Часовая адліга ў адносінах Беларусі і Польшчы. Чаго чакаць далей?

"/>
Alexander Apeykin
16.09.2024

Мінулы тыдзень у Беларусі не вызначыўся аніякімі асаблівымі падзеямі, адбывалася звычайная палітычная руціна. І тым не менш ёсць некаторыя пазітыўныя сігналы.

Хіба найперш трэба адзначыць досыць аб’ектыўнныя выказванні Міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага пра сітуацыю ў Беларусі. Насуперак дамінуючай даволі прымітыўнай і крывой парадыгме заходніх краінаў датычна Беларусі, дзе па нейкіх незразумелых прычынах беларусам накідваецца такая самая віна, як Пуціну ды расіянам, а да таго раскручваецца эскалацыя ды варожасць датычна нашай краіны, пан Сікорскі сказаў праўду. Гэта выклікае павагу само па сабе, калі палітыкам стае мужнасці ісці супраць плыні.

Радаслаў Сікорскі, міністр замежных спраў Польшчы. Фота: Х сп. Сікорскага.

Радаслаў Сікорскі, міністр замежных спраў Польшчы. Фота: Х сп. Сікорскага.

Выглядае цалкам несправядлівым ды абсурдным рашэнне пра ўвядзенне да Беларусі санкцыяў пасьля лютага 2022 года ў тым жа памеры, як і да Расейскай Федэрацыі. ААН, АБСЕ, ПАСЕ не вызналі Беларусь ні агрэсэрам, ні суагрэсарам, толькі балтыйскія ды некаторыя ўкраінскія спікеры працягваюць названую агрэсіўную кампанію далей. Сваімі нязграбнымі заявамі ды санкцыямі Захад зрабіў з Беларусі пуцінскі плацдарм для нападу на Украіну, а цяпер нібыта адмыслова патурае Маскве анэксіраваць Беларусь, калі варта было б выканаць найперш клятвенныя абяцанні па Будапешцкаму мемарандуму.

Фактычна лёс Еўропы ды мір на кантыненце трымаецца на пакоцанай незалежнасці Беларусі, бо ў выпадку аншлюсу, будзе ўжо зусім другая гісторыя. Сваю ролю буфера між агрэсіўнай Расеяй ды НАТО Беларусь выконвае.

Але ўрады некаторых краінаў праводзяць настолькі недальнабачную палітыку датычна Беларусі, што проста дзіву даешся, ну не могуць жа кіраўнікі дзяржавы быць настолькі недалёкімі?!

Радаслаў Сікорскі быў вельмі акуратны ў сваім інтэрв’ю датычна Беларусі і рэкамендаваў апазіцыі “нічога не рабіць заўчасна”. Таксама міністр сказаў, “…маё працоўнае меркаванне заключаецца ў тым, што ў Беларусі сітуацыя зменіцца толькі пасля таго, як яна зменіцца ў Расеі, а не раней…”.

Святлана Ціханоўская і Радаслаў Сікорскі (Барбара Мілкоўска: МЗС Польшчы)

Святлана Ціханоўская і Радаслаў Сікорскі. Фота: Барбара Мілкоўска, МЗС Польшчы.

Спроба зрынуць рэжым Лукашэнкі ў Беларусі пры такой залежнасці ад усходняга суседа аўтаматычна прывядзе да поўнай анэксіі Беларусі ды ўводу расейскіх войскаў. Захад ужо паказаў, як ён дапамагае Украіне, а пра Беларусь, на мяжы з якой будуецца фактычна мур, – ніхто і падаўна не паклапоціцца.

Нават самыя зацятыя праціўнікі ўлады фіксуюць некаторае пацяпленне між Беларуссю ды Польшчай, што натуральна аздараўлівае геапалітычную сітуацыю ў рэгіёне.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі публічна вызнаў, што расейскія дроны збівае толькі Беларусь. То бок фактычна нашая краіна прыкрывае Захад, а не спрыяе агрэсіі, а таксама выглядае, што ў Беларусі суверэнітэту больш, чым у некаторых дзяржаў НАТО.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі стаіць каля збітага беспілотніка. Офіс прэзідэнта Украіны.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі стаіць каля збітага беспілотніка. Фота: Офіс прэзідэнта Украіны.

Калі Польшча верне амбасадара ды ўвесь аб’ём консульскіх паслугаў у Беларусі, адновіць чыгуначнае спалучэнне ды адкрые памежныя пераходы – гэта будзе сур’ёзны крок насустрач беларусам, ды аплявуха Маскве. Пытанне ў тым, што некалькі правільных захадаў дээскалацыі між Польшчай ды Беларуссю можа адкрыць прастору для шэрагу важнейшых зрухаў у поўным разрульванні міграцыйнай праблемы, пашырэнні амністыі, вяртанні нацыянальна-культурніцкіх праектаў, паляпшэнні эканамічных стасункаў і найперш для жыхароў памежных тэрыторыяў, якія цяпер проста стогнуць бяз гандлю.

І нарэшце самае галоўнае – адэкватныя дзеянні заходніх суседзяў даюць магчымасць кіраўніцтву Беларусі дыстанцавацца ад Масквы, уносяць баланс. Як бачыцца, шэраг польскіх палітыкаў маюць галаву на плячах, і разумеюць, што ў Беларусі досыць складаная сітуацыя, і дурное вонкавае ўмяшанне абавязкова скарыстае Расейская Федэрацыя.

 

________________
Галоўнае фота: спрэчная сталёвая сцяна на мяжы паміж Беларуссю і Польшчай завершана. Фота – AP.