Калі мы гаворым пра нашых спартоўцаў ды палітыкаў, прыходзіцца вяртацца да іх пазіцыі ў часе пратэстаў. 20-ы год нанес глыбокія раны беларускай нацыі, і каб лячыць гэтыя раны варта ставіць правільны дыягназ. Цяпер можна ўжо больш спакойна разабраццца ў пазіцыі ды матывах людзей з абодвух бакоў барыкадаў, як “невероятных” так і праўладавых. У кожным выпадку свая гісторыя, але і свая боль, свая пазіцыя.
Мне асабіста спатрэбіўся час, каб саспець да публікацыі пра гэтую вялікую спарцмэнку. У грамадска-палітычнай сферы спадарыня Алена ўспрымаецца ў Беларусі як адна з самых радыкальных ў спартыўным свеце, а таксама заўзятары памятуюць, як Леўчанка адной з першых рынулася ў вір пратэстаў, а потым падтрымлівала санкцыі ды адлучэнне спартоўцаў ад міжнародных спаборніцтваў.
Алена Сцяпанаўна Леўчанка паходзіць з Гомеля. Нарадзілася 30 красавіка 1983 года. Беларуская баскетбалістка, якая выступала ў жаночай нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі (WNBA – жаночая NBA). Гуляла на пазіцыі цэнтравой.
Вызнавалася лепшай цэнтравой Чэмпіянату свету ў 2010 годзе.
Чэмпіёнка Балтыйскай лігі (была прызнаная самай карыснай баскетбалісткай лігі).
Чэмпіёнка Літвы, Расеі, Польшчы, Грэцыі.
Бронзавая прызёрка Еўралігі.
Удзельніца Матчу Ўсіх Зорак Еўралігі.
Фіналістка WNBA.
Разам са зборнай Беларусі выйграла бронзу чэмпіянату Еўропы ў 2007 годзе, што застаецца недасягальнай вышынёй для большасці нашых зборных у камандных відах спорту…
Калі Алена толькі пачынала свой спартыўны шлях ёй прыйшлося пакінуць бацькоўскі дом у юным веку, яна ўзгадвае: “Я была вельмі хатнім дзіцём і часта плакала. Было страшна пакінуць бацькоў у 14 гадоў. Памятаю, яны сказалі мне: “Алена, будзе цяжка, вяртайся.” Я адказала, што ў спорце пайду да канца… Я марыла патрапіць у жаночую НБА, але не ведала, як. Клалася ў ложак і засынала з гэтай думкай…” (https://aif.by/social/persona/basketbolistka_elena_levchenko_nasha_centrovaya)
У 2000 годзе Леўчанка пераехала на вучобу ў ЗША, дзе скончыла каледж у Штаце Заходняя Вірджынія, стаўшы першай беларускай спарцмэнкай, выступаўшай у ЗША. Нашая цудоўная баскетбалістка гуляла ў такіх клубах, як “Шарлот Сцінг”, “Эстудзіантэс”, “Вашынгтон”, “Галатасарай”, “Атланта”, “Сычуань”, “Панацінаікас” ды інш. Алена выступала за клубы з трох кантынентаў.
Ледзь не галоўным матчам на клубным узроўні ў біяграфіі вялікай спарцмэнкі быў фінал WNBA – жаночы аналаг мацнейшай баскетбольнай лігі свету. Нашая дзяўчына выступала за “Атланту”. Леўчанка ўзгадвае: “Такіх фіналаў у жаночай НБА не было. Усе тры гульні. І, канешне ж, нават сам факт таго, што я стала чэмпіёнкай канферэнцыі, сам факт таго, што гуляла ў жаночай НБА, для мяне ўжо быў дасягненнем…” (https://news.zerkalo.io/cellar/34019.html)
Канешне бронзу нацыянальнай каманды Беларусі Алена выйграла з усёй камандай ды на чале са знакамітым трэнерам Анатолем Буяльскім. Беларусы памятаюць тых цудоўных дзяўчын: Натальля Ануфрыенка, Анастасія Верамеенка, Святлана Вольная, Вікторыя Гаспер, Надзея Дрозд, Марына Крэс, Алена Леўчанка, Наталля Марчанка, Вольга Падабед, Екацярына Сныціна, Таццяна Троіна, Наталля Трафімава. Нашыя спарцмэнкі назаўжды ўпісалі свае імёны ў гісторыю беларускага баскетболу. Мы іх шануем і будзем шанаваць, хоць потым яны падзяліліся на “белых”, “чырвоных”, “прадзяржаўных” і “бунтароў”… Але ж перамагалі беларускі ды занялі ганаровае 3-яе месца на чэмпіянаце Еўропы, бо былі разам!
18 жніўня 2020 года Алена Леўчанка падпісала адкрыты ліст прадстаўнікоў спорту Беларусі з патрабаваньнем спыніць гвалт з боку ўладаў ды вызнаць выбары прэзідэнта Беларусі несапраўднымі. Спарцмэнка брала ўдзел у апазіцыйных маршах. 30 жніўня 2020 года за ўдзел у масавых акцыях пратэсту вядомай баскетбалістцы далі 15 сутак арышту. Алена якраз узгадвае пра раскол у грамадстве перад зняволеннем: “За пару дзён да майго арышту ў шопінг-цэнтры сустрэла Насцю Верамеенка. Мы пачалі размаўляць пра тое, што адбываецца ў краіне, яна дакладна дала зразумець, што не падтрымлівае нас, “бчбэшнікаў”. Потым сцвярджала, што ўсе тэксты нам, прадстаўнікам SOS_BY, піша Сяргей Шчурко… што ў роліках мы агучваем не свае словы.” (https://news.zerkalo.io/cellar/34019.html)
У знак пратэсту за затрыманне Алены Леўчанкі удзельнік чэмпіянату Беларусі па гандболе, мыжчынскі сталічны клуб “Віцязь”, адмовіўся выходзіць на пляцоўку. Каманда пакінула чэмпіянат, клуб спыніў існаванне.
Па словах Леўчанка, у часе яе зняволення яе саму і сукамерніц наўмысна ўтрымлівалі з сур’ёзнымі парушэннямі распарадку вязніцы (адсутнасць ацяплення, гарачай вады, матрасаў, душу), у мэтах псіхалагічнага ціску: “Нам адключалі гарачую ваду, каналізацыю і падсялілі дзвух чалавек – у чатырохместнай камеры нас стала пяцера. Мы не разумелі, як спаць. Расцялілі газеты і адзёжу. Я, як самая высокая, легла на лаўцы, нехта на стале. Нехта ўдвох – было вельмі холадна, батарэі не грэлі.”
Пасля выхаду на волю журналіст запытаўся ў Леўчанка:
– Чым займаліся ў камеры?
– Нехта да нас рачарціў ліст для шашак. Мы зрабілі з белага ды чорнага хлебу фігуркі ды гулялі. Стараліся жартаваць, пелі песні, размаўлялі. І зараз, калі я разбіраю сацыяльнае сеціва, бачу паведамленні ад хлопцаў, якія былі побач. Пішуць: “Мы чулі, як вы пелі, мы вам пляскалі”. Яшчэ дзесці ў суседняй камеры была дзяўчына, якая штовечар вельмі прыгожа пела. Такія канцэрты ў Акрэсціна.” (meduza.io/amp/featur…)
Няма аніякага апраўдання такому садызму ўладаў, але праўда, што такое адбывалася і ў 2017-ым, і ў 2010-ым, і ў 2004-ым, і ў 2001-ым, і ў 1996-ым. Хто ўзгадваў тых ахвярных людзей, якія прайшлі гэтыя выпрабаванні раней ды звярталіся за падтрымкай да грамадства?! Многія з іх зламаліся, зьехалі за мяжу, спіліся, звар’яцелі, памерлі… Магчыма хоць цяпер людзі пачнуць думаць не толькі пра сябе, а пра лёс усёй нацыі?!
Ужо пасля выхаду на волю Леўчанка ў складзе “Панацінаікаса” ў плэй-оф выйграла чэмпіёнскі трафей. Алена назвала той сезон адным з самых доўгачаканых і складаных у кар’еры – каб вярнуцца на паркет, цэнтравой прыйшлося два гады аднаўляць форму.
“Доўгі час аднаўлення пасля мінулай аперацыі, падзеі 2020 года ў Беларусі, турма, хвароба кавідам пасля вязьніцы, жорсткі карантын у Грэцыі, пачатак і спыненне чэміпіянату, дзве траўмы калена пад канец сезону і… прайшоўшы ўсё гэта я стала чэмпіёнкай Грэцыі. Гэта тое, дзеля чаго я так доўга трэніравалася, хадзіла на рэабілітацыю, не здавалася, калі проста не было сілаў эмацыйных ды фізічных”,- напісала Леўчанка пасля ўзнагароды. Аднак пасля завяршэння сезону ёй ізноў прыйшлося легчы на аперацыйны стол…
Спарцмэнка ўважліва сачыла за падзеямі ў Беларусі, крытычна выказалася пра новы варыянт Канстытуцыі Беларусі на сумнеўным рэферэндуме, ад якога ў яе “валасы сталі дыбам”.
Алена падтрымлівала палітычных зняволеных, асабліва Аляксандра Івуліна, якому далі два гады няволі.
Падзвергла Алена крытыцы ўкраінскую спявачку Святлану Лабаду, якая планавала выступ на “Мінск-Арэне”: “Святлана, калі вы не ў курсе, у нашай краіне 1917 год. У Беларусі больш 900 палітзьняволеных! (На той час). Больш 40000 рэпрэсаваных. Гэта як танцы на костках. І так, Мінск-арэна ў 10 хвілінах язды да вязьніцы КДБ ды СІЗО №1, дзе зараз знаходзіцца вялізная колькасьць нявінных людзей. Праводзіць канцэрты там, дзе груба парушаюцца правы чалавека, – гэта як падтрымліваць сістэму, якая ўсё гэта робіць…” (https://athletes.by/samaia-bolshaia-zagadka-basketbola-belarysi)
Насамрэч досыць спрэчная заява Леўчанкі. У Беларусі тыранія, і таму беларусам нельга хадзіць на канцэрты зорак, глядзець ужывую футбол ці баскетбол з удзелам еўрапейскіх каманд, нельга глядзець у кінатэатрах заходняе кіно, лекавацца заходнімі лекамі…
Магчыма, наадварот, трэба адчыніць беларусам дзверы, гуманітарныя праграмы, візы, супрацу ў медыцынскай сферы, у культуры, эканоміцы і спорце?
Алена Леўчанка падтрымала Украіну, але выказванні спарцмэнкі скарысталі супраць беларусаў. ( “Трыбуна”: “Падтрымала Ўкраіну ды прызнала ўдзел Беларусі ў вайне”…) Зразумела, што гэта не справа ні Леўчанка, ні “Трыбуны”, – вызнаваць альбо не ўдзел Беларусі ў вайне. Бо міжнародныя структуры гэта абверглі. Фармулёўкі АБСЕ, ПАСЕ ды ААН ужо прыводзіліся шмат разоў. Але па завядзенцы ліберальных медыя ішло перакіданне віны Пуціна на беларускі народ ад пачатку вайны.
Праўда Леўчанка сфармулявала не так катэгарычна: “…зараз спецыяльна правакуюць шмат слоў і варажнечы ў дачыненні да беларусаў, якія 28 гадоў жывуць ва ўмовах дыктатуры. Беларусь датычная гэтай вайны! Жадаеце вы гэта чуць, верыць і г.д. Ужо не мае сэнсу! Гомель, мой родны горад. Расейская армія выпраўляецца на мяжу Ўкраіны…” (https://athletes.by/samaia-bolshaia-zagadka-basketbola-belarysi)
Ізноў жа хочацца запытаць, “а што маглі зрабіць простыя грамадзяне ў такой сітуацыі? Кінуцца са сталовым нажом на расейскія танкі?
Алена Леўчанка ў 2023 годзе ледзь не патрапіла ў аўтакатастрофу, але хвала Госпаду ацалела. Цяпер легендарная беларуская спарцмэнка жыве ў амерыканскім Лос-Анджэлесе, працуе ў вядомай кампаніі Nike. Паненка залечвае свае страшныя траўмы ды наладжвае сваё прыватнае жыцьцё: “Пераезд у Лос-Анджэлес, сітуацыя, у якой я была ў кроку ад аварыі (жыццё проста прамялькнула перад вачыма).” (https://euroradio.fm/ru/basketbolistka-elena-levchenko-soobschila-o-nachale-raboty-v-nike)
Беларусам у Беларусі застаецца толькі ўзгадваць сваю цудоўную спарцмэнку ды чакаць, калі скончыцца бязпадастаўны пераслед беларускіх спартоўцаў, і нарэшце ў нашую краіну вернецца міжнародны спорт ды пачнуць зьяўляцца новыя яскравыя зоркі, такія як Алена Леўчанка.