Беларускі футбол сёння гэтак жа далёкі ад спорту, як начальнік РУУС ад аховы правапарадку.

Замест развіцця гульні ім кіруюць людзі з сістэмы, якім бліжэй рэжымныя нарады, чым футбольныя матчы.

17 ліпеня ў так званым Доме футбола прайшлі «выбары» новага кіраўніка АБФФ. Як заўжды – без выбару. Усе канкурэнты «зняліся» ў апошні момант, і пераможцам стаў праўладны чыноўнік Яўген Булойчык, які раней працаваў нават грузчыкам і донарам крыві за грошы. Aле, галоўнае, ён быў цень Кавальчука, міністра спорту, які фактычна кантралюе ўсю сістэму.

Уся гэтая камедыя з урнай, якую нават не выкарысталі, і выступамі пра «новыя перамогі» – звычайная дэкарацыя. «Галасаванне» праходзіла адкрыта, пад кантролем самога Кавальчука, і нават адзін адзіны чалавек, які не падтрымаў Булойчыка, проста ўстрымаўся. 

Ранейшыя спробы стварыць хоць ілюзію канкурэнцыі не выжылі ў сутычцы з адміністрацыйным рэсурсам. Публічныя словы Лукашэнкі пра тое, што «міністру ў футбол не варта лезці», хутка страцілі сілу: Ковальчук вярнуўся з падвойнай энергіяй і прасунуў свайго чалавека.

Нават прысутнасць прадстаўніка УЕФА нічога не змяніла: ён проста падзякаваў былому кіраўніку і пажадаў поспехаў новаму. На дэмакратыю ў беларускім футболе еўрапейская футбольная сям’я, як выглядае, заплюшчвае вочы.

Пакуль у Еўропе футбол – гэта бізнес, супольнасць і спорт, у Беларусі ён інструмент кантролю. Здавалася б, гэта не канец: чарговыя выбары ўжо ў 2027-м. Праўда, ці будуць яны рэальным выбарам, залежыць зусім не ад спартыўных дасягненняў.