сябрамі ў сябе дома, пайшоў праводзіць іх на прыпынак таксі, а калі вяртаўся, перайшоў дарогу ў недазволеным месцы. І галоўнае – зрабіў гэта ў самы непадыходны момант, як раз перад картэжам першага сакратара ЦК Слюнькова.

 Жэню, вядомая справа, скруцілі і як вайскоўца даставілі ў камендатуру. Па вялікаму рахунку, Мірановіч мог яго адтуль дастаць, але рабіць гэта не пажадаў. Мяркую, каб іншыя прынялі гэта як належны ўрок. І ўсе адразу ўсё зразумелі.

Ён, падаецца, таксама з тых, хто ня вельмі ўладкаваўся ў жыцці пасля гандболу.

-У яго была вельмі сьветлая галава, ён жа радыётэхнічны закончыў. Калі ў кагосці меліся праблемы з радыёпрыёмнікам, яму хапала дзьвух хвілінаў, каб той зноў пачаў працаваць. Калі пасля выпадку са Слюньковым яго прыбралі з каманды, ён працаваў у РТІ, потым яшчэ дзесці, а зараз, як я разумею, перабіваецца з х.. на х…

-Я так разумею, той сваёй зорнай камандай вы нечаста збіраецеся.

-Чаму ж, на ўсялякія там юбілеі і ўшанаванні з вялікім задавальненнем. Я іх тады ўсіх абтэлефаноўваю, і практычна ніхто не адмаўляецца. Мне, ведаеш, за каго крыўдна? За Толю Галузу. Мы з ім як у 91-ым развіталіся – я паехаў у Нямеччыну, ён у Галандыю, – так пасля таго ён аніводнага разу сюды не прыехаў. Клікаў яго на сваё 50-ці годзьдзе, адзіны раз, калі размаўляў з Толям па тэлефону. Ён сказаў, што параіцца з жонкай і яны прыймуць рашэнне. І ўсё, больш кантактаў не было. Не ведаю, чаму яго не цягне на радзіму. На ягоным месцы мне было б цікава проста пабачыцца з хлопцамі, пасядзець, узгадаць, тым больш ёсць што. Горад, у рэшце рэшт, паглядзець, які за 25 гадоў змяніўся да непазнавальнасці.

-За каго з хлапцоў найбольш найбольш усцешаны?

-За Колю Масалкова. У яго таксама заўжды былі залатыя рукі. Яму ў Нямеччыне далі кватэру, і ён у ёй усё зрабіў уласнымі рукаммі, да каміну. Працуе як сапраўдны немец, вельмі скрупулёзна і адказна. Малойца!

-Хто быў самым цягавітым у СКА?

-Трэніроўкі, якія Мірановіч праводзіў зараз і ў 80-ыя, – дзьве вялікія розніцы. Як я кажу хлопцам са СКА: “Вашая сённяшняя трэнірўка была б у нас проста размінкай”. – Скажу сціпла – я. Любіў розныя практыкаванні, асабліва акрабатыку. Юра Шайцоў, напрыклад, яе не асабліва пераносіў, на ўсялякі выпадак была прыгатоўленая ўрна. Нагрузкі былі такімі, што сапраўды вымотвалі да краю, і людзей ад перанапругі проста вярнула. А зараз даеш акрабатыку і баішся нават не звышскладанага, а проста складанага практыкавання: як бы чаго не здарылася.

Міша Якімовіч крыху пазней падцягнуўся. Гэта ўвогуле надзвычайны чалавек, па маладосці калі не закідвае з першага кідку, то потым зробіць яшчэ дзесяць, каб забіць. Мы нават прасілі Мірановіча прыбраць яго з пляцоўкі. Абыход ягоны пад крок, унікальны кідок. Гульня ў адказ са “Сцяўа” – што ён тварыў разам з Тучкіным…

-Як адрэагавалі партнеры па СКА, калі чатыры гады назад вы запрасілі іх зноў выйсьці на пляцоўку – адкрыць 32-ух гадзінны гандбольны марафон?

-Міхута сказаў, што не пойдзе. “Няма формы”. – “Знайду”. – “Дык я гэта…ужо хадзіць не магу…” – “будзеш бегаць”. Руды – Васільчанка – той адразу пагадзіўся, з энтузіязмам. Алег увогуле за любы “кіпеш”. Кашкан нармальна. Доўбня прыйшоў, Косьця Шаравараў, Юра Шайцоў… Мяркую, нехта пашкадаваў. Мне ў прынцыпе хацелася, каб мы часцей сустракаліся. Вячоркі, можа, нейкія прыдумляць?

У мяне часта запытваюць: “Цікава, а вось выйграў бы чэмпіёнскі СКА ў цяперашніх армейцаў?”. Адказваю: “Ды папросту, Тучкін з Якімовічам накідалі б вам цэлую авоську. І я разам з імі. І ў абароне адстаялі б, а вы б нам забілі адзін гол, халяву якую-небудзь”. Хоць, бяз сумневу, у гэтым адказае больш жарту. Цяжка параўноўваць каманды, якія падзяляюць дваццаць, а тое і трыццаць гадоў. Але калі браць выніковасць, то мы забівалі ня менш, а то і больш. Няхай паспрабуюць 86 мячоў каму-небудзь накідаць.

-86?!

-На Спартакіадзе сяброўскіх арміяй у 1983-ім выйгралі ў Афганістана з лікам 86:2. Першы тайм Ішчанка адстаяў – 40:0. На другі выйшаў Томін і з нулявога кута ўмудрыўся прапусьціць. Я амаль увесь матч правёў у адрыве і закінуў 39. Мог бы і больш, але калі выскокваў на вароты, не мог стрымаць смех – у іх брамнік быў метр з кепкай і ў пальчатках, увесь час крычаў, падбадзёрваў сябе, і так пацешна малаціў паветру рукамі, што ўся нашая лаўка проста на падлогу клалася. Афганцы на нас потым яшчэ і пакрыўдзіліся. Мы у Мазамбіка выйгралі ўсяго 76:8. Яны падыходзяць: “Ну як жа так, вы што, не маглі ім 90 пакласці?”. Ці яны вам больш сяброўская краіна, чым мы?”

ЭПIЛОГ

Беларускія ўлады прынамсі могуць знайсьці магчымасьць даць гульцам легендарнага СКА пенсію палкоўніка міліцыі, каб нашыя чэмпіёны не лічылі кожную капейку. На падобную справу  дакладна рэсурсы знойдуцца – гэта было б лепшым крокам для прэстыжу спорту ды выхавання новых гульцоў! Бо маладыя спартоўцы разумеюць: так будуць потым і да іх ставіцца.

Гульцы СКА ў асноўным выступалі яшчэ пры СССР, аднак прэстыж Беларусі ў спорце яны ўзнялі на самы высокі ўзровень сваімі фантастычнымі  перамогамі. У інтэрнэце зараз зьявіўся дакументальны фільм “Гуляючы, вер…”, зьняты на “Беларусьфільме” ў 1984 годзе. Апавядаецца пра мінскі СКА, які выйграў ўвесну 1983-га году свой першы Кубак у Еўропе. Магчыма маладое пакаленне беларускіх гандбалістаў таксама падаруе кіношнікам гісторыю для новых фільмаў?

Але найперш чакаем, калі несправядлівае блакаванне беларускіх спартоўцаў і, канешне, гандбалістаў, завершыцца. Бо караць адну з самых гандбольных краінаў свету бязпадстаўнымі санкцыямі – гэта сапраўды злачынства супраць спорту і звычайных  людзей.


Аўтары: Васіль Додзік, Ігнат Скарчэня
Дызайн: Oлена Дiя, Валянцін Гольдштэйн
Рэдактары: Аляксандр Апейкін, Валянцін Гольдштэйн


Пры падрыхтоўцы матэрыялу былі выкарыстаныя:

1.https://ska-minsk.by/news_item/?ni=1985.
2. https://ska-minsk.by/history/
3. https://www.sb.by/articles/a-ruki-pomnyat-.html
https://handballfast.com/news/27218-vladimir-mixuta-cast-1-staikovskii
5. https://www.sb.by/articles/zloy-no-ne-strashnyy.html
6. https://handball.by/s-tribun-leteli-dazhe-steklyannye-butylki-no-my-tolko-silnee-razozl
7. https://www.noc.by/olympic-games/team/chempiony-olimpijskih/sharovarov-konstantin-grigorevich-gandbol/
8. https://mlyn.by/12122024/chempion-igr-1988-po-gandbolu-sharovarov-v-sssr-uchili-odnomu-pobezhdat/
9. https://handballfast.com/news/23981-mikhail_yakimovich_v_santandere_mezhdu_nashimi_s_talantom_domami
10. https://www.sb.by/articles/mishkiny-rasskazy.html
11. https://www.youtube.com/watch?v=IfMIwOy3qug
12. https://www.youtube.com/watch?v=psKfa3ZIjJg
13. https://www.youtube.com/watch?v=BRul9zJfX6E
14. https://pressball.by/blog/pressball/22143/
15. https://sportpanorama.by/news/spartak-mironovich-v-zhizni-vsego-dobivalsia-sam
16. https://www.sb.by/articles/metr-petrovich.html
17. http://www.5kolec.com/handball/news/article-47643/
18. https://www.sb.by/articles/nepobedimyy-spartak.html
19. https://handballfast.com/news/12025-nostalgiya_luchshiy_match_samykh_slavnykh_vremen_minskiy_ska_protiv_styaua
20. https://www.sb.by/articles/po-prozvishchu-ded.html
21. https://handballfast.com/news/52231-aleksandr-moseikin-samoe-interesnoe-cto-tretyu-trenirovku-v-ska-my-sami-mironovicu-i-predlozili