МІНСКI СКА: ЛІДЭР СУСВЕТНАГА ГАНДБОЛУ Ч.2

Васіль Додзік
28.04.2025

Mы працягваем серыю захапляльных публікацый пра легендарны гандбольны клуб СКА (Мінск) – адну з найвялікшых каманд у гісторыі сусветнага гандболу.

У трох частках мы ўзгадаем залатыя гады, гучныя перамогі і выбітных асобаў, што зрабілі мінскі СКА сімвалам цэлай эпохі.
Гэта другi матэрыял з нашай серыі лонгрыдаў – далучайцеся да святкавання вялікай гісторыі разам з намі!
Першая частка тут: МІНСКI СКА: ЛІДЭР СУСВЕТНАГА ГАНДБОЛУ – BSSF


Гандбол нарадзіўся ў Еўропе

Увогуле гандбол прыдумалі дацкія футбалісты на мяжы XIX-XX стагодздзяў. Гэтая гульня прыйшла на замену футболу ў зімні час. Гэта першапачаткова быў еўрапейскі від.

У 1920 годзе ў Берліне адбыліся першыя гульні на Кубак ды першынства Нямеччыны па ручному мячу. У 1923 годзе былі скарэктаваныя правілы гульні. Зменшылі памер мяча, увялі правілы “трох секунд” і “трох крокаў”, што павысіла тэхніку гульні. У 1925 годзе адбылася першая міжанародная сустрэча каманды Нямеччыны з камандай Аўстрыі. Матч завершыўся з лікам 5:6.

У 1926 годзе гандбол быў вызнаны міжнародным відам спорту, што дало імпульс для ягонага развіцця ў шэрагу краінаў. У Люксембургу, Гішпаніі, Швейцарыі сталі зьяўляцца клубы, а ў 1928 годзе ў Амстэрдаме была створаная Міжнародная Аматарская Федэрацыя Гандболу. У 1936 годзе гандбол быў упершыню ўключаны ў праграму Алімпійскіх гульняў у Берліне.

У 1946 годзе гандбол атрымаў падтрымку для развіцця, была створаная Міжнародная федэрацыя гандболу (IHF). Яна зацвердзіла праграму, скіраваную на рост ды папулярызацыю міжнароднага гандболу, а таксама вызначаны план правядзення чэмпіянатаў сьвету. З 1966 году ў гандбольнай камандзе 7 чалавек.

1956–1975: Пачатак беларускага гандболу. “Палітэхнік”

Гісторыя беларускага гандболу пачалася ў 1956 годзн – з Сяргея Авакумава, які пераехаў ў Мінск з Кіева, ды з Кіеўскага інстытуту фізкультуры патрапіў ў мінскі БДАІФК (цяпер БДУФК), дзе актыўна ўзяўся за развіццё гэтага новага для рэспублікі віду спорту.

Спачатку ён стварыў ды ўзначаліў каманду ў роднай навучальнай установе. Затым адгукнуўся на прапанову Беларускага палітэхнічнага інстытуту, дзе палічылі ручны мяч справай карыснай ды цікавай. А ў кастрычніку 1956-га высілкамі энтузіястаў была арганізаваная Мінская гарадская кіруючая секцыя (федэрацыя) гандболу. Пачынанне пераходзіла з аматарскіх рэйкаў на прафесійныя.

Праз чатыры гады, заклаўшы гандбольны падмурак у Беларусі, Авакумаў саступіў месца трэнера каманды БПІ Віталю Дабравольскаму, з іменем якога звязаны якасны скачок у развіцці беларускага ручнога мяча. На базе інстытуту настаўнік у 1960-ым годзе стварыў клуб “Палітэхнік”, які стаў прабацькам мінскага СКА. Удалося сабраць у сябе на той час лепшых: Анатоля Чэркаскага, Віталя Вальчака, Віктара Карпенка з БДІНГ, Спартака Мірановіча, Сяргея Авакумава, Уладзіміра Бычкова, Івана Мядзешка з БДАІФК, Юрыя Фокіна, Германа Генералава з БПІ… Канкурэнцыя была настолькі высокая, што многія перспектыўныя гульцы не прабіліся ў склад, нягледзячы на вялізнае жаданне.

У 1961 годзе “Палітэхнік” атрымаў перамогу ў першым розыгрышы чэмпіянату Беларусі, які прайшоў у Горках. Акром пераможцаў, у ім бралі ўдзел яшчэ чатыры каманды: мінскі “Спартак”, “Гомель”, БСГА з Магілёўскай вобласці ды “Віцебск”. У наступным сезоне каманда Дабравольскага праз сіта папярэдняга турніру прабілася ў камапанію мацнейшых калектываў СССР. У эліце яна, нікому не саступіўшы буйна, здабыла славу моцнай, упартай дружыны, аднак фінішавала на сёмым, перадапошнім месцы.

Аднак на гэтым уздым спыніўся. У сярэдзіне 60-ых беларускі гандбол у асноўным жыў у ВНУ. Від трымаўся на энтузіязме асобных людзей. Надзейнага падмурку – школ, спартыўных баз, трэнерскіх кадраў – не было створана. “Палітэхнік” прадказальна развітаўся з элітай.

Адраджэнне здарылася ў 1967 годзе, калі мінчукі ўзняліся ў чэмпіянаце краіны на шосты радок – высока, як ніколі! У гэты год адбыўся і першы ў гісторыі беларускага гандболу міжнародны матч: “Палітэхнік” прыняў дома дацкі ДАІ і ўпэўнена перамог – 25:19.

Але ў 1969-ым “Палітэхнік” атрымаў сур’ёзны ўдар: фінішаваў у чэмпіянаце на сёмым месцы з чатырнадцаці, быў вымушаны пакінуць эліту. Адбылося гэта праз вытрымкі рэгламенту. Апынуўшыся за рысай шасцёркі лепшых калектываў, “Палітэхнік” разам з ЦСКА, “Жальгірысам” і “Даўгавай” правёў дадатковы турнір за два месцы ў групе мацнейшых, абмежаванай у наступным сезоне толькі 8 клубамі. Турнір гэты мінчукі прайгралі.

Пачалалося цяжкае жыццё ў другім дывізіёне: 1970 год – 8-ае месца, 1971-ы – 10-ае, 1972-і – 5-ае, 1973-і – 6-ае…Толькі ў 1974-ым “Палітэхнік” вярнуўся ў вышэйшую лігу, а ў 1975-ым у клубе адбыліся змены, якія прадвызначылі ягоны лёс.

Той складаны розыгрыш мінчукі завершылі на перадапошнім месцы і патрапілі ў стыкавыя матчы. У Ціраспалі “Палітэхнік” саступіў мясцовай камандзе пяць мячоў. А вось дома – здабыў перавагу ў восем галоў ўжо пад іменем СКА і збярог месца ў эліце!

 

1976–1992: ЭПОХА СКА

У 1976-ым годзе клуб змяніў не толькі назоў, але і трэнера (упершыню за 16 гадоў). Каманда  перайшла ў ведамства Спартыўнага клубу арміі Чырвонасцяжнай Беларускай вайсковай акругі, “Палітэхнік” быў перайменаваны ў СКА. А Віталь Дабравольскі здаў пост Спартаку Мірановічу, на якім той знаходзіўся з 1976 году па 2016, сорак гадоў!

На новым месцы камандзе стварылі цудоўныя ўмовы для далейшага росту. Аднак у чэмпіянаце-1976 вайскоўцы фінішавалі толькі на восьмым радку. Новаму настаўніку па завяршэнні сезону стала відавочна: патрэбна перабудоўвацца тэхнічна і тактычна, уводзіць у склад свежыя сілы. Не ўсе прынялі новы курс, асабліва выказвалі незадаволенасць ветэраны каманды, аднак Спартак Мірановіч не звярнуў са свайго курсу.

Першы значны поспех да СКА прыйшоў у сезоне-1980. Армейцы фінішавалі ў чэмпіянаце на рэкордным для сябе на той час чацьвёртым месцы, а таксама заваявалі Кубак СССР.

Наступны год прынёс грандыёзную перамогу – мінчукі ўзняліся на верхнюю прыступку п’едэсталу! Тытул беларусы аформілі ў выяздным матчы супраць “Кунцава”, па вяртанні ў аэрапорт каманду сустракаў аркестр. Тады поспех СКА быў успрыняты як сенсацыя, а беларусы пачалі масава улюбляцца ў гэты від спорту.

Праз месяц калектыў Мірановіча заваяваў у Маскве Кубак СССР, адначасова ўсталяваўшы рэкорд: дагэтуль нікому ў краіне не даводзілася аформіць падобны “дубль”!

Пасля такога неверагоднага выступу срэбраныя 1982 і 1983 гады былі ўспрынятыя заўзятарамі як няўдача. Затое ў 1983-ім СКА пацешыў сваіх прыхільнікаў паспяховай гульнёй на міжнароднай арэне, заваяваўшы Кубак уладальнікаў кубкаў. Пачаргова армейцы паклалі на лапаткі італьянскі “Форст Брыксэн”, чэхаславацкі “Татран”, нямецкі “Гроссвальштадт”, мадзьярскі “Волан” і румынскае “Дынама”. І ўсё гэта – у дэбютны еўрасезон!

Маладая каманда Спартака Мірановіча толькі ўваходзіла ў смак вялікіх перамог, якія расцягнуліся на цэлае дзесяцігодзьдзе. Ад 80-ых да канца Саюзу свет пабачыў неймавернае пакаленне беларускіх зорак ручнога мяча: Анатоль Галуза, Уладзімір Міхута, Алег Васільчанка, Аляксандр Мінеўскі, Канстанцін Шаравараў, Леанід Гуско, Аляксандр Масейкін, Аляксандр Маліноўскі, Ігар Кашкан, Андрэй Парашчанка, Юрый Шайцоў, Аляксандр Тучкін, Аляксандр Каршакевіч, Міхаіл Якімовіч, Георгій Свірыдэнка,  Мікалай Масалкоў, Яўген Сапроненка, Аляксей Жук, Мікалай Жук, Міхаіл Васілеўскі, Васіль Рындаў, Васіль Сідорык, Валерый Ціўнчык, Юрый Захараў, Анатоль Ляўко, Аляксандр Жыркевіч, Валянцін Доўбня, Аляксандр Майстрэнка, Юрый Карпук, Андрэй Барбашынскі. Кожны з іх легенда…

 У 1984-ым годзе яны вярнулі сабе трон, набраўшы 55 ачкоў у 32 матчах! Для параўнання: у 1981-ым армейцам хапіла 45. Унутры СССР мінчукам не мог скласці канкурэнцыю аніводны клуб, за межамі такія знаходзіліся. Але ім выпадала святкаваць нядоўга.

У 1987-ым, 1989-ым і 1990-ым СКА браў Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў. У 1988 – кубак уладальнікаў кубкаў. У 1990-ым – яшчэ і Суперкубак, у барацьбе за які бліскуча разграміў ТУСЕМ, 32:22!

У гэты час беларускія гандбалісты бліскалі ня толькі ў складзе СКА, але і ў зборнай СССР. Савецкая дружына, колеры якой абаранялі пяць мінчукоў, і якой кіраваў Спартак Мірановіч, заваявала ў Сеўле-1988 залатыя медалі Алімпійскіх гульняў, адалеўшы ў фінале каманду Паўднёвай Карэі – 32:25. У Барселоне-1992  зборная СНД ізноў пад кіраўніцтвам Мірановіча і не бяз дапамогі беларукіх гульцоў паўтарыла алімпійскі посьпех. На гэты раз у фінале былі пераможаныя шведы – 22:20.

Гандбалісты СКА былі героямі краіны, любімчыкамі нацыі ды бясспрэчнымі фаварытамі – іх называлі лепшымі ў свеце і мелі рацыю. Названыя людзі зрабілі гандбол нацыянальным відам спорту!

1992 год стаў лебядзінай песняй пакалення мінскага СКА. Акром поспехаў на Алімпіядзе, да якой істотна прыклалі руку беларусы, нашыя гандбалісты ў апошні раз сур’ёзна праявілі сябе ў Еўропе на клубным узроўні перш, чым надоўга сыйсці у цень.

Мінскі СКА ў той год дайшоў да фіналу Кубку ЕГФ і ў фінале саступіў нямецкаму “Валлоў-Масенхайму” па розніцы мячоў – 23:25, 22:20. Эпоха вялікага СКА завершылася… Альбо прыпынілася?

1993–2013: СУВЕРЭННЫ ПЕРЫЯД

Пасля распаду СССР лепшыя гульцы СКА раз’ехаліся, хто куды. Тым не менш армейцам не было роўных у нацыянальным першынстве: з 1993 па 2002 гады каманда Мірановіча 10 разоў запар выйграла чэмпіёнскі тытул. Аднак на еўраарэне не прабіваліся далей дзьвух-трох раўндаў.

У 2000-ых са зьяўленнем у Берасці БГК ім. Мяшкова, а пазней мінскага “Дынама” (дарэчы, доўга не праіснаваўшага), СКА пазбавіўся лідзіруючых пазіцыяў і ў Беларусі.

Сітуацыя пачала мяняцца пасля 2010 году. Мінчукі нарэшце моцна сталі на ногі, да каманды далучыліся гульцы нацыянальнай і юніёрскай зборных, зьявіліся першыя за доўгі час міжнародныя посьпехі – у 2013-ым СКА заваяваў Кубак выкліку (трэці па статусе еўракубак). А ў чэмпіянаце вайскоўцы штогод давалі сур’ёзны бой БГК ім. Мяшкова ў барацьбе за тытул.

У 2016-ым годзе Спартак Пятровіч перадаў пост галоўнага трэнера свайму вучню Ігару Мікалаевічу Папругу, які доўгі час працаваў другім трэнерам у СКА, а таксама памочнікам Юрыя Шаўцова ў нацыянальнай зборнай. Ужо ў сезоне 2017/18 пад кіраўніцтвам Ігара Мікалаевіча СКА выйшаў у групавую стадыю Кубку ЕГФ, а ў 2019-ым, 2022-ім і 2023-ім заваёўваў Кубак Беларусі. У сезоне 2022/23 СКА (Мінск) дэбютаваў у міжнароднай SEHA – Gazprom Laege “Дывізіён Усход” і адразу дабраўся да фіналу, абыграўшы ў 1/4 маскоўскі ЦСКА, а ў паўфінале – “Чэхаўскіх мядзьведзяў”. У вырашальным матчы не хапіла зусім няшмат – мінімальная параза ад “Мяшкоў Брэст.”

У 2023-ім галоўным трэнерам стаў Дзмітрый Алегавіч Нікуленкаў, які да завяршэння прафесійнай кар’еры быў капітанам СКА і зборнай Беларусі, а свой трэнерскі шлях пачынаў другім трэнерерам СКА.

ТРАФЕІ  МІНСКАГА СКА

Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў  (3) — 1987, 1989, 1990
Кубак уладальнікаў кубкаў  (2) — 1983, 1988
Суперкубак (1) — 1989
Кубак выкліку (1) — 2013
Балтыйская ліга  (3) — 2013, 2014, 2015
Чэмпіён СССР  (6) — 1981, 1984, 1985, 1986, 1988, 1989
Кубак СССР  (3) — 1980, 1981, 1982
Чэмпіён Беларусі  (10) — 1993, 1994, 1995, 1996, 1997, 1998, 1999, 2000, 2001, 2002.
Кубак Беларусі  (9) — 1998, 1999, 2000, 2001, 2006, 2012, 2019, 2022, 2023


Дзякуй, што прачыталі! 💙
У трэцяй частцы лонгрыда мы дзелімся інтэрв’ю і інсайтамі легенд мінскага СКА. Не прапусціце!

Аўтары: Васіль Додзік, Ігнат Скарчэня
Дызайн: Oлена Дiя, Валянцін Гольдштэйн
Рэдактары: Аляксандр Апейкін, Валянцін Гольдштэйн