ГАНДБОЛЬНЫЯ ЕЎРАКУБКІ. ЯК ГЭТА ПРАЦУЕ

Alexander Apeykin
25.11.2024

Аўтар: Іван Сапега

Гандбольныя еўракубкі – гэта не толькі барацьба за тытулы, але і складаная сістэма, якая вызначае, хто атрымае шанец гуляць на найвышэйшым узроўні. Як фарміруюцца рэйтынгі? Хто трапляе ў Лігу чэмпіёнаў, Еўралігу і Кубак ЕГФ? Разбіраемся з асноўнымі правіламі і асаблівасцямі еўрапейскіх гандбольных турніраў.


Сістэма клубных спаборніцтваў пад эгідай ЕГФ мае тры ўзроўні: Ліга Чэмпіёнаў, Еўраліга і Кубак ЕГФ. З мінулага года кожны з турніраў мае асабісты рэйтынг, яшчэ раней былі прапісаныя правілы адбору ў кожны з турніраў.

 

Ліга чэмпіёнаў

У Лізе чэмпіёнаў выступаюць 16 каманд. Дзевяць прадстаўляюць краіны, дасягнуўшыя найлепшых вынікаў цягам трох мінулых сезонаў (з адтэрміноўкай у адзін сезон). Дзясяты клуб — віцэ-чэмпіён краіны з найлепшым рэйтынгам у Еўралізе.

Яшчэ шэсць клубаў адбіраюцца праз механізм уайлд-кард. Права на падвышэнне ў класе маюць усе каманды, кваліфікаваўшыяся ў Еўралігу. Калі два калектывы з адной краіны прэтэндуюць на атрыманне “дзікай карты”, выбар робіцца на карысць таго, які быў лепей у сваёй краіне.

Лагатып Лігі чэмпіёнаў EHF.

Звычайна дадатковыя месцы атрымліваюць віцэ-чэмпіёны Германіі (з моманту ўвядзення рэгламенту толькі немцы былі на першым радку рэйтынгу Еўралігі), Францыі, Венгрыі, Польшчы, Даніі. Высокая верагоднасць станоўчых рэзультатаў для першых каманд Румыніі, Партугаліі, Македоніі, Харватыі (у залежнасці ад таго, хто не мае права выступаць згодна з рэйтынгам).

Пуцёўкі выдаюцца на падставе пяці фактараў, сярод якіх якасць арэны, тэле-аўдыторыя, заўзятары, маркетынгавы патэнцыял і вынікі ў апошніх розыгрышах. Але сістэма непразрыстая, і канкрэтных адзнак мы ніколі не бачылі.

16 каманд на групавой стадыі разбіты на дзве васьмёркі. Пры гэтым прадстаўнікі адной краіны не могуць гуляць адзін супраць аднаго. Лёсаванне праходзіць згодна з рэйтынгам клубаў, але сістэма не зафіксавана і мяняецца амаль што кожны год, каб дадаць варыятыўнасці.

Па выніках двухколавага турніру па дзве каманды, якія занялі найвышэйшыя месцы ў сваіх актэтах, трапляюць у чвэрцьфінал. Тыя, хто фінішаваў на месцах з трэцяга па шостае, гуляюць раўнд 1/8 фіналу.

Кульмінацыяй турніру стае фінал чатырох, які традыцыйна гуляецца ў Кёльне напрыканцы траўня — на пачатку чэрвеня.

 

Еўраліга

Згодна з рэйтынгам першыя дзве краіны маюць права на прадстаўніцтва ў чатыры каманды, яшчэ сем краін маюць па трое прадстаўнікоў, яшчэ дзевяць — па два. Пры гэтым калі краіна атрымлівае ўалд-кард на выступ у Лізе чэмпіёнаў, колькасць клубаў у Еўралізе не змяняецца.

Таксама ЕГФ пакідае за сабой права дапусціць да турніру тры каманды з краін, якія не маюць прадстаўніцтва згодна з рэйтынгам.

Лагатып Еўрапейскай лігі EHF.

22 клубы маюць зарэзерваваныя месцы ў групавым этапе. Яшчэ 10 адбіраюцца праз два колы кваліфікацыі. Асаблівасць фармату ў тым, што няма забароны на матчы паміж камандамі з адной краіны, што робіць адбор незбалансаваным і дапускае больш слабых клубаў.

32 прадстаўнікі разбіты на восем квартэтаў. Кожны гуляе з кожным дома і ў гасцях. Пасля гэтага застаюцца двое лепшых і яны дапасоўваюцца да іншай групы з захаваннем вынікаў паміж сабой. Праводзіцца яшчэ чатыры туры.

Па выніках другога групавога этапу першыя каманды новых квартэтаў трапляюць у чвэрцьфінал, другія і трэція калектывы граюць дадатковы раўнд. Пераможцы чвэрцьфінальных матчаў трапляюць у фінал чатырох. Апошнімі гадамі фінальны ўік-энд прымае Гамбург.

 

Кубак ЕГФ

Трэці па якасці турнір не прыцягвае шмат увагі, але можа стаць трамплінам для прадстаўнікоў чэмпіянатаў узроўню ніжэй. Адметнай рысай турніру з’яўляецца адсутнасць удзельнікаў топавых ліг. Калі краіна мае чатырох ці болей прадстаўнікоў у больш статусных турнірах, то квота ў кубку ЕГФ абнуляецца.

Лагатып Еўрапейскага кубка EHF.

Астатнія краіны маюць права выставіць максімум чатырох удзельнікаў (трох калі ніхто не заяўляўся цягам трох гадоў). Як правіла ёсць магчымасць папрасіць пра расшырэнне квоты да пяці і нават да шасці і атрымаць зялёнае святло.

Робіцца гэта з-за таго, што нацыянальныя федэрацыі вельмі рэдка выбіраюць увесь ліміт. Часамі скасоўваюцца першы і нават другі раўнды. Сістэма правядзення Кубка — алімпійская. Два матчы ў кожным раўндзе — дома і ў гасцях.

 

Як падлічваюцца рэйтынгі

Пасля апошняй рэформы ЕГФ падлічвае рэйтынгі для кожнага турніру асобна. Гэтае рашэнне мае як плюсы, так і мінусы.

Пачнём з галоўнага мінусу. Цяпер Ліга чэмпіёнаў стала закрытым клубам. Улічваючы, што толькі дзевяць краін маюць гарантаванае прадстаўніцтва ў турніры, балы набіраюць яны і тыя краіны, якія атрымлівалі ўалд-кард раней. Гэта ўжо сфармавала пул з 12 кандыдатаў. Цягам бліжэйшых год мала што зменіцца.

З іншага боку, раней нярэдка некаторыя краіны маглі атрымаць вельмі шмат балаў у трэцім турніры і тым самым значна вырасці ў агульным рэйтынгу. І ўсё з-за асаблівасцяў падліку.

Вонкава падаецца, што сістэма вельмі падобная на тыя, што выкарыстоўваюцца ў іншых відах спорту. Але ёсць аспекты, якія робяць адрозненні вельмі вялікімі.

Еўракубак ЕГФ. Германія супраць Швецыі. Фота EHF.

Па-першае, ЕГФ улічвае толькі вынікі найлепшага прадстаўніка. Гэта можа прывесці да сітуацыі, калі ўсе клубы акрамя аднаго выляцяць ў першым коле кваліфікацыі, а астатні пераможа ў фінале і краіна атрымае вельмі высокі рэйтынг.

Па-другое, падлічваецца сярэдні вынік за тры гады. Прычым, калі краіна не мела прадстаўніцтва ў якімсьці годзе, то разлічваецца сярэдні паказчык толькі за сезоны, дзе клубы выступалі.

Што гэта азначае на практыцы? Уявім сабе сітуацыю, калі ў нейкім чэмпіянаце перамог даволі слабы клуб. Дагэтуль чэмпіён выходзіў у чвэрцьфінал кожны год, аднойчы нават дабраўся да фіналу чатырох, але на гэты раз быў правал на групавой стадыі. Іншая краіна ўпершыню трапіла ў турнір і яе прадстаўнік дайшоў да чвэрцьфіналу. У другім выпадку сярэдні вынік будзе выйгрышным у параўнанні. Такім чынам, кошт памылкі для моцных стае вельмі вялікім, а прэмія за адзіночны поспех — яшчэ большай.