Аповед пра нaйлепшага беларускага гандбаліста.
Пра гэтага спартоўца ведаюць усе беларусы, хто жыў пра Саюзе. Школа беларускага гандболу была нaймацнейшая ў Савецкім Саюзе, і не было каманды, якая б магла процістаяць мінскаму СКА, як у чэмпіянаце краіны, так і ў Еўропе. А так як гуляюць у гэтую гульню ў Еўропе, не гуляюць нідзе.
Пра сваіх спартыўных герояў сёння расіяне, казахі, палякі здымаюць мастацкія фільмы. Беларусы пакуль не могуць, няма адпаведнага бюджэту ды зацікаўленасці дзяржаўных структур. Пакуль запыт афіцыйнай прапаганды на тое, што прывязвае да Расеі, а не на тое, што ўмацоўвае самастойнасць, што дэманструе перавагу беларусаў.
У свой час левы скрайні гандбольнага СКА (Мінск) Аляксандр Каршакевіч сваёй гульнёй закахаў беларусаў у гэты від спорту, ды пакарыў увесь гандбольны свет!
Трэба было бачыць, што вытвараў на пляцоўцы гэты ўнікальны спартовец. Людзі, якія да таго ніколі не глядзелі гандбол, не маглі адарвацца ад экрану. Звязка Каршакевіч – Шэўцоў была выключнай, і не было роўных супернікаў нашаму СКА. Мяркую, на той час беларускі клуб быў мацнейшы за зборную Саюзу. І хоць маскоўскія чынушы пастаянна ставілі палкі ў колы камандзе, беларусы перамагалі і перамагалі!
Але хіба самым дзівосным у гульні Каршакевіча быў “парашут” з падкруткай, калі беларускі левы скрайні ўзьлятаў ды з “нулявога” вугла неяк так мудрагеліста закручваў мяч, які па немысьлімай траекторыі залятаў у вароты, ў той час калі сам атакоўца ўжо некалькі секунд быў за лініяй пляцоўкі. Гэты прыём прыдумаў сам Каршакевіч. Падаецца, і сёння ў сусветным гандболе няма роўных яму ў выкананні гэтай падкруткі, як няма роўных у вядомых фінтах легендарнаму каралю фуболу Пеле. Каршакевіч у часе свайго “парашуту” закідваў злева, зправа ад брамніка, перакідваў, быў цэлы набор, а вышэйшы ўзровень – названая падкрутка.
Аляксандр Уладзіміравіч Каршакевіч нарадзіўся 6 красавіка 1959г. у Ашмянах. Беларускі скрайні, выступаў у камандзе СКА (Мінск) ды ў клубе “Хюрт” (ФРГ), у зборнай СССР.
З 1996 года – старэйшы трэнер, а з 1998 года – галоўны трэнер маладзёвай зборнай Беларусі; з 2001г. – старэйшы трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі. Цяпер Аляксандр Каршакевіч – трэнер СКА (Мінск).
На думку шэрагу спецыялістаў, лепшы скрайні гулец сусветнага гандболу за ўсе часы. Першым прыдумаў ды актыўна выкарыстоўваў кідок з “падкруткай”, дзякуючы чаму закідваў мячы ў вароты суперніка практычна з “нулявога” вугла…
Сярод здабыткаў беларускага чэмпіёну:
-Срэбра Алімпійскіх гульняў у складзе зборнай СССР у Маскве 1980г.
-Золата Алімпійскіх гульняў у Сеўле у складзе зборнай СССР 1988г.
-Чэмпіён свету ў складзе зборнай СССР 1982г.
-Срэбра на чэмпіянаце свету 1990г.
-Уладальнік Кубку свету 1984г.
-Чэмпіён свету сярод юнакоў 1979г.
-Уладальнік Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў 1987г, 1989-1990гг. у складзе СКА (Мінск).
-Уладальнік Кубку кубкаў еўрапейскіх краін 1983г., 1985г. у складзе СКА (Мінск).
-Уладальнік Суперкубку 1989г. у складзе СКА (Мінск).
-Чэмпіён СССР 1981г., 1983-1984, 1987-1989гг.
-Заслужаны майстар спорту СССР.
Вытрымкі з інтэрв’ю:
-Ці праўда, што вы маглі стаць футбалістам?
-Цалкам. У нашыя гады часта хадзілі па школах, набіраючы пацаноў у футбол, хакей, баскетбол. Вось і мяне у трэцім класе зацягнулі. Разам з хлопцамі з нашай 93-яй мінскай школы, амаль год займаўся ў секцыі ў Мустыгіна. Мог бы і далей, але ў чацьвёртым класе Аркадзь Аляксандравіч Брыцко прапанаваў паспрабаваць “паганяць у гандбол”…
-А я чуў, што вас не толькі Мустыгін, але і Малафееў да сябе клікаў?
-Гэта было пазней. Футбалісты “Дынама” тады яшчэ не былі чэмпіёнамі Саюзу, за тое СКА ўжо быў першым у гандболе. Дык вось, былі мы на зборах у “Стайках”, ды гулялі на трэніроўцы ў футбол. Я, канешне, не Пудышаў, але мог, што называецца, накруціць пару-другую сваіх партнераў. Гэта заўважыў Эдуард Васільевіч і на поўным сур’ёзе прапанаваў пераходзіць да іх. “Жартуеце?” – запытаў я. “Давай-давай, пераходзь, у нас галы няма каму забіваць,” – Малафееў дакладна не жартаваў. Але я ўсё ж такі адмовіўся: як –ніяк да таго моманту і на Алімпіядзе пабываў, і на чэмпіянат свету збіраўся. Так і сказаў Малафееву: “Аддадзены гандболу, вы ўжо выбачайце”.
-Цікава. Чым вас прывабіў ручны мяч? ‘
-Што пацану трэба? Каб галоў забіваць пабольш, каб у варотах пастаяць. Я, дарэчы, спачатку і брамнікам быў.
-Бацькі ваш выбар адобрылі?
-У наш час усё было істотна прасцей, чым зараз. Цяперашнія бацькі часта выбіраюць секцыі для сваіх дзяцей, сыходзячы з будучых даходаў, а тады галоўнае было, каб хлапчукі не “матляліся” на вуліцы. Калі – не памятую і ў якім класе – восьмым альбо дзявятым – дваравая кампанія зацягнула мяне да сябе і я закінуў гандбол, дык мама шляхам лёгкага падману вярнула мяне ў секцыю.
-Добры падман – гэта як?
-Сказала, што дадому прыходзіў трэнер, і каб заўтра абавязкова быў на трэніроўцы. Я паслухаў маму і атрымалася, што вярнуўся ў гандбол.
-Цяжка было прабіцца ў СКА?
-А ніхто і не прабіваўся. Спартак Пятровіч Мірановіч наладзіў такі кантроль, што ўсе перспектыўныя юнакі апынуліся пад ягоным даглядам, паціху падпускаў да асноўнага складу і маладых. Напэўна, высілкамі, працавітасцю, а яшчэ здатнасцю забіваць галы к 1978-1979-му мне ўдалося замацавацца пад першым нумарам у сваім амплуа. Астатнія хлопцы майго пакалення таксама падцягнуліся.
-Няўжо той слаўны наш СКА зьявіўся на свет толькі дзякуючы змене пакаленняў?
-Мы яшчэ вельмі старанна трэніраваліся. У 1978 годзе ўкалвалі так, як, пэўна, ніхто і ніколі не ўкалваў. Нагрузкі былі такія, як у касманаўтаў – залімітавыя. Па тры трэніроўкі ў дзень. Ад такой стараннасці і вынік – спачатку каманда патрапіла ў шасьцёрку, потым была чацьвёртай. Ну а чэмпіён? Да 1981 года мы сталі такімі моцнымі…
-У сучасных спартоўцаў вельмі цяжка знайсці прыклады такога самаахвяравання, якое было ўласціва старым пакаленням. Што рухала гульцамі СКА, калі яны так зацята трэніраваліся?
-Мы хацелі. Мы адчувалі, што можам многага дамагчыся. Перад турамі чэмпіянату краіны ўвогуле бязвылазна сядзелі на зборах. Сем’і не ведалі. А ў 1982 годзе я палічыў, што за ўвесь год быў дома ня больш 40 дзён (!)..
———-
Вытрымка з тагачаснага “Фізкультурніка”: “Давялося прысутнічаць на ўганараванні армейцаў, калі яны ў чарговы раз сталі чэмпіёнамі краіны. Кожнаму ўручылі медаль. І гадзіннік, ніхто не сказаў, што мала… Праз дзень пачынаўся іншы турнір, і думкі аб ім ужо займалі трэнера, гульцоў.”
————
-Чаму сучасныя гульцы не жадаюць і не могуць трэніравацца так, як вы?
-Мне падаецца, яны недабегалі ў двары. У нашыя гады не было ні сотавых тэлефонаў, ні кампутараў, ні інтэрнэту. Што рабіў тады нармальны хлопец, які не быў выдатнікам? Прыбягаў са школы, 15 хвілінаў – на ўрокі, а потым браў мяч і ляцеў ва двор. А сёння я гляджу з вакна ў двор і нікога не бачу. З-за кампутараў у сучасных дзяцей прапала цяга да рухомых гульняў.
-Добра дзеці, але ж і дарослыя гульцы сёння не спяшаюцца выкладвацца на трэніроўках.
– А вось тут ужо праблема клубу. У прафесійных гульцоў не мусіць быць аніякіх клопатаў, акром трэніровак.
-А як у савецкія гады былі справы з матэрыяльнай часткай у гандбалістаў? Падаецца, у адным з вашых інтэрв’ю я чытаў, што СКА ездзіў на трэніроўкі на “пазіку”.
-І на “пазіку” ездзілі – гэта яшчэ што. Вось быў у нас “месяцаход” – так у камандзе празвалі яшчэ адзін старэнькі аўтобус. “Пазік” у параўнанні з ім – вяршыня камфорту. Калі на гэтым “месяцаходзе” ездзілі на гульні ў Коўна, то па іроніі лёсу наш аўтобус даязжаў толькі да першай літоўскай запраўкі і адразу ламаўся. Некалькі гадзінаў сыходзіла на рамонт.
-За якія грошы вы тады гулялі?
–Калі з Юрыем Шэўцовым прыйшлі ў СКА, то дзялілі на дваіх адну стаўку – 140 рублёў. Потым атрымоўвалі 150 кожны, потым – крыху больш. Хто патрапляў на стаўку ў зборнай – атрымоўваў 250-300.
-А прэміяльныя?
-За перамогу ў Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў кожны з гульцоў СКА атрымаў па 454 рублі.
-Не паверу, каб у вайсковай камандзе абыходзілася бяз армейскіх парадкаў.
-… Не, яны нас не пужалі. Збольшага песьцілі каманду, даравалі падарункі. У мяне адных толькі камандзірскіх гадзіннікаў штук дзесяць было.
-Як у СКА адзначаліся перамогі?
-Усё ў нас было. Як ва ўсіх нармальных людзей. І шампанскае, і гарэлачкі маглі выпіць, але… Тут вось жа якая штука. Першае, гэта было вельмі рэдка – па завяршэнні сезону, пасля сапраўды вялікай перамогі. А другое, стараліся быць разам. Мы не толькі ў рэстарацыю, мы і на шашлыкі намагаліся камандай выбірацца.
-Зьменім трошкі тэму. Ці лёгка гульцу з Мінску было прабіцца ў зборную СССР?
-Так ужо павялося, што ў савецкую зборную ўваходзілі ў асноўным гульцы маскоўскіх каманд ЦСКА, МАІ, “Кунцава”. І нам, правінцыялам, патрэбна было быць на дзьве галавы вышэй сваіх канкурэнтаў за месца ў камандзе. Чаму? Ды таму, што “маскоўская мафія” была, ёсць і будзе…
(https://www.sb.by/articles/podkrutka-karshakevicha.html)
———-
Аляксандру Каршакевічу прапаноўвалі пераехаць у Маскву, там і ўмовы для трэніровак былі лепшыя, і прывілеяў больш. Але беларус адмовіўся, ды і з Нямеччыны, як толькі скончыўся кантракт, адразу вярнуўся ў Мінск. Жыць за мяжой спартовец не пажадаў.
-А была магчымасьць яшчэ пры СССР пераехаць у Маскву, напрыклад?
-У Маскву мне прапаноўвалі пераехаць, так. Прадстаўлялі трохпакаёвую кватэру і “Волгу”, але я адмовіўся. Хоць тады Масква дамінавала: забірала любога гульца, якога пажадала. І, як гаворыцца, калі выбар выпаў на цябе, то на працягу 24 гадзінаў ты мусіў прыбыць туды. Аднак, хадзілі чуткі, кіраўніцтва нашае дамовілася, каб ЦСКА гульца са СКА не чапала. Толькі калі сам гандбаліст з Мінска захоча пераехаць. У гэтым выпадку мог адбыцца пераход у стан армейцаў Масквы.
-Вы выйгралі золата чэмпіянату свету ў ФРГ. Паглядзеўшы, як жылі на той час там немцы, уразіліся і вырашылі, што з мінскага СКА пяройдзеце ў клуб менавіта гэтай краіны?
-Не, тут няма сувязі. Быў такі гандбольны функцыянер, Герд Буцэк, ён і знайшоў варыянты ў Нямеччыне і для мяне, і для Тучкіна, і для Юрыя Шэўцова. Там, канешне, заробак у разы быў большы. Але заставацца за мяжой асабіста мне пасля завяршэння кар’еры ўвогуле не хацелася. Я вельмі люблю Беларусь, Мінск, таму вярнуўся дадому. Я б там, напэўна, не змог…
(https://sport5.by/news/handball/Aleksandr-Karshakevich-esli-by-zanovo-rodilsya)
————
-Вы паспелі пагуляць за зборную да маскоўскай Алімпіяды?
-У 1979-ым зьездзіў на турнір у Польшчу, добра зарэкамендаваў сябе. Аднак напрыканцы таго году быў вымушаны легчы на аперацыю і амаль на паўгода выбыў з шэрагаў. Прыходзіў на трэніроўкі, сядзе збоку. Мірановіч паглядзеў-паглядзеў на такую справу, а пасля падыйшоў і сказаў добрае слова. Проста як мама калісьці.
-Што ён сказаў?
-“Не сядзі. Калі хочаш патрапіць на Алімпіяду – не сядзі. Баліць рука – качай ногі. Можаш прабегчы – прабяжы крос”. Ну і ўзяўся…
-Нязменным “голасам” беларускага гандболу многія гады заставаўся журналіст Сяргей Новікаў. Які ягоны ўклад у вашую справу?
-Для СКА ён зрабіў вельмі шмат. Ды хто б пра нас ведаў, калі б не Новікаў. Ён прыкладаў вялікія намаганні для арганізацыі тэлетрансляцыяў матчаў з самых розных куткоў Савецкага Саюзу, распісваў нашыя “подзвігі” ў “Фізкультурніку”, браў інтэрв’ю, аналізаваў. Сяргей –амаль мой равеснік, магчыма, таму, а можа, з духоўнай блізкасці, але ён вельмі лёгка ўвайшоў у каманду, быў і застаецца ў ёй сваім чалавекам. Адзінае, за што ён ад нас атрымоўваў папрокі, дык гэта за спробы прадказваць гол у часе атакі. Ніколі нельга рабіць гэтага, народ па гэтай прычыне ўжо даўно ўсё прыдумаў. Не кажы, як гаворыцца, гол.
———
У 20-ым годзе палітычныя погляды лепшага беларускага гандбаліста ў гісторыі, і аднаго з лепшых у гісторыі сусветнага гандболу – Аляксандра Каршакевіча, з цудоўным беларускім каментатарам і выдатным журналістам – Сяргеем Новікавым, разыйшліся. С.Новікаў падтрымаў пратэсты і выказаў салідарнасць з затрыманымі журналістамі, а А.Каршакевіч падпісаў ліст спартоўцаў ды трэнераў на падтрымку ўлады. Так бывае ў часе грамадзянскага процістаяння, а яшчэ горш у часе грамадзянскай вайны, але фінал заўжды бязрадасны, ці “белыя” выкідаюць “чырвоных” – ці “чырвоныя белых”… З таго часу Сяргей Новікаў больш на беларускім тэлебачанні не зьяўляецца.
————
-Які з міжнародных матчаў вашага СКА быў лепшым?
-У 1989 годзе мы гулялі з румынскім клубам “Сцяўа” ў фінале Кубку чэмпіёнаў. У першым матчы ў гасцях саступілі шэсць мячоў. А вось дома…Дома мы паказалі такую абарону, якую не паказваў ніхто і ніколі. Ды і самі мы згулялі так усяго адзін раз.Чаму? Ды таму, што падрыхтоўку да сустрэчы ў адказ мы распачалі прама ў гатэлі Бухарэсту. Сабраліся асноўныя гульцы, аналізавалі, спрачаліся. Так працягвалася некалькі дзён, і ў рэшце рэшт мы прыйшлі да адзінай думкі, што лепш за ўсё будзе згуляць з румынамі персанальна. Мірановіч спачатку не пагаджаўся, але мы яго ўламалі. У “Стайках” да той першай гульні рыхтаваліся, як Каралёў да першага касмічнага палёту – адпрацоўвалі ўзаемадзеянні, звяраліся з маніторам, ізноў адпрацоўвалі, ізноў. Тая гульня ў Мінску выйшла на любату. Мы перамаглі з розніцай у чатырнаццаць мячоў, і мы былі па-сапраўднаму шчаслівыя.
-Свайго сына Максіма вы прывялі на пляцоўку?
-Гэта ён сам. Пайшоў з сябрам ды так і застаўся. А я толькі заўжды прасіў яго не прыкрывацца бацькам: “Якая розніца, хто ў цябе тата – алімпійскі чэмпіён альбо фрэзероўшчык. Выйшаў гуляць – гуляй.”
-Спрабавалі абучыць Максіма сваёй кароннай падкрутцы?
-Падкрутка – гэта як вышэйшая матэматыка. На пачатку кожны скрайні гулец павінен навучыцца проста закідваць мячы. Не ўмееш забіваць – ні аб якой падкрутцы і мовы нельга весці. Яна губіць пачынаючага гульца.
-Але ж вы гэтае дзяленне слупком прайшлі хутка. Як самі шліфавалі знакамітую падкрутку?
-Заставаўся адзін пасля трэніровак, адсоўваў бліжнюю штангу варот на метр наперад, потым сыходзіў у самы кут пляцоўкі і давай круціць…
———–
На пачатку стагодзьдзя журналісты былі вымушаныя зьвяртацца да грамадскасці. Тады ў 40-гадовага Каршакевіча выявілася прафесійная балячка – дзьвухбаковы гіперпластычны каксартроз. За гэтымі складанымі словамі хаваліся прыступы вострага болю ў спіне ды ў тазасьцегнавым суставе. Узначальваўшаму на той час зборную Беларусі Каршакевічу патрабаваўмя імплантант тазасьцегнавага суставу, прыблізна такі, які аднойчы ўжывілі расейскаму прэмьеру Яўгену Прымакову. Каштавала гэтая аперацыя сур’ёзныя грошы. Але Каршакевіч адмовіўся ад аперацыі сам. З таго часу былы чэмпіён крыху прыкульгвае…
————
-Як вашае самаадчуванне?
-Па тэме свайго здароўя кажу ўсім: “Не дачакаецеся.” Поўны сілаў да працы. А тое, што прыкульгваю, то гэта часам і па звычцы. Аніякіх аперацыяў я не рабіў. Хажу на сваіх нагах і буду хадзіць, пакуль ходзіцца.
–Вам нешта перашкодзіла зрабіць аперацыю? Грошы?
-Я быў супраць таго, каб вакол стану майго здароўя ўзнімалі столькі ляманту. Разумеў, што патрабаваўшаяся сума не такая значная, каб яе патрэбна было зьбіраць па колу. Проста паслухаў параду аднаго вопытнага доктара з НІД траўматалогіі.
-Не памылюся, калі выкажу меркаванне, што вашая кульгавасьць не служыць наглядным дапаможнікам для новых пакаленняў беларускіх гандбалістаў. Навошта ім гарбаціцца на трэніроўках, калі перад вачыма кульгавы Каршакевіч?
-Эх, хлопцы, усё не так. Каб ведаў я ў дзяцінстве, што буду прыкульгваць, не пайшоў бы ў гандбол. Ды пабег бы. Гандбол – гэта маё жыццё, мая гульня.
(https://www.sb.by/articles/podkrutka-karshakevicha.html)
———
У фінале Алімпійскіх гульняў 1980-га году ў Маскве зборная СССР гуляла са зборнай ГДР. Беларускі гандбаліст быў пасля цяжкай аперацыі пляча, зьменшыў тэрмін аднаўлення і выступаў недалекаваным. Напрыканцы матчу ў савецкіх спартоўцаў заставалася ўсяго пяць секунд, каб зраўняць лік. Да варот суперніка прарваўся юны Каршакевіч, ускочыў у зону, злавіў мяч на ляту і кінуў у бок варот. Той патрапіў у локаць нямецкага галкіпера, срэкашэціў у падлогу, скочыў у перакладзіну і ад яе назад на пляцоўку. Аляксандр Каршакевіч не мог сабе знайсці месца, яму было сорамна ехаць у Мінск, і ён тры дні пражыў у сябра па зборнай у Маскве. Гандбаліст прызнаўся, што потым сотні разоў пракручваў той моманг у галаве…
———
–Колькі ў Каршакевіча – гандбаліста таленту, а колькі “ворыва”, выбачайце за слэнг?
-Я б сказаў 50 на 50. Так, талент у мяне быў, але толькі на ім на такім узроўні не выедзеш, “укалвалі” мы вельмі канкрэтна. Так, здароў’я шмат сыйшло, і некаторыя гульцы мне зараз кажуць: “Вось вы, Аляксандр Уладзіміравіч, алімпійскі чэмпіён, але зараз ходзіце, кульгаеце: ці варта гэта таго?!” Я адказваю, што варта! Калі б наноў нарадзіўся, то зрабіў бы тое самае.
(https://sport5.by/news/handball/Aleksandr-Karshakevich-esli-by-zanovo-rodilsya)
———–
У іншай размове з журналістам у спадара Аляксандра запыталіся пра поспехі беларускіх гульцоў, якія выступаюць за вядучыя еўрапейскія клубы:
-Нядаўна СКА абыграў ЦСКА, а як раней адбывалася суперніцтва?
-Ну тады быў чэмпіянат Савецкага Саюзу, непараўнальны з цяперашнім, у нас дзве каманды гуляюць, СКА і “Брэст”, а тады з любой камандай Вышэйшай лігі Саюзу гуляць было вельмі складана. Ну а з ЦСКА заўжды было процістаянне такое, хто выйграе, той і будзе чэмпіёнам. Настройваць ужо не трэба было гульцоў.
-Тады таксама быў байкот?
-Ізноў жа палітычная сітуацыя, амерыканцы тады вызначалі. Я ніколі не ўлажу ў гэта, у палітычныя справы, спорт павінен ісці асобна ад палітыкі.
-За выхад у фінальную стадыю Лігі чэмпіёнаў сыйдуцца клубы Арцёма Каралька і Мікіты Вайлупава…
-Гэта нармальна, я буду заўзець за Вайлупава, ён мой выхаванец. Будзе цікава…
(https://www.youtube.com/watch?v=RFeInrrPWo4)
-Пытанне пра адхіленне нашага гандболу ад міжнароднай арэны: наколькі перажываеце за сваю любімую гульню, ці адкаціцца зборная Беларусі ў сваіх выніках?
-Канешне, перажываю за хлопцаў, трэнераў. Бо век атлета ня доўгі, а вяршыня кар’еры – усё ж гэта Алімпійскія гульні. Туды атабрацца трэба, а з-за адхілення зборнай Беларусі ўжо не атрымалася. Цыкл прапушчаны. Мы былі ў падобнай сітуацыі, калі ў адказ на байкот Алімпіяды ў Маскве, нашая зборная не паехала на Гульні ў Лос-Анджэлес. І для шэрагу гандбалістаў тады скончылася спартыўнае жыццё. Слёз тады, зразумела, не было, пайшлі далей трэніравацца. Але непрыемна. Сёння мы гуляем супраць расіянаў – гэта выдатна, але патрэбныя іншыя каманды, каб бачылі прагрэс. Веру, што скора нармалізуецца сітуцыя.
———–
Легенда гандболу Аляксандр Каршакевіч – асоба з савецкай эпохі, з тымі якасцямі, якія былі ў людзей таго часу. Ніхто не можа сказаць, што гэтыя людзі не зьяўляюцца патрыётамі. Наш вялікі левы скрайні – цьвёрды як скала, такі чалавек не прадасць, а калі дае слова, то раз і назаўжды.
Ці можам мы ў нечым папракаць такіх людзей, у несучаснасці, у неразуменні розных рэчаў? Гэта ў пэўнай меры спрэчка дзяцей і бацькоў. Хіба мы ацураемся таты ці мамы, калі яны не заўсёды разумеюць нашыя палітычныя пераканні?
Замест папрокаў ды абразаў тут патрабуецца павага да сваіх суайчыннікаў. Перад намі спартыўны герой, аддаўшы спорту і сваёй краіне ўсё, што мог – маладосць і здароўе. Неяк бачыў кароткі сюжэт пра Аляксандра Каршакевіча на БТ не так даўно, як гэты мужны чалавек, пераадольваючы боль, і цяпер робіць, што можа для беларускага гандболу, вучыць моладзь. Не здаецца, рушыць наперад, з баявым запалам, і маладыя хлопцы глядзяць на яго з захапленнем!
З такім чалавекам можна “ісці ў разведку”. Мяне, калі рыхтаваў гэты матэрыял, адольвала адна думка: “Калі б спадар Аляксандр нарадзіўся на колькі гадоў пазней, ды ў росквіце свайго таленту і сілаў гуляў за зборную нашай Беларусі? Напэўна былі б іншыя вынікі ў галоўнай каманды краіны…”
Аўтары: Васіль Додзік, Ігнат Скарчэня
Дызайн: Oлена Дiя, Валянцін Гольдштэйн
Рэдактары: Аляксандр Апейкін, Валянцін Гольдштэйн
P.S. Aўтары ўжо пасля публікацыі дазналіся, што Аляксандр Уладзіміравіч застаўся без пасады ў гандболе і зараз займаецца не самай ганаровай працай…